Ка́паць ’падаць кроплямі’, ’крапаць’, ’ліць кроплямі’ (ТСБМ; гродз., віл., Сл. паўн.-пах.). Укр. ка́пати, рус. ка́пать, ц.-рус. капати, польск. kapać, н.-луж. kapaś, в.-луж. kapać, чэш. kapati, kapat, kvapati, славац. kvápať, kapať, славен. kápati, серб.-харв. ка̏пати, макед. капе, балг. капя, ка́пʼъ, капа, ст.-слав. капати ’капаць’. Прасл. kapati. Сцвярджэнне таго, што kapati/kap‑kap! (Фасмер, 184) не з’яўляецца рашэннем праблемы. Трубачоў (Эт. сл., 9, 145) прапануе звярнуць увагу на аманімію kapati ’падаць кроплямі’ і ц.-слав. капати ’капаць, рыць’ і атаясаміць гэтыя дзеясловы, — параўн. першаснае значэнне ў прасл. kapati ’біць’, ’удараць’ (з дуратыўным значэннем), якое з kopali ’капаць, рыць’. БЕР (2, 612) рэканструюе для апошняга дзеяслова прасл. форму ў выглядзе kapāti.

Капа́ць, кыпа́ць ’ускопваць, рыхліць зямлю’, ’выкопваць, даставаць што-небудзь’ (ТСБМ, Янк. 1., Бяльк., Сцяшк., Яруш., Янк. Мат.), ’разграбаць (аб курах)’ (Інстр. III). Укр. копати, рус. копать, польск., kopać, н.-луж. kopaś, в.-луж. kopać, чэш. kopati, славац. kopať, славен. kopáti, серб.-харв. ко̀пати, макед. копам, купа́ям, балг. копая, ст.-слав. копати ’тс’. Прасл. kopati (Трубачоў, Эт. сл., 11, 18–20). Роднаснае да літ. kapóti ’рубаць’, лат. kapât ’тс’, ст.-прус. en‑kopts ’закапаны’, далей — з арм. kopʼem ’высякаць, вырэзваць’; н.-перс. kāvad, kāfad ’капаць’, ’расколваць’, ст.-грэч. κόπτω ’сячы’ і σκάπτω ’капаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кары́та ’карыта, начоўкі, човен’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’збітыя вуглом дзве дошкі, якія прыбіваюцца на версе гонтачнай страхі’ (Сцяшк., Шатал.), ’шуфляда ў ручным млыне, куды падае мука’ (Шатал.), укр. корито ’тс’, рус. корыто ’тс’, чэш. koryto ’карыта, кармушка’, славац. koryto ’тс’, н.-луж. kóryto ’тс’, польск. koryto ’тс’, балг. корито ’тс’, макед. корито ’тс’, серб.-харв. ко̀рито ’тс’, славен. koríto ’тс’. Трэба адзначыць, што паралельна амаль усе славянскія дыялекты ведаюць яшчэ адно значэнне для прасл. koryto ’жолаб, роў, рэчышча’. Менавіта апошняе значэнне навяло даследчыкаў на думку пра сувязь прасл. koryto з дзеясловам ryti. Тады ko‑ прэфікс, як у kadъlbъ (ад dъlbti ’дзяўбці’), (гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 169). Гэта этымалогія (Міклашыч, 133) здаецца надзейнай (што датычыць прэфіксальнай і каранёвай частак слова). Значна менш надзейнае чляненне kor‑yto. Словаўтварэнне як kop‑yto, але калі kop‑yto да капа́ць, то адпаведнага зыходнага дзеяслова для karyto мы не знаходзім, а паходжанне ад kora вельмі праблематычнае, параўн., аднак, карыць1. Суаднесенасць са ст.-прус. pracartis ’карыта’ і літ. prãkartas ’кармушка’ базіруецца на семантычнай тоеснасці, але фанетычныя разыходжанні растлумачыць цяжка (гл. агляд версій у Трубачова, Эт. сл., 11, 122–125). Фасмер (2, 343) прытрымліваецца другой этымалагічнай версіі Міклашыча і ўзмацняе яе паралеллю Шпэхта: лат. karaûte, karuóte ’лыжка’ з тоеснасцю суфіксаў (ūt = yt).