мяць, мну, мнеш, мне; мнём, мняце; заг. мні; незак., што.

1. Сціскаючы, рабіць мяккім, ператвараць расціраннем у мяккую масу; размінаць. Мяць гліну. Мяць лыжкай бульбу. □ Стары.. доўга разглядаў праз акуляры прынесеную.. зямлю, мяў у пальцах, нюхаў, дробнымі крупінкамі насыпаў на шкло. Кулакоўскі.

2. Тое, што і церці (у 4 знач.). [Марыля:] Добры быў лянок, палола яго, ірвала, слала, а як улежаўся — сушыла, мяла, удваіх з Зоськай нітачку па нітачцы вывелі. Купала.

3. Рабіць няроўным, нягладкім; камячыць. [Бацька] сеў у перадку, каб, мусіць, не мяць таго месца, на якім павінен быў сядзець доктар. Сабаленка. Сцяпан мяў у руках шапку, глядзеў уніз, быццам саромеўся паказаць вочы. Асіпенка.

4. Прыгінаць, прытоптваць да зямлі (аб раслінах). «Шась-шась», — мялі струхлелы ржэўнік неданошаныя зімою валёнкі. Быкаў. — Дзе ты, Лідачка? .. Чаго ты залезла туды? — хочучы быць суровай, пытае маці. — Ці ж то можна гэтакі лянок мяць? Кулакоўскі.

5. Разм. Есці з апетытам што‑н., умінаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лён, лянок ’валакніста-алейная расліна Linum usitatissimum L.’ (Нас., ТСБМ, Касп., Кл., Бес., Сцяшк., Бяльк., Шат., Яруш., Сл. паўн.-зах.), ’пража з ільну’ (Бяс., ТСБМ, КЭС, лаг.), ’кужаль’, ’льняное валакно на розных стадыях апрацоўкі’, ’гатаванае льняное семя, якое ўжываецца для прапіткі асновы’ (Уладз., Сл. паўн.-зах.). Укр. льон (лен, закарп. льон), рус. лён, польск. len (lan, lyn, lin, lyjn, lęn, ląn), палаб. lʼån, н.-луж. lan, в.-луж. len, чэш. len, славац. ľan, славен. lȃn, серб.-харв. ла̏н, макед. лен (lʼen, lъn), балг. лен, ле́нът, ц.-слав. льнъ ’тс’, ст.-слав. льнѣнъ ’льняны’. Прасл. lьnъ, якому адпавядаюць: літ. lìnas, linaĩ, лат. lins, lini, ст.-прус. linno, ст.-грэч. λίνον, алб. гег. lįni, ірл. līn ’сетка’, лац. līnum ’тс’, гоц. lein ’палатно’. Паводле Шрэдэра (Reallex, 1, 323) і Кастшэўскага (Sł. staroż. sł., 3, 42), ільнаводства было вядома індаеўрапейцам. Тое ж Слаўскі, 4, 150; Скок, 2, 266; Бязлай, 2, 123. Фасмер (2, 481) не выключае таксама і старажытнага культурнага запазычання. Махэк₂ (326) бачыць у гэтай лексеме рэшткі праіндаеўрапейскага субстрату. Сюды ж лённый ’ільняны, з ільну’ (Бяльк.), лёнішча ’поле, на якім рос лён’ (навагр., З нар. сл.; Сцяшк. Сл.), лёноклянок, зарніца звычайная, Linaria vulgaris Mill.’ (Маш.), лёнок ’макрыца’ (ТС), бяроз. лёнык ’праснак з тоўчанага льнянога семя і мукі, які пяклі на Івана Купалу’ (Слав. і балк. фальклор, 141).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лён, лёну і ільну́; мн. льны (ільны́), ‑о́ў; м.

1. Травяністая расліна сямейства лёнавых, са сцяблоў якой атрымліваюць валакно, а з семя — алей. Сеяць лён. Рваць лён. Лён-даўгунец. □ Зацвітае ў палях нашых лён, Валакністы лянок сінявокі. Хведаровіч. Я іду... Рассцілаюць дзяўчаты ільны — Нібы гаці пракладваюць простыя. Панчанка. // толькі мн. (льны́ (ільны́), о́ў). Пасевы, усходы гэтай расліны. Глядзі, вунь зацвітаюць ільны: возера, мяккага блакітнага колеру разляглося на даляглядзе. Гамолка.

2. Валакно, якое вырабляецца са сцяблоў гэтай расліны. Прасці лён.

