Пу́зца ’лытка’ (круп., Сл. ПЗБ), мн. л. пу́зцы (круп., Нар. сл.), пу́зачка, пу́зічка ’тс’ (в.-дзв., полац., ЛА, 3; Сл. ПЗБ), пу́зачка ’кончык пальца’ (в.-дзв., Шатал.). Ад пу́за, параўн. пузуваты ’выпуклы’ (міёр., Жыв. НС), параўн. рус. икра ’лытка’, балг. прасе, прасец ’тс’ і іншыя вобразныя назвы часткі цела.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́пша іран. ‘той, хто многа есць’ (маст., Сл. рэг. лекс.). Экспрэсіўнае найменне ад трупа́ць (гл.) з суф. ‑ша, які ўтварае назвы асоб паводле ўласцівага ім дзеяння («з экспрэсіяй зніжанасці», гл. Сцяцко, Афікс, наз., 76), хутчэй за ўсё, пад балцкім уплывам (параўн. адпаведны літоўскі суфікс, гл. Атрэмбскі, Gramatyka, 223–225).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казакі́ ’адуванчыкі, расліна Taraxacum Officinale’ (Мат. Гом.), ’гарлянка паўзучая, Ajuga reptans’ (брэсц., гродз., Кіс.), козакі ’Ranunculus acer; Consolida regalis; Primula veris’. Этымалагічна гэта слова паходзіць ад каза1 (суфікс ‑ак, аснова каз‑), такая ж структура вядома і ў іншых мовах: польск. kozak, чэш. kozak ’грыб Boletus scaber’, балг. козак ’расліна Tragopogon majus’. Матывацыя, аднак, у назвах асобных раслін розная і заслугоўвае асобнага разгляду.

Казакі́1 ’адуванчыкі, Taraxacum’ (Кіс.). Як верагодныя варыянты матывацыі могуць быць прапанаваны наступныя. Перанос назвы ад каза1 па знешняму падабенству быццам бы малаверагодны, таму можна меркаваць аб пераносе, у аснове якога ляжыць уяўленне аб горкім смаку соку адуванчыка. Гэта вядомая матывацыя: у аснове ляжыць уяўленне аб бескарыснасці або шкоднасці расліны і інш.; параўн. укр. дыял. воўчий зуб, жабник. Іншая версія — ад каза1 пад уплывам казялец і інш. (перанос па колеру). Магчымы варыянт — ужыванне назвы іншай расліны казак для абазначэння вядомых лекавых уласцівасцей Taraxacum. Можна бачыць тут дэрыват ад каза ’лісце, каліва цыбулі’ і да т. п.: адуванчыкі з бутонамі нагадваюць стрэлкі цыбулі з насеннем. Улічваючы, што тэрміны ад заонімаў лёгка замяшчаюцца, можна меркаваць, што тут мела месца замяшчэнне вядомага на ўсх.-палес. тэрыторыі (параўн. у Лысенкі, Пал., баба Taraxacum officinales’) слова баба для гэтай расліны. Параўн. яшчэ бел. і інш. слав. бабка ’расліна трыпутнік, Plantago’ і смал., ельн. казаки ’Plantago medion P. lanceolata’. Магчымасць такога працэсу пацвярджаецца дублетамі бабка/каза ’кальцо, якім прымацоўваецца шыйка касы да касся’ (усх.-палес.), бел. дыял. гырчак бабʼі ’драсён’, інш. назвыдрост і казадрост ’кураслеп’, бел. дыял. баба ’саха ў студні з жураўлём’ і каза ’тс’ бабка ’грыб Boletus scaberi’, рус. казак, польск. kozak ’тс’, таксама ўкр. усх.-палес. бабка ’конік (насякомае)’ і конік, шматлікія дэрываты такога тыпу ад казёл і інш. Некаторыя з прыведзеных слоў гістарычна маглі ўтварыцца па-рознаму, адмяк мы звяртаем увагу на сам факт наяўнасці дублетаў і як вынік — вольны выбар падыходзячай тэрміналогіі. Матывацыя ў выпадку з баба ’Taraxacum’ становіцца зразумелай, калі параўнаць назвы раслін з круглымі кветкамі: укр. дыял. бабка, попове гуменце, пупава, баранки ’Taraxacum officinale’ і макушка, орішок, головняк ’розныя віды Trifolium’, параўн. яшчэ бел. бабкі ’расліна Trifolium reperis’ (Бейл.). Да разумення ўнутранай формы параўн. яшчэ дзіцячую гульню-загадку, калі на адуванчык дзьмуць, а перад гэтым загадваюць, што атрымаецца: дзед ці баба? Аб іншых варыянтах тлумачэння баба ў гэтых значэннях гл. Краўчук, БЛ., 1974, 6, 65.

