Гак1 ’гак, кручок’ (БРС, Шат., Нас.), ’шып у падкове, загнутыя канцы подковы’ (Шат., Касп., Нас.), ’збытак, адлегласць’ (Шат., Касп., Бяльк.), ’каса’ (Касп.). Таксама ўжываецца як геаграфічны тэрмін (’намыты вадой паўвостраў’, ’неглыбокае месца ў рацэ, дзе намыта пясчаная каса’, ’прырэчны роўны заліўны луг’, гл. Яшкін). Ст.-бел. гакъ (з XVI ст., Булыка, Запазыч.). Слова гэта вядома ў многіх слав. мовах і лічыцца запазычаннем з ням. мовы (с.-в.-ням. hāke(n)). Гл. Махэк₂, 156; Брукнер, 167. Рус. гак ’жалезны крук, гак’. Фасмер (1, 384) выводзіць прама з гал. haak (Слаўскі, 1, 393) і лічыць бясспрэчным, што бел. і ўкр. гак запазычан праз пасрэдніцтва польск. мовы (так і Булыка, там жа, 77).

Гак2 ’гака, капачка для копкі бульбы’. Гл. га́ка.

Гак3 ’калісьці мера або ўчастак зямлі ў Заходняй Беларусі і Ліфляндыі’ (Яшкін, Нас.). Параўн. рус. (з Пятроўскай эпохі) гак ’мера зямлі ў Остзейскіх правінцыях’, якое Фасмер, 1, 384 (услед за Міклашычам), выводзіць з ням. Haken, с.-в.-ням. hake. Параўн. таксама Слаўскі (1, 393), які, здаецца, дапускае магчымасць польскага пасрэдніцтва.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баця́н, таксама боця́н, буця́н, буйця́н, бо́цюн і г. д. Ст.-бел. ботьян, боцян, боциян (Булыка, Запазыч.). Укр. боця́н, боцю́н і г. д., рус. ботья́н, ботя́н, батя́н, бача́н, бадья́н. У зах.-слав. мовах: польск. bocian, bocan, bociuń, bocek, bociek, bociąg, bocoń, в.-луж. baćon, н.-луж. bośon, палаб. büöťan (гл. Бернекер, 78, які лічыць, што польск. формы, магчыма, узніклі ў дзіцячай мове з жартаўлівай назвы бацяна — Wojciech). Усе ўсх.-слав. формы лічацца запазычаннем з польск. мовы (Бернекер, 78; Хрысціані, AfslPh, 34, 311; Слаўскі, 1, 38; Рудніцкі, 184–185; Рыхардт, Poln., 36). Агляд форм і версій гл. яшчэ Фасмер, 1, 201; Клепікава, ВСЯ, 5, 153–158, Клімчук, Бел.-польск. ізал., 57–61. Паходжанне польскага слова невытлумачана (Слаўскі, там жа). Гл., аднак, Мартынаў, SlW, 180–181, згодна з якім яно балтыйскага паходжання. Некаторыя версіі (Сабалеўскі, РФВ, 65, 418: сувязь з рус. забо́та; Ільінскі, PF, 13, 498: сувязь з бо́тькать ’стукаць’) не пераконваюць. Нідэрман (Balto-Sl., 29) лічыць, што блізкасць слав. форм аснавана не на роднасці, а на запазычанні з нейкай крыніцы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арча́к ’лука, драўляны каркас сядла’, ’прыпрэжаны конь’, ’прыпрэжка’ (Нас.), арчако́вы ’прыпражны’ (Нас.). Рус. арча́к ’лука, драўляны каркас сядла’, укр. а́рчик ’сядло’, орчико́вий прыпражны’, польск. jarczak ’лёгкае сядло’ (з XVI ст.). Ва ўсходнеславянскіх мовах з XVI ст.: ст.-бел. ерчакъ, орчаки, ярчакъ ’сядло’, ’драўляны каркас сядла’, рус. ерчакъ (1557), укр. форма арчакъ (пач. XVIII ст.). Агульна прынята этымалогія з цюркскіх моў. Прыводзяць тат. arčak ’лука’ (без крыніцы). Параўн. Міклашыч, Türk. El., Дад., 2, 75, 134. Дакладней форма ингырчак у Сразн., 1, 31. Параўн. тат. ынгырчак ’падсядзёлак’ і інш. аналагічныя цюркскія формы (Радлаў, Опыт., 1, 1358). Да гэтай формы прыводзіць польскае слова Заянчкоўскі, Stud. orient. Аб цюркскім