Па́ра1 ’газ, які ўтвараецца пры выпарванні вады, нагрэтай да высокай тэмпературы; газападобны стан вады’; пар ’паравое поле’, па́рнасць, па́рына, па́раніна, парно́та, парні́к, па́ранка, паро́нка. Агульнаславянскае: рус. пар, укр. па́ра ’паравое поле, выпарэнне’, царк.-слав. пара ’выпарэнне’, польск. par, para, чэш. pára, славац. para, серб.-харв. па̏ра, славен. pȃra, балг. па́ра. Звязана чаргаваннем з прэць, прэю (гл.) (Траўтман, 231; Младэнаў, 411; Праабражэнскі, 2, 20; Фасмер, 3, 203). Параўн. па́рыць.

Па́ра2 ’два аднолькавыя сіметрычныя прадметы, якія складаюць адно цэлае; дзве асобы, мужчына і жанчына, дзве жывёліны, самец і самка; два прадметы, дзве штукі чаго-небудзь’. Рус., укр. па́ра. Праз польск. para з сяр.-в.-ням. pâr ’пара’ ад лац. pār ’роўны, пара’ (Брукнер, 395; Праабражэнскі, 2, 16; Фасмер, 3, 203). Ст.-бел. пара XVI ст. таго ж паходжання (Булыка, Лекс. запазыч., 154).

Пара́ ’час, перыяд; адпаведны час’. Рус., укр. пора́ ’час, пара, узрост’, польск. pora ’выпадак, пара’, балг. по́раузрост’. Пэўнай этымалогіі няма. Лічаць роднасным ‑пор (гл. напор, упор), якое звязана з пярэць, пру, і набліжаюць да грэч. πορεῖν, аорыст ἔπορον, эпір. πόρον ’даць, прадставіць’, ’вызначыць’ (Младэнаў, 489; Праабражэнскі, 2, 166; Мацэнаўэр, LF, 13, 180 і наст.; Фасмер, 3, 328). Міклашыч (240) указвае яшчэ на рус. дыял. пора́ ’падпорка для стога сена’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пану́ючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад панаваць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які мае ўладу, знаходзіцца на чале ўлады. Пануючыя класы.

3. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які пераважае; найбольш распаўсюджаны. З борта самалёта лёгка панесці на карту не толькі занятыя лесам плошчы, але і вызначыць пануючыя пароды, узрост і якасць лясоў, горы, балоты, высечкі... Гавеман.

4. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які ўзвышаецца над чым‑н. Рота капітана Батурына заняла рубеж якраз насупраць пануючай вышыні. Сіняўскі.

5. Дзеепрысл. незак. ад панаваць (у 1, 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рост ’павелічэнне колькасці, прырост’, ’фігура, вышыня чалавека або жывёлы’, ’росля раслін’ (ТСБМ, Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), роставы ’вегетатыўны’ (Байк. і Некр.). Укр. ріст, рус. рост, польск. wzrost ’рост’, н.-луж. zrost ’вышыня чалавека’, zrostność ’росля’, в.-луж. róst ’рост чалавека’, ’нарасць’, чэш. růst ’рост, развіццё’, vzrůst ’рост, прырост, павелічэнне’, славац. rast, rastenie, vzrastanie ’рост’, vzrast ’фігура’, славен. rȃst ’рост, развіццё; расліннасць’, серб. ра̑ст ’рост, фігура’, харв. rȃst ’тс’, ’развод шлюбу’, макед. раст ’рост, удасканаленне’, растеж ’тс’, балг. ръст ’рост, вышыня’, растѐж ’росля’ (хаця БЕР, 6, 378 балг. ръст адносіць да връстузрост’), ст.-слав. растъ ’рост’. Прасл. *orstъ, якое з і.-е. *ord‑tǒ‑, роднаснае лац. arduus ’высокі’, гальск. ardu̯o‑ ’Ардэны’, ірл. ard ’высокі, вялікі’, алб. rit ’расту’, авест. ərəẟva‑ ’прамы, высокі’ (Фасмер, 3, 505).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыдо́ба ’спрыяльныя прыродныя ўмовы; выгода, раздолле’ (Бяльк., ст.-дар., бярэз., Янк. 1; Сл. ПЗБ, ПСл, ЛА, 5), прыдо́бства ’зручнасць, выгада’ (Ян.), прыдо́бны ’ўрадлівы’ (калінк., Сл. ПЗБ). Прэфіксальнае ўтварэнне ад до́ба з семантыкай ’уласная прырода, уласцівасці (пра чалавека); асяроддзе’ (гл.), што да прасл. *doba ’(зручны) час, перыяд часу, тэрмін, момант; узрост’. У SP (3, 285–286) прапануецца звязваць прыведзеныя вышэй значэнні з *doba, якое ўзыходзіць да і.-е. назоўніка з асновай на ‑r‑ (‑r‑/‑n‑) — *dhabhō(r) > *dabō(r) > Р. скл. адз. л. *dabons > *doby; параўн. асабліва літ. dabar̃ ’цяпер’. З другога боку, існавала аманімічнае першаму *doba, але з асновай на ‑ā, роднаснае літ. dabà ’прырода, натура, характар, звычай’ і лат. daba ’спосаб, уласцівасць, звычай, характар’. Прыняўшы гэтае меркаванне і маючы цяпер ў падмурку поўны слоўнікавы матэрыял і асабліва семантыку ўтварэнняў з прэфіксам пры‑ (сюды ж укр. придо́ба ’добрыя ўмовы жыцця; зручнасць; зручнае для чаго-небудзь месца’), можна ўпэўнена рэканструяваць у прасл. *doba сінанімічныя дыялектныя значэнні ’прырода, (добрыя, спрыяльныя) прыродныя ўмовы; прырода, уласцівасці (чалавека)’, параўн. тут яшчэ крыху аддаленыя серб.-харв. прѝдобница ’цяжарная’, в.-луж. doba ’запас, наяўнасць’. Гл. таксама ЕСУМ, 2, 96–97; Анікін, Этимология, 214–215.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

