слу́жба, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. служыць (у 1, 2, 4–6 знач.). Служба ў арміі. Служба машыны.

2. Работа, заняткі і абавязкі служачага, а таксама месца такой работы і знаходжанне на ёй. Асабліва вялікую пашану адчуў да.. [Захарыя] Іліко, калі даведаўся, што гэты чалавек умее кіраваць параходам, што гэта ягоная слуокба. Самуйлёнак. Трошкі пазней Леўка ўладзіўся ў Верамеевічах на нейкую казённую службу і ездзіў каравачнікам па вёсках. Сабаленка. І на службе і прыйшоўшы са службы Рыгор не расставаўся з кніжкаю. Гартны.

3. Выкананне воінскіх абавязкаў, пасада ваеннага, а таксама знаходжанне ў радах арміі, флоту. Кожны салдат лічыць свой род войск самым важным, а службу ў ім — самай цяжкай. Хомчанка. Развітаўся з салёнаю Службай марской, Месцам вахты працоўнай Стаў ціхі пакой. Жычка.

4. Галіна ваенных заняткаў, абавязкаў, а таксама сістэма ўстаноў у структуры арміі, якія іх абслугоўваюць. Служба сувязі. Медыцынская служба арміі. □ Камбрыгу было дваццаць пяць год. Кавалерыст, лейтэнант кадравай службы. Брыль.

5. Галіна вытворчасці, а таксама ўстанова, арганізацыя, якія займаюцца якім‑н. спецыяльным участкам работы. Служба надвор’я. Служба часу. □ Машыністаў, дзяжурных, саставіцеляў — усіх, найбольш звязаных са службай руху, эвакуіравалі, яшчэ калі не быў узарваны мост па Дняпры. Навуменка.

6. Правядзенне набажэнства. У царкве ідзе.. служба, а на вуліцы — незвычайная вясёласць, рогат, гукі і рытм новай песні. Каваль.

7. толькі мн. (слу́жбы, ‑аў). Уст. Падсобныя памяшканні, розныя пабудовы для гаспадарчых патрэб. Розныя гаспадарчыя службы — кухня, склады, кладоўкі, — усё гэта ўваходзіла ў бальнічную сядзібу. Лынькоў.

8. Уст. Абслуговы персанал; слугі. А палац у агнях, служба ўся ў кунтушах. Лужанін. Па сканчэнні «гутаркі» хатняя служба ўжо саджала пана .. ў брычку і побач паклала абкручаны ў палатніну кумпяк. Пестрак.

9. Уст. і разм. Зварот да ваеннаслужачага (звычайна салдата). [Драч:] А сам хто?.. Бародка можа і рабочага, а вусікі быццам а[ф]іцэравы... [Дашынскі:] Блытаеш ты нешта, служба. Губарэвіч.

•••

Інтэнданцкія служба — сістэма ўстаноў і прадпрыемстваў, якія ведаюць харчовым, рэчавым і грашовым забеспячэннем узброеных сіл.

Дружба дружбай, а служба службай гл. дружба.

Не ў службу, а ў дружбу; не па службе, а па дружбе — просьба зрабіць што‑н. для каго‑н. па дружбе, а не па службоваму абавязку.

Паставіць што на службу чаму гл. паставіць.