Казакі́2 ’гарлянка паўзучая, Ajuga reptans’ (брэсц., Федароўскі; гродз., Верас). У даным выпадку можна меркаваць аб сувязі з назвай каза1 на аснове знешняга падабенства: сцябло і лісце расліны пакрыты шматлікімі шчацінкамі; іншая магчымасць — па форце кветкі, — гэта расліна з сямейства Labiatae, і таму параўнанне кветкі з галавой жывёлы натуральна: што ж датычыць канкрэтнага віду, то ў яго кветцы на канцы ўтвараецца некалькі характэрна адагнутых уніз пялёсткаў. Менш верагодны перанос назвы з іншай расліны па функцыянальнай прыкмеце. A. reptans з’яўляецца лекавай раслінай (гл. Z našej prirody, 339), аднак як лекавая яна малаўжывальная. Іншыя назвы для A. reptans гарлянка, гандзель, гарлавінка, жывучка, разрыў таксама не сведчаць пра такое яе выкарыстанне (калі толькі не дапускаць, што назва гарлянка адначасова з’яўляецца выражэннем яе карысных уласцівасцей); параўн. да гэтага сярэдневяковае павер’е ў дачыненні да пралескі (Hepatika nobilis: рус. печеночница) аб тым, што, падобная лісцем на печань, гэта расліна лечыць хваробы печані.

Казакі́3 ’казялец едкі, Ranunculus acer’ (Бейл.). Сувязь з каза1 бясспрэчная: параўн. паралельныя казялец, казлы, казялкі. Можна меркаваць, што тут ужыванне вядомай на Палессі назвы казакі або незалежнае ўтварэнне (відаць пад уплывам казёл з суседніх гаворак). Матывацыя празрыстая: параўн. лац. відавую назву acer ’едкі’, бел. дыял. назвы казяльца зараза, курыная слепата (апошняе па колеру), укр. лютий цвіт, рус. лютик, укр. прищирник; паводле сваёй едкасці расліна атрымлівае адмоўную характарыстыку найменнем, утвораным ад каза1. У славянскіх мовах дэрываты ад каза і пад. у такіх значэннях могуць выступаць як тоесныя дэрыватам ад воўк і пад. Параўн. серб.-харв. kȍze ’воспа’ і рус. волчанка і лац. назву хваробы lupus, параўн. таксама шматлікія дэрываты ад воўк у назвах атрутных раслін.

Казакі́4 ’расліна Consolida regalis (= Delphinium consolida)’ (Бейл.). Бясспрэчна, да каза1; метафара зразумелая, калі згадаць рагатыя кветкі гэтай расліны. Вельмі красамоўныя народныя назвы: бел. рагулькі, козлікі, тапаркі і інш., рус. сокирки, грабельки, рогульки, комаровы носики, козельчики, укр. козенька, козенка, козличка, козлики, сокірка, заячі ушка і да т. п.

Казакі́5 ’расліна Primula veris’ (Бейл.). Нельга меркаваць аб непасрэдным утварэнні гэтай назвы ад каза1. Думаецца, што тут адзін з выпадкаў, калі існуючае найменне казакі канкрэтных раслін (або толькі адной расліны) пераносіцца на іншую. Матывацыя можа быць рознай; што ж датычыць казакі ’Primula’, можна прапанаваць наступныя варыянты тлумачэння. Яркія адзнакі расліны — раннія кветкі (параўн. рус. первоцвет) і іх жоўты колер. Відаць, веснавыя расліны разглядаліся недыферэнцыравана, аб гэтым сведчаць такія назвы для Primula, як укр. нар. проліски, просерень, раст, рястназвы агульныя для некаторых веснавых раслін; сярод сінанімічных найменняў веснавых кветак сустракаюцца і дэрываты ад каза, казёл. Сярод укр. тэрмінаў для Primula звяртаюць увагу курача сліпота, куріна сліпота, сліпота. Гэтыя ж назвы тыповыя і для іншых як веснавых раслін, так і больш позніх. К ліку гэтых назваў — дэрываты ад каза, казёл і пад.; матывацыя — атрутныя, нарыўныя ўласцівасці раслін. I апошняе: перанос мог адбыцца дзякуючы таму, што расліны з лекавымі ўласцівасцямі могуць або разглядацца недыферынцыравана, або называцца адным тэрмінам для абазначэння іх каштоўнасці. Параўн. да апошняга рус. дыял. «Есть трава казак, ото всего хорошо пить» (томск. і інш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́бкі1 (мн.) ’расліна Acorus calamus L., аер’ (Бейл.). Матывацыя гэтай назвы (расліну завезлі ў Еўропу дзесьці ў XV ст.) застаецца не зусім зразумелай, але, бясспрэчна, ёсць сувязь з ба́ба ’жанчына, бабуля’. Аб гэтым сведчаць серб.-харв. бабји штапи ’Acorus calamus’ (таксама бабад, бабан, гл. Сіманавіч, 9). Магчыма, мелася на ўвазе тое, што расліна ўжывалася як лякарства супраць пэўных хвароб (параўн. Махэк, Jména rostl., 300–301; лячылі звычайна бабы-знахаркі, параўн. ба́бка ’Plantago’).