паходжанні беларускага слова пісалі Бірыла (у сувязі з прозвішчам Арчакоў; Бел. антр., 24), Вярхоў (З жыцця, 67). Насуперак Фасмеру, 3, 155, нельга адкідваць рэальную сувязь, якая існавала паміж словамі арчак і ворчык (орчик) (гл.); магчыма, што вынікам гэтай сувязі з’яўляюцца значэнні ’прыпрэжаны’ (параўн. орчиковий коньМаслен., 178), укр. а́рчик (Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 122–123); іншая справа, што гэта сувязь мела народнаэтымалагічны характар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ахо́та ’ахвота, жаданне’ (Цыхун, Бел. фраз., 101), ’ахвота’, ’паляванне’ (Бяльк., Юрч., Ян, КСТ), ахочы ’ахвочы’ (КТС), ст.-бел. охотный, ѡхочи, укр. охота ’ахвота, весялосць’, охочий ’ахвотны, згодны’, рус. охота ’ахвота; паляванне’, охотный, охочий ’ахвочы’, польск. ochota ’ахвота; радасць, весялосць’, ochoczy ’ахвотны, вясёлы’ (з усходнеславянскіх моў, Грабец, Elementy, 102), славац. ochota, чэш. ochota. Звычайна звязваюць з *xotěti ’хацець’, параўн. Бернекер, 399; Фасмер, 3, 176 (з літар.); нельга адрываць ад ахвота ’жаданне’, фармальныя разыходжанні з якім тлумачацца фанетычна (гл. Ільінскі, AfslPh, 29, 168 і наст., параўн. таксама паралельныя палескія формы хвотно//хотно ’весела’, хвойка//хойка ’хвошч’, хвіст//хіст ’тычка’ (КСТ); Якабсон, Word, 2, 615 (рус. охвота < охота), або ўплывам іншых слоў, параўн. Карскі, 1, 339 (хватаць). Значэнне ’паляванне’, відаць, пад уплывам рус. охота, табуістычнага ўтварэння ад хотеть, гл. Зяленін, Табу, 1, 125 і наст.; Трубачоў, Дополн., 3, 176; іншы прынцып намінацыі ў беларускіх (часткова рускіх) назвах: паляванне ад поле, палешня (Касп.) ад лес, арэал распаўсюджання якіх Непакупны (Baltistica, III (1), 1967, 79) акрэслівае як прымыкаючы да балтыйскай і фінскай тэрыторый.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажу́рно ’аўчыны’ (віл., Сл. паўн.-зах.). Адпаведнікаў быццам бы няма. На магчымы экспрэсіўны характар бел. слова ўказваюць тэксты: «На няшытыя аўчыны казалі кажурно. Шапкі шыюць з кажурна. Кавалкі кажурна валяюцца» (Сл. паўн.-зах., 359). Можна параўнаць з вядомымі на Тураўшчыне собарно, кожушно (гл.). Можна меркаваць аб экспрэсіўнай ‑н‑о‑суфіксацыі (кажурно < кажура ’скура, кусок аўчыны’), аднак, параўн. чобурна (< чобаты, тураў., Цыхун, вусн. паведамл.), у меншай меры собарно (< сабака), якія могуць сведчыць аб ускладненым суфіксе (‑арн‑о/‑урн‑о). Што датычыцца генезіса гэтага суфікса, ён, відаць, утварыўся ў выніку дэкампазіцыі структур, дзе ‑ур‑ суфікс з адценнем экспрэсіўнасці (магчыма, наватворам быў не суфікс ‑урн‑о, а толькі ‑рн‑о, параўн. собарно), а ‑н‑, н‑а, н‑я вядомы ў некалькіх прыкладах таксама экспрэсіўны суфікс. Параўн. да першага ваўчура (< воўк), да другога — мална, мяльня ’пустамеля’, аддзеяслоўныя ўтварэнні, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 58, сабачня і інш. Канчатак можа тлумачыцца па-рознаму, аднак звяртае на сябе ўвагу рыфмоўка ў прымаўках: укр. «Душно! — Скинь кожушно» і бел. тураў.: «Як душно, то скідай кожушно, а як холодно, то адзевай лайно».

