Бахмачы́ ’бахілы, скураныя лапці’ (Нас., Гарэц.). Відавочна, вытворнае ад бахма́ты (гл.). Параўн. значэнне гэтага апошняга ва ўкр. мове: ’мешкаваты (аб адзенні)’. Параўн. яшчэ рус. бахме́ткасматы, махнаты і г. д.’, ’непаваротлівы’. Першапачаткова бахмачы́ — ’дрэнны, мешкаваты абутак’. Аб магчымасці j‑форм ад бахма́т‑ гл. Трубачоў, Происх., 57–58, (дзе прыводзяцца тапанімічныя назвы тыпу Бахмач).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́лман ’анучнік, зборшчык утыльсыравіны’ (Сцяшк.). Без адпаведнікаў. Слова па структуры нагадвае запазычанне, але відавочна малы арэал распаўсюджання лексемы сведчыць пра магчымы рэгіянальны наватвор. Хутчэй за ўсё, адантрапанімічнае ўтварэнне. З магчымых слав. паралелей звяртаюць на сябе ўвагу рус. зах.-бран. калманоги ’кульгавы’, бел. калматыкасматы’ (гл.), адна к разглядаемае слова наўрад ці суадносіцца з імі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касмы́ль ’пасма’ (Касп., БРС); ’касматы чалавек’ (Сл. паўн.-зах., 2). Параўн. рус. дыял. космы́ль ’доўгія раскудлачаныя валасы’, ’нячэсаная галава’. Вытворнае (суфіксам ‑ylь) ад прасл. *kosmъ, *kosma ’волас, валасы’, ’колер шэрсці жывёлы’, ’шэрсць’ і г. д. Здаецца, тып *kosmylъ з’яўляецца славянскім дыялектным утварэннем (бел.-рус. гаворкі) позняга часу (у Трубачова, Эт. сл., 11, 145–147, у іншых мовах не адзначаецца).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лахма́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае доўгую, густую поўсць; касматы. З кустоў, віляючы хвастом, выйшаў вялікі лахматы сабака. Скрыпка. // Зроблены са скуры з доўгай і густой шэрсцю. Лахматая шапка. Лахматы каўнер. // Разм. З доўгім ворсам (пра тканіны, а таксама вырабы з такіх тканін). Лахматая матэрыя. Лахматы ручнік.

2. З доўгімі і густымі ўскудлачанымі валасамі. Стары цыган Ляксей ляжаў пад сасною, палажыўшы лахматую галаву на корань. Каваль. // перан. Разм. Густы, кучаравы; з няроўнымі галінкамі, лістамі (пра расліны). Бэз лахматы Мірна свеціць на гародах. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кудла́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. З доўгімі скалмачанымі валасамі; лахматы. Мельнік задумліва глядзіць на касцёр, ківае кудлатай галавой. Асіпенка. // Ускалмачаны, разлахмачаны (пра валасы). Зараз жа прыйшоў і Антоніо, ладны хлопец з кудлатымі чорнымі валасамі. Маўр. // перан. Разм. З доўгімі і густымі галінамі (пра дрэвы). Толькі гайданецца часам галіна і пасыпецца з кудлатае хвоі срэбны пух. Лынькоў. // перан. Разм. Які распаўзаецца ў розныя бакі клубамі (пра дым, хмары і пад.). Толькі вецер гнаў услед кудлатыя хмары і свістаў ля вушэй. Пестрак.