Ба́бкі2 (мн.) ’расліна Trifolium repens L., канюшына паўзучая’ (Бейл.). Да ба́бка (круглы прадмет). Матывацыя назвы: круглыя галоўкі кветак расліны. Параўн. укр. (для Trifolium): ворішина, орішина, орішок, пупчики, головашки, іванова голова, яблучка, попки (з іншай перадачай той жа матывацыі).

Ба́бкі3 ’расліна Oxalis acetosella L., кісліца звычайная’ (Бейл.). Мабыць, назва ўзята ад расліны ба́бкі ’Trifolium’ (гл.). Oxalis, як і Trifolium, мае тры лісцікі. Параўн. таксама іншыя назвы Oxalis: бел. заячча канюшына, чэш. kyselý dětel, zaječi dětel, славац. zajačia ďatelinka і г. д. (з яснай сувяззю з канюшына, dětel ’Trifolium’). Параўн. таксама бабо́к, бабо́ўнік, бо́бік.

Бабкі4 ’частка самапрадкі — стойкі, паміж якімі кола’ (Влад.). Мабыць, таго ж паходжання, што і ба́ба ’саха, жэрдка калодзежнага жураўля’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Блашчынец, блашчычнік ’расліна звычайны лянок, Linaria vulgaris Mill.’ (Кіс.). Бясспрэчна, да блашчы́ца ’клоп; блыха’ (гл.). Магчыма, як сродак супраць блох або клапоў (расліна досыць ядавітая, гл. Нейштадт, Определитель, 492). Параўн. яе назвы ў іншых мовах, напр., славац. svinský chreň (для абмывання парасят); чэш. дыял. morová zelina (гл. Махэк, Jména rostl., 211).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Зеляпа́н, зелепа́н ’малы шчупак’ (жыт., Нар. словатв.). Утвораны з суфіксам ‑ан (Сцяцко, Афікс. наз., 26) ад кораня *зелеп‑, пра які гл. зялепаць. Больш пашырана зяле́пуха ’недаспелы плод’ (гл.), таму магчыма, што назва малой рыбы — перанос з назвы плода. Не выключана і самастойнае ўтварэнне паводле прыметы ’малы’, ’малады’ ці ’зеленаваты’. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зніч ’святы агонь у язычнікаў’. Польск. znicz ’надгробнае полымя’, чэш. znič ’святы агонь у старажытных літвінаў і славян’. Верагодна, таго ж кораня, што і зноіць (гл.): zněti, zniti, znoi‑ (> znojь) ’гарэць’ з суф. ‑čь, які ўтвараў назвы прадметаў паводле дзеяння (Сцяцко, Афікс. наз., 45; Слаўскі, SP, 1, 102), як bitibičь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Крупе́ня ’крупяны суп’ (ТСБМ, Нас., Нік. Очерки, Бяльк., Касп., Мат. Маг., Нар. сл., Шатал., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з літ. kruopiẽnė ’суп з крупы’. Суфіксацыя, характэрная для літоўскай мовы. Параўн. іншыя назвы страў, утвораныя пры дапамозе той жа словаўтваральнай мадэлі: лапеня, раўчэня (Лаўчутэ, Лекс. балт., 20; Лаўчутэ, Балтизмы, 115).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мар’яна ў песні: «Ой, на моры, на марʼяні, на востраві, на кургані, — там бывала старына» (рэч., Доўн.-Зап., Св.), мар’янка ’невялічкі астравок’ (мазыр., Яшк.). Параўн. рус. іркуцк. моря́на (схіл камяністай высокай гары, якая парасла лесам’, ’месца на гары, якое поўнасцю зарасло лесам’. Няясна. Магчыма, лексема ўтварылася з уласнай назвы пэўнага вострава.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Нягі́пта, негіпта ’непраходнае, гіблае месца ў балоце; нешта непрыемнае, цяжкае; няздольны, няварты чалавек’ (ТС). Да геаграфічнай назвы Егіпет, якая ў біблейскай традыцыі стала агульнай назвай для абазначэння беспрасветнай цемры, у тым ліку і ў духоўным плане, гл. глосу ў Скарыны: Егіпет — «темности». Параўн. таксама егіпта ’ліха’ (< грэч., Мовазнавство, 1973, 5, 60).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)