Саслужыць службу каму-чаму гл. саслужыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калыва́ць ’вагаць, хістаць’ (БРС; зах.-бел., Весці), калывацца (БРС, ТСБМ, Бір.; Сл. паўн.-зах.; Сцяшк., Федар.). Магчыма, сюды і ашм. калыта́цца ’ківацца’ (зуб… калытайацца), калі гэта не з калатацца ’калаціцца, трэсціцца — ківацца’. Фанетычна дакладная паралель ва ўкр. коливати ’хістаць, калываць’, ’ісці павольна, хістаючыся’, што неабходна разглядаць як бел.-укр. інавацыю на базе больш архаічнага *kolybati (рэканструкцыю дазваляюць зрабіць зафіксаваныя ў рус. і каш. арэалах лексемы, статус укр. колибати, якое прыводзіць Фасмер, 2, 299, няясны). Паводле Трубачова, Эт. сл. 10, 164, да шырока вядомага прасл. kolěbati. Звяртаецца ўвага (там жа, 130), што ‑y‑ ў *kolybati хутчэй за ўсё дыфтангічнага паходжання, калі гэта сапраўды ў адносінах ‑ě‑, ‑oi‑ ў kolěbati. Той факт, што ад *kolybati утвораны інтэнсівы kolysati/kolyxati (больш шырока вядомыя ў славянскіх мовах), безумоўна, сведчыць на карысць вялікай архаічнасці формы *kolybati. З даўніх прапаноў спробы знайсці і.-е. адпаведнікі (Патабня, Цупіца) падтрымкі не знайшлі, як і меркаванні Міклашыча, а пазней Бернекера аб сувязі з kolo. Слаўскі (2, 347) не выключае магчымай сувязі з гукапераймальнымі ўтварэннямі (аналагічныя думкі яшчэ ў Бернекера і Скока) тыпу польск. дыял. klebotać, chlebotać ’калываць, хістаць, муціць’, рус. хлебать і асабліва дыял. хлебестать ’калывацца, хістацца і да т. п.’; БЕР (2, 550) дапускае і.-е. праформу *k​ol‑ што вельмі няпэўна; спосаб утварэння няясны. Трубачоў (Эт. сл., 10, 130, 395) прымае як найбольш верагодную версію, якая была распрацавана Голубам–Копечным (176) і Махэкам₂ (268), дзе kolěbati разглядаецца як прэфіксальнае. Пры гэтым пярэчанні датычаць у першую чаргу самога факта такога рашэння, паколькі ў дэталях этымалогія Махэка дастаткова абгрунтаваная. Сапраўды, падобныя прэфіксальныя ўтварэнні (тыпу ўкр. ковертати) сустракаюцца сярод дзеясловаў руху, другая частка злажэння добра параўноўваецца Махэкам з літ. láibas ’тонкі, высокі’, лат. laībs ’тонкі, слабы’, што з семантычнага пункту погляду таксама сумненняў не выклікае. Трубачоў (Эт. сл., 10, 164) адзначае, што, калі тлумачыць *ko‑lěb‑ < *loib‑, як Махэк₂, 268, фанетыку кораня *lyb можна разумець як экспрэсіўную трансфармацыю *loib‑ > *lŭb‑ > *lyb‑, а гэта знаходзіць аналогію ў літ. мове, дзе, магчыма, роднаснае láibas мае экспрэсіўны варыянт lùiba, luibà; аб адносінах ui/аі (< і.-е. оі) гл. Буга, Rink., 1, 459; 2, 263; а lùiba спецыяльна 1, 298.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пле́сня, пле́сінь, пле́сні, пле́сене ’мікраскапічны грыбок на харчовых прадуктах, рэчах хатняга ўжытку, на жывёльных і раслінных рэштках, цвіль’ (ТСБМ, Яруш., Др.-Падб., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 4), плісна́ ’тс’ (Нас.), пле́сіньня, пле́сьнівыньня ’бросня, слізь, гніль’ (Бяльк.); пле́сня, плі́сня ’раска, Lemna minor L.’ (рагач., бяроз., ЛА, 1); пле́сневіць, плесня́віць ’пакрывацца плесняй’ (Нас.), пле́снець ’тс’ (ТС), пле́сневы, плесня́вы ’плесняваты’ (Нас.), плясні́вы, плясня́вы ’бела-руды (масць каня)’ (Сл. ПЗБ). Укр. плі́сень, плісня́ ’плесня’, плісо́нь ’расліна Mucor mucedo’; рус. пле́сень, плеснь, пле́снедь, пле́снядь ’плесня’, польск. pleśń ’бросня’, н.-луж. plěseń ’плесня’, pleś ’пена на піве’, в.-луж. plěsń, чэш. plíseň, славац. pleseň, славен. plẹ́sen, харв. plȉjesan, серб. пле̑сањ ’тс’; балг. плесен, магчыма, сюды ж макед. плесна ’лішай; плямка, крапінка’. Прасл. *plěsnь, роднасныя якому літ. pelė́ti, лат. pelêt ’плеснець, pelė̃siai ’плесня’, plė́kti ’тлець, плеснець’, лац. palleo ’станавіцца бледным’, аднаго кораня з рус. пелёсый (Міклашыч, 236, Траўтман, 212; Мацэнаўэр, LF, 13, 164; Фасмер, 3, 279). Склад *plě‑ паводле закона метатэзы плаўных узыходзіць да і.-е. *pel‑ (абазначае розныя бледныя колеры, Скок, 2, 683). Паводле Махэка₂ (460), прасл. *plesnь паходзіць з *plěk‑snь, у якім пазней ‑k‑ выпала (спрасцілася). Аналагічна Банькоўскі (2, 607) выводзіць прасл. *plěsnь < і.-е. *plēk‑sn‑is, якое з прыметніка *plēk‑sn‑os, параўн. літ. plėkas, звычайна plėkaĩ ’ясныя яркія плямы’ і з plė́kti ’пакрывацца яркімі плямамі’; самым блізкім фармальным літоўскім адпаведнікам прасл. *plěsnь з’яўляецца літ. plẽkšnė ’пляма’. Сной (453), Бязлай (3, 55) мяркуюць, што *plěsьnь (а не *plěsnь) утварылася пры дапамозе абстрактнага суфікса *‑ь ад прыметніка *plěsьnь (параўн. чак. plȉjesan ’плесневы’), які ўзыходзіць да *plěsъ, параўн. харв. plijes, славен. белакраньск. plẹ̑s ’плесня’, каш. ples ’тс’, ідэнтычныя літ. pol̃isiai (мн. л.) ’тс’, што ўзыходзіць да і.-е. *pel‑ ’шэры, сівы’ (Борысь, Папоўска–Таборска, ZPSS, 10, 26). Сюды ж плесь ’плесня’ (зах.