•••

Горны лён — від азбесту, здольнага расшчапляцца на вельмі тонкія валокны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

намачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак.

1. каго-што. Зрабіць мокрым, сырым; прамачыць. Намачыў снапы дождж. Намачыць валёнкі. Намачыць гліну. □ Таццяна намачыла аб расу руку і працерла вочы. Шамякін. // Змачыць, даць прамачыцца чым‑н. [Зося] намачыла ручнік і выцерла.. [хлапчуку] твар. Чорны. // Пакінуць што‑н. на нейкі час у вадкасці. [Кацярына:] — Выпала, калі трапіць пад год, дык такі лянок вырасце, што як намочым у сажалцы, мяккім робіцца, як шоўк, а моцны — адной пасмы не парвеш. Кулакоўскі. [Тата:] — Не забудзься ж, Аленка, намачыць лыка пасля абеду. Пальчэўскі.

2. што і чаго. Шляхам мачэння прыгатаваць у нейкай колькасці. Намачыць яблыкаў.

3. без дап. Разліваючы што‑н., зрабіць мокрай паверхню чаго‑н. Намачыць на падлозе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зблы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Пераплесці ў беспарадку; пераблытаць. Зблытаць ніткі. Зблытаць валасы. □ Каб рукі, ногі пакруціла Нячыстай, цёмнай сіле той, Якая долу паваліла, Памяла, зблытала, скруціла Цябе, лянок харошы мой. Бялевіч. // Парушыць парадак чаго‑н. Зблытаць лісты рукапісу. □ Тут на момант .. [дзеці] збіліся, зблыталі строй. Ракітны. // перан. Унесці блытаніну; пазбавіць яснасці, выразнасці, дакладнасці. [Выступленне сакратара] яшчэ больш зблытала і ўскладніла [Максімавы] думкі. Шамякін. Але зноў усё зблытаў, нечакана паявіўшыся, Каляда. Скрыган.

2. Памылкова прыняць адно за другое; пераблытаць з кім‑н., чым‑н. [Аўсянку] можна нават з вераб’ём зблытаць: такая ж шэранькая. Ігнаценка. Галя пагражальна паківала каля яго носа пальцам і строга сказала [Змітраку]: — Ты толькі не зблытай мяне з Інай. Ваданосаў.

3. Разм. Збіць з толку, прывесці ў замяшанне. Падказка зблытала вучня.

•••

Зблытаць карты чые або каго — разладзіць, парушыць чые‑н. планы, намеры.

Зблытаць сляды (след) — збіць са следу каго‑н., накіраваць па няправільнаму следу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гало́ўка, ‑і, ДМ ‑лоўцы; Р мн. ‑ловак; ж.

1. Памянш.-ласк. да галава (у 1, 6 знач.). Дзіцячая галоўка. Галоўка сыру.

2. Шарападобны плод, шарападобнае або прадаўгаватае суквецце некаторых раслін. Галоўка маку. Галоўка дзьмухаўца. □ Красаваліся буйныя малінавыя галоўкі канюшыны. Мележ. // Пра клубень цыбулі, качан капусты. Сама зямля без гною тлуста, І надта родзіцца капуста: З вядро галоўкі вырастаюць. Колас. // звычайна мн. (гало́ўкі, ‑ловак). Плады, каробачкі лёну. Лянок, паслушны лёгкаму ветру з усходу, кланяецца сваёй гаспадыні, пашумліваючы спелымі галоўкамі. Кулакоўскі.

3. Патоўшчаная канцавая частка чаго‑н. Галоўка бедранай косці. Галоўка запалкі. Галоўка цвіка.

4. толькі мн. (гало́ўкі, ‑ловак). Пярэдняя частка саней. Пакласці сена ў галоўкі. □ Бацька хутка ўлажыў дровы — крыху вышэй за галоўкі — перавязаў вяроўкаю за развалкі. Мыслівец.

5. толькі мн. (гало́ўкі, ‑ловак). Пярэдняя частка ботаў, якая пакрывае пальцы і верхнюю частку ступні. Паставіць у ботах новыя галоўкі. □ Боты не надта хвацкія: да старых, абшарпаных халяў прышыў Адам галоўкі з траскучай карабацістай скуры. Навуменка.

•••

Баявая галоўка — тое, што і боегалоўка.

