Пра́сці, праду́ ’скручваючы лён, кудзелю, воўну, рабіць ніткі’ (ТСБМ, Шат., Касп.), прасьць ’тс’ (Бяльк., Сл. ПЗБ), пря́стэ, прэ́ста ’прасці; віць вяроўку (ганц., Сл. ПЗБ). Рус. прясть, пряду́, укр. пря́сти, ст.-рус. прясти, польск. prząść, в.-луж. přasć, н.-луж. pśěsć, чэш. přísti, славац. priasť, серб.-харв. пре̏сти, славен. présti, балг. преда́ ’прасці’, макед. преде ’тс’. Прасл. *pręsti (< *pręd‑ti) (Фасмер, 3, 394). Роднасныя: літ. spréndžiu, spréndžiau, sprę́sti ’абцягваць, абмерваць’, лат. spriêžu, spriêst ’нацягваць, расцягваць’, літ. spríndis ’пядзя’, англ.-сакс. sprindel ’сіло, кручок’ (гл. Траўтман, 278; Мацэнаўэр, LF, 14, 184; Персан, 873; ESJSt, 12, 710). Інакш, менш верагодна Махэк₂ (494), які параўноўвае з ням. spinnen і зыходнай формай славянскага кораня лічыць *spend‑, дзе потым было s‑ заменена на ўзмацняльнае ‑r‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́рзаць, ту́рзаті, ту́рзаты ‘тузаць (пра балячку, якая нарывае)’ (Сцяц., Сцяшк. Сл., Скарбы, Федар. 4, Зайка Кос., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; пін., Нар. лекс.; пін., ЖНС), ‘нарываць’ (слонім., Нар. словатв.), ‘скубсці, разрываць’ (Ласт.), ‘тузаць лейцамі’ (ТС), ту́рзаті ‘тузаць каго-небудзь’ (Чэрн.), ту́рзатірасцягваць кужаль на валокны’ (пін., Шатал.), ту́рзаць ‘торгаць, цягаць рыўкамі, рэзкімі рухамі’, ‘торгаць туды-сюды, імкнучыся адчыніць што-небудзь’, ‘нудзіць, рваць’, ‘не даваць спакою, дакучаць патрабаваннямі’ (Сл. ПЗБ). Параўн. рус. терза́ть ‘раздзіраць, рваць, мучыць’, балг. дыял. то̂рзам ‘палоць’, серб. тр̏зати ‘тузаць, рваць’, славен. trzati ‘торгаць’. Відаць, не можа разглядацца асобна ад тырзаць (гл.) з варыянтнай асновай, што ўзыходзіць да *tr̥gati з чаргаваннем фарманта і.-е. ‑g‑/‑ǵ‑, параўн. ст.-слав. тръѕати ‘тузаць, рваць, раздзіраць’ < прасл. *tъrgati (Шустар-Шэўц, 1519; ESJSt, 16, 990), у выніку трэцяй палаталізацыі прасл. *tъrzati (Сной₂, 790). Меркаванні пра запазычанне з літ. tur̃šinti ‘страсянуць, патрэсці’ (Весці АН БССР, 1971, 1, 96) непрымальныя па семантычных і фармальных прычынах, параўн. Смачынскі, 696. Сюды ж турзы́каць ‘турзаць’ (брасл., Сл. ПЗБ) з ускладненнем асновы суфіксам ‑ык‑. Параўн. торгаць, тургаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пя́ла ’галіна, дубец; жэрдачка ў варотах’ (Сцяшк. Сл.), звычайна ў мн. л. пя́лы экспр. ’ногі’ (ветк., Мат. Гом.), пя́ло ’планка ў баране, у якую ўбіваюць зубы’ (петрык., Шатал.), пʼя́ло ’трыножка, на якую вешалі калыску ў полі; распорка’ (ТС), ’кроква ў будане’ (лельч., Нар. сл.), пя́лы ’косці тазасцегнавая сустава’ (калінк., Сл. ПЗБ), пʼя́лы ’прыстасаванне для вышывання ў выглядзе рамы’ (Ян.), ’дужкі ў кошыку’, ’дужкі ў рыбалоўнай снасці’, ’прыстасаванне для прымацавання сотаў у калодачным вуллі’ (светлаг., SOr, 39, 356), укр. пʼя́ло ’распорка для расцягвання скуры’, рус. пя́ло ’тс’, ст.-чэш. padla ’прылада для катаванняў’, чэш. мар. padlo, piadlo ’рамка для вышывання; дошка, на якой расцягваюць скуру’, славац. piadlo ’распорка, якую устаўляюць у рот жывёле, каб не ссала, не кусала і пад.’ Сюды ж серб.-харв. пропе́ло ’распяцце’, славен. razpélo ’тс’. Прасл. *pędlo, утворана ад *pęti ’нацягваць, расцягваць’, як шыла ад шыць і пад., гл. пяць, пну, роднаснае літ. pinklas ’павязка’, лат. pineklis ’путы, кайданы’ (Фасмер, 3, 423; Махэк₂, 425). Параўн. пя́льцы (гл.) і іншыя прыстасаванні для расцягвання, распінання, растапыраныя, тырчачыя прадметы. Сумнеўнае вывядзенне Грынавяцкене і інш. пя́лы ’ногі’ з літ. piaũlai ’тс’ (Сл. ПЗБ), хутчэй наадварот.