Кі́та ’вязанка, цюк’, ’сноп бобу, льну’, ’мажная тоўстая жанчына’ (Сл. паўн.-зах., Мат. АС, Нар. лекс., КЭС, лаг., Сцяшк.). Параўн. кіціца (гл.). Укр. кита ’гронка, мяцёлка, пучок, кутас’, рус. кита ’сцябло’, балг. китка ’букет, вязка’, серб.-харв. кита ’галінка, пучок, вязка’, китка ’жаночы галаўны ўбор’, славен. kita ’каса (валасоў), вязка, пучок’, польск. kita ’султан на шлеме, пучок, вязка’, чэш. kytice, kytka ’букет, вязка’, славац. kyta ’вязка’, kitka ’гронка’, в.-луж. kita ’гронка, пучок’. Прасл. kyta не мае верагоднага этымалагічнага тлумачэння. Зусім умоўны характар мае версія аб kyta < *kūpta (сюды ж чуб) (Бернекер, 1, 679). З прасл. kystь (гл. кісць) таксама нельга выводзіць kyta, бо kystь (kyt‑tь) вытворнае ад kyta. Існуе, аднак, іншая магчымасць тлумачэння, на якую звярнуў увагу Праабражэнскі (1, 310), параўнаўшы kyta з kyką: ст.-слав. кыка ’валасы на галаве’, балг. кика ’каса (валасоў)’ (параўн. славен. kita, kitica ў тым жа значэнні), серб.-харв. кика ’тс’, кичица ’чубок’, рус. кика ’жаночы галаўны ўбор’ (параўн. серб.-харв. китка ў тым жа значэнні), бел. кічка (гл.) ’гронка’. Параўн. укр. кита ў тым жа значэнні. Дублет kyta/kyką мы тлумачым змяшэннем k’ і t’ у праславянскай мове. Яно на карысць таму прасл. kyka разглядаецца як першаснае. Яно мае надзейную этымалогію ў адрозненне ад kyta (Мартынаў, Слав. акком., 65–66).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адвярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак., каго-што.

1. Павярнуць у другі бок. Стары Казімір спыніўся перад сынам, які сядзеў ў канцы .. стала, і так доўга глядзеў на яго, што сын аж адвярнуў галаву да акна. Пестрак. Калі аднаго разу .. [Зося] ішла па вуліцы і дала «дзень добры» Грамабоісе.., дык тая толькі нос у другі бок адвярнула, плюнула і моцна скляла Зосю. Крапіва. // перан. Адцягнуць (увагу, думку і пад.). Цяпер іншыя справы адвярнулі ўвагу ад дому, ад сям’і, што, здавалася, іначай і не павінна быць. Пестрак.

2. Варочаючы, адсунуць. Адвярнулі [браты], камень, а там нара, ды такая глыбокая — дна не відаць. Якімовіч. Кузьма падбег к барознам і рукамі адвярнуў скібы раллі, каб паказаць старую мяжу. Нікановіч. // Паставіць на месца што‑н. перавернутае, абернутае. Мужчыны дружна падхапілі каляску і адвярнулі, але, адварочваючы, выкінулі панскае сядзенне. Колас.

3. Адагнаць, накіраваць у другі бок (жывёлу). [Міхалка:] — Пачакайце, дзядзечка, я збегаю карову адвярну ад грэчкі. Чорны.

4. Адагнуць край чаго‑н. Чудзін жахнуўся, умомант адвярнуў халявы і азірнуўся навокал. Карпюк. Васіль адвярнуў каўнер кажушка. Колас.

5. безас. Разм. Аб пачуцці непрыязні, агіды, да каго‑, чаго‑н. З таго часу і адвярнула.. [Яўхіма] ад пчол. Кулакоўскі.

•••

Нос адвярнуць — выказаць сваё незадавальненне чым‑н., паставіцца да чаго‑н. з пагардай, выявіць незадавальненне чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лічы́цца, лічуся, лічышся, лічыцца; незак.

1. Расцэньвацца якім‑н. чынам, успрымацца як‑н. Дывінец лічыўся лепшым брыгадзірам маладзёжнай брыгады. Асіпенка. [Іван Сямёнавіч:] — Спрадвеку дняпроўскія парогі лічыліся ў народзе праклятым месцам. Курто. // Быць вядомым у якасці каго‑н. [Пракоп] лічыўся самым выдатным палітыкам у «Светлым дні». Васілевіч. // безас. з дадан. сказам. Маецца думка, меркаванне. Доўгі час лічылася, што вёска Кушляны былога Ашмянскага павета — радзіма беларускага паэта [Багушэвіча]. С. Александровіч.

