распраме́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

1. Асвятліць чым‑н. Сонца распраменіла наваколле. // звычайна ў форме дзеепрым.; перан. Ажывіць, асвятліць якім‑н. пачуццём, настроем і пад. Вера з Максімам сядзелі ўжо на канапе. Максім трымаў яе за руку, глядзеў у распрамененыя радасцю вочы і ўсё расказваў, расказваў. Машара.

2. Зак. да распраменьваць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ажы́ўлены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад ажывіць.

2. у знач. прым. Вясёлы, бадзёры, узбуджаны. Калі Віктар адышоў, Мая, усё яшчэ ўзрадаваная, ажыўленая, са шчаслівымі іскрамі ў вачах, хапіла Мікалая за руку і засмяялася. Карпюк. Грукаючы ботамі, у пакой забег ажыўлены Валодзя. Даніленка. // Які выяўляе ажыўленне. Ажыўлены погляд. Ажыўленая ўсмешка. // Цікавы, жывы, займальны. Ажыўленая размова. // Поўны руху, мітусні, дзейнасці; шумны. Ажыўлены парк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ачу́ціць ’прывесці ў прытомнасць, ажывіць’ (КСП, Сцяц., Сцяшк.), ачу́ніцца ’апрытомнець’ (Янк. I), укр. очу́тити ’прывесці ў прытомнасць’, рус. тул. ачю́тытца ’апрытомнець’, польск. ocucić ’прывесці ў прытомнасць’, ц.-слав. ощутити ’адчуць’, ст.-слав. оштоутити ’пазнаць, адчуць’. Звязана чаргаваннем галосных з ачнуцца; прасл. ot‑jutiti (), шляхам дэкампазіцыі ўспрынятае як o‑tjułiti (); адпавядае літ. atjaũsti ’спачуваць’ ад jaũsti, jaučiù ’адчуваць’, гл. Махэк, Studie, 41. Няроднаснае да чуць, чую, бо ў апошнім ч‑ мае праславянскі характар, а не з tj‑, гл. Фасмер, 3, 179; Слаўскі, 1, 108. Формы з націскам на канцы развілі значэнне ’апынуцца’, параўн. ачуці́цца ’аказацца, апынуцца’, укр. очути́тися, рус. очути́ться.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ажы́ўлены

1. прич. оживлённый;

2. перен. оживлённый; воскрешённый;

1, 2 см. ажыві́ць;

3. прил. (исполненный жизни, выражающий оживление) оживлённый;

а. по́гляд — оживлённый взгляд;

а. рух на ву́ліцах — оживлённое движе́ние на у́лицах

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

абнаві́ць, ‑наўлю, ‑новіш, ‑новіць; зак., што.

1. Паправіўшы, адрамантаваўшы, надаць старому, зношанаму выгляд новага; аднавіць, паднавіць. Абнавіць мэблю ў кватэры. // перан. Зрабіць іншым, новым; адрадзіць, ажывіць. Абнавіць духоўныя сілы. □ [Бедны і Крапіва] не проста напоўнілі традыцыйную байку новым зместам, а абнавілі і самую яе форму. Казека.

2. Папоўніць што‑н., уносячы новае, замяніць устарэлае новым. Абнавіць наглядную агітацыю. Абнавіць склад рэдкалегіі. Абнавіць рэкорд. Абнавіць праграму канцэрта.

3. Разм. Ужыць, выкарыстаць першы раз новую рэч. Абнавіць паліто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уваскрэ́сіць, ‑крэшу, ‑крэсіш, ‑красіць; зак., каго-што.

1. Паводле рэлігійных вераванняў — вярнуць да жыцця таго, хто памёр; ажывіць. [Макар:] — Яго [бацьку] ўжо не ўваскрэсіш. Асіпенка.