Гладзіць па галоўцы каго гл. гладзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сце́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Памянш. да сцяна; тое, што і сцяна. На сценках вялікага пакоя дрыжаў ружовы водсвет пажарышча. Бядуля. Які прастор! Здалёк стаяць Чатыры сценкі бору. Панчанка. У хаце цёмна. Сценкі печкі чырванеюць, і на іх паверхні яркімі зорачкамі ўспыхваюць пылінкі. Каршукоў.

2. Бок якога‑н. пустога прадмета. Сценкі кузава аўтамашыны. □ Дно і сценкі [бочкі] аплылі слізкаю цвіллю. Самуйлёнак. // Абалонка якога‑н. унутранага органа, поласці. Брушная сценка. Сценкі крывяносных сасудаў.

3. перан. Шчыльны, самкнуты рад байцоў у кулачнай бойцы, а таксама сама кулачная бойка. Крыкі рынулі з усіх бакоў. Сценка кінулася на сценку.. Праз пяць хвілін білася ўжо ўся гімназія. Караткевіч.

4. Абл. Мера палатна даўжынёй на сцяну, на якой снавалі пражу. [Марыля:] — Добры быў лянок; палола яго, рвала, слала, а як улежаўся — сушыла, мяла, удваіх з Зоськай нітачку па нітачцы вывелі... па грамніцах кросны паставіла... колькі сценак наткала. Купала.

5. Камплект аднатыпнай мэблі, які размяшчаецца каля сцяны і прызначаецца для адной мэты.

•••

Гімнастычная сценка і (уст.) шведская сценка — гімнастычны снарад у выглядзе дзвюх стоек з папярочнымі перакладзінамі для практыкаванняў.

Прыперці да сценкі гл. прыперці.

Ставіць да сценкі гл. ставіць.

Як у (аб) сценку гарохам — тое, што і як у (аб) сцяну гарохам (гл. сцяна).

сце́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Шырокая мяжа, палявая дарога. Агародамі выйшаў я на сценку, а па ёй на вузкую дарогу, па адзін бок якой буялі кукурузныя кіяхі, а па другі густа стаяла вільготнае жыта. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адку́ль, прысл.

1. пытальнае. З якога месца? — Адкуль самі будзеце, дзядуля? — запытаўся я. Скрыган. Баян замоўк. Да баяніста Падходзіць дзед. — Скажы, браток, Адкуль ты? Дзе твой край-куток? Колас. Выраз яўнага здзіўлення мільгануў на тварах: што гэта за чалавек, адкуль з’явіўся ён у такую пару... Лынькоў. // З якой крыніцы? ад каго? — Эдэм! Эдэм!.. — смяялася яна. — Адкуль бярэш ты гэтакія словы! А. Астапенка. — Адкуль у цябе гэтулькі дабра? — пытаецца багаты брат у беднага. Якімовіч. // Ужываецца ў клічна-пытальных сказах пры выказванні нязгоды, адмаўлення чаго‑н. [Суседка:] — А я казала свайму: не сёй у панядзелак. Пільнуйся старога Юстыня! Не паслухаў. Ну і вырас лянок... Толькі адна кудзеля і будзе. Адкуль той кужаль! Чарнышэвіч.

2. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова: а) для падпарадкавання даданых сказаў месца (часта ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «там», «туды», «адтуль» у галоўным сказе). Крамарэвіч ускінуў руку, і граната разарвалася там, адкуль крычалі. Чорны. Маша хітра ўсміхнулася і глянула туды, адкуль усё мацней і мацней даносіўся стукат матацыкла. Кулакоўскі. [Лабановіч:] — Унь там Мікуцічы, а вось дарога на станцыю. Ідзіце, адкуль прыйшлі. Колас; б) для падпарадкавання даданых азначальных сказаў (часта ў адпаведнасці з суадносным словам «той» у галоўным сказе). Дзед прытаіўся за дубам і стаў углядацца ў той бок, адкуль даносілася.. шорганне ног невядомага чалавека. Колас. Мы з бацькам стаім і глядзім у той бок, адкуль да нас ідзе, па лугавой дарозе чалавек. Брыль. Каця.. згладжвае крайкі зляжалае зямлі, адкуль толькі што выняла мадэлі. Скрыган; в) для падпарадкавання даданых дапаўняльных сказаў. [Дзед Бадыль:] Пакутуем, чалавеча. Проста гінем і не ведаем, адкуль паратунку чакаць. Крапіва. Адкуль у старой бяруцца сілы, цярплівасць, прывет — ніхто з нас не дзівіцца. Брыль.