2. з чым. Браць пад увагу, улічваць што‑н. [Пілацееў:] — Толькі мы, Міхаіл Палікарпавіч, з магчымасцямі лічыліся, а вы не хочаце лічыцца. Галавач. // з кім-чым. Адносіцца з увагай, павагай да каго‑, чаго‑н. Дзецям спадабалася, што гэты дарослы чужы чалавек лічыцца з іх думкамі. Колас.

3. чым і без дап. Весці ўзаемны ўлік (паслуг, пазык, прэтэнзій і пад.). [Надзя:] — Ды кіньце вы, урэшце, нібы мы не свае людзі ці што, каб кавалкам хлеба лічыцца ды ў такі яшчэ час. Лынькоў. — Возьмеш у мяне, колькі трэба: мяшок, два, тры — хто з гэтым будзе лічыцца. Пальчэўскі.

4. Знаходзіцца, быць на ўліку дзе‑н. Лічыцца ў спісе выбраных. □ Невялічкі кавалерыйскі атрад [Жаўны] лічыўся ў іх раёне, але дзейнічаў увесь час самастойна. Шамякін.

5. Разм. Размяркоўваць паміж сабой ролі ў гульні, карыстаючыся лічылкай. Лічыцца перад гульнёй.

6. Зал. да лічыць (у 3, 4 і 6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыва́біць, ‑ваблю, ‑вабіш, ‑вабіць; зак., каго-што.

1. Імітуючы голас (звычайна птушак), паклікаць. Прывабіць рабчыка. Прывабіць глушца. // Прыцягваючы ўвагу якой‑н. прынадай, прымусіць наблізіцца (рыб, звяроў і пад.). На ноч, каб прывабіць ваўка, садзяць ва ўнутраны круг казляня ці сабаку. В. Вольскі.

2. Прыцягнуць чыю‑н. увагу, погляд і пад. Пах свежых аладак, відаць, прывабіў .. [немца], бо ў той жа момант ён апынуўся каля скаварады. Якімовіч. [Шарон:] Па акно павесь які рызман, Каб не прывабіла каго святло. Танк.

3. Выклікаць да сябе сімпатыю, прыхільнасць, любоў якімі‑н. рысамі характару, знешнасцю і пад. Яша дазнаўся, што белагаловы Косця прывабіў усіх першамайскіх хлопцаў валейболам. Навуменка. Магчыма, што .. [Люба] ў свае дзевятнаццаць год мела ўжо нейкі вопыт, як прывабіць хлопца. Шамякін. // Выклікаць цікавасць, станоўчыя адносіны да сябе. Ля новага дома Стаяў я з дзяўчынай. Прывабіў праект У аконнай вітрыне. Арочка. Сваім патрыятызмам прывабіў Багдановіча і верш Самійленкі. Лойка.

4. Выклікаць у каго‑н. інтарэс, цікавасць, адкрыць перад кім‑н. цікавыя магчымасці; зацікавіць. Прывабіць добрай пасадай. □ Дземідзецкі, Тумаш, Лазарэвіч і астатнія па сабе ведалі, чым прывабіць крымінальнікаў. Новікаў. Магчымасць пастаяць у сапраўдных варотах сапраўднага стадыёна прывабіць хоць каго. Васілёнак. Ці то хлопца прывабіў гэты спакой і яму захацелася напоўніць ім сваю душу, ці што другое, але ён хутка сабраўся.. і пайшоў да ракі. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ушы́цца 1, ушыецца; зак.

1. Звузіцца, укараціцца пасля шыцця.

2. Прышыцца, прымацавацца пры дапамозе шыцця. Нязграбна ўшыўся рукаў.

ушы́цца 2, ушыюся, ушыешся, ушыецца; зак.

Разм.

