тро́мкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што, чым, на чым.

Разм.

1. Іграць на шчыпковым музычным інструменце. Тромкаць на балалайцы. // Няўмела іграць на такім інструменце. / у вобразным ужыв. А так хочацца яшчэ На сасну на стромкую, Дзе вясна дываны тчэ І ў цымбалы тромкае. Іверс.

2. Гучаць (пра шчыпковыя інструменты). [Якім:] — Твая скрыпка [Сымон] будзе цэла: Я ж гляджу яе тут сам, Граць і тромкаць яе дзела! Ну, больш Хаіму не дам! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рабі́ць ’займацца чым-небудзь’, ’майстраваць’, ’працаваць’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Сцяшк., Ян., Бяльк., Гарэц., Янк. 3., Шпіл.), ’апрацоўваць зямлю’ (Выг.), рабі́ць се́на ’нарыхтоўваць сена’, рабі́ць лад ’спраўляць вяселле’, рабі́ць дзела ’працаваць’ (Сержп.). Сюды ж рабі́цца ’станавіцца; адбывацца, тварыцца; вырабляцца з чаго-небудзь’ (ТСБМ); ’утварацца, вырабляцца з чаго-небудзь; апрацоўвацца’ (мядз., лід., вільн., віл., Сл. ПЗБ). Параўн. польск. robić ’рабіць, працаваць’, што суадносіцца з літ. dirbti, ням. arbeiten ’тс’. Да прасл. кораня *orb‑, аднакарэннае да раб, рабо́та (гл.). Беларускае слова запазычана з польскай мовы (Карскі, 1, 96).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тара́ніць1 ’біць, удараць тараном або корпусам баявой машыны’ (ТСБМ), ’біць, разбіваць цэпам перавязь у снапоў дзела лепшага абмалоту’ (Нас., Байк. і Некр.). Апошняе значэнне Насовіч (Нас., 633) звязваў з таран2 (гл.), на якім грунтуецца і літаратурнае слова, магчыма, запазычанае з рус. тара́нить.

Тара́ніць2 ’вешаць рыбу для сушкі’ (Ян.). Параўн. укр. дыял. тара́нити ’выбіраць рыбу з невада’. Адсубстантыўны дзеяслоў ад тара́н1, гл.

Тара́ніць3 ’несці’ (Юрч.), тара́ніцца жарт. ’ісці’ (Юрч. Вытв.). Відаць, пераноснае ўжыванне тараніць1, якое суадносіцца з тарнаваць2 ’малаціць перагорнутыя неразвязаныя снапы’ (гл.), або скарочанае з тарабаніць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разбо́р, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разбіраць — разабраць (у 1–7 знач.).

2. (звычайна з прыназоўнікамі «з» і «без»). Разм. Выбар, адбор. Лес тут быў калгасны, высякалі яго многа і без разбору. Б. Стральцоў. Я разумею: крытыкаваць .. трэба, без гэтага нельга, але крытыкуй з разборам. Хадкевіч.

3. Разгляд судовай справы. Судовы разбор. □ [Сымон:] Адбудую хату нанава, гаспадарку нанава завяду.. Вось толькі .. разбору дзела дачакацца! Купала.

•••

На (пад) шапачны разбор; на разбор шапак — пад канец справы, пад канец (прыйсці, паспець, з’явіцца і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бо́ўтаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Рухаць чым‑н. у вадкасці; мяшаць, перамешваць што‑н. вадкае; плюхаць. Ціха ля агню, толькі трашчыць вогнішча ды ў лозах у вадзе, што злецілася, боўтае рыба. Пташнікаў. На ім [ўслоне] стаяла дзежка цеста, І апалонік то і дзела Па дзежцы боўтаў жвава, смела. Колас. Лыжкаю, якую бывалыя рукі лыкам прывязалі да галінкі, .. [Пархвеныч] боўтае ў вядзёрку, збірае накіп з юшкі. Накіпу ўжо і няма, а ён усё боўтае ды боўтае лыжкаю. Карамазаў.