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́дзіць ’палохаць, спуджваць, прымушаць бегчы’ (Нас.), ’страшыць, палохаць’ (Гарэц., Яруш., Шпіл., Шат., Янк. 2, ТСБМ), pudzić ’страшыць жывёлу’ (Варл.), пу́дыты ’гнаць, разганяць, распуджваць; рэзаць (размашыста)’ (Клім.), пу́дзіцца ’палохацца, імчацца ад перапалоху’ (Нас.), пу́дзіцца ’палохацца, баяцца (пераважна пра жывёлу)’ (Гарэц., Яруш., Мал., ТС); укр. пу́дити ’гнаць’, рус. пу́дить ’палохаць, гнаць’, польск. pędzić ’гнаць’, чэш. puditi ’пабуджаць, падбухторваць’, славац. pudiť ’гнаць’, славен. poditi, серб.-харв. púditi, балг. пъ́дя, макед. пади, ст.-слав. пѫдити ’тс’. Прасл. *pǫditi параўноўваюць з грэч. σπευδω ’спяшацца, старацца; падганяць, прыспешваць’, літ. spáusti, spáudýti ’цясніць, гнясці’, spándyti ’нацягваць’ і інш. Коген (Запіскі, 2, 239), следам за Петарсанам (Vergl., 32), узводзіць названыя формы да і.-е. *(s)peud‑ (з “s mobile”), пры гэтым бел. пудзіць, укр. пудити і пад. адлюстроўваюць, паводле яго, ніжэйшую ступень кораня *speud‑, менавіта, *(s)pud‑ з інфіксам ‑n‑, што дазваляе вытлумачыць фанетычную неадпаведнасць некаторых формаў (насавы галосны ў польскай і славенскай пры чакаемым u), якую Махэк₂ (467) звязвае з экспрэсіўным узмацненнем. Далейшая сувязь з пяць, пну (гл.), пу́та і інш. (параўн. Скок, 3, 68; Сной, 459) здаецца праблематычнай перш за ўсё з семантычнага боку, аднак фармальна мажлівай пры ўзвядзенні да і.-е. *(s)pen‑d < *(s)pen‑ ’цягнуць, расцягваць’ (Глухак, 511). Яшчэ менш пэўная сувязь з пя́дзя (гл.) пры ўзвядзенні да і.-е. *pondh‑/*pendh‑, параўн. лац. pendēre ’вісець’ (Банькоўскі, 2, 537 і інш.). Гл. таксама Фасмер, 3, 402; ЕСУМ, 4, 627.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пя́тра, пʼя́тра ’вышкі ў хляве або гумне; ярус’ (Стан., мазыр., З нар. сл.; ПСл), piátro, pʼátro, pʼétro ’тс’ (Маш., Тарн.), пя́тра, пʼятро́ ’курасадня, куратнік’ (Мат. Маг.; мазыр., Шатал.), пя́тры ’столь у асеці з жордак’ (Бяльк.), пйа́тро, пя́тро ’гара ў хаце; старана ў гумне; прасла’ (палес., Нар. сл.), ’раскладка снапоў для малацьбы’ (жытк., ДАБМ, камент., 872), ’пустоты пад вісячым ільдом на вадаёмах’ (ТС), пʼя́тра ’тс’ (парыц., Мат. Янк.), ст.-бел. пятро ’паверх, ярус’. Укр. пʼя́тра ’ярус’, рус. пя́тра ’вышкі; павець’, польск. piętro ’паверх’, чэш. patro ’паверх, вышкі ў хляве’, славен. pétro ’столь з брусоў, пуня’, серб.-харв. пѐтар ’верхні паверх, вышкі’, макед. петар (petar) ’столь, гарышча’ (Hendriks, The Radožda-Vevčani Dialect of Macedonian Lisse, 1976). Звычайна выводзяць прасл. *pętro ад *pęti (гл. пяцъ2) з рэдкім суфіксам *‑tro, гл. Фасмер, 3, 426; для паўдневаславянскіх слоў мяркуецца суфікс *‑rь (*pęt‑rь, гл. Заімаў, SlW, 172). Словаўтваральныя цяжкасці Банькоўскі (2, 574) прапануе пераадолець рэканструкцыяй прасл. *prętro, параўн. каш. přątro ’столь, вышкі; паднябенне’, ст.-польск., а таксама дыял. przętro ’паверх, тэраса’, в.-луж. přatr ’мацаванне даху ў адрыне, свіран’, н.-луж. pśětš ’вышкі’, палаб. prǫtrü ’вышкі ў адрыне’, што да*prent‑ ’размяшчаць гарызантальна, насцілаць’ (гл. пратаць, прут, прасла), гл. таксама Гомалкава, Studia Etym. Brun., 1, 70 (мяркуецца пра зыходную семантыку ’вышкі з насланых жэрдак’). Пра заходнеславянскія формы падрабязна Шустар-Шэўц, 2, 1168 (супастаўляюцца з літ. sprę́stiрасцягваць, распіраць’, sprindỹs ’пядзя’); SEK, 4, 121–122 (формы з *prętr‑ з’яўляюцца праславянскім дыялектызмам на фоне формаў з *pętr‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́заць ‘торгаць, цягаць рыўкамі, рэзкімі рухамі’, ‘біць, калаціць, трэсці’, ‘рваць (пра вецер)’, ‘не даваць спакою, дакучаць патрабаваннямі’, ‘рытмічна торгаць (пра боль)’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Шат., Яруш., Чач., Др.-Падб., Сержп. Прымхі, Скарбы₂, Сл. Брэс.), ‘мучыць, мардаваць’ (Ласт.), ‘ванітаваць, нудзіць’ (ТСБМ; лаг., Гіл.; пух., навагр., Сл. ПЗБ); ‘выпростваць мокрую аснову пасля апрацоўкі лугам’ (в.