забабо́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які верыць у забабоны, схільны да забабонаў (пра чалавека). Забабонныя людзі лічаць, што падкова прыносіць шчасце.

2. Заснаваны на забабонах, прасякнуты забабонамі. Хоць расказы Яўхіма аб камені з крыжам былі заўсёды прасякнуты забабоннаю вераю і страхам, аднак і ў іх прасвечвай зярняткі праўды. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кансерваты́зм, ‑у, м.

Схільнасць да ўсяго старога, аджыўшага і варожасць да новага, прагрэсіўнага; кансерватыўныя погляды. Кансерватызм у кіраўніцтве. □ [Ён] рэзка нападаў на звычкі свайго народа, жорстка высмейваў яго забабоны і .. бічаваў яго акасцянеласць і кансерватызм. Колас. — Самае страшнае, таварышы, калі людзі звыкаюцца са становішчам, якое ёсць. Гэта называецца кансерватызмам, застоем. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лівандрэк ’лекі — забабоны ад урокаў у выглядзе чорных кавалкаў нейкай смалы, якую чапляюць, напрыклад, на рогі карове, калі яна ацялілася’ (КЭС, лаг.). Няясна. Магчыма, звязана паходжаннем са словам Levant ’Усход’, абазначаючы нейкі магічны сродак, які прыйшоў з Усходу, а другая частка з ням. Dreck ’бруд, кал’, ’дрэнь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Праку́да ’ахвотнік да свавольстваў, розных штук; гарэза; смешны’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Гарэц.), ’кемлівы’ (Нас.), ’незвычайная з’ява’ (Яруш., Нас.), ’насланнё, вера ў забабоны’, (Сцяшк. Сл.), ’надакучлівы’ (Сл. ПЗБ), праку́днік, ‑ніца, праку́дны. Рус. проку́да ’бязглуздая выхадка; шкода; прайдзісвет’, кудь ’злы дух, вядзьмарства, чары’, ц.-слав. прокуда ’вядзьмарства’, серб. дыял. проку̏да ’нягоднік’, балг. проку́да ’дрэнная звычка; выгнанне з роднага месца’, ст.-слав. прокуда ’сорам, ганьбаванне’, прокоудити ’ганьбіць; рабіць шкоду’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад праку́дзіць ’гарэзнічаць, вычвараць’, параўн. рус. проку́дитъ ’тс’, польск. przekudzic ’псаваць; дакучаць’, балг. проку́дя ’рабіць выгнанцам; праганяць’, ст.-слав. коудити, коуждѫ ’караць, асуджаць, ганьбаваць’. Да незафіксаванага *кудзіць (гл. кудзеснік), што ўзыходзіць да прасл. *kuditi. Гл. Фасмер, 3, 374, з літ-рай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́мха, часцей мн. л. пры́мхізабабоны, забабонныя прыкметы’ (ТСБМ, Шн. 1, Растарг.; лях., Сл. ПЗБ, ТС), пры́мухі ’прымхі; жарты’ (Ян.). Няясна. Верагодна, з’яўляецца аддзеяслоўным утварэннем ад прымсці́ць/прымсці́цца (гл.) з экспрэсіўным ‑х‑ на месцы ‑с‑ у фіналі асновы (чакалася б *пры́мс(х)а) і развіццём першаснай семантычнай базы (гл. Краўчук, Бел. лекс., 86). Іншыя версіі выказвалі Мікуцкі (сувязь з муха, параўн. польск. muchi w nosie ’пра ганарлівага, непрадказальнага’, гл. падрабязней Неўская, История слав. этим., 21; параўн. яшчэ макед. мушичка ’мошка; капрыз’), Свобада (Studies in Slavic Ling. and Poetics, N.Y. — London, 1968, 247). Ткачэнка (ЕСУМ, 4, 574) параўноўвае з рус. па́мха ’перашкода, ліха, пошасць’, помха ’неўраджай’, што да мох (гл.), *мъха ’хвароба коласа; іржа’; Трубачоў (ЭССЯ, 22, 194) адносіць да *mъxъ (гл. мох) у сувязі з павер’ямі, але не выключаецца і сувязь з *mъšъka ’мошка, мушка’. Параўн. укр. при́мхи ’тс’, при́мха ’капрыз, недарэчнае жаданне, выдумка’, при́мхати ’капрызіць’, при́мхливий, примхува́тий ’капрызны, пераборлівы’. Спецыяльна гл. Мяркулава, Этим. иссл., 6, 23.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