2. чым. Рабіць рухі чым‑н. звешаным. Падлубны ціхенька пасвістваў, боўтаючы нагамі пад лавай. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ра́дзі прыназ. ’з-за’ (Ян., ТС), ра́дзі, ра́ді ’з прычыны, дзеля’ (Сл. ПЗБ). Архаізм, магчыма другаснае запазычанне з рус. ра́ди ’з-за’, ’з мэтай чаго-небудзь’. Укр. ра́ди, зара́ди, славен. zaradi, серб. ра̑ди, харв. rȁdi, балг. заради́, старое ради, макед. поради, заради, ст.-слав. ради. Да прасл. *radi, якое лічыцца прамым пранікненнем ст.-перс. rādiy ’тс’ (Мартынаў, Становление, 37); іншыя разглядаюць іх як акамянелыя формы лакатыва нейкага назоўніка з тым жа і.-е. коранем (Чарных, 2, 93); паводле Глухака (515), утварэнне ад асновы на i прасл. *radь ж. р., суадноснага з прыметнікам *radъ (гл. рады) па тыпу дзе́ля: дзе́ла (гл.), лац. causā: causa ’справа, праца’ і пад. Аўтары ESJSt (12, 744) схіляюцца да непасрэднай сувязі з *raditi/roditi ’дбаць, старацца’ (гл. рад2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

перапыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. і без дап. Спытаць яшчэ раз; зноў звярнуцца з тым жа пытаннем. [Надзя] не паверыла адразу словам, перапытала. Галавач. Ад прыкрасці Мікола аж крактануў .. і перапытаў у Нічыпара: — Значыць, не адпусціш? Б. Стральцоў. — Як, як вы кажаце? — перапытаў.. [Ян], падступаючы бліжэй да бравага фельчара. Чорны. Бацька ў такіх выпадках.. пяць разоў перапытае, потым адкажа. Бажко. — Што ж з Якушом пасля зрабілі? — З Якушом? — перапытаў дзед. — Пакаралі. Скрыган.

2. Апытаць усіх, многіх; спытаць пра ўсё, многае. Мы.. усе хаты абышлі, усіх людзей перапыталі, ці не бачылі цябе дзе часам... Васілевіч. [Барановіч:] — Якое каму дзела, хто з кім жаніцца ці за каго замуж ідзе. Дык не, усё перагавораць, усё перапытаюць, да ўсяго дакапаюцца. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

валя́цца, я́юся, ‑я́ешся, ‑я́ецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ляжаць у беспарадку, бязладна, як папала, не на месцы. Усюды на падлозе валяўся хатні скарб — рашоты, адзежа, кублы. Лупсякоў. [Юткевіч] ляжаў на нейкай старасвецкай канапе,.. каля канапы валяўся ягоны англійскі шынель. Мікуліч. // Ляжаць без ужытку. Каля адрынкі пад страхою У дзеда Юркі сіратою Валяўся човен так, без дзела. Колас.

2. Лежачы, пераварочвацца з боку на бок. [Гарлахвацкі:] Вы, напэўна, самі не раз паглядалі, як нашы свінні ахвотна валяюцца ў брудных лужах. Крапіва.

3. Разм. Ляжаць, нічога не робячы. Цэлымі днямі Марынка валялася на ложку, чытала, глядзела тэлевізар. Шыцік. // Доўга ляжаць у пасцелі з прычыны хваробы, ранення. Валяцца ў шпіталях.

•••

Ад ветру валяцца — ледзь стаяць на нагах ад слабасці.

На дарозе (зямлі, доле, абы-дзе) не валяецца — дарма не дастаецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тарнава́ць1 ’малаціць перавернутыя неразрэзаныя снапы’ (Нас.), ’малаціць неразвязаныя снапы’ (Байк. і Некр.), ’малаціць перакуленыя неразрэзаныя снапы’, ’адбіваць калоссе і адкідваць яго ўбок’ (Касп., Стан.). Параўн. рус. дыял. тарнава́ть ’малаціць збожжа ў снапах, папераменна іх пераварочваючы’, торно́вка ’малацьба звязаных снапоў’. Гл. тара́ніць ’біць, разбіваць цэпам перавязь у снапоў дзела лепшага абмалоту’ (гл.), паводле Насовіча (Нас.), звязана з таран2 (гл.). Няясна. Рускія словы выводзяць са сторновать ’тс’, якое суадносяць са стернь (Праабражэнскі, 2, 385; Фасмер, 4, 84), гл. сцёран2, стырня, або са сторона (Новое в рус. этим., 219), гл. старана.

