Спры́ха ‘спіца (у колах)’ (Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ), ‘пруток для вязання’ (смарг., шчуч., Сл. ПЗБ), спрых ‘тс’ (Шатал.). З польск. sprycha ‘кол, жэрдзь; спіца ў коле’, якое з ням. Spriess ‘кол, шэст’ і Speiche ‘спіца ў коле’ (гл. Брукнер, 510). Сюды ж, магчыма, спры́хі (sprychy) ‘штукі, жарты’ (Арх. Федар.), параўн. шпількі ‘насмешкі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ма́ятнік, ‑а, м.

1. Металічны пруток або ланцуг з цяжарам на канцы, які мерна вагаецца з боку ў бок у падвешаным стане. Мерна цікаў насценны гадзіннік, і яго маятнік, як дыск месяца, цьмяна пабліскваў, паволі раскачваючыся за мутным шклом. Лынькоў. Нечакана прывычнае, манатоннае пагойдванне маятніка спынілася: відаць, гіра апусцілася на ўсю даўжыню ланцужка. Даніленка.

2. Колца кішэннага і ручнога гадзінніка, якое рэгулюе яго ход.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Наця́гіч ’бандарная прылада для нацягвання абручоў’ (Сержп. Грам., гродз., Нар. сл.), ’пруток для нацягвання, замацавання палатна ў кроснах’ (зэльв., Жыв. сл.; браг., Нар. сл.; мазыр., Шатал.), нацягавіч ’тс’ (Бяльк.), нацягай ’прылада для нацягвання абручоў на бочку або шын на колы’ (ТС; драг., З нар. сл.), нацявіч ’тс’ (гродз., Нар. сл.; Сл. ПЗБ, З нар. сл.), нацягавіч ’тс’ (Дэмб., Бяльк., лях., Сл. ПЗБ), нацяжыч ’тс’ (ТС), нацяжавіч ’тс’ (Дэмб.), нацягуш ’тс’ (там жа). Ад нацягнуць, нацягаць, да цягнуць, цягаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вець ’радок, нізка’ (Федар., 6), відавочна, з’яўляецца пераносам з першаснага вець ’галіна’ → ’галіна, на якой у радок сядзяць птушкі’, укр. віть ’галіна’, рус. паўд. веть ’тс’, польск. wić ’тонкі пруток, гнуткая лаза’; ’адросткі раслін’, балг. вица ’тс’, літ. vytìs ’лаза’, лат. vitols ’вярба’, лац. vītis ’вінаградная лаза’, ст.-в.-ням. wîda ’вярба’, ст.-інд. vētasás ’прут, павойная расліна’, авест. vaēiti ’вярба’, н.-перс. bîd, грэч. ὀῖσος ’тс’, ἰτέα (Ϝιτέα) ’вярба’. Прасл. větь мела значэнне ’павойная расліна’. Чаргаванне ў корані. Да віць. Гл. Фасмер, 1, 306; Брукнер, 613; Махэк, 692; Шанскі, 1, В, 77; БЕР, 1, 156.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сто́раж ‘вартаўнік’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Пятк. 2, Варл., Сл. ПЗБ, Бяльк.), перан. ‘колас, які застаўся на полі’ (віл., Сл. ПЗБ), сто́рож ‘вартаўнік’, ‘стаўная вуда на шчупакоў’, ‘першы колас у жыце’ (ТС), ‘пчала, якая належыць да «стражы»’ (Анох.), ‘нацягнуты шнурок у рыбалоўнай прыладзе, які сігналізуе аб наяўнасці рыбы’ (Нас., ТС), ‘першы або апошні колас у жыце’ (ТСБМ), сто́рож ‘шнурок, якім прывязана цэўка да сукала’, ‘пруток у сукале, на які натыкаецца цэўка’, ‘пруток, які падтрымоўвае нічальніцу ў час вязання’ (Бел.-польск. ізал.). Укр., рус. сто́рож, стараж.