ІХТЫО́РНІСЫ (Ichthyornithes),

надатрад вымерлых веерахвостых птушак. 2 роды, 9 відаў. Падобныя на сучасных олушавых. Вядомы з верхнемелавых адкладаў у ЗША і Узбекістане. Жылі на марскіх узбярэжжах.

Памеры з сучасных галубоў. Галава вялікая, крылы развітыя, грудзіна з кілем, ногі маленькія, пазванкі амфіцэльныя (дваякаўвагнутыя). Зубы дробныя, вострыя, загіналіся назад, ніжнія сківіцы не зрасталіся. Добра лёталі, карміліся рыбай. Па рэштках І. вызначаюць узрост геал. адкладаў.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 7, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)