-дзв., Шатал.), ту́затырасцягваць (воўну)’ (пін., Сл. Брэс.), ‘торгаць’ (Клім.), ‘торгаць, балець (пра рану, зуб)’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), тузну́ты, тузыну́ты ‘таргануць, тузануць’ (драг, Нар. лекс.), ту́знуць ‘тузануць’ (ТС), тузну́ць ‘тс’ (мёрск., Нар. сл.), тузяну́ць ‘торгаць, асабліва пры бойцы’ (Шат.), ту́зацца ‘рабіць хуткія, рэзкія рухі, рыўкі’, ‘уздрыгваць’, ‘штурхаць адзін аднаго, піхацца, біцца, змагацца’, ‘дужацца’, ‘важдацца з кім-небудзь’ (ТСБМ, Гарэц., Чач., Касп., Байк. і Некр.; ашм., беласт., Сл. ПЗБ), ‘вырывацца’ (Варл.), туза́ць ‘мардаваць, лаяць’ (Нас.), туза́тыся ‘штурхацца’ (кам., ЛА, 2); сюды ж туза́ла, туза́н ‘удзельнік бойкі’ (Байк. і Некр.), ту́занне, тузаніна ‘валтузня, важданне’ (там жа), ‘клопат, неспакой’ (Варл.). Укр. ту́зати, туза́ти ‘штурхаць, біць’, ту́затися, тузи́ти ‘бароцца, спрачацца’, ‘штурхацца’, туса́ти ‘штурхаць, таўчы’, рус. тузи́ть ‘біць кулакамі’, н.-луж. tuskaś ‘штурхаць’, tusnuś, tłusnuś ‘тс’, ‘трэсці’, ‘ціснуць, мяць’, польск. tuzać, tuzować ‘біць’, ‘лаяць’, ‘разбіваць (ворага)’. Дапускаюць паходжанне лексемы з туз1 — ‘біць казырным тузом, хадзіць з козыра’ (Фасмер, 4, 115; Брукнер, 585). Больш імаверна імітатыўнае паходжанне (Арол, 4, 114), параўн. тузгаць, турзаць (гл.), літ. tūzgénti ‘грукаць, лопаць з глухім гулам’. Сюды ж экспр. тузо́къць ‘тузаць’ (мёрск., Нар. сл.), тузь — пра шморганне (мсцісл., Нар. лекс.), тузе́ль ‘цоп’ (Варл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Страх ‘адчуванне небяспекі; боязь’, выкл. ‘страшна, жах’, прысл. ‘вельмі, надзвычайна’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Стан., Сл. ПЗБ, ТС), ‘вельмі, моцна’ (Нас.), ‘пудзіла’ (гродз., драг., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; воран., Шатал.; Сл. Брэс., Клім.), страх, страшо́к ‘страшыдла, злы дух, д’ябал’ (Скарбы). Сюды ж страхата́ (Нас., Касп., Сл. ПЗБ), страхо́цце, страхаццё (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Ласт.) ‘нешта страшнае’, страха́цца ‘пужацца’ (Ласт.). Параўн. укр., рус. страх, стараж.-рус. страхъ, польск. strach, в.-луж. strach, н.-луж. tšach, чэш., славац. strach, серб.-харв. стра̑х, славен. strȃh, балг. страх, макед. страв, ст.-слав. страхъ. Прасл. *straxъ ‘страх, боязь, трывога’ не мае надзейнай этымалогіі. Па адной з версій, праславянскае слова мела першаснае значэнне ‘здранцвелы, анямелы’ і параўноўвалася з літ. stregti, stregiu ‘здранцвець; пераўтварыцца ў лёд’, лат. strēǵele ‘лядзяш’, с.-в.-ням. strac ‘тугі’, нова-в.-ням. streckenрасцягваць’; гл. Фасмер, 3, 772, з літ-рай; Глухак, 586. На іншую думку, *straxъ з ранейшага *strog‑so з рэгулярным змяненнем gs > ks > ch і звязаны з прасл. *strogъ (гл. строгі) ад і.-е. кораня *(s)terg‑/*(s)treg‑ (Борысь, 579). У выпадку развіцця *straksъ < *straskъ дапускаецца той жа корань, што і ў рус. стращать ‘палохаць’, острастка ‘пагроза, грозьба’ з чаргаваннем st/sk аналагічна пусціць/пушчаць/пускаць (Младэнава, Новое в рус. этим., 221–222). Дапушчэнне рухомага s дазваляе звязваць з трасці, параўн. страхану́цца ‘страсянуцца’ (Сл. ПЗБ). Прасл. *straxъ разглядаецца таксама як славянскае новаўтварэнне ад *strastь (гл. страсць) (Брукнер, KZ, 43, 309). Славянскае слова — дэвербатыў ад *straxati, параўн. н.-луж. tšachaś, польск. дыял. strachać, славац. prestrachaný, якія з *strōksati, роднаснага ням. schrecken ‘страшыць’, што з *srek‑ з “інтэнсіўным” суф. ‑sa (Махэк₂, 581); сувязь з лат. struõstêt, struõstit ‘пагражаць, сурова папярэджваць’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1699). Гл. яшчэ агляд версій у ЕСУМ, 5, 435.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