старасве́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Не сучасны па спосабу жыцця, звычках. Анупрэй застаўся старасвецкім ва многіх сваіх уяўленнях. Верыў у забабоны, сам загаварваў, каб спынілася кроў пры парэзе, верыў, што пры маланцы ў часе навальніцы бог пускае на зямлю стрэлы, верыў у чарцей, пра якіх часамі па-мастацку расказваў. Але вера гэтая была больш уяўная, паэтычная, чым рэальная. Пестрак. Хутка прыйшоў мужчына гадоў пад сорак пяць. А пасля, цэлы вечар, гаварыў аб вясковай цемры, аб старасвецкіх формах гаспадарання. Чорны.

2. Такі, які быў даўней і захаваўся да гэтага часу; які адпавядаў патрабаванням свайго часу. Вочы мае раптам улавілі пачарнелую, пакрытую мохам старасвецкую каплічку. Пташнікаў. Хата старасвецкая: глухой сцяной на вуліцу, на чыгунку, вокнамі на агарод. Навуменка. // Старамодны. Цётка Хіма аддала Галі яшчэ свой дзявочы бурнос. Праўда, ён быў старасвецкі, але цёплы. Сабаленка.

3. Вельмі стары. Цэлы гай старасвецкіх дубоў раскінуўся на беразе Нёмана. Колас. Пры гасцінцы абапал стаяць старасвецкія бярозы. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Жабанець, жэбоніты ’бубнець, ціха і невыразна гаварыць’ (пін., Нар. лекс., 107). Укр. жебоні́ти, дыял. жубоні́ти, жубе́лити ’бубнець, манатонна гучаць, гусці’. Параўн. рус. кур. жабта́ться, жебта́ться ’наракаць, скардзіцца’, паўн. жу́борить, жу́брить ’жаваць’, ’есці марудна, няясна гаварыць’, укр. бубоні́ти, залебоні́ти ’бубнець, лепятаць, гусці’, серб.-харв. жу̏борити, жубо́рити, жа̑морити, славен. žuboriti, žamóriti ’мармытаць, вурчаць, гусці’, серб.-харв. жа̑мор ’шэпт’, балг. жабу̀ркам, жубо̀ря, макед. жуборка, жуберка ’цурчаць’, н.-луж. žeboriś ’наракаць, скардзіцца’, чэш. мар. žemořit ’жабрачыць’. Грынчанка (1, 469) дае хутчэй за ўсё народна-этымалагічнае тлумачэнне ўкр. дзеяслова ў форме жабоні́ти: «размаўляць… падобна да няяснага шуму, які ствараюць часам жабы (без гучнага квакання)». Фасмер (2, 32) лічыць, што рус. жабтаться, жебтаться не трэба аддзяляць ад жабо́та ’клопат’. Аднак іх, верагодна, не трэба аддзяляць і ад шептаться. Зубаты (1, 2, 126) непераканаўча параўноўваў рус. словы з літ. gėbė́ti ’магчы’. Сувязь палес. слова з рус. няпэўная. Наяўнасць