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Све́пет ‘пчаліны бортны рой’ (У. Караткевіч), ст.-бел. ‘дупло, дзе жывуць дзікія пчолы’: а хто бы свепет в чыем лесе умыслне порубал и мед выбрал (Статут ВКЛ 1588 г.), ст.-рус. свепетъ ‘дзікі лясны мёд’, ст.-укр. свепеть ‘борць у дрэве для дзікіх пчол’ (1366), польск. дыял. świepiot ‘рой дзікіх пчол’, ст.-польск. świepioto ‘тс’, чэш. дыял. svapato ‘пчолы, якія жывуць у лесе’, ст.-луж. svepet ‘борць’. Прасл. *svepetъ, паходжанне якога няяснае. Выводзяць з прасл. *svepati (> *svepetati) ‘мільгаць, мітусіцца’, параўн. ст.-рус. свѣпатися ‘ківаць, хістаць’, рус.-ц.-слав. свепетати ‘хістацца, рухацца туды і сюды’, славен. svępati ‘хістаць, ківаць, трасці’ і асабліва фармальна супадаючае славен. svepȅt ‘бляск, мігценне’, роднаснае літ. sùpti ‘калыхацца’, н.-ням. swabbeln ‘рухацца ў той і другі бок (пра ваду), хвалявацца’ (Міклашыч, 330; Фасмер, 3, 573; Машынскі, Pierw., 188; Фурлан у Бязлай, 3, 348), што адлюстроўвае першаснае чыста зрокавае ўспрыманне месца гнездавання пчол. Іншае меркаванне пра роднасць з ням. Wabe ‘соты’ і “праеўрапейскае” паходжанне выказвае Махэк₂, 594. Гл. таксама Рымут, St. lingv. Polono–Jugosl., 2, 39. Меркаванне Булыкі пра запазычанне ст.-бел. свепетъ, свепето з ст.-польск. świepiot недастаткова аргументаванае, Брукнер (536) дапускаў адваротнае запазычанне для польск. świepiot ‘тс’. У сучасных гаворках звычайна слепет ‘дупло, дзе жывуць пчолы’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свет ‘зямля з усім тым, што на ёй існуе; сусвет’, ‘асобная частка сусвету, планета’, ‘чалавечае грамадства’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц.), свет, белы свет ‘акаляючая прастора; далёкі край’ (ТС, Сержп., Сл. ПЗБ), той свет ‘замагільная існасць’ (ТС), свет ‘святло; світанне’ (Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ‘шмат, безліч’ (Сл. ПЗБ, ТС, Гіл.), ст.-бел. светъ ‘планета; сусвет’, ‘зямное ці замагільнае існаванне’, ‘святло, ззянне’. Укр. світ ‘святло, світанак’, ‘сусвет; людзі’, рус. свет ‘тс’, ст.-рус. свѣтъ ‘святло; светач’, ‘сусвет’, польск. świat, в.-луж., н.-луж. swět ‘тс’, чэш. svět, славац. svet ‘свет’, серб.-харв. све̑т, сви̏јет, славен. svȇt ‘свет; людзі’, балг. свят ‘свет’, макед. свет ‘тс’. Прасл. *světъ ‘святло’ > ‘сусвет’, звязанае чаргаваннем галосных са ст.-слав. свьтѣти(сѧ) ‘свяціцца’. Паралелі ў ст.-інд. śvetáh ‘белы, светлы’, авест. spaēta ‘тс’, літ. šviẽsti, šviẽčia ‘свяціць’, лац. vitrum ‘шкло’, ст.-в.