Крутарэ́лі ’кружалы (калаўрот)’ (Бяльк.). Робіцца так: убіваецца кол ў лёд на лузе ці возеры, замарожваецца, на яго насаджваецца кола, да кола прымацоўваецца жэрдка, да яе канца прывязваюцца санкі. Параўн. круцёлка1 (гл.). Кантамінаваная або складаная лексема *крута‑арэлі. Параўн. круціць (гл.) і арэлі (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліса́1 ’маленькія санкі, падсанкі’ (Бяльк.), пін. ’насціл з дошак на санях’ (Нар. лекс.). Да ліс (гл.). Узнікла ў выніку пераносу значэння. Параўн. сучкі ’тс’ (гл. Лабко, Бел.-польск. ізал., 73–75).

Ліса2 ’самаробныя драбіны з сукаватай верхавіны’ (КЭС, лаг.). Да леса́ < лес (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

су́чка 1, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш. да сука; тое, што і сука. Ля ног рыбака сядзіць калматая, чорная сучка Мурза. Бядуля.

•••

З-пад сучкі яйцо ўкрасці гл. украсці.

су́чка 2, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Малыя санкі, якія ўжываюцца як дапаможныя пры перавозцы бярвёнаў; падсанкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кры́нджалы ’сані, прызначаныя для перавозкі бярвення’ (Япк., Мат., Мат. Гом., Ян., ТС), ’прывалы, прылада для калее, каб вазіць бярвенні’ (Бяльк.), ’козлы з трох кійкоў’ (ТС). Укр. кринджоласанкі’, рус. кринджолы ’тс’, польск. grynd‑ żoły ’нізкія сані для саломы’. Лічыцца балтызмам. Параўн. літ. gri̯žulas, gri̯zulge, grezalas ’дышаль’. Гіпотэза аб запазычанні з польск. grządzil, grądziel ’дышаль сахі’ (Фасмер, 2, 377) неверагодная, бо ў гэтым выпадку мы б чакалі дыфтонг ‑оп‑, а не ‑in‑, ‑уп‑ (Лаўчутэ, Балтизмы, 11).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Са́ні ’зімовая павозка на палазах’, са́нкі ’памяншальнае да сані’ (Касп., Сцяшк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Шушк.), ’сківіцы; ніжняя сківіца’ (Бяльк., Гарэц.; арш., докш., КЭС; Шатал., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Гом.), санькісанкі’ (Янк. 1), sanka ’часць плуга, па якой ён сунецца па зямлі’ (Тарн.), са́ннік ’майстар рабіць сані’ (Янк. 3., Гарб.), санны́к ’колькасць сена або саломы, што змяшчаецца на санках’ (Сл. Брэс., Клім.). Укр. са́ни ’сані’, са́нка ’полаз’, рус. са́ни, ст.-рус. сани, ст.-рус., ц.-слав. сань ’змяя’, польск. sanie, sanki ’сані’, sannice ’палазы’, в.-луж. sanje, н.-луж. sáne ’сани’, чэш. sáně ’сані; сківіцы, скула’, saň ’дракон, змей’, славац. sane ’сані’, серб.-харв. са̏они, славен. sanȋ, балг. са́нка ’сані’. Слова не вельмі яснага паходжання. Запазычанне з фін. cionne ’від саамскіх саней’ (Каліма, RS, 6, 82 і інш.) або набліжэнне да тат. čana ’сані’, казах. šana, манг. čana, бурац. sanaсанкі, лыжы’ (Радлаў, 4, 286; Рамстед — гл. Фасмер, 3, 556–557) адвяргаецца шэрагам аўтараў, якія схіляюцца да славянскага паходжання слова, гл. Фасмер, там жа з літ-рай. Звярталася ўвага на паралелізм значэнняў ’сані, санны полаз’, ’змяя’ у слова сані і полаз ’санны полаз, змяя’. Узнаўляецца прасл. *sanь (Шустар-Шэўц, 2, 1269) або *sani (Махэк₂, 537; Сной₁, 554). Агульнай назвы для саней у індаеўрапейскай мове няма. Найбольш пераканаўчым лічыцца параўнанне з літ. šónas ’старана’, лат. sãns ’тс’, першапачаткова ’рабро’. Сувязь з грэч. σανίς ’паля; бэлька, тоўстая дошка’ лічыцца сумніцельнай. Гл. Зубаты, AfslPh, 16, 416 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 804 і наст.; Траўтман, 298. Абаеў, 1, 398 параўноўвае слав. словы з асец. з̌опуд̌/сопӕд̌ ’сані; сківіца’. Гл. яшчэ БЕР, 6, 476–478; Борысь, 538.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паз’язджа́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

1. З’ехаць, спусціцца адкуль‑н. — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Лыжнікі паз’язджалі з гары. Санкі паз’язджалі з узгорка.

