Вурдала́к ’ваўкалак’ (КТС). Рус. вурдала́к лічыцца выключна кніжным словам, узнікшым у выніку недакладнай перадачы волкола́к, вуркола́к (Вінаградаў, ДСИЯ, 6, 9 і наст.; Трубачоў, Дополн., 1, 366; Шанскі, 1, В, 216); адсутнасць фіксацыі бел. слова ў народнай мове не дае падстаў для яго этымалагізацыі на мясцовай глебе і прымушае разглядаць як кніжнае запазычанне з рус. мовы. Аднак балг. іхцім. вурдала́ ’дрэнны чалавек, з якім цяжка знайсці агульную мову’ (калі гэта не запазычанне) і іншыя факты робяць праблематычным сцверджанне аб штучным паходжанні гэтага слова; хутчэй за ўсё гэта слова паўднёваславянскага паходжання (магчыма, уведзенае Пуцінным, гл. Вінаградаў, там жа), дзе яно можа суадносіцца з балг. върда́лям ’перакідаць, перакульваць’, як балг. въркола́к ’ваўкалак’ з върка́лям ’валяцца па зямлі’, што адлюстроўвае «тэхналогію» пераходу чалавека ў такі стан; параўн. перакі́нуцца (воўкам або інш. зверам), рус. о́боротень і пад. (Згодна ўяўленням палешукоў, такі чалавек мог стаць зверам, часцей за ўсё воўкам або зайцам, забіўшы нож у дрэва і перакуліўшыся цераз галаву ці пакачаўшыся па зямлі, КСТ). Менш верагодна вывядзенне гэтага слова з цюрк. obur‑da‑lak ’пражэрлівы’ ад кораня obur ’абжора’ (Дзмітрыеў, Лекс. сб., 3, 40).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Габ ’вяз, Ulmus’ (Весці, 1969, 4, 125), габіна ’вяз гладкі, звычайны, Ulmus laevis L.’ (Гродз. Ан.; Кіс.) — Кіс., 135. Польск. gab, gabina ’тс’. Раней лічылі, што гэтыя слав. словы роднасныя з літ. guobà, gúobas ’тс’, лат. guôba (і далей з слав. назвамі дрэў *gabrъ, *grabrъ, *grabъ). Параўн. Буга (Rinkt., 1, 604), які параўноўвае слав. *gabrъ, польск. gab, gabina з балт. словамі і аддзяляе *grabъ (II, 104, 340; Фрэнкель, 1, 176–177). Непакупны (Лекс. балтызмы, 29) указвае, што польск. словы лакалізуюцца ў гаворках Аўгустоўскага павета па суседству з Гродзеншчынай. Польск. і бел. словы ўтвараюць пэўны арэал каля паўднёвай граніцы Літвы і з’яўляюцца запазычаннем з літ. мовы. Застаецца няясным пытанне пра шлях запазычання ў бел. мову (прама з літ. мовы ці праз польск.). Таксама няясна, як утварылася вытворнае габіна самастойна (ад габ) ці гэта запазычанне з польск. gabina? Формы габ могуць адлюстроўваць літ. gúobas, а габіна, gabina (< *gaba?), магчыма, узыходзяць да літ. guobà (для тыпу габіна гэта меркаванне не абавязковае: габіна можа быць утворана прама ад габ, а не ад габа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галаве́нька1 ’апалонік (паўзун)’ (Шатал.). Наўрад ці ёсць сувязь са словамі тыпу галаве́нь (назва рыбы з вялікай галавой) ці галаве́нька ’спарыння’ (Шатал.). Хутчэй за ўсё трэба думаць пра нейкую кантамінацыю розных па значэнню, але падобных па форме слоў (*golv‑ ’галава’). А можа, гэта памяншальная форма (суф. ‑енька) ад галава?

