ІМПРЭСІЯНІ́ЗМ (франц. impressionnisme ад impression уражанне),
кірунак у мастацтве апошняй трэці 19 — пач. 20 ст. Склаўся ў франц. жывапісе канца 1860 — пач. 1870-х г. Назву атрымаў ад карціны К.Манэ «Уражанне. Узыход сонца» («Impression. Soleil Levant», 1872), якая экспанавалася на парыжскай выстаўцы групы маладых франц. жывапісцаў у 1874. У групу таксама ўваходзілі А.Рэнуар, К.Лісаро, А.Сіслей. Э.Дэга, П.Сезан, П.Банар, Б.Марызо і інш. мастакі, што аб’ядналіся для барацьбы за абнаўленне мастацтва і пераадолення афіц. салоннага акадэмізму. У 1874—86 праведзена 8 выставак, пасля чаго імпрэсіяністы страцілі былое адзінства і працягвалі свае творчыя пошукі паасобку (гл.Неаімпрэсіянізм, Постімпрэсіянізм, Пуантылізм). Адным з заснавальнікаў І. быў таксама Э.Манэ (не ўваходзіў у гэтую групу, але яшчэ ў 1860—70-х г. прадвызначыў яго накіраванасць).
Імпрэсіяністы імкнуліся знайсці форму выражэння, максімальна блізкую да першаснага ўражання, гал. ролю жывапісу бачылі не ў адлюстраванні рэчаіснасці, а ў яе пачуццёвым успрыняцці. Спробы перадаць зіхаценне святла, вібрацыю паветра, зафіксаваць імгненне як бы выпадковай сітуацыі ці руху прывялі да ўзнікнення своеасаблівай тэхнікі жывапісу. Праз накладанне фарбаў асобнымі мазкамі, невыразнасць абрысаў прадметаў, вылучэнне толькі некалькіх іх гал. рысаў імпрэсіяністы здолелі ажывіць карціну, перадаць адчуванне рухомасці, хісткасці і няўстойлівасці імгнення. Такі метад дазваляў лёгка ўводзіць адну фарбу ў зону іншай без страты яе моцы, за кошт чаго ўзбагачаўся каларыт. Асобныя мазкі, якія не супадаюць з абрысамі прадмета, аптычна змешваюцца зрокам гледача, што выклікае пачуццё незвычайна светлага, трапяткога жывапісу. Яны выпрацавалі паслядоўную сістэму пленэра, скарыстаўшы пошукі Дж.Констэбла, К.Каро, мастакоў барбізонскай школы, упершыню стварылі шматгранную карціну паўсядзённага жыцця сучаснага горада. Для І. характэрна змяшэнне быт. жанру з партрэтам, тэндэнцыя да знішчэння дакладных граней паміж жанрамі.
Зварот да І. і вывучэнне яго прынцыпаў у значнай ступені паўплывалі на развіццё шэрагу нац.еўрап.маст. школ і творчасці мастакоў (М.Ліберман, Л.Карынт у Германіі; К.Каровін, В.Сяроў, І.Грабар у Расіі; М.Касат у ЗША; Л.Вычулкоўскі ў Польшчы і інш.), хоць за межамі Францыі развіваліся толькі асобныя тэндэнцыі І. Тэрмін «І.» ужываецца таксама ў дачыненні да скульптуры 1880—1910-х г., якая мае некаторыя сходныя з жывапісам І. рысы: імкненне да перадачы імгненнасці руху, цякучасць і мяккасць форм, пластычная незавершанасць (творы А.Радэна і Дэга ў Францыі, П.Трубяцкога і Г.Галубкінай у Расіі, і інш.). У бел. мастацтве рысы І. ўласцівы творчасці Я.Драздовіча, У.Кудрэвіча, В.Бялыніцкага-Бірулі.
У літаратуры — метад, які грунтуецца на дынамічнай раўнавазе суб’ектыўнага і аб’ектыўнага пачаткаў, на фіксацыі няўлоўных і амаль непадуладных рацыянальнаму асэнсаванню ўражанняў аўтара або героя, станаў яго душы, на імгненнай асацыятыўнасці. Для І. характэрны эскізнасць, фрагментарнасць, эмацыянальны прынцып арганізацыі тэксту (адсюль — пошукі складаных асацыятыўных метафар, увага да гучання слова, асаблівая семантызацыя рытму і мелодыкі), замена разгорнутых лагічных канструкцый незавершанымі фразамі, якія накладваюцца як мазкі на палатне мастака-імпрэсіяніста. Яскравая прыкмета І. — «пейзаж душы», зліццё ў адзіны непадзельны вобраз унутр. стану чалавека і стану навакольнай прыроды.