2. Едучы, павярнуць куды‑н. — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Коннікі паз’язджалі на лясную дарогу. Машыны паз’язджалі ўбок.

3. Выехаць адкуль‑н. — пра ўсіх, многіх. Моладзь паз’язджала з вёскі ў горад.

4. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Ссунуцца, збіцца — пра ўсё, многае. Выгляд.. [жанчын] быў далёка не кірмашовы: з галоў паз’язджалі хусткі, валасы раскалмаціліся... Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гуля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Тое, што і гульня (у 1 знач.). У гулянках пралятала маё дзіцячае жыццё. Багдановіч. І стаяць, сумуюць санкі, Не знайсці хлапцам гулянкі, Бо не выпаў снег. Кірэенка.

2. Разм. Вечарынка з песнямі, танцамі, гульнямі. Эх, чаму я не скрыпач, не Янка, Што заўсёды Зою праважае, Што заўсёды ў клубе, на гулянках Песні ёй лірычныя іграе. Танк. Пад канец гулянкі шкло зачэрнівалася ад сажы, танцы спыняліся і ўсе разыходзіліся па хатах. Пальчэўскі.

3. Разм. Вясёлае гулянне з частаваннем. Сынок нарадзіўся — гулянка была. Мыслівец. Гулянкі ж высокіх гасцей і стэнаграмы іх тостаў Андрэя Міхайлавіча ні ў якой меры не цікавілі. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак.

1. Кіраваць рулём. Шашу дагнаў на веласіпедзе Міхайла Прымак, ён спрытна руляваў адной рукой. Шамякін. // Кіраваць рухам чаго‑н. (лодкі, санак і пад.). Надзя рулявала ўпершыню, і лодка, вядома, больш слухалася маіх двух вёслаў, чым яе аднаго. Кірэенка. Я рулюю нагамі, выкіроўваю санкі на лёд. Жычка. // Разм. Ехаць па чым‑н., кіруючы рулём. [Сяргей Сяргеевіч:] — У Змітрака ўжо была ў той час свая машына, дык ён, як толькі вернецца, бывала, з работы, пасадзіць дачку і жонку і рулюе куды-небудзь за горад — у лес або на раку. Ляўданскі.

2. Спец. Каціцца па зямлі (пра самалёт).

3. Спец. Весці самалёт па зямлі (пра лётчыка).

[Ад фр. rouler — каціць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укла́сціся, укладуся, укладзешся, укладзецца; укладзёмся, укладзяцеся, укладуцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Умясціцца куды‑н. Усе рэчы ўклаліся ў чамадан. □ На нашы санкі ўклалася [елка] Зялёная, купчастая. Астрэйка. // перан. Падысці пад якую‑н. катэгорыю, класіфікацыю, разрад. Укласціся ў інструкцыю.

2. перан. Зрабіць, выканаць што‑н. у пэўны тэрмін, не выйсці за межы чаго‑н. вызначанага. Укласціся ў рэгламент. Укласціся ў каштарыс. Укласціся ў адпушчаныя сродкі. □ [Крэмез:] — Укладзёмся [з мантажом станка] да трыццатага. От пабачыш!.. Хлопцы ў мяне цяпер, як шалёных, працуюць. Шынклер.

3. Разм. Легчы спаць; улегчыся. Салдаты акапаліся, заслалі акопы травой і ўклаліся спаць. Хомчанка. Недзе ў бальнічных прысадах плакалі кнігаўкі, не ўклаліся яшчэ на ноч. Пташнікаў.

•••

Укласціся ў галаве (у свядомасці) — стаць зразумелым, трывала засвоіцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Су́чка1 ’самка сабакі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Нас., Касп., Бяльк., Варл., ТС, Сцяшк.), ’лаянкавае слова на жанчыну (што ілжэ або распускае плёткі)’ (Нас., Сл. ПЗБ). Памянш. да сука1, гл.

Су́чка2 ’малыя санкі, якія ўжываюцца як дапаможныя пры перавозцы бярвенняў; падсанкі’ (ТСБМ, Сцяшк., Сцяц. Сл., Маслен., Арх. Вяр.; лях., Янк. Мат.), су́чка, су́чкі ’тс’ (беласт., дзятл., барыс., Сл. ПЗБ; ЛА, 2), ’лаўка, зэдлік’ (Касп.), су́чка ’задняя частка ў санях’ (Арх. Вяр.). Да семантыкі параўн. каза2 ’тс’ (гл.). Польск. дыял. suka, suczka ’заднія санкі’, suki ’сані на двух парах палазоў’. Пэўнай версіі няма. Сцяцко (Афікс. наз., 169) лічыў, што слова ўзыходзіць да сучка1 (“…яны заўсёды прывязваліся да саней і беглі за імі”). Лабко (Бел.-польск. ізал., 73–75) дапускае калькаванне ням. Hund ’сабака’ і ’ваганетка ў шахце’ ці народнаэтымалагічнае асэнсаванне ням. Zug (гл. цуг), якое мае таксама шэраг тэрміналагічных значэнняў, блізкіх да разглядаемых. Меркаванні пра ролю чэшскай мовы ў фармальнай і семантычнай адаптацыі ням. Zug гл. Комаркава, Studia Etym. Brun. 6, 372–373. Гл. наступнае слова.