-ням. hwîʒ ‘белы’; гл. Траўтман, 310; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1165; Майргофер, 3, 405 і наст.; Фасмер, 3, 575. Шустар-Шэўц (1387) лічыць *světъ дэвербатывам ад прасл. *svьtěti sę, *svítati (гл. свяціць), гл. таксама Мартынаў, Лекс. взаим., 169. Сной₁ (622) тлумачыць семантычны пераход ‘святло’ — ‘свет’ як ‘дзе святло, дзе бачна’, што характэрна і для іншых індаеўрапейскіх моў (Борысь, 623). Пераход ‘акаляючая рэальнасць; святло’ — ‘мноства’, акрамя славянскіх моў, вядомы балтыйскім і фінскім мовам, гл. Непакупны, Связи, 53.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сем, Р. скл. сямі́ ‘лік і лічба’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ст.-бел. седмь, семь, семъ (Альтбаўэр). Укр. сім, Р. скл. семи́, рус. семь, Р. скл. семи́, стараж.-рус. семь, седмь, польск. siedem, палаб. siděm, каш. sėtme, в.-луж. sedom, sydom, н.-луж. sedym, чэш. sedm, славац. sedem, серб.-харв. се̏дам, славен. sédem, балг. се́дем, се́дъм, макед. седум ‘тс’, ст.-слав. седмь. Прасл. *sedmь. Гэта форма з’яўляецца вынікам змяшэння парадкавага лічэбніка *sedmъ і колькаснага *setь (аналагічна і ў ліч. pętь < pętъ, šestь < šestъ); падрабязна гл. Семерэньі, ВЯ, 1967, № 4, 9 і наст. Слав. *setь заканамерна працягвае і.-е. *septṃ‑, параўн. літ. septynì, лат. septiņi, ст.-інд. saptá, грэч. έπτά, лац. septem, ням. sieben ‘тс’; гл. Траўтман, 257; Мюленбах-Эндзелін, 3, 819; Вальдэ-Гофман, 2, 517 і наст. Прычыну захавання ‑d‑ у заходне- і паўднёваславянскіх мовах (параўн. выпадкі з заканамерным яго выпадзеннем plemę < *pledmę, vymę < *vydmę) і страту яго ва ўсходнеславянскіх (Карскі, 1, 352 адзначае, што д выпадае часам у помніках XI ст.) Трубяцкой (ZfslPh, 4, 375 і наст.) тлумачыць розным часам працякання працэсаў асіміляцыі і скарачэння канцавой групы зычных. Гл. таксама Борысь, 545; Сной₁, 557; Фасмер, 3, 599; Шустар-Шэўц, 1396–1397; БЕР, 6, 579; ESJSt, 13, 797; Нов. в рус. этим., 205; SEK, 4, 259–260.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ска́бка1 ‘стрэмка; трэска’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Касп., Бяльк., Сцяшк., Гарэц.; в.-дзв., Сл. ПЗБ; Мат. Гом., Мат. Маг., Янк., Юрч.; лельч., Арх. ГУ; Жд. 3), ска́ба ‘стрэмка, клін’ (Нас., Бяльк., Байк. і Некр.), ска́біна ‘тс’ (Юрч.), сюды ж, відаць, скаба́ ‘худая жанчына’, скаба́чка ‘тс’ (Мат. Гом.). Укр. ска́бка, рус. кур., смал. ска́ба ‘тс’. Паводле Варбат (Этимология–1971, 3 і наст.), вытворнае ад дзеяслова з коранем *skob‑, мабыць *skobiti, роднаснага скобля, скабліць (гл.), які быў страчаны яшчэ на праславянскім узроўні (параўн. аднак скабіць, гл.). Падаўжэнне галоснага ў корані сведчыць аб праславянскай старажытнасці гэтага дэрывата. Мяркулава (Этимология–1983, 64–65) аб’ядноўвае ў прасл. *skaba значэнні ‘рабро, стрэмка, шчэпка; худы’ і ўзводзіць да прасл. *skab‑ (гл. ска́ба). Са скабліць звязваюць і іншыя аўтары; гл. Міклашыч, 301; Праабражэнскі, 2, 291; Фасмер 3, 630; параўноўваецца таксама з лат. skobar̂ga ‘стрэмка’, skobaiga ‘тс’, літ. skobti ‘зрываць яблык’ (Буга, Rinkt. 2, 307).