2. перан. Выклікаць унутранае абнаўленне, зрабіць зноў жыццядзейным; аднавіць чые‑н. сілы. Спорт уваскрэсіў ранейшую сілу і спрыт. // перан. Выклікаць яркае ўяўленне аб чым‑н., аднавіць у памяці што‑н. забытае. Я жыў у снах і дзень, і два, і месяц, каб хоць на міг твой вобраз уваскрэсіць. Федзюковіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жыві́ць ’быць крыніцай дзейнасці’. Рус. живи́ть ’даваць жыццё, бодрасць’, укр. живи́ти ’забяспечваць жывыя арганізмы неабходнымі речывамі, падтрымліваць, натхняць’, польск. żywić ’забяспечваць арганізм’, ’адчуваць нешта’, уст. ’аставіць кагосьці пры жыцці’, в.-луж. žiwić ’карміць, харчаваць’, чэш. živiti ’карміць’, славац. živiť ’карміць, забяспечваць усім патрэбным’, славен. živíti ’харчаваць, утрымліваць’, серб.-харв. жи́вити ’жыць’. Ст.-слав. живитиажывіць’, ’пакінуць жывым’, ’жыць з чагосьці’. Ст.-рус. живити ’даваць жыццё’ (1096 г.); зажыўляць, гаіць (1585 г.); здабываць сродкі існавання (XI–XII стст.)’. Прасл. утварэнне дзеяслова ад прыметніка *živ‑ (гл. жывы) з суфіксам *‑i‑ti, першапачатковае значэнне ’рабіць жывым’, адкуль і ’харчаваць’, ’гаіць’, ’натхняць’ і г. д. Трэба адзначыць, што значэнні гэтыя прадстаўлены і ў гісторыі слова жыць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

а...¹ (а таксама аб..., аб’..., аба...), прыстаўка.

Абазначае:

1) пашырэнне дзеяння на ўсю паверхню прадмета, накіраванасць яго вакол або па краях прадмета: агарадзіць, агледзець, атынкаваць, ахапіць, акаваць, абпаліць, абабіць;

2) накіраванасць руху міма прадмета, абмінанне яго: абысці (лужыну), абагнуць;

3) ахоп дзеяннем многіх асоб, прадметаў, пашырэнне дзеяння на ўсе прадметы, на ўсіх асоб: абабегаць (усе хаты), адарыць, абдзяліць (падарункамі);

4) празмернасць якога-н. дзеяння: аб’есціся, абпаіць;

5) перавагу над кім-, чым-н. пры выкананні дзеяння: абагнаць, апярэдзіць;

6) наяўнасць недахопу, памылкі ў дзеянні: агаварыцца, абмовіцца;

7) забеспячэнне чым-н. у працэсе дзеяння: абвадніць, аснасціць, абдзернаваць;

8) ператварэнне ў каго-, што-н., станаўленне кім-н., наданне якіх-н. уласцівасцей, якасцей (у выніку дзеяння): ашчаслівіць, ажаніць, ажывіць;

9) дасягненне выніку дзеяння, стану: адзічэць, абрыдзець, апасці, асесці, ажывіцца, аблезці.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прыўзня́ць, ‑німу, ‑німеш, ‑німе; зак., каго-што.

1. Не вельмі высока, трохі ўзняць, падняць. Васіль Васільевіч прыўзняў дошку ў падлозе, дастаў пакунак, абгорнуты паперай. П. Ткачоў. Жоўты, васковы твар Алёшы быў нерухомы. Анатоль Пятровіч адной рукой прыўзняў хлопца за плечы, а другой паднёс яму вады. Нядзведскі. Хлопцы прыўзнялі галовы з зямлі і пачалі пазіраць на танкі. Паслядовіч.

2. перан. Ажывіць, палепшыць. Выпітая, хоць і ў сціплай дозе, чарка прыўзняла настрой. Машара. Нялёгкая справа — прыўзняць жывую гутарку да высокага гучання паэмы. «Полымя».

•••

Прыўзняць заслону — зрабіць вядомым што‑н. тайнае, скрытае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асвятлі́ць, асвятлю, асветліш, асветліць; зак., каго-што.

1. Зрабіць светлай якую‑н. прастору; напоўніць святлом памяшканне. Мігун не вытрымаў і асвятліў мясцовасць ракетай. Алешка. З горна, як агнявая птушка, узляцела полымя, сыпанула іскрамі ў столь, зашумела і асвятліла кузню чырвоным бляскам. Чарнышэвіч. // Накіраваць святло на які‑н. прадмет, зрабіць яго бачным. [Цётка Марына] з ліхтаром нахілілася да.. [Раманенкі], асвятліла яго твар. Шамякін. // перан. Ажывіць, зрабіць радасным, вясёлым. Танкіст-музыка, як дзяўчына, Усмешкай твар свой асвятліў. Колас.

2. Забяспечыць асвятляльнымі прыстасаваннямі, прыборамі, устаноўкамі; правесці электрычнае святло. Асвятліць вуліцу. Асвятліць дом.

3. перан. Падрабязна расказаць пра што‑н., растлумачыць, зрабіць агляд чаго‑н. Асвятліць падзеі тыдня. □ [Лізунок:] — Вось, таварышы, дазвольце вам тое-сёе сказаць і, як кажуць, асвятліць пытанне, каб была нейкая яснасць. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)