-гом., ЛА, 4), відаць, як цвіль, бросьць (гл.). Вытворныя: добр. пля́сніца ’плесня, цвіль’, рагач. плясні́ўка ’вочка на гародніне’ (Мат. Гом.), плясні́вы ’які заплеснявеў і пасівеў’ (Варл.). Паводле Німчука (Давньорус., 289), формы на ‑ня і на ‑ен(ь) — у выніку аналогіі да слоў тыпу песня, восень і пад., каб пазбегнуць цяжкага для вымаўлення спалучэння зычных, што ў святле сказанага вышэй малаверагодна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рапу́ха ’вялікая палявая жаба з бугрыстай скурай шэрага або зялёнага колеру’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, Бяльк., Мат. Гом., Сцяшк., ЛА, 1), ’жаба, Bufo vulgaris’ (Касп.), рапу́га ’земляная жаба’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), рыпу́га, рапо́ха ’тс’ (Сл. ПЗБ), ро́пуха ’жаба з жоўтым падбрушшам’ (ТС), рабу́ха, храпу́ха ’тс’ (ЛА, 1), рапэ́ся ’жаба’ (круп., Макар.); у большасці гаворак выступае ў значэннях ’неахайная жанчына’, ’жанчына, што мае пачварны твар пасля воспы’. Параўн. укр. ро́пуха, ряпу́ха, ро́павка ’жаба’, рус. дыял. ропу́ха, польск. ropuchay chropucha ’тс’, каш. ropucha ’авечая вош’, чэш. ropucha ’жаба’ (з польск.), славац. ropucha, repucha ’тс’, в.-луж. ropucha ’вадзяны хрэн’. Старажытная арэальная назва, метафарычна перанесеная пазней на іншыя асобы, прадметы або з’явы на вобразнай аснове (з-за няроўнай барадаўчатай скуры, непрыемнага выгляду, надутасці і пад.), параўн. ESSJ, Ukaz. čislo, 89–92 (з аглядам версій). Насовіч адзначае, што рапуха гукапераймальнае ад крыку жаб, што нельга выключыць, улічыўшы пастаянны прызнак, што вылучаецца ў народнай мове, параўн. скверэцца як рапуха (Сержп. Прык.), і наяўнасць анаматапеічнай варыянтнай базы *rep‑, *rop‑ (гл. Шустар-Шэўц, 2, 1236). Брукнер (463, гл. таксама Трубачоў у Фасмера, 3, 503; ЭССЯ, 8, 82; 11, 90) узводзіць да *chropucha ад шурпатай, “храпаватай” скуры, да гэтага польск. дыял. rapaty ’шурпаты, шорсткі’ і rupić ’рабіцца няроўным, шурпатым, (пра твар) бугрыстым, васпаватым’, серб. рапав, храпав ’бугрысты, шурпаты’, што суадносяць з літ. rùpti ’рабіцца шурпатым’. Фасмер (3, 503) схіляецца да сувязі з рапа́ ’бруд, падобны на гной’ (гл.), што суадносіцца з іншай назвай земляная жаба, ралейная жаба ’жаба, што сядзіць у зямлі, глеі, рапе’. Адносіны славянскіх назваў да літ. rùpuże ’жаба’ застаюцца няяснымі, аднак пераважае думка пра незалежныя ўтварэнні, параўн. Анікін, Опыт, 263, дзе запазычанне дапускаецца толькі для формы рус., бел. рапу́га (< літ. rapūga ’жаба’). Беларускі ўплыў мяркуецца для літ. rapùkas ’жаба з чырвоным жыватом’. Элемент ‑пуга ў складзе назвы можа звязвацца са значэннем ’дуць, надувацца’, параўн. харв. žaba puhača ’рапуха’ (= žaba krastača), якое Скок (3, 69, 77) атаясамлівае з іншай назвай — pugȁča ’тс’, што яшчэ раз сведчыць пра магчымасць розных уплываў і асацыяцый, выкліканых яркім вобразам аб’екта намінацыі, у тым ліку з *korsta ’кароста’ (кароставая жаба, Сл. ПЗБ), *kora ’кара’ (каравая жаба, ЛА, 1), *korpa ’рубец, бародаўка’, *korpavъjь ’бугрысты, выспаваты’ (каропавая жаба, Сл. ПЗБ), гл. ЭССЯ, 11, 90, 96.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апрача́, апро́ч ’акрамя’, апро́ч ’асобна’ (Янк. Мат., Янк. I, Яруш.), апры́ч ’апрача’ (Касп.), апрі́ч ’апрача, асобна’ (Бяльк., Яруш.), опричёнки (Мядзв.), апрічо́ннік, апрічо́ння ’асобніна, прыгатаванае асобна’ (Бяльк.). Ст.-рус. опрочь, опроче ’апрача; асобна’, опричь ’апрача’, адкуль у старабеларускую мову ўжо ў XV ст. (Карскі, 1, 69). Рус. опри́чь ’апрача’, дыял. опричи́, опро́чь, опрочи́, укр. опрі́ч, опрі́че, дыял. опро́че ’апрача’, ’асобна’. Польск. oprócz, prócz ’апрача’, памор. proč ’тс’, ст.-польск. oprócz ’без’, ’акрамя’. Магчыма, славен. opríčen, ’сучасны’, pròč ’прэч’. Формы з карэнным о/а і і/ы маюць, напэўна, рознае паходжанне, прычым першасна апроч, апрача азначала ’акрамя, апрача’, апрыч і пад. ’асобна’; пазней адбылася кантамінацыя значэнняў, у выніку чаго цяпер абодва гэтыя значэнні ёсць у абедзвюх формах. Апроч, апрача — роднасныя з рус. прочий ’іншы’, прочь ’прэч’ і пад., якія Фасмер (3, 386) слушна выводзіць з кораня *prok‑ услед за Міклашычам, Младэнавым, Брукнерам, Праабражэнскім. Ст.-слав. прокъ азначала ’астатак’, а прочей тлумачылася як параўнальная форма да прыметніка прокъ, прокыи ’лішні’, а‑ трэба лічыць хутчэй за ўсё пратэзай. Заходнеславянскія формы з ‑е‑ (польск. precz > бел. прэч) тлумачаць як рэфлекс форм з ‑ъ‑ (адкуль і ‑о‑ ў рус. прочь) (Голуб-Копечны, 298). Формы апрыч і пад., магчыма, роднасныя з чэш. pryč ’прэч’; тлумачэнне вакалізму як звязанага з ъ, o, а тут сустракаецца з пэўнымі цяжкасцямі (гл. Праабражэнскі, 1, 654; Брукнер, 437). Старажытнарускія формы опришь, опрись, оприсьнъ (побач з опричьнъ), укр. опришок ’разбойнік’ (< ’чужы’, ’асобны’?) указваюць на магчымасць трактаваць ч як замену былога ш ці c, якія ў сваю чаргу звязаны з х; і.