бел. забабоны, бубнець, укр. бубоніти, залебоніти, забобони ўказвае на магчымасць кораня ‑бон‑ (‑бън‑) са значэннем гаварэння, аднак існуюць і ўкр. варыянты лебедіти, жубелити, а таксама іншыя слав. варыянты тыпу жубор‑, жабор‑, жамор‑. Гэта дае падставу для параўнання з непалаталізаванымі словамі блізкіх значэнняў: гоман (гамана, гам), гаманіць (гл.), рус. гомон, гомонить, укр. гомін (гамір, гам), гомонити ’тс’, польск. gomon, gomonić ’тс’, чэш. hamoniti, дыял. hobořit, мар.-славац. hamár (чэш. і славац. homoniti Махэк₂, 159, лічыць русізмам). Не выключаецца і сувязь з гаварыць (гл.). У чэш. і славац. пашыраны дзеяслоў žebroniti, žabroniti, žobronit ’настырна выпрошваць, жабрачыць’, які ўзводзіцца да žebrati (Голуб-Копечны, 443; Махэк₂, 724), гл. жабрак; гэта слова магло (са стратай ‑r‑) быць запазычана ва ўкр. або ўзаемадзейнічаць з усх.-слав. словам тыпу *жуборѣти. Для слав. слоў гэтага тыпу існуе балт. паралель: літ. žaberiúoti, žabaruoti, žèbelioti, žebeliúoti ’балбатаць’, žiaũberoti ’жаваць, як конь’, ziõburoti ’злёгку зяваць’, лат. zabelêt ’слюнявіць’, zabene ’хто многа і невыразна гаворыць’, zabelet ’высмейваць’, літ. žaberêt ’скардзіцца’, žabelêt, žabinât ’гаварыць лухту’, žebinât ’марудна есці, жаваць’. Фрэнкель (1283, 1293) для першых чатырох слоў дапускаў магчымасць запазычання з ням. sabbeln‑ ’слінявіць, балбатаць’, што ў святле слав. паралелей мала верагодна. Буга (1, 495; З, 695) параўноўваў перадапошняе з рус. жуборить, жубрить ’есці цяжка, жаваць марудна’. Лічыць названыя слав. паралелі запазычанымі з балт. цяжка, хутчэй тут агульныя словы, а пачатковае ж — варыянт да з (як зябры‑жабры і інш.). Тады трэба суадносіць жуборить з рус. зубарить, зуборить ’кпіць, часаць зубы, балбатаць’, а таксама ўлічыць рус. дыял. зубанить, зубенить, зубаниться, зубониться ’марудна есці, спрачацца, кпіць’ для этымалогіі жабанець як балта-слав. слова. Для серб.-харв. жу̏борити ’цурчаць’. Ільінскі (ИОРЯС, 16, 4, 25) устанавіў і.-е. праформу *gʼheu‑b(h)‑or; у Покарнага (1, 447–449) gʼheu‑ ’ліць’, але няма варыянта гэтага кораня з ‑b(h)‑, а gʼhēu‑: gʼho(u)‑: gʼhəu‑ са значэннем ’зяваць’ з падаўжэннем gʼheubh выступае ў словах са значэннямі ’жменя; прорва’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