устанаві́ць, ‑наўлю, ‑новіш, ‑новіць; зак., што.

1. Паставіць, змясціць што‑н., падрыхтаваўшы для выкарыстання. Устанавіць матор. Устанавіць тэлефон. □ Дзед тут жа ўстанавіў новы вулей, паднёс да яго дачок з роем і сказаў да Міхалкі: — Давай, ты злавіў яго, ты яго сам і перасаджвай. Якімовіч. Цёмнай ноччу.. [Тарас] дапамог партызанам пракрасціся да.. складаў і ўстанавіць міны. Краўчанка.

2. Дабіцца ажыццяўлення чаго‑н. Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя, якая ўпершыню ў гісторыі ўстанавіла ўладу рабочага класа ў саюзе з працоўным сялянствам, адкрыла чалавецтву шлях да сацыялізма. «Звязда».

3. Ажыццявіць, арганізаваць, наладзіць. Устанавіць дзяжурства. Устанавіць кантроль.

4. і з дадан. сказам. Выявіць, вызначыць, высветліць. [Галкоўскі:] — Аказваецца, калі мяне вадзілі, ужо з турмы, на медыцынскую камісію ў раённую бальніцу, каб устанавіць там мой узрост, то там мне далі на вока шаснаццаць гадоў, нават трохі больш. Чыгрынаў. Партызанская разведка ўстанавіла, што грэбля ўзмоцнена ахоўваецца гітлераўцамі. Шчарбатаў. Па чаргаванню гукаў дзед Талаш устанавіў, што.. ішоў чалавек. Колас. // Давесці, адкрыць. Устанавіць залежнасць велічынь. Устанавіць ісціну.

5. Увесці ў дзеянне, узаконіць. Устанавіць цэны. Устанавіць васьмігадзінны рабочы дзень. // Дасягнуць высокіх вынікаў. У суме дзесяці відаў праграмы юнак устанавіў новы рэкорд рэспублікі. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

год, -а, М -дзе, мн. гады́, гадо́ў, м.

1. Прамежак часу, за які Зямля робіць адзін абарот вакол Сонца.

Мінула два гады.

Засушлівы г.

Чатыры пары года: зіма, вясна, лета, восень.

2. Адрэзак часу, які ўключае ў сябе 12 каляндарных месяцаў.

Новы г. (наступаючы год, а таксама дзень 1 студзеня). Два гады ад нараджэння.

Г. ад году (з кожным годам). Круглы г.

Гадамі не сустракаемся.

3. Прамежак часу, у які праводзіцца цыкл якіх-н. работ, заняткаў.

Навучальны г.

Фінансавы г.

4. мн. Доўгі перыяд, у які нешта адбываецца, якому што-н. уласціва.

Пасляваенныя гады.

Гады маладосці.

5. мн. У спалучэнні з парадк. ліч.: адрэзак часу ў межах дзесяцігоддзя.