-рус. сторожь, польск. stróž, славен. stȓašəc, балг. страж, ст.-слав. стражь ‘ахоўнік’. Прасл. *storžь утворана з суф. ‑jь ад прасл. *stergti, *stergǫ ‘сцерагчы’, з якім яно звязана чаргаваннем галосных; гл. Слаўскі, SP, 1, 81; Фасмер, 3, 768. Параўноўваюць з літ. sárgas ‘стораж, вартаўнік’, sérgti ‘пільнаваць, быць пільным’, лат. sar̂gs ‘вартаўнік’, прус. absergisnan ‘абарона’ (Глухак, 587). Сюды ж старо́жа ‘ахова, варта’ (Нас., Байк. і Некр., Нар. Гом., Юрч.), ст.-бел. сторожа ‘тс’ (Карскі 2-3, 428). Параўн. укр., рус. сторо́жа, стараж.-рус. сторо́жа, польск. stróža, в.-луж. stróža, н.-луж. stroža, чэш., славац. stráž, серб.-харв. стра̑жа, славен. strȃža, балг. стра́жа, макед. стража, ст.-слав. стража. Прасл. *storža. Гл. яшчэ Махэк , 587; Борысь, 581–582; Шустар-Шэўц, 1366; Бязлай, 3, 324. Борысь (Etymologie, 492) для значэння ‘нацягнуць, наставіць, напнуць’ рэканструюе прасл. *storžiti — каўзатыў ад *sterkti. Гл. сцерагчы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суга́к ’касцяное або драўлянае шыла з плоскім вастрыём для падплятання лапцей’, ’роўная тонкая палачка, якая прасоўваецца ў вушкі асновы лапцей’ (Бяльк.; маг., ЛА, 4), ’жалезны прут’ (Маш.), ’пруток з дроту для прапальвання дзірак у дрэве’ (Пятк. 2), ’спічак, швайка, шыла’ (глус., Янк. 3.; Мат. Гом.), ’завостраная палачка падплятаць лапці’ (Сцяшк. Сл.). Укр. суга́к ’жалезнае (або касцяное) шыла для праколвання дзірачак у пасталах, для развязвання вузлоў’. Паводле ЕСУМ (5, 465), з сува́к ’шыла, засаўка, хамуцік’ (гл. суваць), набліжанае да гак. Не выключана сувязь з соўгаць (гл.) з пераходам оў > у, параўн. саўга́к (пра старога чалавека), су́гнуць ’хуткім рухам пасунуць, усадзіць’ (дзятл., Сл. ПЗБ), сугану́ць ’саўгануць, рэзка перамясціць’ (Юрч. Вытв.), або з укр. суга́к, польск. suhak ’антылопа’ < караім. soɣak (sohak) ’малады алень, антылопа’ (Slavica Tarnopolensia, 1, 69), з рагоў якіх вырабляліся прылады. Гл. сайга.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

укало́ць, укалю, уколеш, уколе; зак., каго-што.

1. Параніць, уваткнуўшы ў цела што‑н. вострае. Села [Глафіра] цыраваць панчоху — укалола палец і адлажыла работу па пасля. Пальчэўскі. / у перан. ужыв. Ён [дзядзька] так укалоў мяне позіркам строгім, Што я ў той жа момант пабег да дзвярэй. Прыходзька. // перан. Выклікаць непрыемнае пачуццё, падобнае на адчуванне ўколу. Праходзілі апошнія нашы дні, і нейкае падсвядомае прадчуванне балюча ўкалола сэрца. Карпюк. // Разм. Зрабіць укол (у 2 знач.). Іван Іванавіч загадаў зрабіць хворай укол. Надзя скоранька набрала ў шпрыц лякарства, укалола ў руку. Арабей.

2. перан. Пакрыўдзіць, абразіць; даняць. Незалежны і паўафіцыйны тон [лейтэнанта] укалоў дзяўчыну. Карпюк. У голасе Прасі на гэты раз гучала непадробленая злосць і жаданне ўкалоць абоіх: і гаспадара і падчарыцу. Васілевіч.