1. З цяжкасцю пранікнуць, уціснуцца куды‑н. Быў на гэтай вечарынцы і я. Ушыўся ў сенцах у натоўп большых, і мяне ледзь не на спінах перанеслі цераз парог. Кулакоўскі. Мы з Санькам таксама разам з усімі за сталом. Глыжка побач з бацькам ушыўся і вельмі гэтаму рады. Сяркоў. Мікодым не на жарт спалохаўся. Хацеў як ушыцца ў грамаду, каб ніхто яго не бачыў, каб не кідацца ў вочы пану каменданту. Сабаленка. // Залезці, схавацца ў чым‑н. [Міша] заўважыў у далёкім куце стадолы салому, ушыўся ў яе так, што яго зусім не відаць стала, і адразу спакойна заснуў. Чорны. Не раздумваючы больш ні секунды, .. [Крамнёў] зноў ухапіўся за стропы, напружыў апошнія сілы і мякка, нібы ў пярыну, ушыўся ў халодны вільготны мох. Шашкоў. // перан. Маскіруючы свае погляды, намеры, пралезці ў які‑н. калектыў, асяроддзе. [Галенчык:] — І Апенька паверыў кулацкаму сынку, паверыў! І памог ушыцца ў камуну! Мележ.

2. З’асяродзіцца, сканцэнтраваць увагу на чым‑н. [Камендант] зноў ушыўся ў свае паперы, да таго нецікавым яму быў гэты хлопец, якога і выклікаў ён проста так, на ўсякі выпадак. Лынькоў.

•••

Ушыцца (убрацца, пусціцца) у сабачую скуру — страціць сумленне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лі́пень1 ’назва сёмага месяца’ (Гарэц., Бяльк., ТСБМ; паст., Сл. паўн.-зах.). Укр. (зах.) ли́пень, рус. перм. липе́нь ’ліпа’, славац. lipeň ’тс’, славен. lipan, серб.-харв. ли̏пањ, ли̑пањ ’чэрвень’. Прасл. lip‑ьnь. Да лі́па (гл.). Названа паводле ліпы, якая цвіце ў гэты час (Шаўр, Этимология–71, 96; Качэрган, Мовознавство, 1967, 1, 57).