Тарнава́ць2 ’табаніць, прычальваць, прыставаць да берага’ (Ласт.), ’кіраваць, накіроўваць у пэўным напрамку’ (віл., шальч., Сл. ПЗБ), ’тармазіць, затрымліваць (плыт)’ (віл., іўеў., брасл., Сл. ПЗБ), тарнава́цца ’швартавацца’ (карэліц., ЖНС). З мовы плытагонаў, параўн.: “Гануля тарнуй: выкрык плытнікаў на Нёмане, азначаючы каманду прыбіваць плыт да берагу” (Ласт., 698). Няясна; мяркуюць пра сувязь з ням. steuern ’кіраваць’ (Сл. ПЗБ, 5, 90). Гл. таксама тарно, тарнавы.

Тарнава́ць3 ’біцца ў канвульсіях’: тарну я кунвурсія; тарнуе (пра эпілепсію) (чэрв., Сл. ПЗБ; ЛА, 3), ’трэсціся ў ліхаманцы’ (Жд. 1), ’турбаваць, хваляваць’ (Растарг.), тарнава́цца ’калаціцца ад злосці, страху’ (Жд. 1), ’мардавацца’ (жлоб., Нар. словатв.), ’неспакойна стаяць, кідацца ва ўсе бакі’ (чач., ЖНС), ’насіцца, бегаць’ (Ян.), ’гарэзіць, шумець (пра дзяцей)’ (ветк., Ск. нар. мовы), сюды ж таранава́ць ’пра стан, калі чалавек неспакойна сябе паводзіць’ (там жа). Запазычанне, параўн. польск. дыял. tarny ’мурашкі, дрыжыкі (на целе)’, tarnieć ’дранцвець’, tarnąć ’церпнуць’, што, паводле Брукнера (566), з першаснага *tarpnąć, гл. цярпець, церпнуць.

Тарнава́ць4 ’прыстасоўваць, прымяняць’ (Стан.), ’адносіць; рабіць прыгодным для выкарыстання, прымянення’: ён гэта тарнуе да мяне (віл., Стан.), тарнава́цца ’прыстасоўвацца’ (Гарэц., Байк. і Некр.), ’уладкоўвацца, размяшчацца’, ’прыстасоўвацца, дапасоўвацца’ (віл., Стан.). Наватвор 20‑х гадоў на базе тарнаваць3 з першасным значэннем ’турбаваць, хваляваць’; зафіксавана ў першым выданні слоўніка братоў Гарэцкіх (Гарэц. 1) у прыставачным дзеяслове прытарно́ўваць ’прыстасоўваць, дапасоўваць’, параўн. у сучасным ужыванні тарнаванае мастацтва ’ўжытковае, прыкладное мастацтва’ (Беларусіка, 19, 226), з далейшым развіццём значэння ’дастасоўвацца, датычыцца’.