3. Разм. Уваткнуць што ў што‑н. Укалоць кветку ў валасы. Укалоць пруток у клубок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́чка, ‑а; Р мн. ‑чак; н.

1. Памянш.-ласк. да вока (у 1 знач.); маленькае вока. Малыя шэранькія вочкі... Глядзяць з-пад броў зусім панура. Колас.

2. Невялікая (звычайна круглая) адтуліна ў якім‑н. прадмеце. Вочкі гузіка. Дзвярное вочка. □ Два чорныя вочкі дзедавай стрэльбы пільна сачылі за кожным рухам Каралька. Паслядовіч.

3. Круглы, яркі прадмет на фоне чаго‑н. З травы выглядалі.. чырвоныя вочкі суніц. Уперадзе запалілася зялёнае вочка светафора.

4. Пупышка, зрэзаная з дрэва для прышчэпкі. І прышчапіў ёй пад кару Цудоўных пару вочак. Лужанін. // Зародкі парасткаў на клубнях бульбы. Кожны клубень разрэзалі на дзве-тры часткі. Было б вочка, то прарасце. Паўлаў.

5. Значок на ігральнай карце.

6. Пятля ў вязанні. Спусціць вочка. □ [Андрэй] глядзеў, як спрытна варушацца.. пальцы [нянькі], накідваючы адно вочка за другім на пруток, і як лоўка мяняюцца адзін за другім пруткі. Васілевіч.

•••

Строіць вочкі каму гл. строіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Про́тар1 ’востры металічны пруток або іголка са зламаным вушкам, швайка’ (ТСБМ, Нас., Шат.; слонім., Арх. Бяльк.), ’кавалак хлеба ці мяса з іголкай у сярэдзіне (даецца сабаку, каб загубіць яго)’ (кір., Нар. сл.), про́тор, про́торг, про́тур ’швайка, іголка са зламаным вушкам; вялікая іголка’ (Шатал., Клім., Сл. Брэс., Выг., ТС, Сл. ПЗБ, Нар. лекс.), про́тыр, про́тырч ’іголка без вушка’ (навагр., Нар. сл.). Укр. про́тір ’іголка без вушка’, про́торг ’тс’. Аддзеяслоўные дэрываты ад праце́рці < прасл. *terti, *toriti (Патабня, РФВ, 3, 180; Праабражэнскі, 2, 136; Фасмер, 3, 384), гл. це́рці, то́рыць, інакш ЕСУМ, 4, 611: звязваецца са ст.-рус. протъргнути ся ’прарвацца, разарвацца’, што ад търгати ’біцца, дрыжаць’, параўн. то́ргацца (гл.). Не выключана, што гэта другаснае збліжэнне.