Ска́бка2, ска́біна ‘кропля тлушчу ў страве’ (Юрч.), параўн. славен. skȃba ‘тс’, харв. škȃble ‘тс’, ‘тлустая пляма’. Відавочна, да ска́бка1, г. зн. ‘нешта аддзеленае, адшчэпленае’. Параўн. яшчэ поўны паралелізм значэнняў у скалка1, скалка2. Куркіна (Диал. структура, 93) разглядае разам з скаба, скабка ‘трэска, стрэмка’, што да прасл. *skaba з другасным падаўжэннем каранёвай галоснай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сло́ва ‘адзінка мовы, маўлення’, ‘фраза, выказванне’, ‘мова’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., Байк. і Некр., Др.-Падб.), сло́во ‘тс’ (ТС, Федар. 4), слові́на ж. р., экспр. ‘тс’ (ТС), сюды ж слове́чно ‘вусна’ (мазыр., Нар. Гом.), ст.-бел. слово ‘адзінка маўлення’, ‘выказванне’, ‘выражэнне волі, загад’, ‘павучэнне’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 75). Укр., рус. сло́во, польск. słowo, в.-луж., н.-луж. słowo ‘слова’, чэш. slovo ‘слова’, sloveso ‘дзеяслоў’, славац. slovo, серб.-харв. сло̏во ‘літара’, славен. slovọ̑ ‘развітанне’, slóvọ ‘літара; слова’, балг. сло́во, макед. слово ‘літара’, ст.-слав. слово, Р. скл. словесе. Прасл. *slovo ‘слова’ (аснова на ‑es). Роднасныя ўсх.-літ. šlavė ‘пашана; ушанаванне, слава’, šlȧvinti ‘славіць, шанаваць’, лат. slava, slave ‘пагалоска; рэпутацыя; пахвала; слава’, авест. srávah‑ ‘слава, павага; кліч’, грэч. κλέος ‘слава’, ст.-ірл. clù ‘слава’; гл. Траўтман, 368; Мюленбах-Эндзелін, 3, 920; Фрэнкель, 1008; Майргофер, 3, 389; Мее, Études, 356–357; Покарны, 606–607. Узводзяць да і.-е. кораня *kʼleu̯os < *kʼleu̯‑ ‘чуць, слухаць’ (Сной₁, 583). У славянскіх мовах звязана чаргаваннем галосных з слава, слыць (гл.). Гл. Фасмер, 3, 673; Глухак, 563; Махэк₂, 557 (падкрэслівае, што ў склад прасл. *slovo уваходзіў семантычны кампанент ‘пашана, слава’, прадстаўлены ў *slověti, *sloviti, ст.-слав. благословити ‘гаварыць, прапаведваць, велічаць, славіць’). Гл. яшчэ Скок, 3, 288–289; Трубачоў, Этимология–1968, 58; Шустар-Шэўц, 1308; Сной₁, 583; Борысь, 559; ЕСУМ, 5, 306.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смала́1 ‘загусцелы сок хваёвых і іншых раслін’, ‘пра назойлівага, надакучлівага чалавека’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.; ашм., Стан.; астрав., драг., Сл. ПЗБ), ‘жывіца сасны’ (Пятк. 2), смола́ ‘тс’ (ТС), ст.-бел. смола ‘тс’ (Сташайтэне, Абстр. лекс.), сюды ж смалі́ць ‘насычаць смалой’ (ТСБМ, Байк. і Некр.). Укр., рус. смола́, стараж.-рус., серб.-ц.-слав. смола ‘тс’, польск. smoła, в.-луж., н.-луж. smoła, палаб. smüla ‘смала; пекла, печ’, чэш. smůla, славац. smola, серб.-харв. смо̀ла, славен. smóla, балг. смола́, макед. смола. Прасл. *smola утворана ад і.-е. кораня *(s)mel‑ ‘гарэць, тлець’ (Сной₁, 586). І.‑е. адпаведнікі: лат. smeļi мн. л. ‘смольныя паленні’, літ. smėla ‘тлее’, smelà ‘смала’, н.-ням. smelem ‘гарэць доўга і дымна’, с.-ірл. smál, smól, smúal ‘агонь, попел’ (Праабражэнскі, 2, 337; Фасмер, 3, 690; Шустар-Шэўц, 1322; Сной₁, 586; Глухак, 566; Скок, 3, 294; ЕСУМ, 5, 326–327). Махэк₂ (563), Борысь (563) лічаць *smola дэрыватам ад незахаванага ў славянскіх мовах дзеяслова *smelti ‘тлець, злёгку гарэць’, суадноснага з *smaliti, гл. смаліць.

