Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ПА СТАТЫСТЫ́ЧНАЯ,
сукупнасць аднародных у якіх-небудзь адносінах адзінак, вылучаных на падставе адной або некалькіх прыкмет групавання з мэтай далейшага аналізу. Напр., група людзей, сфарміраваная на аснове адной (узрост) або некалькіх (узрост, пол, адукацыя) прыкмет. Прыкметы групавання могуць быць колькасныя (напр., узровень даходаў) і якасныя (выражаны ў выглядзе паняццяў, напр., прафесія). Спосабы групавання бываюць простыя (па адной прыкмеце), камбінаваныя (па 2 і болей спалучаных прыкмет), структурныя (выяўляюць структуру аднароднай сукупнасці, напр., насельніцтва), тыпалагічныя (вылучаюць у сукупнасці аднаякасныя тыпы, напр., тыпы сям’і).
А.У.Рубанаў.
т. 5, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХЕНАІНДЫКА́ЦЫЯ (ад грэч. leichēn лішай, лішайнік + лац. indico указваю, вызначаю),
метад ацэнкі забруджанасці навакольнага асяроддзя з выкарыстаннем лішайнікаў як найб. адчувальных індыкатарных раслін. Адрозніваюць колькасную (з дапамогай матэм. індэксаў), якасную (параўнанне пашырэння відаў з паказчыкамі забруджанасці) і ўскосную (па стане жыццядзейнасці) індыкацыю. Па паказчыках Л. выяўляецца: стан прыродных і культурных ландшафтаў, узрост і захаванасць першаснага лесу, кіслотнасць глеб, сан.-гігіенічны стан паветра населеных пунктаў і прамысл. цэнтраў, узрост валуноў і стараж. збудаванняў, геал. ўмовы мясцовасці і інш. На Беларусі Л. выкарыстоўваецца пры даследаванні забруджанасці атмасферы двухвокісам серы, экалагічнай экспертызе населеных пунктаў, ланд шафтна-экалагічных даследаваннях раслінных комплексаў.
Літ.:
Горбач Н.В. Об индикационной роли лишайников в лесных сообществах // Геоботанические исследования. Мн., 1966;
Биоиндикация и биомониторинг. М., 1991.
У.У.Галубкоў.
т. 9, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМІЁТЫКА ў медыцыне,
вучэнне аб прыкметах (сімптомах) хвароб і паталаг. стане здароўя чалавека; састаўная частка дыягностыкі. Адрозніваюць С. агульную і асобную. Прадмет агульнай — прыкметы, якія адносяць да агульнай характарыстыкі хворага (пол, узрост, целасклад, спадчыннасць і інш.); асобнай — сімптомы канкрэтных захворванняў, механізмы іх узнікнення, развіцця і інш.
т. 14, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РНЫЯ СКО́ПІШЧЫ,
сукупнасці (групы) зорак, якія маюць агульнае паходжанне і звязаны паміж сабой сіламі ўзаемнага прыцягнення. Для сфарміраваных З.с. характэрна наяўнасць цэнтр. згушчэння (ядра), абкружанага менш шчыльнай каранальнай вобласцю. У залежнасці ад знешняга выгляду, памераў, узросту і хім. складу адрозніваюць рассеяныя і шаравыя З.с.
Рассеяныя З.с. (напр., Гіяды, Плеяды) у Галактыцы канцэнтруюцца ў плоскасці сіметрыі Млечнага Шляху і маюць найб. скорасці адносна Сонца; узрост да 1 млрд. гадоў. Пры назіранні ў слабы тэлескоп раздзяляюцца на асобныя зоркі. Шаравыя З.с. (напр., скопішча M3 у сузор’і Гончых Псоў, M13 у сузор’і Геркулеса) маюць вял. колькасць кампактна размешчаных зорак у выглядзе сферычнай або эліптычнай сістэмы; з цяжкасцю раздзяляюцца на асобныя зоркі нават у моцных тэлескопах. Утвараюць у Галактыцы сферычную падсістэму і канцэнтруюцца ў яе цэнтры; маюць узрост ад 5 да 15 млрд. гадоў. Наяўнасць пераменных зорак (напр., тыпу RR Ліры) дазваляе вызначаць адлегласці да скопішчаў.