2. З доўгай густой поўсцю; касматы. Кудлаты сабака.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лахма́ты, лахма́тыйкасматы, калматы’, ’зроблены са скуры з доўгай і густой поўсцю, з доўгім ворсам’, ’чалавек з доўгімі і густымі ўскудлачанымі валасамі’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш.; паст., Сл. паўн.-зах.), лахмач ’тс’ (міёр., З нар. сл., ТСБМ), лъхмаціна ’лахматая асоба’ (міёр., Нар. словатв.), мсцісл. лахмаценечкій, лахмаценькій ’лахматы’ (Нар. словатв.), лахмаціцца ’станавіцца лахматым’, лахмаціць ’рабіць лахматым’ (ТСБМ), лахмацець ’тс’ (в.-дзв., Сл. паўн.-зах.), лахма́тка ’непрычасаная жанчына’, ’калматая жывёла’ (Юрч. Вытв.). Паўн.-усх. бел. рус. ізалекса. Утворана ад лохма < лох‑ма, якое чаргаваннем галоснай кораня звязана з лах1 (гл.) (Фасмер, 2, 524). Сюды ж лыхма́ціння ’рызманы’ (Юрч. Вытв.). Параўн., аднак, ст.-грэч. λάχνος ’шэрсць, воўна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калма́ты ’пакрыты густымі скудлачанымі валасамі, поўсцю, касматы, кудлаты’, ’зроблены са скуры з доўгай густой поўсцю; з доўгім ворсам’, ’аброслы валаскамі, пушынкамі; нягладкі’ (БРС, ТСБМ). У гаворках: ’ускудлачаны, непрычасаны; касматы’ (Мал., Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Шат.). Ёсць таксама форма камлаты ’тс’ (івац., Бір., Працы ІМ, 6; саліг., Нар. словатв.; Сл. паўн.-зах., ТС, Федар. I). Дакладных адпаведнікаў да гэтага слова як быццам няма. Сустракаецца яно толькі ў с.-бел. гаворках; сказаць цяжка, ці вядома шырэй; таксама з дзвюх форм цяжка выдзеліць першасную. Відавочная інавацыя або архаізм, нельга таксама выключыць запазычання слова. Калі зыходзіць з архетыпу калм‑, можна прывесці некаторыя паралелі з суседніх рус. гаворак (гл. калмач і камлак), аднак у лінгвагеаграфічным аспекце яны неістотныя. Для такой структуры можна меркаваць аб праформе kl̥m‑, магчыма, паралельную да kl̥t‑ і да т. п. (параўн. калдыга і інш., гл. вышэй). Аб імавернасці такога меркавання сведчыць зах.-бран. калманоги ’кульгавы’, у такім выпадку можна думаць аб даўняй семантыцы ’боўтаць’, ’боўтацца’ і ’кульгаць’ (’хадзіць, перавальваючыся’?). Не выключана, што сюды можна аднесці і ўкр. калмичити ’змочваць снапы ў вадкай гліне перад пакрыццём даху’. Калі зыходзіць з першаснай формы камл‑, неабходна мець на ўвазе магчымасць утварэння такой асновы і з больш ранняй *кабл‑. Такая магчымасць уяўляецца тым не менш малаверагоднай, хоць выключыць яе поўнасцю нельга (параўн. камлук, каблук). Можна меркаваць аб магчымай сувязі з лахматы. Калі метатэза халматы сапраўды мела месца, наступнае азванчэнне зычнага не здаецца неверагодным. Апрача ўсяго гэтага, тут мог рэалізавацца субстратны ўплыў (параўн. жанікжаніх і інш. у бел. зоне моцнага балтыйскага ўплыву). У такім выпадку лёгка можна вытлумачыць параўнальна вузкі арэал распаўсюджання бел. слова. Адносна запазычання нічога пэўнага сказаць нельга. Таксама няясна, ці ёсць падставы лічыць разглядаемае слова архаізмам, паколькі нельга падмацаваць такое меркаванне надзейнымі доказамі. Адносна формы калматы параўн. яшчэ полац. хамлак (гл. падрабязней пад калмык).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

калма́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Пакрыты густымі скудлачанымі валасамі, поўсцю; касматы, кудлаты. Калматыя бровы. □ Дзверы адчыніліся, і з іх высунулася калматая галава шафёра. Ваданосаў. [Джон] прывітальна павіляў гаспадару калматым хвастом. Паслядовіч. // Зроблены са шкуры з доўгай, густой поўсцю. З-пад калматай шапкі звісалі бровы над невялічкімі шэрымі вачамі. Пестрак. // Разм. З доўгім ворсам (пра тканіны, вырабы з гэтых тканін). Віктар Паўлавіч у піжаме, з прыгожым калматым ручніком, з блакітнай мыльніцай прайшоў на кухню. Шамякін.

2. Аброслы валаскамі, пушынкамі; нягладкі. Ля ракі маладая крапіва, на лозах калматыя каткі. Пташнікаў. Калі муць сплыла, Паўлік убачыў павука з калматымі ножкамі. Даніленка.

3. Разм. З густым, няроўным веццем, лісцем (пра расліны, дрэвы). А лес шумеў... Цёмны, калматы, ён падступаў як бы ўсё бліжай, бліжай. Гамолка.