Васьмідзясятыя гады дваццатага стагоддзя.

6. мн. Узрост.

Ён ужо ў гадах (пажылы, стары). Не тыя гады.

Не па гадах.

7. Прамежак часу, на працягу якога адбываецца абарот якой-н. планеты вакол Сонца.

Г.

Марса.

Высакосны год — кожны чацвёрты год, які мае ў лютым не 28, а 29 дзён.

Светлавы год — адзінка адлегласці, роўная шляху, які праходзіць прамень святла за адзін трапічны год.

Трапічны год — прамежак часу, за які Сонца завяршае адзін цыкл змен пор года (напр.: ад аднаго вясенняга раўнадзенства да наступнага і пад.).

Гады ў рады (разм.) — вельмі рэдка (сустракацца, бачыцца).

З году ў год (разм.) — пастаянна, на працягу некалькіх гадоў.

|| ласк. го́дзік, -а, мн. -і, -аў, м. (да 2 знач.) і гадо́к, -дка́, мн. -дкі́, -дко́ў, м. (да 2 знач.).

|| прым. гадавы́, -а́я, -о́е (да 1—3 знач.).

Гадавая справаздача.

Г. план.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ро́к1 ру͡ок, рык, рік ’год’ (Нас., Мал., Бес., Сцяшк., Сцяц., Нар. Гом., Байк. і Некр., Скарбы, Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.), ’тэрмін’ (Стан.) ’тэрмін пасяджэння земскага суда’ (Гарб.). Укр. рік, рус. дыял. рок ’тс’, рус. разан. ’непазбежнае няшчасце, лёс, доля’, стараж.-рус. рокъ ’тэрмін, год, узрост; правіла; лёс’; польск., н.-луж., чэш., славац. rok ’год’, славен. rȍk ’тэрмін’, ’прадвесце’, серб. ро̂к, харв. rȏk, rȍk, ст.-слав. рокъ ’устаноўлены, дамоўлены тэрмін’. Прасл. rokъ ’дамоўлены час, тэрмін’, утворанае ад *rekti ’сказаць’ (гл. рэкнуць), першапачаткова азначала ’нешта дамоўленае’, напрыклад, чэш. валаш. byl na istém roku ’быў, каб пачуць дакладны тэрмін вяселля’, альбо дамоўленасць у прававых адносінах, якая, як правіла, вызначалася тэрмінам на 12 месяцаў — такім парадкам слова *rokъ атрымала значэнне ’год’, параўн. ст.-бел. рокъ замероный ’вызначаны тэрмін для разгляду справы ў судзе’ (Статут 1529 г.), рокъ завитый ’канчатковы тэрмін яўкі ў суд’ (Ст.-бел. лексікон), роки статутовые ’тэрмін грашовай выплаты ад выйгранага працэсу’, роки судовые ’тэрмін судаводства земскага суда’ (Гарб.), зложыць рокъ ’вызначыць тэрмін’ (Стан.). Таму неабавязкова выходзіць з меркавання аб запазычанні ст.-бел. рокъ з польск. rok (гл. Булыка, Лекс. запазыч., 186). Гл. таксама рочкі1. Прасл. *rokъ генетычна звязваецца з ст.-інд. racanam ’распарадак’, гоц. ragin ’думка’, ’розум’, rahnjan ’разлічваць’, тахар. A rake, тахар. B reki ’слова’, алб. rok ’тэрмін’, ’рашэнне’ (Міклашыч, 247; Фрэнкель, 693; Фасмер, 3, 497; Махэк₂, 515; Бязлай, 3, 193; Сной₂, 628; БЕР, 6, 312; ESJSt, 13, 761).

