ЖЫВА́Я БАТЛЕ́ЙКА, батлея,

выкананне асобных сцэн ці цэлых паказаў батлейкі жывымі ўдзельнікамі. Паказы Ж.б. вядомы на Беларусі, Украіне (жывы вяртэп) і ў Польшчы. Належыць да каляднага цыкла нар. паказаў. Узніклі са спробы «ажывіць» асобныя батлеечныя сцэны, найчасцей самую папулярную «Мацей і доктар». У Ж.б. часам па традыцыі выкарыстоўвалі і ўласна батлейку: яе ўносілі і ставілі на стол у пачатку ці ў канцы паказу. Усяго ў паказах Ж.б. ўдзельнічала каля 10 персанажаў. У іх захоўвалася характэрная для Каляд і ўсяго гэтага цыкла асаблівая вольная карнавальная атмасфера, святочны вясёлы настрой удзельнікаў і гледачоў. П’еса «Цар Ірад» Ж.б. была першай нар. драмай, на ўзор якой складзена папулярная нар. драма «Цар Максімілян». Гэта пацвярджае блізкасць паказаў лялечнай, Ж.б. і нар. драмы: формай, зместам і выканальніцтвам паказы пра цара Ірада і цара Максіміляна фактычна не адрозніваліся.

Дз.​У.​Стэльмах.

т. 6, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗГУРТАВА́ННЕ БЕЛАРУ́САЎ КАНА́ДЫ (ЗБК),

бел. арг-цыя ў эміграцыі. Засн. ў 1948 у г. Таронта, першы старшыня — К.Акула. Працай кіруе Гал. ўправа, існуюць таксама Наглядная рада і Сяброўскі суд. Дзейнічаюць аддзелы ў Гамільтане (з 1949), Манрэалі (з 1951, цяпер Згуртаванне беларусаў прав. Квебек), Лондане (1956), Садбуры (1957), Атаве. Асн. кірункі дзейнасці — захаванне і прапаганда бел. нац. і культ. спадчыны, дапамога членам ЗБК. У выніку расколу ЗБК (1952) засн. Беларускае нацыянальнае аб’яднанне. Пасля стварэння групы «Авангард Беларусі» (1952) удалося пераадолець крызіс і ажывіць работу згуртавання. Пры ЗБК працуе Згуртаванне беларускіх жанчын Канады (з 1965) і інш. ЗБК — чл. Каардынацыйнага камітэта беларусаў Канады (з 1966), Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Таронта (з 1967), Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» (з 1990), удзельнік сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі (з 1952). ЗБК правяло святкаванні 450-годдзя бел. друку (1967), 1000-годдзя хрысціянства на Беларусі (1988), арганізоўвае выстаўкі выяўл. і нар. мастацтва, удзельнічае ў міжнац. фестывалях. Выдавала газ. «Беларускі эмігрант», з 1995 выдае квартальнік «Інфа ЗБК». У 1963—68 у газ. «Беларус (Нью-Йорк) змяшчала старонку «Весткі з Канады».

А.​С.​Ляднёва.

Да арт. Згуртаванне беларусаў Канады. Беларускі грамадскі цэнтр у г. Таронта.

т. 7, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ПАЛІ́ТЫКА (нэп),

цыкл мерапрыемстваў Сав. дзяржавы па выхаду з эканам. крызісу пасля грамадзянскай вайны 1918—20. Прынята вясной 1921 X з’ездам РКП(б); названа «новай» у адрозненне ад палітыкі «ваеннага камунізму». Была разлічана на аднаўленне нар. гаспадаркі і наступны пераход да сацыялізму. Гал. змест: замена харчразвёрсткі харчпадаткам у вёсцы, выкарыстанне рынку, розных форм уласнасці, прыцягненне замежнага капіталу (канцэсіі), правядзенне грашовай рэформы 1922—24 (рубель быў абвешчаны канверсаванай валютай). Правядзенне нэпа пачалося ў надзвычай неспрыяльных умовах. У 1920 прадукцыя буйной прам-сці ў параўнанні з 1913 паменшылася ў 5 разоў, тэкстыльнай — амаль у 18. Валавая прадукцыя земляробства складала 64%, а жывёлагадоўлі — 72% ад узроўню 1913. На транспарце панаваў хаос, фактычна не працавалі пошта, сувязь, былі парушаны ці разарваны традыц. эканам. сувязі. На Беларусі становішча абцяжарвалася шматгадовым прыфрантавым становішчам, ваен. разбурэннямі, фактычным падзелам краіны на часткі (паміж РСФСР і Польшчай); большасць прамысл. прадпрыемстваў не працавала, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі складала крыху больш за палову даваеннай. Цяжкае эканам. становішча ўзмацнялася масавым паліт. і крымін. бандытызмам.