Лі́пень2, ліпеня, лепеня ’рыба харыус, Thymallus thymallus L.’ (нёманск., Жук.; астрав., шальч., Сл. паўн.-зах.). Укр. ліпень, польск. lipień, в.-луж. lipen, lipon, чэш. lipan, ст.-чэш. lipan, lipen, lipeň, славац. lipeň, lipen, lipan, славен. lípan, серб.-харв. лѝпан, ли̏пен, ли̏пљан, ли̏пљен, ли̏пањ. Прасл. lipenъ//lipenjь, lipanъ//lipanjь. Агульнапрынятай этымалогіі няма. Лёвенталь (WuS, 10, 194) і Бернекер (1, 723) звязвалі з літ. lipsnà ’полымя’, lipst ’гарыць’, лат. lipȋt ’запаліць’, беручы пад увагу чырвоныя плаўнікі і бліскучыя срэбныя бакі; Уленбек (KZ, 32, 260) вылучае аснову *lei̯p ’ляпіць’; Машынкі (O sposobach, 151) мяркуе, што гэта лексема была запазычана славянамі ад і.-е. жыхароў Прыкарпацця. Махэк₂ (335), спасылаючыся на ст.-чэш. назву гэтай рыбы květovoň і на тое, што харыус пахне чаборам, хоча бачыць матывацыю, звязаную з пахам. Слаўскі (4, 274) дапускае прасл. аснову lip‑/lьp‑/lěp‑, якая з і.-е. leip‑ ’масціць, мазаць, клеіць’. Герд (Бел. лекс., 37) мяркуе, што лексема lipьnь бытавала толькі ў тых дыялектах прасл. мовы, якія ляглі ў аснову бел., польск., чэш. і серб.-харв. моў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярце́ць ’круціць’ (БРС, КТС, Яруш.); ’абмотваць, абкручваць’ (БРС); ’хітраваць’ (Юрч.), укр. вертіти ’вярцець’; ’свідраваць’, рус. вертеть ’тс’; ’абарочваць’, ’вярнуць каго-небудзь’; ’падманваць’, уладз., валаг. ’боўтаючы, збіваць што-небудзь’, перм. ’пячы (у роце)’, вяц. ’ванітаваць’. Ст.-рус. вертѣти, врътѣти ’вярцець’; ’свідраваць’; ’загортваць, згортваць’. Польск. wiercić ’круціць’; ’свідраваць’; ’круціўшы, расціраць што-небудзь’, н.-луж. wjerśeś ’вярцець, круціць’; ’свідраваць’, в.-луж. wjerćeć ’тс’, чэш. vrtěti ’вярцець, круціць’; ’думаць, варочаць мазгамі’, славац. vrtieť ’круціць’, славен. vrtẹ́ti ’тс’, серб.-харв. vŕtjeti, вр̀тети ’круціць’; ’ківаць (галавой)’; ’віляць, махаць (хвастом)’; ’сукаць’; ’свідраваць’, макед. врти ’абарачаць, вярцець, круціць’; ’мяняць палажэнне’; ’зварочваць (з дарогі)’; ’гартаць (старонку)’; ’віцца (аб сцежцы)’; ’пераварочваць, ніцаваць’; ’перакручваць’; ’(добра) весці гаспадарку’; ’тачыць (дрэва)’, балг. въртя́ ’вярцець, круціць, абарочваць’; ’віцца’; ’добра валодаць (зброяй, інструментам)’; ’весці гаспадарку’; ’варочаць (справамі)’, ст.-слав. врьтѣти, врътѣти ’вярцець, круціць’. Прасл. vьrtěti (аснова vьrt‑/vert‑/vort‑) мае адпаведнікі ў літ. ver̃sti, verčiù ’валіць, перакульваць’; ’ніцаваць’; ’пераўтвараць’; ’перакладаць (на іншую мову)’; ’прымушаць’, лат. vḕrst ’звяртаць (увагу)’; ’паварочваць’; ’абярнуць’, ст.-прус. wīrst ’станавіцца’, wartint ’абарачаць’, гоц. wairþan ’станавіцца’, лац. verto, ‑ere ’паварочваць, вярцець’ — усе ўзыходзяць да і.-е. u̯ert‑ (< u̯er‑). Гл. Праабражэнскі, 1, 77; Вальдэ, 824; Траўтман, 354; Фік, 1, 131; Торп, 397; Мюленбах-Эндзелін, 4, 566; Міклашыч, 384; Брукнер, 617; Фасмер, 1, 301; Шанскі, 1, В, 65–66; КЭСРЯ, 76; Махэк₂, 701; БЕР, 1, 212; Голуб-Копечны, 423; Младэнаў, 91; Скок, 3, 631–633.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Квет ’краска, кветка’ (ТСБМ, Ян., Нас.), ’кветкі’ (ТС). Укр. квіт ’кветка’, рус. квет ’тс’, ст.-слав. цвѣтъ ’тс’, балг. цвят, мак. цвет, серб.-харв. цве̏т, славен. сvȇt, польск. kwiat, чэш. květ, славац. kvet, в.-луж. kwět, н.-луж. kwět. Пераход kvʼ > cvʼ звязвае паўднёваславянскі і ўсходнеславянскі арэалы (гл. цвет). Заходнеславянскія формы з пачатковым kv распаўсюдзіліся на заходнюю частку ўсходнеславянскага арэала. Прасл. květъ, якое мае рэгулярныя аблаўтныя адносіны з дзеясловам kvisti (гл. цвісці). Рэгулярных паралелей за межамі славянскіх моў, як здаецца, няма (Слаўскі, 3, 479). Але германскія назвы пшаніцы і белага колеру можна суаднесці са славянскай назвай кветкі, калі прыняць пад увагу магчымасць кентумнага рэфлексу для апошняй і дублета t/d. Параўн. гоц. ƕaitеis ’пшаніца’ і ƕeits ’белы’ і ст.