Тарнава́ць5 ’цягнуць, несці, везці цяжкае ці вялікае’ (Мілк.). Відаць, звязана з тараніць3 ’несці’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сту́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Ударыць, звычайна са стукам. [Госць] стукнуў кулаком аб стол так моцна, ажно пасуда зазвінела на розныя галасы. Бядуля. Цар стукнуў сваім царскія посахам аб падлогу. Якімовіч. Але, дапіўшы з конаўкі салодкую цеплыню,.. [стары] нечакана стукнуў посудам па стале і ўстаў. Брыль. / Пра біццё, штуршок сэрца. Толькі ціха стукнула сэрца. Толькі крыкнуў тужлівы птах. Дайнека. // Ударыць каго‑н. Дастаткова .. [Саўку] было самага раз’юшанага быка ўхапіць за рогі, стукнуць кулаком па галаве, як той валіўся на зямлю. Гурскі. Тады .. [Стафанковіч] нацягнуў рукаў свайго кажушка і знячэўку стукнуў Сашку па карку. Чорны. / у безас. ужыв. — Ой, Цэзар, — гаварыла маці. — Быць манцёрам зусім не цікава. Ды і токам можа стукнуць. Ты ў нас будзеш музыкантам! Арабей. // перан.; па кім-чым. Разм. Зрабіць каму‑н. з’едлівыя, колкія папрокі, заўвагі; папракнуць каго‑н. за што‑н. Стукнуць па безгаспадарчасці. // каго. Разм. Забіць або раніць. У асінніку дзіка стукнулі. □ [Злобіч:] — Кожны дзень, кожную ноч дзе-небудзь ды і стукнем [фрыца]. Вось і сёння... М. Ткачоў. — Каюк усім нам, — уголас гаворыць Аўсянік. — Ладуцьку стукнулі, ясна. Навуменка. / у безас. ужыв. Вось тады мяне і стукнула, — [Доўбік] паказаў на сваю пераносіцу. Гроднеў. // перан. Падзейнічаць на галаву або на органы руху. Пракоп даўно ўжо не піў гарэлкі, і хмель наймацней стукнуў яму ў галаву. Колас. / у безас. ужыв. Твар .. [Зосі] пабялеў, стукнула ў вушах. Чорны.

2. Учыніць стук, шум пры ўдары, штуршку. Зноў стукнула брамка. Таня зірнула з-за сцяны. Ішоў Вадзім. Паўлаў. Бабка сярдзіта накінула на сябе світку, моцна стукнула дзвярамі і накіравалася да Лявона Секача. Колас. / у безас. ужыв. Не па возеры стукнула, а недзе ў напрамку Прыпяці. Краўчанка. // Ударыць маланкай, моцна загрымець. Жыла [Фроська] і сумавала, а больш ад страху калацілася: пярун мог стукнуць, нядобры чалавек зайсці. Лобан. Міколку здалося, што ў яліну стукнуў пярун. Лынькоў.

3. Ударыць (у акно, дзверы і пад.), падаючы стукам сігнал аб прыходзе, просьбе ўпусціць і пад. Тройчы стукнуць у акно — такі ўмоўны знак. Кулакоўскі. // Раптоўна, нечакана або з сілай пачацца, пастаць (пра з’явы прыроды). Перад самымі калядамі раптам стукнуў .. мароз. С. Александровіч.

4. каго-што і без дап. Знянацку напасці, раптоўна атакаваць. Рухавей павялі сваю работу ваенныя штабы,.. намацвалі найболей слабыя і балючыя цэнтры свайго праціўніка, камбінавалі, строілі планы, каб увесці яго ў аблуду і пры першым жа зручным выпадку стукнуць па ім там, дзе ён меней за ўсё спадзяецца. Колас. [Архіп:] — У раку [легіянеры] не палезуць. Пусціш у пастку і стукнем з трох бакоў. Грахоўскі.

5. Разм. Наступіць (пра час, падзеі). У кнізе падрабязна разглядаюцца прычыны крызісу каталіцызму: для яго даўно ўжо стукнуў той час, калі бунтуюць не толькі асобныя ўплывовыя тэолагі, але і цэлыя епархіі. «Полымя». // безас. каму. Мінуць, споўніцца (пра гады). Мне стукнула шаснаццаць гадоў, я лічыўся дзесяцікласнікам, мяне кахала самая прыгожая ў класе дзяўчына. Навуменка.

6. Разм. Выпіць (чарку). Рыгор-хурман хадзіў без дзела,.. Хадзіў і лёганька хістаўся: Ён трохі стукнуў — ці не з гора? Колас.

7. Прымусіць стукнуцца. [Рыгор:] — Будзеце задзірацца — стукну ілбамі так, што рогі вырастуць! Ваданосаў.

8. перан. Разм. Перадаць што‑н. пры дапамозе якіх‑н. сродкаў сувязі. [Дзед Астап:] — Ты ўжо стукні па тэлеграфе на раз’езд. Лынькоў.

•••

Палец (пальцам) аб палец не стукнуць — тое, што і палец (пальцам) аб палец не ўдарыць (гл. ударыць).

Стукнуць у галаву; у галаву стукнула каму — нечакана прыйшла думка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)