Складваўся як адзін з кірункаў літ.дэкадэнцтва ў 1860—70-я г. ў Францыі (проза бр. Ж. і Э.Ганкураў) і дасягнуў апагею ў сталай творчасці П.Верлена, праграмны верш якога «Мастацтва паэзіі» быў маніфестам літ. І. Буйнейшай з’явай І. стала спадчына «школы венскіх імпрэсіяністаў» (А.Шніцлер, П.Альтэнберг, Г. фон Гофмансталь). Пакінуў бліскучы след у творчасці пісьменнікаў розных кірункаў, у т. л. Э.Заля (раман «Старонка кахання»), у ранняй навелістыцы Т.Мана, С.Цвэйга; у творчасці М.Пруста даў імпульс станаўленню плыні свядомасці. У рус. л-ры рысы І. ў паэзіі А.Фета, у прозе А.Чэхава, І.Буніна, у ранняй паэзіі А.Блока, А.Белага, М.Валошына, Б.Пастарнака і інш., у бел. л-ры — у паэзіі М.Багдановіча.
У музыцы І. склаўся ў 1890—1910-я г. Для яго характэрна імкненне да ўвасаблення мімалётных уражанняў, да адухоўленай пейзажнасці. Навакольны свет раскрываецца праз прызму тонкіх псіхал. рэфлексаў, ледзь прыкметных адчуванняў, народжаных сузіраннем, што збліжае яго з літ. сімвалізмам: творы П.Верлена, С.Малармэ, П.Луіса, М.Метэрлінка ўвасоблены ў музыцы К.Дэбюсі — заснавальніка муз. І., і яго паслядоўнікаў. У сферы фантастыкі і экзотыкі (цікавасць да Іспаніі, краін Усходу) імпрэсіяністы прадоўжылі традыцыі рамантызму, адмовіўшыся ад вострых драм. калізій, сац. тэм.
Кампазітары-імпрэсіяністы пакінулі вытанчаныя і ясныя па выразных сродках, эмац. стрыманыя і строгія па стылі творы (пераважна праграмныя сімф. і фп. мініяцюры, сюітныя цыклы). Узбагацілася гарманічнае і тэмбравае мысленне (М.Равель, П.Дзюка і інш.). Элементы І. развіліся таксама ў інш. кампазітарскіх школах (М. дэ Фалья ў Іспаніі, А.Рэспігі, часткова А.Казела і Дж.Ф.Маліп’ера ў Італіі, Ф.Дыліус і С.Скот у Вялікабрытаніі, К.Шыманоўскі ў Польшчы, І.Стравінскі, М.Чарапнін у Расіі і інш.).
У тэатры ў канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацнілася ўвага рэжысёраў і выканаўцаў да перадачы атмасферы дзеяння, раскрыцця яе падтэксту. Эфект дасягаўся з дапамогай наўмысна беглых характарыстык у спалучэнні з асобнымі выразнымі дэталямі, што раскрывалі патаемныя перажыванні герояў, іх думкі, імпульсы ўчынкаў. Рэжысурай выкарыстоўваліся гукі, жывапісна-колеравыя плямы, раптоўныя змены рытмаў для стварэння эмацыянальнай насычанасці і ўнур. нарастання драматызму спектакля. Рысамі І. вызначалася творчасць рэжысёраў і акцёраў А.Антуана, Г.Рэжан (Францыя), М.Райнгарта, О.Брама (Германія), Э.Дузе (Італія), У.Меерхольда, В.Камісаржэўскай, П.Арленева (Расія), пастаноўкі МХАТа і інш.
Літ.:
Андреев Л.Г. Импрессионизм. М., 1980;
Денвир Б. Импрессионизм: Художники и картины: Пер. с англ.М., 1994;
Велтон Д. Пейзажи импрессионистов: [Перевод]. М., 1995;
Яроциньский С. Дебюсси, импрессионизм и символизм: Пер. с пол. М., 1978.