Былі ўведзены грашовы падатак і абавязковыя збожжанарыхтоўкі па ўстаноўленых дзяржавай цвёрдых цэнах. У сельскай гаспадарцы ў час нэпа дапускалася арэнда зямлі, наём рабочай сілы, свабода выбару форм землекарыстання, фарміравалася сістэма крэдытаў і кааперацыі. У галіне фінансаў прадугледжвалася фарміраванне бюджэту, кантроль за грашовай эмісіяй; у кастр. 1921 створаны Дзярж. банк, у 1922—23 праведзена дэнамінацыя дзярж. грашовых знакаў (саўзнакаў). Нэп прадугледжваў легалізацыю гандлю, пашырэнне прыватнай ініцыятывы, дазваляліся абмен, купля і продаж с.-г. прадукцыі ў губернях, якія выканалі харчразвёрстку, быў дазволены прыватны гандаль, развівалася спажывецкая кааперацыя. Вынікі нэпа ў хуткім часе сталі адчувальнымі. У 1925 сельская гаспадарка ў асн. дасягнула даваен. ўзроўню. У 1926 кошт усёй валавой прадукцыі ў даваен. ацэнцы склаў 384,8 млн. руб. і перавысіў сярэднегадавыя паказчыкі 1911—13 на 9,8%. У 1926/27 гасп. г. завяршыўся працэс аднаўлення прам-сці рэспублікі. Гал. рэгулятарам эканам. дзейнасці стаў рынак. У 1922/23 на долю прыватніка прыпадала 90% усіх гандл. прадпрыемстваў і 85% тавараабароту. Пераадольвалася інфляцыя, умацоўвалася грашовая сістэма. У 1921—27 былі адменены працоўная павіннасць, натуральная аплата, рабілася спроба ажывіць работу Саветаў, праведзена адм.-тэр. рэформа. Для Беларусі яна азначала 2 узбуйненні (у 1924 і ў 1926).

Вынікі ажыццяўлення нэпа нельга ацаніць адназначна. Дзякуючы намаганням усіх слаёў насельніцтва эканоміка краіны дасягнула даваен. ўзроўню 1913. Аднак ні прам-сць, ні сельская гаспадарка не змаглі стварыць сабе рынкаў расшыранай вытв-сці. Па меры таго як нэп ставіў усё больш цяжкія пытанні не толькі ў вырашэнні эканам. праблем, a і перад паліт. сістэмай, усё часцей узнікалі тэндэнцыі да яго згортвання, што і адбылося ў канцы 1920 — пач. 1930-х гг.

Літ.:

Белорусская ССР в цифрах: К 10-летию существования БССР, 1919—1929. Мн., 1929;

Эканамічная гісторыя Беларусі. 2 выд. Мн., 1996;

Бяспалая М.А. Беларуская вёска ў першыя гады нэпа (1921—1923 гг.). Мн., 1999.

М.​А.​Бяспалая.

т. 11, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПРЭСІЯНІ́ЗМ (франц. impressionnisme ад impression уражанне),

кірунак у мастацтве апошняй трэці 19 — пач. 20 ст. Склаўся ў франц. жывапісе канца 1860 — пач. 1870-х г. Назву атрымаў ад карціны К.Манэ «Уражанне. Узыход сонца» («Impression. Soleil Levant», 1872), якая экспанавалася на парыжскай выстаўцы групы маладых франц. жывапісцаў у 1874. У групу таксама ўваходзілі А.Рэнуар, К.Лісаро, А.Сіслей. Э.Дэга, П.Сезан, П.​Банар, Б.​Марызо і інш. мастакі, што аб’ядналіся для барацьбы за абнаўленне мастацтва і пераадолення афіц. салоннага акадэмізму. У 1874—86 праведзена 8 выставак, пасля чаго імпрэсіяністы страцілі былое адзінства і працягвалі свае творчыя пошукі паасобку (гл. Неаімпрэсіянізм, Постімпрэсіянізм, Пуантылізм). Адным з заснавальнікаў І. быў таксама Э.Манэ (не ўваходзіў у гэтую групу, але яшчэ ў 1860—70-х г. прадвызначыў яго накіраванасць).