крук, ‑а, м.

1. Род вялікага цвіка, драўлянага ці металічнага, з загнутым тупым канцом. Убіць крук у сцяну. Зняць з крука шапку. □ Бацька павесіў на крук дубальтоўку і, пакульгваючы, падышоў да вешалкі. Чарнышэвіч. Рыгор моўчкі здзеў гарнітур і далікатна павесіў яго на сцяне, на драўляным круку. Гартны. // звычайна мн. (крукі́, ‑оў). Цвікі падобнай формы, якія ўбіваюць у вушак для навешвання дзвярэй, варот. Хаты стаялі з павыбі[ван]ымі вокнамі і знятымі з крукоў .. дзвярамі. Чорны.

2. Прыстасаванне для падчэплівання і перамяшчэння грузаў: кароткі металічны прут, загнуты на адным канцы і прымацаваны другім канцом да каната, вяроўкі і пад. А яны — Ліда Палігоша, Надзя Ханкевіч і Зіна Кулянок — падчапілі ўжо форму да крука аўтакрана. «Маладосць».

3. Дзвярная зашчапка ў форме загнутага на канцы металічнага прута, які накідваецца на прабой. Банадысь рвануў дзверы, зачыніў пуню і ўзяў дзверы на крук. Чорны. У калідоры пачуліся крокі, і .. [Павел] адшчапіў крук. Чарнышэвіч.

4. Металічнае вастрыё з загнутым канцом, асаджанае на шост, палку, якое служыць для падчэплівання, перацягвання чаго‑н. Міша дапамагаў хлопцам расцягваць крукамі палаючыя асмалкі сцен. Арочка. // Двухзубыя вілы з загнутымі пад прамым вуглом канцамі для скопвання гною з воза. Скідаць гной крукам. // Разм. Завостраная палка з суком для выскубвання сена, саломы са стога.