Галаве́нька2 ’галавешка’ (Шатал.). Па паходжанню гэта памяншальная форма ад прасл. *golvьńa ’галавешка, факел і да т. п.’ (асноўная форма бел. *галаўня зафіксавана ў бел. мове вельмі слаба; яе няма ў большасці слоўнікаў; Трубачоў (Эт. сл., 7, 12) прыводзіць бел. галаўня, але адкуль?). Прасл. *golvьńa (рус. головня́, укр. голо́вня, польск. głownia, чэш. hlavně, hlaveň, ст.-слав. главьнꙗ, балг. главня́, серб.-харв. гла́вња і г. д.) лічыцца звязаным з прасл. *golva ’галава’ (г. з. н. першапачаткова ’галоўка палена, што гарыць’). Гл. Фасмер, 1, 429–430 (там і агляд ранейшай літ-ры). Менш пераконвае сувязь са ст.-інд. jurvati ’паліць’, jūrṇíṣ ’жар’ і г. д. Іншыя этымалогіі яшчэ больш няпэўныя. Падрабязны агляд славянскіх форм і абгрунтаванне сувязі з *golva гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 12–13.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дабы́ць ’здабыць’, дабыва́ць ’здабываць’. Агульнаславянскі дзеяслоў праславянскага характару. Параўн. укр. добу́ти ’здабыць, набыць, дастаць’, рус. добы́ть дастаць, набыць і г. д.’, ст.-рус. добыти ’набыць, здабыць; дажыць’, чэш. dobyti ’здабыць, набыць, зарабіць; завалодаць, авалодаць; дастаць, выцягнуць’, славац. dobyť ’захапіць, авалодаць; дабыць, дабіцца’, в.-луж. dobyć ’астацца; здабыць, зарабіць; авалодаць, захапіць, перамагчы’, н.-луж. dobyś ’астацца, выцерпець да канца’, польск. dobyć ’астацца, прабыць; выцягнуць, дастаць; захапіць, авалодаць’, балг. доби́я ’здабыць; раджаць’, серб.-харв. до̀бити ’здабыць, атрымаць’, славен. dobíti ’атрымаць і да т. п.’ Прасл. *dobyti (прэфікс *do + дзеяслоў *byti). Агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 47–48. Не вельмі ясным застаецца пытанне аб першапачатковым значэнні слова. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што зыходзіць трэба з ’раджаць’ (агляд гл. Махэк₂, 122). Паводле Трубачова (там жа, 48), лепш думаць, што гэта апошняе з’яўляецца мясцовым сінонімам. Махэк услед за Матлам (гл. Махэк₂, 122) лічыць, што развіццё семантыкі ішло так, як у лац. слова pecu ’жывёла’ > ’маёмасць, грошы’. Зыходным, паводле Махэка, для *dobyti з’яўляецца ’нарадзіць’. Гэта значэнне было агульным, але сёння захавалася ў балг. мове.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каю́к1 ’рачное вёслава-паруснае грузавое судна’ (ТСБМ); таксама ’лодка’. Рус. каю́к, укр. каю́к. Слова не вельмі яснага паходжання (прынамсі, што датычыцца фармальнага боку этымалогіі). Лічыцца запазычаннем з цюрк. моў. Параўн. тат., тур., крым.-тат., казах. kajyk. Так у Фасмера, 2, 215 (гл. яшчэ Бернекер, 1, 469; Корш, AfslPh, IX, 507–508). Няясна, як узнікла форма каю́к, якая пашырана ва ўсх.-слав. мовах. Паводле Шанскага, 2, К, 107, упершыню назва каюк зафіксавана ў рус. дакументах у 1614 г. Адносна формы каю́к Шанскі, там жа, мяркуе, што гэта кантамінацыя слова кайык (kajyk ’лодка’ і чагат. каюк ’загнуты назад’.

Каюк2 ’канец, пагібель, смерць’ (ТСБМ, БРС, Шат., Бяльк.). Усх.-слав. утварэнне (параўн. рус. каю́к, укр. каю́к ’тс’). У слоўніках рус. мовы ўпершыню, як дыялектнае, адзначаецца ў 1909 г. Мяркуюць, што гэта назва ўзнікла на аснве ўжо існуючага слова каю́к ’лодка-душагубка’ (плаванне і такіх лодках было вельмі небяспечным) у выніку лексікалізацыі. Гл. Шанскі, 2, K, 107. Параўн. апісанне лодкі-каюка ў Даля: «долбушка, однодеревка без набоев или душегубка, лодченка, каючек» (т. II, 101).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стол ‘від мэблі’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Стан., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Маг.), ‘харчаванне, харчы’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ‘памінкі’ (Барад., Мат. Маг.), ‘под у жорнах’ (рас., Шатал.). Параўн. укр. стіл, рус. стол, стараж.