-е. коранем слова магло б быць *preu̯s (Покарны, 809–810, 845), параўн. прыскаць, прышч (тое, што выскачыла з-пад скуры’); для значэння ’разбойнік’ параўн. выскачка той, хто выскаквае з агульнай групы’, для значэння ’асобна’ — ’тое, што выскаквае з адзінай групы’. Гэта гіпотэза паходжання нявытлумачанага слова патрабуе, аднак, пэўных удакладненняў у сувязі з ст.-бел. опришный (XV ст., Карскі, Труды, 313), опршине (XV ст., Карскі, 1, 389), опричьный ’асобны, спецыяльны, уласны’ (1562, Карскі, Труды, 206). Параўн. Хрэст. гіст., 1, 483; Гіст. мовы, 1, 107, 196. Булахаў (Працы IM, 7, 142) няўпэўнена сцвярджае, што ў такіх прыкладах шн на месцы чьн фанетычна. Але Карскі (1, 389) адзначаў, што ў старажытных помніках такая з’ява вельмі рэдкая, а прыклады даў толькі са словам опришный, опришне; Гіст. лекс., 92, адносіць опришный да паланізмаў, запазычаных у XV ст., аднак у польскай мове таго часу такое слова не адзначаецца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Атама́н ’выбарны начальнік у казацкіх войсках або паселішчах у дарэвалюцыйнай Расіі’, ’важак, завадатар’ (БРС), атама́н (Нас.). Рус. атама́н, дыял. (в)ата́ма́н, укр. атама́н, ота́ма́н. Магчыма, што ўкраінская форма з а‑ замацавана пад рускім уплывам, а польская ataman з рускай ці беларускай, а не з украінскай. Руская і ўкраінская мовы ведаюць значэнне слова ’рыбацкі, ’пастухоў стараста’. Ст.-рус. ватаманъ, вотамманъ, отоманъ ’чалавек, які працуе на судне’ з 1294 г., пазнейатаман начальнік казачай дружыны’ (XVII ст.); польск. (да XVI ст.) wataman ’аканом’. Ст.-бел. з 2‑й палавіны XV ст. оутамонъ, втамон, отаманы, атаманъ у знач. ’рыбацкі завадатар’ (1577), ’аканом’ (1497), ’чыноўнік па збору падаткаў, падпарадкаваны татарскім баскакам’ (XVI ст.). Ст.-укр. ватаманъ (1422) ’стараста’, з XVI ст. атаманъ са значэннямі, блізкімі да старабеларускай. Этымалогія слова высветлена не да канца. Ранейшыя прапановы ўзводзіць яго, як і польск. > укр. гетьман, з ням. Hauptmann < heubtmann (Міклашыч, 5; Бернекер, 1, 378; Гараеў, 7) запярэчваюцца ў сувязі з фанетычнымі цяжкасцямі. Не прымаецца таксама этымалогія Гараева, 438, з тур. (?) ата ’бацька’ + туман ’10 000 (войска)’ у сувязі з нерэальнасцю такога спалучэння ў турэцкай. Найбольш верагоднай лічыцца этымалогія Т. Корзана, падтрыманая і абгрунтаваная Брукнерам, KZ, 48, 172, а потым больш дакладна Дзмітрыевым, Строй, 523: крым.-тат. отаман > одаман ’старшы пастух, пастухоў бацька’ (‑ман павелічальны суфікс), адкуль атаман, отаман (Брукнер, 8; Фасмер, 1, 95; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 36; Шанскі, 1, А, 169–170; Курс суч., 161). Гэта этымалогія, аднак, не тлумачыць ст.-рус. наўг. ватаманъ ’працуючы на суднах’ па гістарычных, геаграфічных, фанетычных прычынах, таму Фасмер выдзяляе ватаман у асобны артыкул, хаця і не тлумачыць яго; Саднік-Айцэтмюлер лічацца з магчымасцю старога цюркскага запазычання; Праабражэнскі (1, 9–10) спачувальна прыводзіць думку Сразнеўскага (1, 231) пра сувязь ватаманъ з ватага. Старое цюркскае запазычанне магчыма (параўн. чув. утаман побач з атаман, якое Ашмарын (2, 133) лічыў запазычаннем з рускай; параўн. Ягораў, 278). Нельга выключыць і ватаманъ ’працуючы на судне’ з германскага (параўн. с.-в.-ням. Waʒʒermann ’марак, лодачнік, шкіпер’, англ. waterman ’лодачнік, вясляр’ і г. д.). Ст.-польск., ст.-бел., ст.-укр. ватаман ’чыноўнік, аканом’ магло ўзнікнуць пад уплывам іншых слоў (параўн. ст.-польск. watman), напр. Amtmann. Гэта не выключае і кантамінацыі з одаман ’старшы пастух’ і з оттоман ’турак’. Сучасныя беларускія значэнні замацаваліся пад рускім уплывам. Пра цюркскае паходжанне слова гл. Дабрадомаў, РР, 1972, 5, 110–114.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пі́льна, пі́льня, пі́льно, пі́лна, пілне, пілно ’вельмі, настойліва’, ’неаслабна’, ’уважліва’, ’тэрмінова’, ’не адрываючыся, не паднімаючыся з гнязда’, ’старанна’, ’абавязкова’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Мядзв., Юрч., Яруш., Мал., Варл., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС; бялын., Янк. Мат.; Карскі, Труды; Мат. Маг.; Бяльк.), пі́льненечка ’ўважліва’ (Ян.); пільнава́ць, пілнава́ць, пільнява́ць, пільнува́ць, пільнова́ті, пільнува́тэ, пілмава́ць ’наглядаць, вартаваць, сцерагчы, сачыць, падпільноўваць, падсцерагаць’, ’старацца’, ’пасціць’, ’няньчыць’, ’марудзіць’; ’старанна працаваць’, ’трымацца гаспадаркі’ (ТСБМ, Шн. 1, Мядзв., Гарэц., Мал., Яруш., Нас.; барыс., Шн. 2; Бір. Дзярж.; Сцяшк. Сл., Шат., Касп., Варл., ТС, Сл. ПЗБ); пільнава́цца ’асцерагацца’ (Варл.), ’прытрымлівацца чаго-н.’ (Шат.), пільнява́цца ’тс’ (шальч., Сл. ПЗБ); пільнува́ння ’падсцераганне’, пільнасць ’асцярожнасць’ (Варл.), ’уважлівасць’ (шальч., Сл. ПЗБ), ’нагляд’ (Скарбы); пільноўка ’вартаванне, нагляданне за чым-н.’ (Нас.); пільны ’неадкладны, тэрміновы’ (навагр., Нар. словатв.), ’акуратны’, ’патрэбны, неабходны’, ’старанны’ (Нас., Шат.) — утворана ад дзеяслова *piliti (Насовіч, 414) > пілі́ць2 (гл.): прасл. *pil‑ьnъ(jь) > укр. пи́льний, рус. пил́ьный, пи́лен, польск., н.-, в.-луж. pilny, чэш., славац. pilný, ц.-слав. пильнъ; *pil‑ьnъ > *pilьno; *pil‑ьnъ > *pil‑ьn‑ova‑ti: укр. пильнува́ти, рус. паўд. пильнова́ть, польск. pilnować, pilować, н.-луж. pilnowaś se, чэш. ляш. piľovať, славац. pilnovať; не выключана магчымасць запазычання з польск. pilnować (Цвяткоў, Запіскі, 60; Мядзведскі; Булыка, Лекс. запазыч., 185). Тэдэска (Language, 27, 18) мяркуе, што прасл. pil‑ьnъ узнікла шляхам рэдукцыі з *pri‑lьg‑ьnъ, параўн. рус. приле́жный ’які старанна прыкладаецца да чаго-н., аддана прысвячаецца чаму-, каму-н.’ Міклашыч (246) супастаўляе pilьnъ з літ. pil̃nas ’старанны, уважлівы’, якое, аднак, з польск. pilny (Фрэнкель, 1, 591). Ондруш (SlW, 1975, 119) узводзіць прасл. *pil‑ьnъ(jь) ад незахаванага дзеяслова *piti ’рэзаць’ з наступным развіццём семантыкі ’баявы, змагар’ > ’настойлівы, старанны’; Шустар-Шэўц (14, 1064) звязвае лексему з літ. pìlti ’ліць, сыпаць’ > ’хутка цячы’ > ’хуткі, імклівы’; Станкевіч (Зб. Бірнбаўму, 1985, 412) выводзіць прасл. *pilьnъ ад *piliti, а апошняе — ад *pil‑/*pyl‑ ’певень’ (пры першаснай сувязі дзеяслова з семантыкай сексуальнага ўзбуджэння). Прымаючы пад увагу канкрэтныя значэнні ў некаторых слав. прыметнікаў: польск. pili ’свой, родны’, niepili ’чужы, незнаёмы, няродны’, чэш. pile ’клопат’, якое Шаўр (Etym. Brunensia, 109 і наст.) уводзіў у і.-е. гняздо *pei̯t‑ ’клапаціцца’, в.-луж. pilny ’тоўсты, тлусты’. Варбот (БСИ–1998–1999. М., 2000, 24–26) уключае ў кола вытворных гняздо і.-е. *pei̯(ə)‑/*pī̆‑ ’тлусцець’, ’знаходзіцца ў вялікай колькасці’ і прасл. *pilъ(jь), пазнейpilь(jь) са значэннем ’тлусты, тоўсты’ = ’адкормлены’, адсюль — ’свой, родны’. Ад *pilъ(jь) паходзіць дзеяслоў *piliti ’клапаціцца, старацца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лісі́ца1, лісі́цы ’калодачка з дзіркамі, праз якія прадзяваюцца шнуркі ад панажоў’ (Жд. 1), ’ліштва з дзіркай, у якую ўстаўляецца жэрдка для адзення’ (ТС), ’планка, у якую ўстаўляецца верхні канец млёна’ (лід., Сл. ПЗБ), ’шпунт, тонкая планка паміж дошкамі дзвярэй’ (петрык., ельск., Нар. сл. і Сцяшк.; рас., Шатал.), ’палены з высечкамі пасярэдзіне, у якія ўшчэмліваюцца дошкі ці дзверы, калі іх клеяць ці калі ў іх заганяюць шпонкі’ (КЭС, лаг.), ’слупы з вінтамі, якімі выпрамляюць скрыўленую сцяну’ (жытк., Нар. сл.), ’прыстасаванне для сціскання бярвенняў у сцяне’ (вілен., Шн. 2; лях., Сл. ПЗБ; слуц., Нар. словатв.; стаўб., Жд. 2; Нас., Маш., Касп.), лун. ’бервяно, якім падпіраюць пахілены будынак’ (Шатал.), ’ціскі’ (чач., добр., Мат. Гом.), ’зажым, у якім што-небудзь заціскаецца пры дапамозе кліноў’ (Інстр. 2), ’металічная планка з паглыбленнем у верхнім камені жорнаў’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ’ціскаўка, напаўрасшчэпленая дзеравіна’ (Некр.); ’жэрдка, якая злучае пярэднюю і заднюю восі воза або вузгалоўе воза’, ’папярэчына, якая звязвае жэрдкі плоту’ (Бломкв.), ’кіёк, адзін канец якога ўваткнуты ў дзірку навоя і не дае яму круціцца’ (в.-дзв., Шатал.); ’тоўстае палена, якое ўпоперак кладзецца на сані (падсанкі) для перавозкі бярвення’ (Бяльк., ТСБМ, Касп.; бялын., Янк. Мат.; в.-дзв., Шатал.), падпоры, якія ўжываюцца для паднімання драўляных збудаванняў’ (гродз., Шн. 2), ’папярочныя бэлькі, якімі прымацоўваюць вулей-калоду да дрэва’ (Маш.), ’цяжар, які прывязваецца ці прышрубоўваецца да канца пругла, каб лягчэй было выцягваць вядро з вадой са студні’ (Янк. 2); лісі́ца (або су́чка) ’дошчачка, што круціць валок кола калаўрота’ (КЭС, лаг.). Некаторыя з гэтых значэнняў маюць адпаведнікі ў іншых славянскіх мовах: укр. лисиці ’ціскі, шчамлёткі — для сціскання склееных дошак, для ўмацавання сцяны’, рус. лисица ’перакладзіна, якая злучае восі драбін’, ’бярвенні, якія ўмацоўваюць плыты’, ’сані’, польск. lisica, ст.-чэш. lisicě ’прэс’, славац. lisica ’капкан’, серб.-харв. лѝсица, славен. lisíca ’кайданы’, макед. лисица ’дзірка, у якой замацавана ярмо’, балг. лисица ’два загнутыя дручкі, якія злучаюць заднюю частку калёс з пярэдняй’. З прасл. lisica — ’ліса-самка’, пазней ’ліса наогул’, асобна ў слав. мовах ’розныя прыстасаванні, прадметы для сціскання’ — старая метафара (Слаўскі, 4, 279; Бязлай, 2, 144).

