лёгкія санкі для сабачай або аленевай запрэжкі. Сродак перамяшчэння на поўначы Еўропы, Азіі, Амерыкі. Вядомы яшчэ да н.э. Сабачыя Н. больш нізкія і лёгкія, у іх запрагаюць цугам або веерам, звычайна 6—12 сабак, у аленевыя — ад 1 да 7 аленяў. Есць таксама ручныя Н.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЭКСПЕРЫМЕНТА́ЛЬНА-ФУРНІТУ́РНЫ ЗАВО́Д.
Засн. ў 1928 у Мінску як арцель «Чырвоны металіст», дзе выраблялі падковы, цвікі, рамантавалі ложкі і інш. Мела цэхі: кавальскі, бляшаны, цвіковы, слясарныя. У Вял.Айч. вайну разбурана. Пасля вайны адноўлена, вырабляла ложкі, цвікі, дзіцячыя каляскі, веласіпеды, санкі. У 1956 арцель ператворана ў з-д «Металавырабаў». З 1958 у новым корпусе працуе пластмасавы цэх і гальванічны ўчастак. З 1963 фурнітурна-мех.з-д, з 1965 сучасная назва. У 1977 з-д рэканструяваны. З 1993 адкрытае акц.т-ва. Асн. прадукцыя (1999): пластмасавая засцежка «Маланка», метал. і пластмасавая фурнітура для абутку і галантарэі (спражкі, аздабленні, ручкі і замкі для сумак, каблукі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РБАН (Уладзімір Іванавіч) (25.8.1910, г. Барань Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 30.11.1971),
бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Працаваў на заводах у Барані, Ленінградзе, Лідзе, Оршы, у 1952—71 у час. «Вожык» (з 1967 гал. рэдактар). Друкаваўся з 1946. Аўтар баек, сатыр. і гумарыстычных вершаў, вершаваных фельетонаў (зб-кі «Мы іх ведаем», 1950; «Байкі», 1953; «З вецярком», 1957; «Свінні ў рэпе», 1968 і інш.), апавяданняў і гумарэсак (зб. «Да цешчы на бліны», 1963, і інш.), кніг для дзяцей («Янка і санкі», 1957; «Пра жывёл і пра звяроў», «Учора, сёння і заўжды», абедзве 1963; «Суседні двор», 1967, і інш.). Яго творы вылучаюцца актуальнасцю тэматыкі, сатыр. вастрынёй, маст. прастатой. Пераклаў на бел. мову паасобныя творы І.Крылова, Л.Украінкі, С.Алейніка, Т.Масэнкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ННЫ СПОРТ,
скарасны спуск на спарт. санках па спец. трасах. Спарт.санкі гібкія, з камбінаванымі (дрэва, метал) палазамі, выш. 15 см, даўж. 124—150 см, шыр. каляі да 45 см. Бываюць 1- і 2-месныя. Спартсмен кіруе санкамі лежачы на спіне, нагрузку на палазы змяняе пры дапамозе нацяжнога рэменя або перамяшчэннем цэнтра цяжару. Трасы штучныя, лядовыя на бетоннай ці драўлянай аснове, даўж. 700—1250 м, з 11—18 віражамі, шыр. лядовага жолаба 1,3—1,5 м, нахіл трасы да 10°.
Узнік у Швейцарыі ў канцы 19 ст. Першыя міжнар. спаборніцтвы адбыліся ў 1883 (г. Давос). Міжнар. аб’яднанне (Саюз) па С.с. ўзнікла ў 1913 (г. Дрэздэн, Германія), Міжнар. федэрацыя С.с. — у 1957. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1914, свету — з 1955. З 1964 спаборніцтвы ўваходзяць у праграму Алімп. гульняў. Найб. развіты С.с. у Аўстрыі, Германіі, Італіі, Нарвегіі, Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Швейцарыі і інш.
На Беларусі секцыя С.с. створана ў 1968 (Мінскі аўтазавод). 1-ы чэмпіянат Беларусі праведзены ў 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМО́ЎНЫ ВЕРШ, гутарковы верш,
верш, пабудаваны на інтанацыйнай аснове. Для яго характэрна размоўная інтанацыя, пэўная адвольнасць у суаднесенасці інтанацыйна-сінтакс. і метрычнай структур. Сказы неаднолькавай даўжыні і будовы спалучаюцца ў Р.в. без якой-н. папярэдне вызначанай сістэмы.
От і свята, от каляды,
На марозе скрыпяць санкі...
Ўсе на свеце святку рады,
Ўсюды песні і гулянкі.
Скачуць хлопцы і дзяўчаты,
А гарэлкі п’юць чы мала?!
Адно слова — ўсюды свята...
Ну! кабыла, чаго стала?!
Чаго стала?!.. скажаш — цяжка,
Дый не надта ж ты і сыта,
А мне ж лёгка?.. глядзь, сярмяжка
Стара... рвана... ветрам шыта...
Стаў крапчэй мароз ка святу.
Ось і зорка забліскала.
Хоць скарэй бы мне ў хату...
Ну! кабыла! чаго стала?!