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Руб ’вузкі край або вузкі бок якога-небудзь прадмета’ (ТСБМ), ’кант, брыж, край’, ’зарубка, выступ’, ’шво, рубец’ (ТС), рубова́ты ’зубчаты, з выступамі’ (ТС), ст.-бел. рубъ ’абрывак тканіны’, ’хустка’, ’вопратка’, ’рыззё’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. руб ’рубец’, рус. дыял. руб ’грубае адзенне, лахманы’, польск. rąb ’рубец’, ręby ’кант, край, левы бок тканіны’, в.-луж. rub ’удар; кавалак палатна; палатняная хустка’, в.-луж., н.-луж. rub ’грубая тканіна, саван, адзенне’, чэш. rub ’адваротны, левы бок’, славен. rȏb ’тс’, серб.-харв. ру̑б ’край; кант; рубец (на сукенцы)’, балг. ръб ’рубец (на вопратцы)’. Стараж.-рус. рубъ ’кавалак, абрывак тканіны’. Прасл. *rǫbъ, як і *rǫbiti ’сячы’, з і.-е. *remb‑/*romb‑/*romb‑ ’сячы; рабіць зарубку, насечку, рубец, шрам’. Роднаснае да літ. rum̃bas ’рубец, шрам’, лат. rùobs ’зарубка, насечка’ (Фасмер, 3, 510; Глухак, 532; Брукнер, 455; Чарных, 2, 125). Далей збліжаюць са ст.-в.-ням. rant(t) ’край шчыта’, ст.-ісл. rond ’край, рабро, край шчыта’, с.-в.-ням. ranft ’рамка, край’ (Траўтман, 236; Мюленбах-Эндзелін, 3, 557; Торп, 339; Фасмер, 3, 510).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Руно́1 ’шэрсць авечкі’ (ТСБМ), ’воўна з адной авечкі’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс., ТС), ’воўна з ягнят і маладых авечак’ (малар., Сл. Брэс.), ’неразабраная воўна з авечкі’, ’пух у качкі’ (ТС), ру́на ’шэрсць’ (Касп.), ’воўна з адной авечкі’, ’скрутак воўны’ (Сл. ПЗБ, Нас.), ст.-бел. руно ’адзінка колькасці воўны’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. ру́но, рус. руно́, польск. runo, чэш. rouno, славац. rúno, славен. rúno, серб.-харв. ру́но, балг. ру́но, макед. руно, ст.-слав. руно. Прасл. *runo [< *rou̯‑no] ’воўна на целе авечкі; скура авечкі з воўнай’ — вытворнае з суфіксам ‑no ад таго ж кораня, што і рваць < прасл. *rъvati з карнявым вакалізмам, як у літ. ráuti ’рваць, вырываць, скубці’, лат. raût ’вырываць, дзерці’. Прасл. *runo першасна — ’тое, што вырвана, выскубана’ > ’воўна, выскубаная з авечкі’, бо калісьці воўну бралі, выскубаючы яе з авечкі. Параўн. лац. vellus ’авечая воўна’ ад vellō ’рву, вырываю, скубу’ (Борысь, 527–528; Міклашыч, 284; ESJSt, 13, 783; Глухак, 534).

Руно́2 ’густая рунь’ (ТС), ру́на (ру́но) ’пушыстая зелень на засеяным полі’ (Нас.), укр. ру́но ’усходы’, рус. руно́ ’пучок хмелю з карэннаму. Гл. рунь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Саба́чка1 памянш. да сабака1 (гл.).

Саба́чка2 ’спускавы механізм у агнястрэльнай зброі’, ’прыстасаванне ў машынах, механізмах, якое перашкаджае руху назад зубчастага кола’ (ТСБМ), ’прылада, пры дапамозе якой здымаюць бобы’ (Сцяшк. Сл.), ’частка ткацкага станка’, ’слясак’ (Мат. Гом.), ’дэталь у ніты красён’ (Сл. ПЗБ), ’палачка, якая злучае панажы з нітамі’ (Жыв. сл., Нар. сл.), ’прылада ў кроснах, якая трымае набілкі на патрэбнай вышыні’ (Бяльк.), ’кружкі ў кроснах, на якіх перамяшчаюцца ніткі асновы’ (Сцяшк. Сл.), соба́чка ’вільчак’ (палес., Нар. сл.), соба́чкі ’тры маленькія драўляныя палачкі па абодвух баках ніта’ (Влад.). Агляд семантыкі бел. сабачка гл. таксама Н. А. Старасценка, Бел. мова, 8, 1981, 77 і наст. Параўн. рус. соба́чка ’спускавы механізм у агнястрэльнай зброі’, а таксама назвы дэталяў для захвата, зачэплівання чаго-небудзь, у тым ліку і ў кроснах. Да папярэдняга слова.