А.А.Шымбалёў.
т. 7, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІХТЫО́РНІСЫ (Ichthyornithes),
надатрад вымерлых веерахвостых птушак. 2 роды, 9 відаў. Падобныя на сучасных олушавых. Вядомы з верхнемелавых адкладаў у ЗША і Узбекістане. Жылі на марскіх узбярэжжах.
Памеры з сучасных галубоў. Галава вялікая, крылы развітыя, грудзіна з кілем, ногі маленькія, пазванкі амфіцэльныя (дваякаўвагнутыя). Зубы дробныя, вострыя, загіналіся назад, ніжнія сківіцы не зрасталіся. Добра лёталі, карміліся рыбай. Па рэштках І. вызначаюць узрост геал. адкладаў.
П.Ф.Каліноўскі.
т. 7, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЁВАШЧЫТКО́ВЫЯ (Osteostraci),
падклас касцёвапанцырных вымерлых рыбападобных жывёл. Жылі ў познім сілуры — познім дэвоне ў марскіх і прэсных водах. Вялі прыдонны спосаб жыцця. На Беларусі рэшткі К. выяўлены ў тэрыгенна-карбанатных адкладах ніжняга і сярэдняга дэвону (Брэсцкая і Аршанская ўпадзіны). Продкі сучасных кругларотых.
Мелі сплюшчанае цела з укрытымі суцэльным панцырам галавой і пярэдняй ч. тулава. Унутр. шкілет неакасцянелы. Па рэштках К. вызначаюць узрост геал. адкладаў.
т. 8, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАСТО́ЙНЫЯ ЛЯСЫ́,
узроставая група, якая перайшла стан спеласці лясоў. Характарызуецца слабым ростам дрэў верхняга яруса, невял. прыростам масы драўніны. У Пл. часцей распаўсюджваюцца хваробы, узнікаюць бураломы. Узрост, у якім лес адносяць да Пл., залежыць ад пароды дрэў і знешніх умоў. На Беларусі перастойнымі лясамі лічацца дубовыя, кляновыя, ясянёвыя — са 140 гадоў, хваёвыя і яловыя — са 120, бярозавыя — з 80, асінавыя, альховыя — з 60 гадоў.
т. 12, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕЯ́ДЫ (грэч. Pleiades),
Стажары, рассеянае зорнае скопішча ў сузор’і Цяльца. Каля 300—500 зорак блакітнага колеру знаходзяцца ўнутры сферы дыяметрам каля 30 св. гадоў; простым вокам відаць 6 зорак, самая яркая — Альцыёна. Зоркі знаходзяцца ў блакітнаватай газава-пылавой адбівальнай туманнасці, у якой яны ўтварыліся (узрост П. каля 50 млн. гадоў). На небе П. маюць вуглавы памер каля 1,8°. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 407 св. гадоў.
А.А.Шымбалёў.
т. 12, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЭРЫ́Т (ад лац. later цэгла),
шчыльная гліністая ці порыстая, шлакападобная камяністая горная парода чырвонага колеру, складзеная з гідраксідаў алюмінію і жалеза з прымессю мінералаў тытану. Утвараецца ва ўмовах вільготнага трапічнага і субтрапічнага клімату ў выніку выветрывання алюмасілікатных горных парод. Магутнасць Л. ад некалькіх да 50 м, узрост — ад юрскага да сучаснага. З Л. звязаны радовішчы жал. руд, нікелю, хрому, кобальту, баксітаў, золата і інш. У глебазнаўстве Л. наз. жалезістыя гарызонты інфільтрацыйнага паходжання, якія ўваходзяць у склад латэрытных глеб.
т. 9, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)