стары́, ‑ая, ‑ое.

1. Які пражыў шмат год, дасягнуў старасці; проціл. малады. Стары мужчына. □ То ж стары чалавек, яму [дзеду Нупрэю] год дзевяноста, ён дапаможа, параіць. Лынькоў. Праўда, Вера Мікалаеўна ніяк не магла пагадзіцца, што ў свае сорак сем гадоў яна ўжо старая. Арабей. Старога вераб’я на мякіне не падманеш. З нар. / у знач. наз. стары́, ‑ога, м.; стара́я, ‑ой, ж. — Цяпер маладыя не сядзяць дома. — Стары памаўчаў. — А мне от і не да[с]падобы горад. Парахневіч. // Разм. Які дасягнуў такога ўзросту, у якім позна што‑н. рабіць; які не падыходзіць па ўзросту да чаго‑н. Актрыса старая для гэтай ролі. // Які налічвае шмат гадоў (пра дрэвы). Шумяць над гасцінцам Старыя бярозы. Зарыцкі. Ад усяго двара засталася старая абгарэлая груша. Лынькоў. // Уласцівы пажылому, у гадах чалавеку. Жанчына старым, няроўным голасам зашушукала. Чорны. Стары твар маці зморшчаны. Бядуля.

2. Які даўно ўзнік, з’явіўся, існуе доўгі час. Стары горад. Кварталы старога Мінска. Старая прывычка. □ Як калісьці, на змярканні, зноў прыйду я на спатканне У парк стары, зачараваны, Дзе назваў мяне каханай. Валасевіч. — А-а, стары знаёмы, — сказала Часлава Карлаўна, мусіць, з радасцю, што ўбачыла мяне. Адамчык. Стары друг лепей за новых двух. Прыказка. // Які даўно займаецца якой‑н. дзейнасцю; вопытны, бывалы. Стары камуніст. □ Як ні сачыў я за ім, як ні перасякаў яго хітрыя петлі, праз нейкія паўгадзіны і след гэтага старога грыбніка прастыў. Шамякін. // Які адбыўся даўно. Звычайна чалавек, баючыся паўтарыць старую памылку, робіць новую, яшчэ глыбейшую. Чарнышэвіч. // Даўно вядомы. Старая прыказка. □ Тады Сяргей рашыў выкарыстаць свой стары спосаб, як хутчэй заснуць: думаць пра што-небудзь прыемнае. Шыцік.

3. Якім доўга карысталіся; паношаны. Старая мэбля. Старыя туфлі. □ Гаспадар прынёс мне старую світку і бялізну з грубага сялянскага палатна. Анісаў. // Які стаў нясвежым ад доўгага захоўвання, страціў свае якасці (пра прадукты харчавання). Старое сала. □ Хутка на ўсю хату запахла варанай капустай, запраўленай старым здорам. Ваданосаў. // Непрыгодны, які стаў несапраўдным пасля пэўнага тэрміну або пасля выкарыстання. Стары трамвайны білет. Стары пропуск.

4. Які даўно прайшоў, які даўно мінуў; мінулы (пра час). Сегенецкі ў старыя часы не смеў дамагацца дружбы з «панам Зямковічам». Чорны. За старым, даўнейшым часам елі людзі рэдзьку з квасам. Дубоўка. Толькі б навек адышоў у нябыт Веку старога гнілы рэквізіт. Кірэенка. // Характэрны для гэтага часу, уласцівы яму. Казік — тыповы беларускі інтэлігент старой закваскі. Машара. // Несучасны, устарэлы. Старая мода.

5. Такі, які быў раней, папярэднічаў каму‑, чаму‑н.; былы. Старое рэчышча ракі. Стары адрас. □ Аднак праз некалькі дзён [Чарнавус] адчуў, што яго стары аўтарытэт яшчэ можа мець сякі-такі поспех. Кулакоўскі. / Пра перыядычныя выданні, пісьмы і пад. ранейшых гадоў. Старая газета. / Пра мінулы, прайшоўшы год. Стары год. // Які мае адносіны да ўраджаю або прыпасаў мінулага года. Старая бульба.

6. Які мае адносіны да ранейшага ладу, рэжыму, уласцівы яму. Старая армія. Старыя вытворчыя адносіны. □ Маці .. сказала сыну: — Добра, што я за брыгадзіра згадзілася быць. Гэта ж застацца адной, як .. у старыя часы, — загінуць можна. А так я з людзьмі заўсёды. Дуброўскі. Таму, што бабка чалавек старога веку і верыць у забабоны, дык і хрысціцца. Якімовіч. // у знач. наз. старо́е, ‑ста, н. Тое, што было раней, у мінулыя часы. Яны [сяляне] прыраслі к старому, усё мераюць старым аршынам! Мележ. Старое аджывае свой век, на яго месца прыходзіць новае. Арабей. [Гарошка:] — Ну, што вы скажаце, якія людзі! Колькі яшчэ перажыткаў старога ў іх на гарбу вісіць. Краўчанка.

7. Зроблены, створаны даўней і які захаваўся да гэтага, нашага часу; даўнейшы. Старая бронза. // Які знаходзіўся ва ўжытку раней. [Падбярэцкі:] — Я ў месяц на старыя па пяць тысяч, а то яшчэ з гакам, выганяў. Прагрэсіўка, прэмія — надбаўка... Пташнікаў.

•••

Стары завет гл. завет.

Стары свет гл. свет.

Стары стыль гл. стыль ​2.

Стары халасцяк гл. халасцяк.

Голы як стары венік гл. голы.

І стары і малы — усе без выключэння, усе да аднаго, усе без разбору.

Мераць на стары аршын гл. мераць.

Па старой памяці гл. памяць.

Старая песня гл. песня.

Старое карыта гл. карыта.

Стары верабей гл. верабей.

Стары як свет — вельмі даўні, спрадвечны.

Як старой бабе сесці гл. сесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)