Саба́чка3 ’галоўка дзядоўнік, шышка’ (Нас., Байк. і Некр.). Рус. собачка ’тс’. Да сабачка1 па ўласцівасці зачэплівацца. Параўн. яшчэ ваўчкі.

Саба́чка4 ’мужчынскі гальштук у выглядзе банта’ (Сл. рэг. лекс.). Да сабачка1 па знешняму падабенству.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свіне́ц ‘цяжкі мяккі легкаплаўкі метал сінявата-шэрага колеру’ (ТСБМ): свінец волаво чыстае (Сержп. Прымхі). Рус. свине́ц, укр. свине́ць, ст.-рус., рус.-ц.-слав. свиньць, славен. svínəc, балг. свине́ц ‘волава’ (з рус.БЕР, 6, 550). Прасл. *svinьcь. Роднаснае літ. švìrnas ‘свінец’, лат. svins ‘волава’. Сувязь з грэч. χυαυος ‘сіняе рэчыва’, іран. *spana‑ ‘жалеза’ лічыцца сумніўнай, гл. Фасмер, 3, 577; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1160; Сной₁, 624; Новое в рус. этим., 203–205. Насуперак гэтаму Данка і Вітчак (ABSl, 21, 83–91) лічаць яе верагоднай, выводзячы зыходнае *svinъ ‘волава’ з і.-е. *k̑wn̥:s ‘нейкі карысны камень’, ‘нейкі метал’, якому адпавядае грэч. мікен. ku‑wa‑no ‘шкло блакітнага колеру’, фрак. σπινος ‘каштоўны камень’, хец. kuwanna ‘медзь’, іран. s(p)ana ‘жалеза’, ст.-перс. *âsana‑ ‘тс’. У Беларусі назва распаўсюдзілася пад рускім уплывам, народная назва — волаво (гл. волава), параўн. свінец як волово (ТС). Рус. о́лово ў народнай мове адпавядае цын (Нас.), цына (Ласт.). Параўн. аднак ст.-бел. свинья ‘адзінка вымярэння колькасці свінцу і волава’ (Ст.-бел. лексікон), што, відаць, сведчыць пра народнаэтымалагічнае асваенне старой назвы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Склют, склюд, шклют ‘цяслярская сякера з шырокім лязом’ (ТСБМ, Шат., Касп., Сцяшк., Мядзв., Выг., Сл. ПЗБ, Сержп. Прымхі; кліч., Жыв. сл.), ‘скупы’ (Касп.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘худы (гарбаты), нязграбны чалавек’ (Жд. 2, Янк., Сл. Брэс., Скарбы; віл., Нар. сл.; віц., Нар. лекс.), ‘худы, высокі, гарбаты чалавек’ (Сцяц.), ‘жмінда’ (Касп.), ‘люты мароз’ (Шатал.), склю́ціна ‘худы’ (мёрск., Нар. словатв.), склюд ‘вялікі нос’ (Наша слова, 2000, 12 студз.), ст.-бел. склютъ ‘цяслярская сякера’ (Яблонскіс). Запазычанне з літ. skliùtas ‘цяслярская сякера’; гл. Брукнер, 494; Аткупшчыкоў, Лекс. балтызмы, 33; Урбуціс, Baltistica, 5 (2), 152 і наст. Свобада, Studies in Slavic Linguistics and Poetics, N. Y.—London, 1968, 247. Агляд літ-ры гл. яшчэ Лаўчутэ, Балтизмы, 22; Анікін, Опыт, 282. З літоўскага запазычаны таксама рус. склюд, укр. склюд, шклюд, польск. sklut ‘тс’. Формы з ш‑ (sz‑) з’явіліся на славянскай глебе. Склютава́ць ‘рабіць склютам’ (Жд. 1), паводле Урбуціса (там жа), магчыма, таксама з літ. skliutúoti ‘тс’, а склюдава́ць (ТСБМ) утвораны ўжо на беларускай глебе, таму што літоўскі назоўнік з ‑d‑ не адзначаны. Ст.-бел. склютъ, скгклютъ ‘тс’ фіксуецца з 1561 г.; гл. Булыка, Лекс. запазыч., 95.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)