Лісі́ца2 ’жоўтая пляма на адзенні ад спалення’ (Нас.). Да ліса́вы (гл.). Утварылася ў выніку пераносу значэння паводле падабенства колеру.

Лісіца3, лісі́цы, лісі́чкі, лісі́цкі ’грыб лісічка, Cantarellus cibarius Fr.’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Сцяшк., Шат., Яруш., Янк. 2, Дэмб. I, ТС; уздз., Нар. словатв.; лельч., Мат. Гом.), шчуч. лісічык ’тс’ (З нар. сл.), лі́ска, лі́скі ’тс’ (пруж., уздз., Нар. словатв.; гарад. Сл. ПЗБ; светлаг., Мат. Гом.). Укр., рус. лисичка, чэш., славац. liška, славен. lisíčka ’тс’. Прасл. lisičьka метафара, перанос значэння ’ліс, ліса’ паводле колеру.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пля́га1, пля́ґа ’слота’ (ТСБМ; Сл. ПЗБ; гродз., пруж., ЛА, 2), плягота ’тс’ (ЛА, 2), ’мокры снег’ (гродз., З нар. сл.). Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 4, 22), — з літ. pliaugà ’слата’. Аднак не выключана таксама запазычанне з польск. flaga ’слота, непагадзь’, ці з дыял. plaga ’хлюпота, слата’, якое Банькоўскі (2, 596) выводзіць з рэгіянальнага паўн.-ням. flage ’тс’. Сюды ж: кантамінаваныя сінонімы — плехота, плюхота ’слата’ (ЛА, 2), а таксама пля́жыць, пля́жыты, пле́жытэ ’ліць як з вядра, ісці няспынна’ (воран., Сл. ПЗБ; кобр., стол., драг., Сл. Брэс.).

