укла́сціся, укладуся, укладзешся, укладзецца; укладзёмся, укладзяцеся, укладуцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Умясціцца куды‑н. Усе рэчы ўклаліся ў чамадан. □ На нашы санкі ўклалася [елка] Зялёная, купчастая. Астрэйка. // перан. Падысці пад якую‑н. катэгорыю, класіфікацыю, разрад. Укласціся ў інструкцыю.

2. перан. Зрабіць, выканаць што‑н. у пэўны тэрмін, не выйсці за межы чаго‑н. вызначанага. Укласціся ў рэгламент. Укласціся ў каштарыс. Укласціся ў адпушчаныя сродкі. □ [Крэмез:] — Укладзёмся [з мантажом станка] да трыццатага. От пабачыш!.. Хлопцы ў мяне цяпер, як шалёных, працуюць. Шынклер.

3. Разм. Легчы спаць; улегчыся. Салдаты акапаліся, заслалі акопы травой і ўклаліся спаць. Хомчанка. Недзе ў бальнічных прысадах плакалі кнігаўкі, не ўклаліся яшчэ на ноч. Пташнікаў.

•••

Укласціся ў галаве (у свядомасці) — стаць зразумелым, трывала засвоіцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)