Сучка3 ’дошчачка з дзірачкамі для накручвання навоя ў кроснах’ (Бяльк., Уладз.), ’кій або клін для ўтрымання задняга або пярэдняга навоя’ (пін., Клім., ЛА, 4; Уладз.), ’планка, што круціць кола ў калаўроце’ (Варл.), ’понаж у калаўроце’ (Бяльк.), ’дэталь у калаўроце’ (мёрск., Ск. нар. мовы), ’верхняя частка калаўрота, дзе наматваецца шпулька’ (Сцяшк. Сл.), ’лапатачка, якая накладаецца на вось у калоўроце, а другім канцом прымацавана да падножкі’: сучка кола рухае ў калаўротку (лід., паст., пух., лудз., Сл. ПЗБ; рас., свісл., кам., Шатал.), су́чачка ’дэталь у калаўроце’ (паст., Сл. ПЗБ), ’калодачка для млёна ў верхнім камені жорнаў’ (паст., ЛА, 4). Параўн. укр. су́чка ’дэталь ткацкага стану’, польск. ’планка ў калаўроце, што злучае кольбу з падножкай’, ’шнурок у калаўроце’, ’рычажок, што злучае кола калаўрота з падножкай’ (Фалінская, Sl. tkac., 1, 292), ’драўляны клінок, што заходзіць у зубцы навоя і стрымлівае яго рух’ (Варш. сл.). Няясна; аднак агульнае значэнне ’злучаць, звязваць, скручваць’ схіляе да думкі пра паходжанне большасці з названых дэталяў ад сучы́ць, сука́ць (гл.), параўн. су́чка ’суканне’ (Нас.), асабліва су́чка ’палка з вяровачнай пятлёй, пры дапамозе якой скручвалі, “вілі”, клібу’ (Інстр. II), сучо́к ’вузлік’, укр. сучо́к ’ручка сукала’. Да такой жа думкі прыходзіць Лабко (Бел.-польск. ізал., 75), прыводзячы ў якасці зыходных для польскіх слоў дыялектны дзеяслоў sucić, варыянты sucyć, suczyć ’падыходзіць, належаць, прылягаць’, што звязваецца з сука́цца ’прыставаць, вязацца’ (гл.). Сувязь з сучка2 спрыяла замацаванню значэння ’стрымліваць, затрымліваць’, у тым ліку ў польск. suka, suczka ’дэталь у жорнах’, ’частка ткацкага стану’, ’задняя частка саней, што складаецца з дзвюх палавінак’, на думку Борыся (586), метафарычных утварэнняў ад suka ’самка сабакі’ (гл. сука1, сучка1), параўн. другасныя ўтварэнні саба́ка ’клін для ўтрымання пярэдняга навоя’ (навагр., ЛА, 4), лісі́ца ’планка ў калаўроце, што круціць кола’ (Варл.), балг. дыял. ку́чка ’сука’ і ’частка сукала’, ’дэталь ткацкага стана’, ’прыстасаванне для ўтрымання абручоў пры вырабе бочак’ і падобныя “звярыныя” метафары (ВЕР, 3, 171). Пераход да су́чка2 дэманструе су́чка ’крывая жэрдка, прымацаваная да падсанак для кіравання імі’ (зах.-палес., Старычонак, БЛ, 13, 34) і польск. sukę paść ’кіраваць жэрдкай, прымацаванай да задняй часткі саней ці разведзенага воза, каб на паваротах не з’ехаць з дарогі’, suka ’драўляная плашка з выемкай, куды ўваходзіць кола пры тармажэнні воза’ (Варш. сл.), балг. дыял. ку́чка ’прыстасаванне ў выглядзе санак, якое падстаўляецца пад адно з пярэдніх колаў нагружанага воза пры крутым спуску’ (відаць, прывязанае да воза), ’санкі для катання з горак’, тэрміналагічныя калькі на базе метафары, крыніцы паходжання якой застаюцца няяснымі.

Су́чка4 ’буёк, паплавок’ (Ян.). Параўн. рус. дыял. су́ка і сука́ ’буй, якарны паплавок’ і ’вяроўка ад паплаўка да якара’. Відаць, да папярэдняга, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)