Смала́2, смыла́, смэла́, смо́лка ‘малодзіва’ (бяроз., пін., хойн., Шатал.), смала́, смаліна́, смо́лак, смо́лка ‘(ліпкае саланаватае) малако перад ацёлам’ (Мат. Гом.), смола́ ‘тс’ (ТС), смо́лка ‘тс’ (Шат., Сцяшк., Мат. Маг., Сл. ПЗБ). Гл. папярэдняе слова. Семантычнае развіццё аналагічна развіццю ў сера ‘малодзіва’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смаржо́к ‘ядомы грыб з маршчыністай шапкай, Morchella esculenta (Pers.) Fr.; Morchella conila Perg.’, смарчо́к ‘тс’ (ТСБМ), смаржо́к, смаршо́к, смаршчо́к, смарчо́к ‘тс’ (ЛА, 1, Сярж.–Яшк.), сморжкы́ ‘грыбы Morchella’ (Бейл.), а таксама сморж ‘тс’ (малар., Сярж.–Яшк.), ст.-бел. сморщкы ‘тс’ (Скарына). Укр. сморж, смо́ржій, змо́ршка, сморч, рус. сморчо́к, польск. smarz, smardz, в.-луж. smorž, smorža, н.-луж. smarž, чэш. smrž, славац. smrž, серб.-харв. смр́чак, славен. smȓček, макед. смрчка. Прасл. *smъrčь, smъržь (потым з другасным суф. ‑ъk‑). Фасмер (3, 692) звязвае з смаркаць і сморгаць (гл.), што да прасл. *smъrkati, *smъrgati. Мяркулава (Очерки, 168 і наст.) мяркуе, што гэтыя словы з’яўляюцца вымаўленчымі варыянтамі аднаго дзеяслова, магчыма, з экспансіўнай менай заднепаднябенных ‑к‑ і ‑g‑, а семантычна яны выступаюць як сінонімы са значэннем ‘тузаць, шморгаць’ і, не выключана, мелі адценне значэння ‘сцягваць, сціскаць, мяць, моршчыць’, адкуль у аснове назвы грыба магло быць уяўленне як аб нечым памятым, зморшчаным. На карысць гэтага сведчыць сморжкы́ ‘сукруткі’: пэрэкручэная пражка, збыраюцца сморжкы (Уладз.). Рэйзак (586), узводзячы назвы да тых жа праславянскіх дзеясловаў, першасным значэннем лічыць ‘слізкі грыб’, параўн. лат. smur̃gat ‘мазаць, пэцкаць’, літ. smùrgas ‘соплі’, што не ўзгадняецца з вонкавым выглядам грыба, ён таксама звяртае ўвагу на падобнасць славянскіх назваў да ням. morchel ‘смарчок’. Махэк₂ (562) мяркуе, што слова мае “праеўрапейскае” паходжанне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смерць1 ‘спыненне жыццядзейнасці, гібель арганізма’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС). Укр., рус. смерть, стараж.-рус. съмьрть, польск. śmierć, в.-луж. smjerć, н.-луж. sḿerś, чэш. smrt, славац. smrť, серб.-харв. смр̋т, славен. smŕt, балг. смърт, макед. смрт, ст.-слав. съмрьть. Прасл. *sъmьrtь роднаснае літ. mir̃tìs, mirtìs ‘смерць’, лат. mir̃te ‘тс’, ст.-інд. mr̥tis, лац. mors, Р. скл. mortis ‘тс’, гоц. maúrꝥr ‘забойства’ ад і.-е. *mer‑ ‘паміраць’. Большасць даследчыкаў (гл. Траўтман, 187; Махэк₂, 562; Фасмер, 3, 685–686; Сной₁, 586–587, Борысь, 618 і інш.) звязваюць частку *sъ‑ у праславянскім слове з ст.-інд. su‑ ‘добры’, першапачаткова ‘добрая’, г. зн. ‘свая, натуральная’ і, далей, з слав. займеннікам svo‑ (гл. свой). Аднак Трубачоў (Проспект, 82 і наст.) разглядае слав. *sъmьrtь як праславянскі наватвор з прыст. *sъ‑ параўнальна з больш старым *mьrtь < і.-е. *mr̥t‑s, параўн. чэш. mrt ‘адмёршая частка; неўрадлівая зямля’; гл. Глухак, 567.

*Смерць2, смэрть ‘вусень’ (кам., ЛА, 1), смяртэ́льнік ‘начны матылёк’ (Сцяшк. Сл.). Да папярэдняга слова, відаць, на базе ўяўленняў пра дрэнны знак, які падае начны матылёк, што заляцеў у хату, прадвеснік смерці, падрабязней гл. Гура, Символика, 487–488); параўн. цьма ‘тс’ (гл.), што перанесена і на вусеня як стадыю ў развіцці матылька.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)