Пляга2 ’ўдар розгай’ (Нас.), ’кара, пакаранне’ (Нас.; Шат.; барыс., Шн. 2). Сярэднявечнае школьна-кляштарнае запазычанне ў польск. мову з лац. plāga ’ўдар, выцятае месца’ < plāgo, ‑āre ’біць, хвастаць, лупцаваць’ (ці з plangere ’ўдарыць з трэскам’), запазычаных са ст.-грэч. дар. πλᾱγά, іяніч. πληγή ’удар’, ’рана ад удару’, ’няшчасце, якое пасылаецца лёсам’ (Банькоўскі, 2, 596), з польск. мовы пранікла на Беларусь. Сюды ж: пля́жыць, спля́жыць ’вынішчыць’, ’збіць, пабіць’, ’затаптаць’, ’секчы з размаху, моцна біць, глуміць’ (ТСБМ, Шат., Нас.; сміл., Стан.), ’разбіваць’ (рагач., Сл. ПЗБ), ’палоць’ (акц., Мат. Гом.), ’працаваць многа, напружана’ (Нар. Гом.), а таксама пля́жма: “Я пля́жма ворага крышу…” (Хадыка).

Пляга3 ’няшчасце, бяда’ (воран., ашм., іўеў., пін., Сл. ПЗБ; Бір.), ’зараза, навала’ (пін., Нар. лекс.), пляга яго ведае! = ліха яго ведае (чырв., З нар. сл.). Ст.-бел. плякга, плакга, пляга, флякга ’няшчасце; навала’ са ст.-польск. plaga ’тс’, якое з лац. plāga ’пакуты, няшчасце’, ’бедства’. Гл. таксама папярэдняе слова.