Про́тар2 ’страта’ (Нас.), мн. л. про́тары ’выдаткі; расходы (звычайна па судовых справах)’ (ТСБМ, Чач., Нас.). Рус. про́тар, прото́ра, про́торь ’тс’, ст.-рус. проторъ ’расходы; страты’; відаць, сюды ж польск. przetór ’праход, прарыў’. Этымалагічна тое ж, што і про́тар1 (Фасмер, 3, 384). Спецыяльна аб гэтым слове гл. Варбат, Этимология–1971, 17. Да семантыкі параўн. запрато́рыць ’закінуць, захаваць; згубіць’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прут1 ’тонкая доўгая палачка, галінка, дубец, розга’, ’доўгі металічны стрыжань’, ’кавалак дроту’, ’вітка’, ’вочап у студні з жураўлём’, ’тупы край касы — патоўшчаная яе частка, супрацьлеглая вастрыю’, ’прут у жолаба навою для прымацавання палатна’ (ТСБМ, Нас., Шат., Янк. 2, Сцяшк.; маст., Шатал., ТС; брэсц., Нар. словатв., Сл. ПЗБ), ’прут у ярме’ (ЛА, 2, 355), пруто́к ’стрыжанёк, на якім абарачаецца цэўка ў чаўнаку’ (Тарн., Бяльк., Янк. 2; Уладз.; лун., в.-дзв., Шатал.), ’адзін рад саломы на страсе’ (ТС), ’кіёк у ніце’ (ТС, Скарбы), ’сухі чалавек’ (полац., Нар. лекс.), пруткі́ ’спіцы для вязання’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Гарэц., Сцяшк.; віл., беласт., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), пруты́ ’жалезныя цягі, якімі злучаюцца ручкі плуга з дышлам’ (Тарн.), прут ’жалезны прут, якім злучаюцца ручкі плуга’ (Смул.), ’металічныя стрыжні ў аснове бараны’ (драг., Выг.; лях., Сл. ПЗБ), ’тонкія жэрдкі, якія прымацоўваюць упоперак латы пры крыцці саламянай страхі’ (Сцяшк., ТС), пру́цік ’спіца для вязання’ (Мат. Маг.), ’палачка ў бёрдзе’ (віл., Сл. ПЗБ). Ст.-бел. прутъ ’адзінка вымярэння даўжыні і плошчы’ (гл. падрабязна Скурат, Меры, 24 і наст). Рус. прут ’галінка, дубец, розга; металічны стрыжань, кавалак дроту’, прутки́ ’вязальныя спіцы’, укр. прут ’галінка, дубец’, ст.-рус. прутъ ’прут, дубец’, польск. pręt, палаб. prǫt, в.-луж. prut, н.-луж. pšut, чэш. prut, славац. prút, серб.-харв. пру̑т, славен. prọ̑t, балг. прът ’прут’. Прасл. *prǫtъ, паводле Фасмера (3, 390) і Брукнера (436), роднаснае слав. *prǫdъ‑ ’цячэнне’ (гл. пруд) з першасным значэннем ’галінка’, параўн. у семантычных адносінах рус. побе́г ’ветка; парастак’ ад бежа́ть. У і.-е. мовах у якасці роднасных прыводзяцца ст.-ісл. spretta ’ўскокваць, пырскаць, прарастаць’, англ. sprint ’мчацца’, с.-в.-ням. sprenzen ’пырскаць’ і да т. п. Менш верагодныя параўнанні з рус. пря́тать (бел. пра́таць), (Брукнер, 436; Праабражэнскі, 2, 145 і наст.); з рус. прыть, пры́ткий (Брукнер, 436), з польск. promień (Петарсан, BSL, 82). Інакш таксама Махэк₂ (488), які параўноўвае *prǫtъ з чэш. prtiti ’ўсходзіць вясной з зямлі (аб траве)’ і да т. п.; з’яўленне насавога галоснага ён тлумачыць “афектаваным” характарам слова, якое прывяло да падваення зычнага ў канцы слова: *prъttъ > prъntъ > prątъ, што вельмі штучна. Гл. Шустар-Шэўц, 2, 1164; ЕСУМ, 4, 617; БЕР, 5, 831; Банькоўскі, 2, 776. Гл. яшчэ прэнт. Аб пруто́к у ткацкай тэрміналогіі гл. Трубачоў, Этимология–1963, 20.

Прут2 ’раскладка снапоў для малацьбы’ (ДАБМ, камент., 872), ’укладка посуду аднаго ў адзін’ (Вярэн.). Да прут1; гэтыя значэнні можна вывесці з ’рад, роўны, як прут’; параўн. прут1 ’рад саломы на страсе’, а таксама пакладка на прост (пад прост1).

Прут3 ’згуба, пагібель, смерць’ (капыл., Нар. словатв.). Адваротны дэрыват ад пруцяне́ць, апруцяне́ць (гл.). Параўн. яшчэ паралельныя ўтварэнні апру́да ’смерць’, апру́дзіцца ’цяжка захварэць, акалець’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)