5. Лішняя адлегласць пры хадзьбе кружным шляхам. І часта ў добрую пагоду Ідзе Міхал дамоў з абходу, І хоць чуваць, што ныюць ногі, Але зварочвае з дарогі І робіць крук, бо як стрымацца, Каб не зайсці палюбавацца І ярыною і жытамі? Колас.

•••

Гнуцца крукам; гнуцца ў крук гл. гнуцца.

Гнуць у крук (безас.) гл. гнуць.

Крукам галавы (носа) не дастаць гл. дастаць.

Сядзець крукам гл. сядзець.

Крукам стаяць (вісець) над кім-чым гл. стаяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тупы́ ‘недастаткова навостраны, якім цяжка рэзаць, пілаваць, калоць, нявостры’ (ТСБМ, Ласт., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Ян., ТС, Сл. ПЗБ): хочацца хлеба, ды нож туп (Юрч. Крыл.), ‘шырокі, круглы (пра галаву, морду)’, ‘які прыйшоў у стан атупення, абыякавы, бяссэнсавы’, ‘не востры, глухі, ныючы (пра боль)’, ‘глухі, не звонкі (пра гукі)’ (ТСБМ), ‘нячуйны (пра сабаку)’ (Ян.), ‘някемлівы, разумова абмежаваны, неразвіты’ (ТСБМ, Некр. і Байк.; астрав., Сл. ПЗБ, Нас., Вруб., Байк. і Некр.), ‘павольны, гультаяваты’ (паст., лід., брасл., Сл. ПЗБ), тупу́ ‘лянівы, ціхі’ (ТС), ст.-бел. тупый ‘якім цяжка рэзаць, пілаваць, калоць’, ‘разумова абмежаваны, няздольны, някемлівы’, ‘бяссэнсавы (пра погляд, твар)’ (ГСБМ). Укр. тупи́й, рус. тупо́й, стараж.-рус. тупъ, польск. tępy, н.-, в.-луж. tupy, чэш., славац. tupý, славен. tȍp, харв. tûp, серб. ту̂п, балг. тъп, макед. тап. Прасл. tǫpъ ‘нявостры, вышчарблены’, відаць, развілося з і.-е. *tompo‑, параўн. літ. tampýti ‘цягнуць, расцягваць’, tem̃pti ‘тс’, лат. tiept ‘нацягваць, рабіць тугім’, ст.-ісл. þambr ‘тоўсты, надуты’, ‘нацягнуты (пра цеціву)’, ст.-грэч. τέμνω ‘рэжу’ ўзыходзіць да і.-е. асновы *ste(m)p‑/*ste(m)b‑ і роднаснага і.-е. *stm̥bo‑ ці *(s)tomp‑, *stomb‑ (Фасмер, 4, 122), рэалізаванага ў ст.-в.-ням., ням. stumpf ‘тупы’, ‘без бляску’, ‘някемлівы’; і.-е. *stm̥bo‑ першапачаткова абазначала ‘пакалечыць, урэзаць, вышчарбіць, укараціць, пабіць, прыціснуць’ (Сной₂, 772) і адлюстравалася яшчэ ў ст.-грэч. στέμβω ‘б’ю, таўку, цісну’, ст.-в.-ням. stampf ‘таўкач’, ст.-в.-ням. stumbal ‘абрубак, абрэзак’. Мяркуецца, што значэнні ‘нявостры’ і ‘няздольны, дурны’ ўзыходзяць да праславянскага перыяду (Якубовіч, Drogi słów, 295). Гл. яшчэ Брукнер, 570; Махэк₂, 661; Скок, 3, 524; ЕСУМ, 5, 677; Арол, 4, 117. Сюды ж ту́па ‘павольна’ (гл.), тупава́то ‘туга, дрэнна’ (Зайка Кос.), тупі́ца ‘тупая (затупленая) сякера, каса’ (гл.), тупы́ця ‘тс’ (кам., ЛА, 2), тупі́чка ‘тс’ (Юрч. СНЛ), тупі́ць ‘рабіць тупым’ (ТСБМ, Байк. і Некр.); ту́пянькі ‘тупы (носік у яйку)’ (маладз., Сл. ПЗБ), тупава́ты ‘не зусім востры’ (лід., там жа), тупʼё ‘тупая частка нажа’ (шчуч., там жа), тупі́ла ‘тупы нож, сякера’ (Юрч. Вытв.), ‘тупы, няздольны чалавек’ (там жа; слонім., Сл. рэг. лекс.), тупе́нь ‘няздатны да навукі’ (Нас., Байк. і Некр.), тупа́к ‘тс’ (маладз., Янк. Мат.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)