4. перан. З няроўнымі, як бы пашматанымі на кавалкі краямі (пра хмары, клубы пары, туману і пад.). У начной цемры .. [хмара] нагадвала дым, бо спераду вілася злавеснымі калматымі клубкамі. Чарнышэвіч. Надвор’е нядобрае, сырасць і стынь. Калматыя хмары нібыта з аўчыны. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пёс ’сабака’ (Бес., Нас.), астрав. пес ’тс’ (Сл. ПЗБ), пёссі ’сабачы’ (чач., Нар. Гом.; Чарадз. казкі), укр. пес, рус. пёс, польск. pies, н.-луж. pjas, в.-луж. pos, чэш., славац. pes, славен. pȅs ’сабака’, серб.-харв. па̏с, макед. пес, балг. пес, пе́сът, старое pъs, ст.-слав. пьсъ. Прасл. pьsъ, якое фанетычна стаіць найбліжэй да ст.-інд. piçáŋgas ’рыжаваты, карычневы’, параўн. Рыжык ’імя сабакі’ і прасл. *pьstrъ ’стракаты’ (першапачаткова ’плямісты’ — параўн. авест. paēsa ’пракажоны’, ст.-грэч. ποικίλος ’стракаты’ і інш.) (Фасмер, 3, 248). Найімаверней выходзіць з і.-е. *pĭk‑ ’злы’, хаця ў балт. мовах — *pik‑/*pei̯k‑/*poi̯k (літ. pìktas ’тс’, peĩkti ’ганіць’, ’абгаворваць, зняслаўліваць’, paĩkas ’прыдуркаваты’) (Сной–Бязлай, 3, 27). Іншыя версіі: збліжэнне з лац. pecus ’скаціна’, ст.-грэч. πεκος ’шкура’, ст.-інд. paçús, авест. pasu‑ ’тс’, гоц. faíhu ’грошы’ з набліжэннем семантыкі да ’касматы, калматы’ (Ільінскі, РФВ, 69, 13; 73, 286; AfslPh, 34, 11) ці да ’вартаўнік скаціны’ (Остгаф, Parerga 1, 214, 256–265 і наст.; Брукнер, 411, Барталоме, 881), што, як і збліжэнне з лац. specio ’гляджу’ (Мее, Études, 238) і інш., з’яўляюцца менш імавернымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калашма́н ’птушка з касматымі нагамі’, ’чалавек у штанах з шырокімі калашынамі’ (БРС, ТСБМ), ’той, у каго шырокія з доўгімі калашынамі штаны’ (Янк. 3.), ’з доўгімі калашынамі’ (Мал., Сержп. Грам.), калашмай (значэнне?) (Сцяцко, Словаўтв.), калашмач ’пра чалавека ў шырокіх доўгіх штанах’ (Сцяц.). Сюды ж, верагодна, неабходна аднесці і калашмэт ’чалавек з кудлатымі валасамі’ (Мат. Маг.). Прыведзеная лексіка дазваляе выдзеліць розную суфіксацыю і аснову, у якой ‑м‑ можа з’яўляцца суфіксальным элементам або адносіцца да асновы. Калі дапусціць, услед за Сцяцко, Афікс. наз., 95, што гэта ўтварэнні ад прыметніка калашматы ’чалавек у шырокіх штанах’, у якіх ёсць і фармальны прыметнікавы паказчык — сегмент ‑м‑ (як частка суфікса ‑мат‑), то цяжка вытлумачыць калашман ’птушка з касматымі магамі’, калашмэт ’чалавек з кудлатымі валасамі’. Тураўскі слоўнік адзначыў для лексемы колоша форму мн. л. калошы са значэннем ’пер’е на нагах у курэй’ і дэрыват ад яе колошаты ’з аброслымі пер’ем нагамі (пра курэй)’. Што датычыць значэння ’чалавек з кудлатымі валасамі’, яго можна разглядаць як наступнае развіццё семантыкі. На базе семемы ’з касматымі нагамі’ натуральна магла ўтварыцца семема ’касматы’ і з наступным удакладненнем семантыкі, у адносінах да чалавека, ’з касматай (кудлатай) галавой’. Экспрэсіўнасць і слова, і суфікса цалкам дапускае мяркуемыя трансфармацыі семантыкі. Не вельмі ясным у данай версіі з’яўляецца генезіс суфікса ‑мат‑ (прыметнікавага, паводле Сцяцко). Аднак, паколькі як быццам надзейныя прыклады такой суфіксацыі ёсць (параўн. таўсматы ’таўставаты’), можна дапусціць, што яна ўзнікла ў выніку перараскладання структур, дзе ‑м‑ генетычны элемент кораня слова. Калі гэта не так, у межах таго ж дапушчэння, што калашман суадносіцца з калоша, калошы, можна прапанаваць наступнае. Нельга выключыць, што ‑м‑ тут на месцы ‑в‑, калі ў якасці ўтваральнага слова выступала форма калошва ’калоша’, калошня, засведчаныя на бел. тэрыторыі. У такім выпадку ў прыметніку маглі адбыцца працэсы фанетычнага ўзаемадзеяння і ў выніку дыстантнай асіміляцыі ўтварыцца ‑м‑. Не выключана таксама, што трансфармацыя адбылася пад уплывам нейкага падобнага па структуры і семантыцы слова. Звяртае на сябе ўвагу дзеяслоў калашмаціць, для якога ў бел. мове адзначана значэнне ’кудлачыць’ і дзе ‑м‑ як быццам рэгулярнае. Не выключана таксама, што калашмэт ’чалавек з кудлатымі валасамі’ наогул з’яўляецца вытворным ад гэтага дзеяслова і генетычна не суадносіцца з вышэй прыведзенымі словамі. Нельга выключыць яшчэ і той магчымасці, што калашман — утварэнне з экспрэсіўнай ‑ман‑ суфіксацыяй, а дэрываты з іншымі суфіксамі — вынік субстытуцыі суфікса ‑ман‑ на іншыя экспрэсіўныя, магчыма, больш натуральныя для канкрэтных гаворак. Пры гэтым, паколькі ‑м‑ адзначаецца ва ўсіх дэрыватах, замяняўся, верагодна, не суфікс ‑ман, а суфікс ‑ан, як больш часты. Пры такім тлумачэнні першаснасць прыметніка з’яўляецца праблематычнай і гэта, відаць, пацвярджаецца такім утварэннем, як калашманы ’калашматы’ (стаўбц., Нар. сл.), якое можна разглядаць і як утварэнне ад назоўніка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)