-рус. столъ ‘стол; прастол; сядзенне’, польск. stół, в.-луж., н.-луж. stoł ‘крэсла, стол; прастол’, чэш. stůl, славац. stôl, серб.-харв. сто̄, славен. stòl ‘крэсла; стол’, балг., макед. стол ‘крэсла’, ст.-слав. столъ. Прасл. *stolъ ‘сядзенне; стол’ з’яўляецца дэрыватам ад прасл. *stьlati, *steljǫ (гл. сцяліць) і генетычна роднаснае літ. stãlas ‘стол’, ст.-прус. stalis, гоц. stōls ‘крэсла’, якія Фасмер (3, 765), Покарны (1007), Фрэнкель (893), Бязлай (3, 319–320) далей узводзяць да прасл. *stojati < і.-е. *stā‑ ‘стаяць’. Але Курыловіч (JP, 33, 69) і Слаўскі (JP, 38, 229) указваюць, што націск Р. скл. адз. л. (стала́) сведчыць аб тым, што гэта жывое вытворнае ад *stьlati. Махэк₂ (590), Борысь (579) семантыку слова тлумачаць тым, што *stolъ першапачаткова — гэта што-небудзь пасланае (напрыклад, на зямлі) для яды і сядзення на ім; толькі потым яно пачало абазначаць мэблю. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1359; Бязлай, 3, 319; ЕСУМ, 5, 419.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бі́гус ’бігус, сечанае мяса’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.); пераносна ’ханжа, крывадушнік’ (Гарэц., Др.-Падб.). Укр. бігос ’смажаная капуста з салам’, рус. би́гус. З польск. bigos ’тс’ (а гэта з ням. Beguß; Латання, РФВ, 1, 262; Міклашыч, 13; Фасмер, 1, 164, або з ням. Beiguß; Шалудзька, Нім., 22). Гл. Кюнэ, Poln., 44; Шалудзька, Нім., там жа, і прыведзеную вышэй літ-py (няпэўна Брукнер, 27, які першакрыніцай лічыць ням. Bleiguß ’кавалачкі волава’). Параўн. ст.-бел. бигос ’рагу’ (XVII ст., Булыка, Запазыч.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Варча́к1 ’ворчык’ (Гарэц., Бяльк.), таксама во́рчык. Рус. о́рчик, во́рчык, во́рчак, укр. во́рчик. Запазычанне з польск. orczyk ’тс’, а гэта з с.-в.-ням. ortschît ’тс’ (Міклашыч, 225; Мацэнаўэр, Cizí sl., 265; Фасмер, 3, 155). У бел. мове (як і ў рус. дыял. во́рчак) новы суф. ‑ак (адсюль і націск а́к!).

Варча́к2 ’прыпражны конь’ (БРС, Нас.). Перанос назвы (з варча́к ’ворчык’). А ці не можна паставіць пытанне пра паходжанне ад слав. *orь ’конь’ (параўн. укр. вір, во́рик)?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Выклада́ць ’вучыць, займацца педагагічнай дзейнасцю’ (БРС, Гарэц., Яруш., Касп.), ’вымаць’ (БРС, Нас., Гарэц.), ’выказваць (думку), тлумачыць’ (БРС, Нас., Гарэц., Яруш.); ’кастрыраваць’ (Юрч., Шатал.), выклада́ти ’ткаць тэхнікай узорнага ткання’ (Влад.). Гл. кладу, класці. У значэнні ’вучыць, займацца педагагічнай дзейнасцю’ слова з’яўляецца калькай рус. излагать (Крукоўскі, Уплыў, 149); мяркуюць (Гіст. мовы, 2, 142), што значэнне ’выказваць (думку)’ — таксама калька рус. дзеяслова, але хутчэй гэта семантычнае запазычанне з польск. wykładać ’выказваць, тлумачыць’, на што можа ўказваць фіксацыя гэтага значэння ўжо ў Насовіча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ламзану́ць ’ударыць’ (Нас.). Насуперак Насовічу (271), які разглядае гэту лексему як кантамінацыю ад ломіць і мазаць, — гэта аднаразовы дзеяслоў ад прасл. lomoziti. Параўн. чэш. lomzati ’ламаць’, hlomoziti ’грукатаць, тарахцець’, ’трашчаць’, ’праціраць (адзенне)’, славац. lomozit’, hlomaždit’, chlomaždit’ ’шумець, грукатаць’, ’біць, таўчы’, рус. ло́мзать ’шумець, грукаць’, якое з’яўляецца роднасным з літ. lamažyti ’ламаць’, ’давіць, ціснуць’, glamžyti, glamžuoti ’моцна абнімаць’, ’прыціскаць да сябе’. Больш падрабязна гл. Махэк₂, 169; Фасмер, 2, 516; Слаўскі, 5, 183; Трубачоў, Эт. сл., 6, 137–138.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)