Рок2 ’поліўка з цёртага канаплянага семя’, ’расол’ (бярэз., в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’лёк, селядзечы расол’ (гарад., ЛА, 4). Уграфінізм. Параўн. фін., карэльск. rokka ’гарохавы суп, поліўка’, эст. rokk ’зацірка’, комі rok ’каша’. Адсюль і рус. пячорск. рок ’поліўка з крупамі’, арханг. рокка ’поліўка з жытняй мукі з рыбай’ (Фасмер, 3, 497).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́та, ле́то, ліэ́то, лі́то ’самая цёплая пара года’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Сцяшк., Яруш., ТС; драг., стол., Нар. лекс., Сл. паўн.-зах.), лі́та (мн. л.) ’слаі ў драўніне, паводле якіх вызначаюць узрост дрэва’ (Клім.; бяроз., Шатал.), ’год’ (Касп., Яруш.), лета ў лета ’круглы год’ (ТСБМ), на ле́та ’на будучы год’ (Яруш., Бяльк.), лета ле́цкае ’на працягу ўсяго лета’ (Ян.), ліэто, літо ’цыкл летніх абрадавых песень’ (Бес., Клім.), драг. літа́ (мн. лік) у выразе: выхо́дытэ з літ ’перыяд заканчэння клімаксу ў жанчын’ (І. Лучыц-Федарэц), памянш. летка, летко, ле́цечка (Кл., Шат., Яруш., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах., КЭС, лаг.), ле́тны, летні, літный, ле́тненькі (ле́тнянькі, летні́нькі) ’летні’, ’цёплы, цеплаваты, ледзь цёплы, трохі падагрэты’ (Сцяшк., Бяльк., Шат., ТСБМ, Касп., Сл. паўн.-зах.; нясв., Жд. 2, Др.-Падб., Гарэц., Юрч.), лудз. ’яравы’ (Сл. паўн.-зах.), слуц. ле́ткі ’тс’ (Нар. словатв.), летавы ’летні’ (Федар. Дад.), ваўк. летні ’стары’ (БНТ, Лег. і пад.), ст.-бел. лѣтный, лѣтний ’які адбываецца летам, які прызначаны для выкарыстання летам’, ’аднагадовы, адналетні’, ’немалады’ (Булахаў, Гіст., 113). Укр. літо, рус. лето, польск. lato, палаб. lʼotü в.-луж. lěćo, н.-луж. і в.-луж. lěto, чэш. léto, славац. leto, славен. lę́to, серб. ле̏то, харв. ljȅto, макед. лето, lʼatu, балг. лято, ст.-слав. лѣто ’самая цёплая пара года’ > ’год (= час ад лета да лета)’, прасл. lěto. Найбольш пераканаўчай са шматлікіх версій пра паходжанне лексемы можна лічыць этымалогію Ваяна (BSL, 64 (2), 124–126), які супастаўляе прасл. lěto з літ. lė̃tas ’павольны, ціхі, спакойны, лагодны’, лат. lę̄ts ’лёгкі’, лац. lēnis ’лагодны, памяркоўны’ і адносіць іх да і.-е. *lē‑ ’паслабіць, зрабіць больш лёгкім’. Махэк₂ (328) супастаўляе слав. lěto з лац. laetus, якое першапачаткова мела значэнне ’добры, прыемны, уцешлівы’, ’які добра выглядае’. Мартынаў (Балто-слав.-итал. изол., 21–22) адносіць прасл. lěto (vermę) да італ. інфільтратаў, супастаўляючы яго з лац. laetus ’багаты, плённы, квітнеючы, радасны, спрыяльны, прыемны, бліскучы, шыкоўны, тлусты’. Такім чынам, прасл. lěto (з суф. ‑to, як žito) азначала ’час, перыяд, калі палягчэла з холадам, калі ўсё цвіце, калі чалавеку прыемна, радасна, калі ўсяго ў дастатку’. Іншыя версіі гл. Слаўскі, 4, 70–71; Фасмер, 2, 488–489; Скок, 2, 336–337; Бязлай, 2, 137.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

год, ‑а, М ‑дзе; мн. гады, ‑оў і год; м.

1. Прамежак часу з 1 студзеня, за які Зямля робіць адзін паварот вакол Сонца (уключае ў сябе 365 ці 366 сутак, або 12 каляндарных месяцаў). Адыходзілі вёсны і зімы, І гады за гадамі плылі. Колас.

2. Адрэзак часу ў 12 месяцаў, які адлічваецца з якога‑н. дня. Аб усім утрая Клапаціцца гатоў, Быццам думаю я Жыць яшчэ сто гадоў. Гілевіч.

3. толькі мн. Ужываецца ў спалучэнні з парадкавым лічэбнікам для абазначэння дзесяцігоддзя. Саракавыя гады дваццатага стагоддзя. Камсамольцы дваццатых гадоў.

4. толькі мн. Адрэзак часу ў некалькі год. Пасляваенныя гады. Гады росквіту культуры і народнай гаспадаркі.

5. толькі мн. Узрост; перыяд, пара ў жыцці чалавека. Спадарожны Пятра быў Захар Палянскі, чалавек сярэдніх гадоў, досыць заможны гаспадар. Колас.

6. Адрэзак часу, на працягу якога планета робіць абарот вакол Сонца. Год Марса.

