Прыдо́ба ’спрыяльныя прыродныя ўмовы; выгода, раздолле’ (Бяльк., ст.-дар., бярэз., Янк. 1; Сл. ПЗБ, ПСл, ЛА, 5), прыдо́бства ’зручнасць, выгада’ (Ян.), прыдо́бны ’ўрадлівы’ (калінк., Сл. ПЗБ). Прэфіксальнае ўтварэнне ад до́ба з семантыкай ’уласная прырода, уласцівасці (пра чалавека); асяроддзе’ (гл.), што да прасл. *doba ’(зручны) час, перыяд часу, тэрмін, момант; узрост’. У SP (3, 285–286) прапануецца звязваць прыведзеныя вышэй значэнні з *doba, якое ўзыходзіць да і.-е. назоўніка з асновай на ‑r‑ (‑r‑/‑n‑) — *dhabhō(r) > *dabō(r) > Р. скл. адз. л. *dabons > *doby; параўн. асабліва літ. dabar̃ ’цяпер’. З другога боку, існавала аманімічнае першаму *doba, але з асновай на ‑ā, роднаснае літ. dabà ’прырода, натура, характар, звычай’ і лат. daba ’спосаб, уласцівасць, звычай, характар’. Прыняўшы гэтае меркаванне і маючы цяпер ў падмурку поўны слоўнікавы матэрыял і асабліва семантыку ўтварэнняў з прэфіксам пры‑ (сюды ж укр. придо́ба ’добрыя ўмовы жыцця; зручнасць; зручнае для чаго-небудзь месца’), можна ўпэўнена рэканструяваць у прасл. *doba сінанімічныя дыялектныя значэнні ’прырода, (добрыя, спрыяльныя) прыродныя ўмовы; прырода, уласцівасці (чалавека)’, параўн. тут яшчэ крыху аддаленыя серб.-харв. прѝдобница ’цяжарная’, в.-луж. doba ’запас, наяўнасць’. Гл. таксама ЕСУМ, 2, 96–97; Анікін, Этимология, 214–215.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)