Пля́га4 ’рана ў мазалях’ (Чуд.). Са ст.-польск. plaga ’рана’, не выключана развіццё семантыкі з пляга2 (гл.): параўн. макед. дыял. пля́га ’рана’, што выводзіцца з алб. plágë ці рум. plágă ’тс’ (< лац. plaga), гл. БЕР, 5, 387.

Пля́га5, пляґа ’слізь пры адхаркванні, макрота’ (слонім., Нар. лекс.: зэльв., Сцяшк. Сл.; карэліц., іўеў., Сл. ПЗБ), пля́га/сма́га ’слізкае рэчыва ў роце хворага’ (Варл.). Са ст.-грэч. φλήγμα ’слізь, макрота’, якое пад уплывам лексемы пляга ’макрэча’, ’бяда, няшчасце’ набыло адпаведную форму.

Пля́га6 ’бутля, балон’ (Мік., Др.-Падб.), ’бляшанка для адстойвання малака (у калодзежы)’ (лях., Сл. ПЗБ), сюды ж пля́жка, пляшка ’бутэлька’ (ТС), ’салдацкая біклага’ (барыс., круп., бярэз., любан., бабр., ЛА, 5). Ст.-бел. пляша, фляша, хвляша ’бутэлька, пляшка’ (1538 г.) запазычаны са ст.-польск. flasza, якое з с.-в.-ням. vlasche (Булыка, Лекс. запазыч., 102) < flechten ’плясці’ — першапачаткова бутэлькі спляталіся з лыка, пазней для шчыльнасці вымазваліся глінай і абпальваліся ў печы, параўн. славен. pleténka ’аплеценая бутэлька’. Форма пляга, відаць, — з пля́жка (шляхам рэдэрывацыі), а апошняе — з фляшка (Брукнер, 123; Праабражэнскі, 2, 78; Фасмер, 4, 200).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́лька1, лялечка ’дзіцячая цацка ў выглядзе чалавека’ (Нас., Мядзв., Грыг., Гарэц., Яруш., Др.-Падб., Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ’прыгожая, знешне прывабная істота або рэч’ (ТС), ’вельмі выпеставаная, крыкліва апранутая, расфуфыраная жанчына’ (міёр., З нар. сл.), ’бутэлька, у якую насыпаюць жыта і даюць хлопцу (і свату), калі дзяўчына згодна ісці за яго замуж’ (смарг., Сл. ПЗБ); ’зрэнка ў воку’ (лепел., КЭС; саліг., Нар. словатв.; ТС); ля́ля ’дзіця (з дзіцячай мовы), немаўля’ (Нас., Бес.; драг., КЭС), ’купідон, прыгожанькае дзіцятка’ (Шпіл., Растарг., Нар. Гом.), ’малое дзіця’ (драг., шальч., Сл. ПЗБ), ’спешчанае дзіця’ (іўеў., Сл. ПЗБ), ’лялька’ (слуц. КЭС). Укр. ля́лька, ля́ля, ля́лечка ’лялька’, ’маленькае дзіцё’, ’імя галоўнай дзяўчыны ў карагодзе, які праводзіцца напярэдадні вясенняга Юр’я’, ля́лько ’зрэнка’; рус. ля́лька, ля́ля ’хросная маці’, ’лялька’ (зах.), ’маленькае дзіцё’, перм. ля́лько ’хросны бацька’; ля́ля ’бамбіза, дылда’, ’цюхця, дурань’, ’вялы, някемлівы, нерашучы чалавек’; польск. laika, lala, låla ’лялька’, ’прыгожы, але абмежаваны чалавек’, ’дурань’, ’зрэнка ў воку’, lalki ’мэндлікі ў полі’, палаб. lʼolʼǝ ’бацька’; дзіцячае lala ’бог’, pójść do lali ’памерці, адправіцца ў нябыт’; чэш. валаш., ляш. lʼalʼa, lʼalʼka ’лялька’, ’чужы чалавек (дзіцячае)’, усх.-мар. lʼalička ’немаўля’, ход. lála ’нядбайны’, славац. ľaľo ’дурань, балван’; серб.-харв. ла́ло, ла́лко ’пяшчотная назва брата або старэйшага мужчыны ў доме’, ла̑ла, ла́ло ’бацька’, ’імя, якім старыя называюць маладых’, ’любы чалавек’, якія Скок (2, 264) не зусім абгрунтавана адносіць да цюркізмаў; балг. лало, лалко ’старшы брат (для малодшага)’, ’дурны, блазан’, лала ’цётка’, ’швагер’, славен. lila ’лялька’. Прасл. lʼalʼa — слова з дзіцячай мовы (як baba, mama, tata) для наймення дзіцяці, маленькага чалавека; пазней стала азначаць ’зрэнка’ з прычыны адбітку ў воку маленькага вобраза чалавека (Слаўскі, 4, 33–34). Значэнне ’лялька’ новае, яно ўзнікла ў гарадах у апошнія стагоддзі. Паводле Панятоўскага (Wiedza o Polsce, 3. Warszawa, 1932, 269), чалавечыя фігуркі ў славян першапачаткова былі сімвалам памерлых продкаў, дзядоў; звычай трымаць лялькі (сімвалы) у хаце быў пашыраны яшчэ ў XIX ст. у Польшчы і зах. Скандынавіі. Дзецям забаранялася з імі гуляць (гл. таксама Махэк₂, 319). І.‑е. адпаведнікі: алб. lelëo ’бацька’, ’дзядзька’, ’дзед’, ’старэйшы брат’, арум. lală ’дзядзька’, н.-грэч. λαλά ’баба’, λαλάς ’дзядзька’, курд. lalu ’тс’. Бернекер (1, 700), а за ім Фасмер (2, 551) і Кюнэ (42) бел. і ўкр. лексемы разглядаюць як запазычанне з польск. мовы, што справядліва аспрэчваецца Праабражэнскім (1, 498).

Ля́лька2 ’матыль’ (бяроз., Выг.). Як і ўкр. жытом. ля́лька і валынск. ля́лючка ’лічынка матылька’ (ЛАПП) — рэліктавая лексема, якая ўзыходзіць да старажытных часоў, калі lʼalʼa азначала ’памерлыя продкі, дзяды’ (гл. ля́лька1). Табу — у слав. гаворках існуе павер’е, быццам душы памерлых, злыя духі хаваюцца ў матыльках (Важны, O jménech, 86). Параўн. бел. ба́бачка (гл.).

Ля́лька3 ’аер, Acorus L.’ (бых., Мат. Янк.). Паводле падабенства катаха аеру да прымітыўнай фігуркі лялькі. Да ля́лька1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)