(Я.Лучына. «Што думае Янка, везучы дровы ў горад»)
Асаблівую ролю ў Р.в. адыгрываюць паўзы, паўторы, умаўчанні, пропускі, анакалуф, часта выкарыстоўваецца анжамбеман (пачатак сінтаксічна цэласнага словазлучэння знаходзіцца ў адным вершаваным радку, а канец у наступным). Р.в. зрэдку падзяляецца на строфы, часта мае амебейную кампазіцыю. У сучаснай бел. паэзіі пашыраны ў медытатыўнай лірыцы і звязаны з выяўленнем філас. зместу («Эстафета агню» М.Танка, «Мысль і слова» С.Дзяргая і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́НІ,
палазовы трансп. сродак, які шырока выкарыстоўваецца зімой, калі ўстанаўліваецца снежнае покрыва. С. возяць коні, алені, сабакі. Да С. адносяцца простыя С., нарты народаў Поўначы і розныя віды С. з кузавам. С. больш старажытныя, чым калёсная павозка, яны былі вядомы не толькі ў паўн. народаў, але і ў паўд. краінах. С. выкарыстоўвалі ў пахавальным абрадзе ў Стараж. Егіпце і Стараж. Русі. У сярэдневякоўі важныя службовыя асобы рабілі ўрачыстыя выезды на С. і летам. Існуюць таксама С. і без палазоў: некат. віды валакушы, табаган канадскіх індзейцаў і інш. У наш час у розных галінах гаспадаркі на Крайняй Поўначы выкарыстоўваюць аэрасані. С. выкарыстоўваюцца таксама ў спарт. мэтах (гл.Санны спорт).
На Беларусі архаічныя С. мелі натуральныя, крыху выгнутыя кверху палазы з абрубкамі сукоў, што выконвалі функцыю капылоў. Эвалюцыя С. ішла па шляху функцыянальнага і сац. размежавання, што абумоўлівала іх тыпалагічную разнастайнасць і канструкцыйныя асаблівасці. Паводле прызначэння ўсе С. можна падзяліць на некалькі тыпаў: звычайныя рабочыя, кары (лесавозы), выязныя (вазкі) і ручныя (санкі). Найб. пашыраны былі рабочыя С. У тыповым варыянце ўяўлялі сабой 2 палазы, злучаныя па капылах гнуткімі (часцей дубовымі) вязамі, якія загіналіся канцамі на 180° вакол пары процілеглых капылоў. Паўзверх вязаў на канцы капылоў паралельна полазу набіваліся драўляныя брускі (намарзня, намаржня, наклеска). У адным выпадку палазы мелі натуральна выгнутую галоўку (копанкі, копані), у другім — іх гнулі пасля распаркі з дубовага, ясеневага, вязавага дрэва на спец. прыстасаванні — гбале (шаблон па форме полаза, высечаны ў калодзе або зроблены на сцяне пабудовы). Выгнутую форму фіксавала іцвіна (папліска) — хордавая перакладзіна, што злучала галоўку полаза з пярэднім капылом. За пярэднія капылы нярэдка мацавалі і аглоблі для коннай ці валовай запрэжкі. Перакрыццё С. утваралі дошкі ці луб, што накладваліся паверх вязоў. Для павелічэння пагрузачнай пляцоўкі ўладкоўвалі развалкі (розвальні). У сял. гаспадарцы рабочыя С. выконвалі універсальныя функцыі. Адносная лёгкасць канструкцыі дазваляла выкарыстоўваць іх для пасажырскай язды, пры гэтым у задняй частцы С. устанаўлівалі трохбаковую крацістую драбінку накшталт кузава вазка. Пры перавозцы малагабарытных і сыпкіх грузаў, паездцы на мясц. рынак і інш. паверх С. ставілі плецены паўкош (палукаш). Рабочыя С. выкарыстоўвалі замест караў пры перавозцы лесу; для гэтага на намаржні ўпоперак С. мацавалі тоўсты брусок (лісіцу), на які клалі камлёвую частку бервяна, а пад верхавіну падводзілі падсанкі, якія амаль не адрозніваліся па форме ад рабочых С., але мелі меншыя памеры. Іх выкарыстоўвалі для розных дробных перавозак, работы каля дому, у святочных катаннях і інш.
Выраб С. нярэдка вылучаўся ў самаст. промысел. У панскіх маёнтках і дзярж. эканоміях існавалі асобныя «службы санніцкія», майстры якіх былі вызвалены ад цяглавых павіннасцей. Напр., паводле інвентара Ваўкавыскага двара, саннікі складалі асобны пасёлак з 8 службаў. Санны промысел быў пашыраны ў сельскай мясцовасці як вытв-сць на заказ і на рынак. Часта ён існаваў неаддзельна ад стальмашнага рамяства, што тлумачылася падобнай тэхналогіяй і універсальнымі навыкамі майстроў. У пач. 20 ст. пашырылася кааперацыя саннага і кавальска-слясарнага промыслаў: у С. павялічвалася колькасць жал. дэталей, на якія прыпадала найб. эксплуатацыйная нагрузка; палазы сталі больш тонкія і падбіваліся паласавым жалезам; іцвіны замянялі жал. стрыжнямі; акоўка давала магчымасць шырэй выкарыстоўваць замест вязоў брусковыя папярочнікі. У наш час традыц. С. ўжываюцца ў сельскім побыце пры перавозках на кароткія адлегласці і ў асабістых гаспадарках.