•••

Адкуль (толькі) ногі ўзяліся гл. нага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Малача́й1 ’трава, пустазелле’ (Сцяшк.), ’малачай, Euphorbia helioscopia L.’ (віц., гом., мін., Кіс.; слуц., Лекс. і грам.; Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ), стаўбц. малатча́й (З нар. сл.), б.-каш. маладча́й (Мат. Гом.), малачня́к (браг., лоеў., хойн., Мат. Гом.), малача́к, ’тс’ (жлоб., Мат. Гом.; рэч., Нар. сл.), лельч. молочʼя́к ’тс’ (Нар. лекс., Жыв. сл.), малача́йнік ’тс’ (ТСБМ, Бяльк.), молочʼя́к ’малачай кіпарысы, Euphorbia cyparissias L.’ (стол., петрык., Бейл.). Укр. молочай, молочак, молочник, рус. волчье молоко, молочник, польск. mlecznik, mlecz (ostromlecz, wilcze mleko, wilczy mlecz, psimlecz, wilczomlecz), в.-луж. mlóčeń, mlóčenje, чэш. vlčí (zajačí, žabí, kaní, kozí, hadí, čertovo) mléko, mléč (žabí, hadí), славац. mliečnik, славен. mlȇčec, mléček, серб.-харв. млѐчика, млеча, mliječ, макед. млеч, балг. млечок ’малачай’. Да малако (гл.). Фармацыі з суфіксам ‑ай утвараюць бел.-укр. ізалексу. Усе вышэйпералічаныя слав. назвы звязваюцца з малаком у сувязі з тым, што расліна вылучае сок, падобны да малака, які мае востры, непрыемны смак, таму да назваў расліны дадаюцца азначэнні воўчы, сабачы, зайцаў, дʼяблаў і да т. п. (Махэк, Jména, 139). Аналагічна ў інш. мовах, параўн. ням. Wolfmilch.

Малача́й2, молоча́й ’адуванчык лекавы, Taraxacum officinale Web.’ (брэсц., гродз., мін., Кіс.; Бейл., ТС), молочʼяк ’тс’ (ТС). Укр. молочі́й, молочко́, моло́чник, моло́шник, рус. молоча́й ’тс’, польск. mlecz, в.-луж. mlóč, чэш. smetanka, усх.-чэш. mlíčí, славен. mlȇć, серб.-харв. мле́кача, макед. млечка. Усходнеславянскае. Да малача́й1 (гл.).

*Малача́й3, молочя́йлянок звычайны, Linaria vulgaris Mill.’ (Бейл.). Укр. молочі́й, моло́шничок, рус. тул. моло́чник. Бел.-укр. ізалекса. Да малача́й1 (гл.).

Малача́й4 жоўты ’падтыннік вялікі, Chelidonium majus L.’ (Дэмб. 1). Укр. молоча́й жовтий, молочник, молошник, рус. варон., ніжагар. молочай жёлтый ’тс’, польск. mlecz żółty, чэш. mlíč, hadí mlíč, hadí mlíčí, славац. psie mlieko, харв. žuta mličica, ням. Milchblume ’тс’. Да малача́й1.

Малача́й5 ’дзіцячая хвароба малочніца’ (Шат.). Бел. рэгіяналізм. Да малако (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 145). Гл. таксама малочніца.

Малача́й6 ’грузд перцавы, Lactarius piperatus’ (БелСЭ, 4; Сцяц.; карм., лельч., Мат. Гом.; уздз., Нар. словатв.), драг. молоче́й, кобр. молочі́йка (Жыв. сл.). Рус. калін. молоча́й ’гатунак капялюшных грыбоў’, польск. mleczaj ’грузд перцавы’, серб.-харв. млечница, славен. mlȇčec, балг. лютива млечница. Паўночнаславянскае. Да малако (гл.). Матывацыя: грыб выдзяляе сок, падобны да малака. Аналагічна ням. Milchpilz (= малочны грыб). Параўн. драг. малочны грыб ’грыб, які выдзяляе малакападобны сок’ (Жыв. сл.) і бел. млечнік ’грузд’.

*Малача́й7, мълъча́й ’рыбіна з малокамі’ (гарад., Нар. лекс.), ’семявая вадкасць рыб’ (паст., швянч., ігн., гродз., Сл. ПЗБ), чэрв. малача́йка ’тс’ (там жа), молоча́к ’сялёдка з малокамі’ (Бес.). Рус. анеж. молоче́й ’малокі рыб’, польск. mleczak. Бел.-рус. ізалекса. Да малако ’малокі’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)