•••

Высакосны год — кожны чацвёрты год, які мае ў лютым не 28, а 29 дзён.

Зорны год — прамежак часу, за які Сонца робіць свой бачны шлях па нябеснай сферы адносна зорак.

Навучальны год — час вучэбных заняткаў ад канца адных і да пачатку наступных летніх канікул.

Новы год — дзень 1 студзеня.

Светлавы год — адзінка адлегласці, роўная шляху, які праходзіць прамень святла за трапічны год.

Трапічны год — прамежак часу паміж двума праходжаннямі Сонца цераз пункт веснавога раўнадзенства.

Адны гады; у адных гадах — аднолькавы ўзрост; аднагодкі, равеснікі.

Без году тыдзень гл. тыдзень.

Гады падышлі — настаў ўзрост, калі патрэбна зрабіць што‑н.

Гады ў рады — вельмі рэдка (бываць дзе‑н., сустракаць з кім‑н. і інш.).

Год ад году — з кожным годам.

З году ў год — пастаянна, на працягу некалькіх гадоў.

З малых гадоў (год) — з дзяцінства.

На схіле гадоў (год) гл. схіл.

Не па гадах — неадпаведна ўзросту, не падыходзіць па ўзросту.

Па маладосці гадоў гл. маладосць.

У гадах — пажылога ўзросту.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даць, дам, дасі́, дасць; дадзі́м, дасце́, даду́ць; даў, дала́, дало́; дай; да́дзены; зак.

1. каго-што каму. Уручыць, перадаць з рук у рукі непасрэдна.

Д. кнігу.

Д. грошы на дарогу.

2. Паведаміць, перадаць.

Д. свой адрас.

3. Заплаціць якую-н. суму.

Колькі дасі за боты?

4. што або з інф., каму. Аддаць у карыстанне, забяспечыць чым-н.

Д. кватэру.

Д. работу.

Д. дарогу.

Д. магчымасць што-н. зрабіць.

5. што каму. Прынесці як вынік чаго-н.

Зямля дала багаты ўраджай.

6. што каму і без дап. Арганізаваць для каго-н. якое-н. мерапрыемства.

Д. абед.

Д. канцэрт у гонар госця.

7. што каму-чаму. Вызначыць узрост.

На выгляд яму не дасі і сарака гадоў.

8. што. З назоўнікам утварае спалучэнне са знач. таго ці іншага дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка.

Д. асечку.

Д. званок.

Д. асадак.

Д. абяцанне.

Д. паказанне.

Д. згоду.

9. што. Асудзіць, прыгаварыць да зняволення (разм.).

Д. спагнанне.

Спірыду за хуліганства далі год.

10. Нанесці ўдар (разм.).

Д. поўху.

Д. у зубы.

11. у знач. часц. дай. Абазначае спробу зрабіць што-н. або подступ да дзеяння (разм.).

Дай, думаю, сяду, адпачну.

Даць аб сабе знаць — прыслаць аб сабе вестку; абазвацца.

Дай бог ногі (разм.) — пра жаданне хутчэй уцячы адкуль-н.

Дай бог чутае бачыць (разм.) — пажаданне здзейсніць абяцанне.

Даць волю рукам — біць каго-н., біцца.

Даць галаву на адсячэнне — паручыцца сваім жыццём.

Даць дразда (разм.) — вызначыцца ў працы, танцах, гульні.

Даць драла (дзёру, драпака, лататы) (разм.) — пусціцца наўцёкі.

Даць дуба (разм.) — памерці.

Даць дулю (разм.) — нічога не даць.

Даць дыхту (разм.) — сурова расправіцца.

Даць зразумець — намякнуўшы, даць магчымасць здагадацца.

Даць кругу (разм.) — прайсці ці праехаць лішнюю адлегласць абходнай дарогай.

Даць па руках — пакараць; рашуча папярэдзіць.

Даць пачатак — з’явіцца крыніцай чаго-н., адпраўным пунктам.

Даць пытлю (разм.) — адлупцаваць каго-н.

Даць слова

1) дазволіць выступіць на сходзе;

2) цвёрда паабяцаць.

Даць у лапу (разм.) — падкупіць каго-н. хабарам.

Даць цягу (разм.) — уцячы.

Не даць (сябе) у крыўду — заступіцца, абараніць.

Не даць ходу — затрымаць што-н.

|| незак. дава́ць, даю́, дае́ш, дае́; даём, даяце́, даю́ць.

|| наз. да́ча, -ы (да 8 знач.).

Д. паказанняў.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)