Імпрэсіяністы імкнуліся знайсці форму выражэння, максімальна блізкую да першаснага ўражання, гал. ролю жывапісу бачылі не ў адлюстраванні рэчаіснасці, а ў яе пачуццёвым успрыняцці. Спробы перадаць зіхаценне святла, вібрацыю паветра, зафіксаваць імгненне як бы выпадковай сітуацыі ці руху прывялі да ўзнікнення своеасаблівай тэхнікі жывапісу. Праз накладанне фарбаў асобнымі мазкамі, невыразнасць абрысаў прадметаў, вылучэнне толькі некалькіх іх гал. рысаў імпрэсіяністы здолелі ажывіць карціну, перадаць адчуванне рухомасці, хісткасці і няўстойлівасці імгнення. Такі метад дазваляў лёгка ўводзіць адну фарбу ў зону іншай без страты яе моцы, за кошт чаго ўзбагачаўся каларыт. Асобныя мазкі, якія не супадаюць з абрысамі прадмета, аптычна змешваюцца зрокам гледача, што выклікае пачуццё незвычайна светлага, трапяткога жывапісу. Яны выпрацавалі паслядоўную сістэму пленэра, скарыстаўшы пошукі Дж.Констэбла, К.Каро, мастакоў барбізонскай школы, упершыню стварылі шматгранную карціну паўсядзённага жыцця сучаснага горада. Для І. характэрна змяшэнне быт. жанру з партрэтам, тэндэнцыя да знішчэння дакладных граней паміж жанрамі.

Зварот да І. і вывучэнне яго прынцыпаў у значнай ступені паўплывалі на развіццё шэрагу нац. еўрап. маст. школ і творчасці мастакоў (М.Ліберман, Л.​Карынт у Германіі; К.Каровін, В.Сяроў, І.Грабар у Расіі; М.​Касат у ЗША; Л.​Вычулкоўскі ў Польшчы і інш.), хоць за межамі Францыі развіваліся толькі асобныя тэндэнцыі І. Тэрмін «І.» ужываецца таксама ў дачыненні да скульптуры 1880—1910-х г., якая мае некаторыя сходныя з жывапісам І. рысы: імкненне да перадачы імгненнасці руху, цякучасць і мяккасць форм, пластычная незавершанасць (творы А.Радэна і Дэга ў Францыі, П.Трубяцкога і Г.Галубкінай у Расіі, і інш.). У бел. мастацтве рысы І. ўласцівы творчасці Я.Драздовіча, У.Кудрэвіча, В.Бялыніцкага-Бірулі.

У літаратуры — метад, які грунтуецца на дынамічнай раўнавазе суб’ектыўнага і аб’ектыўнага пачаткаў, на фіксацыі няўлоўных і амаль непадуладных рацыянальнаму асэнсаванню ўражанняў аўтара або героя, станаў яго душы, на імгненнай асацыятыўнасці. Для І. характэрны эскізнасць, фрагментарнасць, эмацыянальны прынцып арганізацыі тэксту (адсюль — пошукі складаных асацыятыўных метафар, увага да гучання слова, асаблівая семантызацыя рытму і мелодыкі), замена разгорнутых лагічных канструкцый незавершанымі фразамі, якія накладваюцца як мазкі на палатне мастака-імпрэсіяніста. Яскравая прыкмета І. — «пейзаж душы», зліццё ў адзіны непадзельны вобраз унутр. стану чалавека і стану навакольнай прыроды.