-слав. свѣтъ ’свет’. Літ. kvietỹs, лат. kvìesis ’зерне пшаніцы’ лічыцца германскім (гоцкім) па паходжанню. З гэтага пункту погляду прасл. květъ можа разглядацца як кентумны дублет да прасл. světъ або як лексічнае пранікненне з невядомай кентумнай мовы. Тады адносіны паміж květъ і kvisti трэба разглядаць як другасныя, якія ўзніклі па вядомай індаеўрапейскай мадэлі аблаўта. Але неверагодна, каб дублет d/t быў характэрны як для květъ, так і для světъ, тым больш што формы з канцавым ‑d не засведчаны. Таму як прасл. květъ, так і прасл. světъ нельга лічыць надзейнымі паралелямі да гоц. ƕaitеis і ƕeits. Аб семантычнай рэканструкцыі прасл. květъ гл. Лекс. Палесся, 29–30.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абза́ (БРС, Бір. дыс., Касп., Мядзв.), абзой (Бір. дыс., Сцяшк., Бяльк.), абзол ’апошні знадворны слой дрэва’ (Бяльк., Пятк., КСТ). Абзоістая дошка — дошка, якая ідзе за аполкам (калі робяць дошкі з бервяна). Варыянты гэтага слова (абза, абзой, абзол), магчыма, гавораць аб запазычанні, але крыніца пакуль што не знойдзена. Наступныя разважанні можна разглядаць толькі як рабочыя гіпотэзы. Найбольш верагодна абзой (> абзол, як назой > назол) < абзой < эзяць (словаўтваральна як серб.-харв. осо́ј < сја̏ти). Гэта версія мае семантычныя цяжкасці. Параўн., аднак, обзол ’упадзіны, якія застаюцца пры апілоўванні або часанні няроўнага ствала’ (КСТ), «абза ў тым месцы, дзе бярвенні прылягаюць адно да аднаго, але не шчыльна» (Мядзв.), літ. žiógauti (< žióti) ’пазяхаць, зяваць’ і žiōgris ’плот з планак (няшчыльна прыгнаных)’, гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 2. Параўнанне з польск. obza ’прывязь жывёлы, якая пасецца’ ў Свобады Зб. Унбегауну, 247, трэба прыняць пад увагу, калі ўлічыць значэнне obza ’ліпавая аборка’. Каб прыняць гэта супастаўленне, трэба аддзяліць польск. obza (obdza) у значэнні ’вяроўка, аборка’ ад obdza ў значэнні ’аглобля ў сасе’, якая да бел. абжа (параўн. Турска, SFPS, 5, 112–113). Наўрад ці сюды ж чэш. obza ’скура на клубах каля хваста’ (этымалогію гэтага слова гл. Махэк₂, 408). З іншых спроб этымалагізавання неабходна адзначыць: рус. обзельные доски, доски c обзелом, обзолом, обзолком, да ob‑zelъ, zelъ (Патабня, Из записок, III, 66) і obьzaліт. ìžiti ’лушчыцца’ (Варбот, Балто-слав. исслед., 47). Параўн. абжа (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калаба́ны ’абутак на драўлянай падэшве’ (Сержп. Грам., Сцяшк.). Рус. валаг. колобан ’прадаўгаваты ячменны хлябок з завостранымі канцамі (у форме лодкі)’. Звяртае на сябе ўвагу падабенства формы, параўн. яшчэ рус. іркуц. (з запісаў Равінскага) колобан ’горка або сопка выцягнутай, мысападобнай формы’. Не выключана, што некалькі праясняе справу рус. дыял. колобашка, якое, як і колобан, суадносіцца з колоб, аднак, адзначае яшчэ і валаг. ’драўляная міска, чашка’, ’груба зробленая міска і інш.’, ’маленькая драўляная пасудзіна’, пск. ’невялікая драўляная дошчачка авальнай формы ў рыбалоўнай снасці’ і інш. Семантыка, аднак, далёкая; апрача таго, ці можна тут меркаваць аб нейкай суаднесенасці назвы абутку і назвы булачкі (параўн. празрысты перанос з назвы абутку на блін: рус. дыял. лапоть ’лапаць’ і ’тоўсты блін’), або больш перспектыўна суадносіць бел. семему з рус. ’невялікая драўляная дошчачка…’, для колобашка параўн. рус. варонеж., уладз., калуж. і інш. колодка ’драўляная дошчачка/падэшва, якая прымацоўваецца да лапцей у час дажджу’, ніжнегар. колодки ’абцасы’ і інш. Калі сканцэнтраваць увагу на такіх значэннях рус. слоў (дэрыватаў ад колоб або ад асновы колб‑, збліжаных з папярэднімі), як у пск. колобашка ’корань, які застаецца пасля абпальвання дрэва і ідзе на дровы’, ’абрубак дрэва, цурбан’ і пад., можна думаць і аб пераносе падобнай назвы на грубы драўляны абутак. Надзейнасць як апошняга, так і папярэдніх меркаванняў невялікая па прычыне таго, што першаснай лексемы ў бел. мове не зафіксавана. Параўн. яшчэ калабок (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)