Складваўся як адзін з кірункаў літ. дэкадэнцтва ў 1860—70-я г. ў Францыі (проза бр. Ж. і Э.Ганкураў) і дасягнуў апагею ў сталай творчасці П.Верлена, праграмны верш якога «Мастацтва паэзіі» быў маніфестам літ. І. Буйнейшай з’явай І. стала спадчына «школы венскіх імпрэсіяністаў» (А.​Шніцлер, П.​Альтэнберг, Г. фон Гофмансталь). Пакінуў бліскучы след у творчасці пісьменнікаў розных кірункаў, у т. л. Э.​Заля (раман «Старонка кахання»), у ранняй навелістыцы Т.​Мана, С.​Цвэйга; у творчасці М.​Пруста даў імпульс станаўленню плыні свядомасці. У рус. л-ры рысы І. ў паэзіі А.​Фета, у прозе А.​Чэхава, І.​Буніна, у ранняй паэзіі А.​Блока, А.​Белага, М.​Валошына, Б.​Пастарнака і інш., у бел. л-ры — у паэзіі М.​Багдановіча.

У музыцы І. склаўся ў 1890—1910-я г. Для яго характэрна імкненне да ўвасаблення мімалётных уражанняў, да адухоўленай пейзажнасці. Навакольны свет раскрываецца праз прызму тонкіх псіхал. рэфлексаў, ледзь прыкметных адчуванняў, народжаных сузіраннем, што збліжае яго з літ. сімвалізмам: творы П.​Верлена, С.​Малармэ, П.​Луіса, М.​Метэрлінка ўвасоблены ў музыцы К.Дэбюсі — заснавальніка муз. І., і яго паслядоўнікаў. У сферы фантастыкі і экзотыкі (цікавасць да Іспаніі, краін Усходу) імпрэсіяністы прадоўжылі традыцыі рамантызму, адмовіўшыся ад вострых драм. калізій, сац. тэм.

Кампазітары-імпрэсіяністы пакінулі вытанчаныя і ясныя па выразных сродках, эмац. стрыманыя і строгія па стылі творы (пераважна праграмныя сімф. і фп. мініяцюры, сюітныя цыклы). Узбагацілася гарманічнае і тэмбравае мысленне (М.​Равель, П.​Дзюка і інш.). Элементы І. развіліся таксама ў інш. кампазітарскіх школах (М. дэ Фалья ў Іспаніі, А.​Рэспігі, часткова А.​Казела і Дж.​Ф.​Маліп’ера ў Італіі, Ф.​Дыліус і С.​Скот у Вялікабрытаніі, К.​Шыманоўскі ў Польшчы, І.​Стравінскі, М.​Чарапнін у Расіі і інш.).

У тэатры ў канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацнілася ўвага рэжысёраў і выканаўцаў да перадачы атмасферы дзеяння, раскрыцця яе падтэксту. Эфект дасягаўся з дапамогай наўмысна беглых характарыстык у спалучэнні з асобнымі выразнымі дэталямі, што раскрывалі патаемныя перажыванні герояў, іх думкі, імпульсы ўчынкаў. Рэжысурай выкарыстоўваліся гукі, жывапісна-колеравыя плямы, раптоўныя змены рытмаў для стварэння эмацыянальнай насычанасці і ўнур. нарастання драматызму спектакля. Рысамі І. вызначалася творчасць рэжысёраў і акцёраў А.​Антуана, Г.​Рэжан (Францыя), М.​Райнгарта, О.​Брама (Германія), Э.​Дузе (Італія), У.​Меерхольда, В.​Камісаржэўскай, П.​Арленева (Расія), пастаноўкі МХАТа і інш.

Літ.:

Андреев Л.Г. Импрессионизм. М., 1980;

Денвир Б. Импрессионизм: Художники и картины: Пер. с англ. М., 1994;

Велтон Д. Пейзажи импрессионистов: [Перевод]. М., 1995;

Яроциньский С. Дебюсси, импрессионизм и символизм: Пер. с пол. М., 1978.

А.​В.​Вайцяховіч (мастацтва), Т.​В.​Сініла Г.​В.​Сініла (літаратура).

Да арт. Імпрэсіянізм. К.​Манэ. Скалы в-ва Бель-Іль. 1886.
Да арг. Імпрэсіянізм. К.​Пісаро. Бульвар Манмартр у Парыжы. 1897.
Да арт. Імпрэсіянізм. Э.​Манэ. Алімпія. 1863.
Да арт. Імпрэсіянізм. П.​Банар. Парыж раніцай. 1911.
Да арт. Імпрэсіянізм. А.​Рэнуар. Дзяўчына з веерам. 1881.

т. 7, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)