Міног, мінога, мянёга ’рыбападобная жывёліна ручайная, марская, якая сваёй формай нагадвае вугра, Lampetra planeri L., Lampetra fluviatilis L., Lampetra mariae Berg.’ (ТСБМ, Інстр. II, ТС, Жук.; астрав., Сл. ПЗБ), ст.-бел. миногъ ’мінога’ (XVII ст.). Запазычана са ст.-польск. minóg ’тс’, якое з с.-в.-ням. niunouge ’дзевяцівокі’ — гэта рыба апрача вачэй мае збоку па адной ноздрыне і па сем жабравых шчылін (Булыка, Лекс. запазыч., 145; Варш. сл., 2, 991).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нагне́тка ’?’: Як‑бы з руты ды нагнетак / Букет велькі май уклаў (Цётка). Няясна, якая кветка маецца на ўвазе; фармальна слова вельмі падобна да польск. nogietek ’наготка’, сустракаецца і ў форме nogietka (Steffen. Słownik Warmiński. Wrocław, 1984), аднак не выключана, што гэта іншая расліна, лекавыя ўласцівасці якой могуць выкарыстоўвацца ў народнай медыцыне, напрыклад для лячэння навярэджванняў, параўн. тураўск. нагнёт ’ціск, прыгнёт’, чэрв. нагне́сці ’набіць’, воран. нагнётка ’мазоль’ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Люцы́пар, люцы́пер ’д’ябал’ (Гарэц., Др.-Падб., Нас., Бяльк.), ст.-бел. люциферъ, люциперъ, люцыперъ ’тс’ (XVII ст.), запазычаны са ст.-польск. lucyper, lucyfer (лац. lūcifer ’той, хто прыносіць святло’: lūx, lūcis ’святло’, ferre ’несці’), ’д’ябал’, ст.-польск. і ’Венера’. У некаторых айцоў царквы — гэта імя ўзбунтаванага анёла, скінутага ў пекла. Аналагічна і франц. lucifer ’сатана’, ’Венера’ (Слаўскі, 4, 362–363; Кюнэ, 73; Зайцава, Лінгв. дасл., 69; Булыка, Лекс. запазыч., 176).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Малі́наўка1 ’заранка, Erithacus rubecula L.’ (ТСБМ, БелСЭ, Мат. Гом.), рус. малиновка ’тс’. Да малі́на, малі́навы (гл.). Названа паводле чырвонага колеру брушка птушкі. Гэта значэнне і ў лац. rubecula.

Малі́наўка2 ’летняя яблыня з буйнымі ружовымі кісла-салодкімі яблыкамі’ (ТСБМ, Мат. Гом.), ’гатунак бульбы’ (гом., Мат. Гом.) названа паводле чырвонага колеру. Да малі́на (гл.). Аналагічна малі́наўка, маліноўка ’малінавая хустка’ (староб., ДАБМ, к. 332; Касп., Сцяшк. Сл., Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паспыта́ць ’паспрабаваць на смак’ (Бяльк., Касп., Бір.), паспы́так ’каштаванне, ці смачна’ (КЭС, лаг.; Нас.). Укр. поспита́ти ’пакаштаваць’, балг. опи́там ’паспрабаваць на смак ежу, напой’, н.-луж. pospytaś ’трохі паспрабаваць’, в.-луж. pospytować ’праводзіць доследы’. У іншых слав. мовах гэта лексема звязана са значэннем ’пытацца’, ’прасіць’, ’шукаць’, ’рабіць прапанову’. Да спытаць < пыта́ць < прасл. pytati/pitati з першасным значэннем ’кроіць, рэзаць, сячы’, г. зн. ’адразаючы, адсякаючы, даведвацца пра гэты прадмет’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пашало́хіваць ’шалясцець’ (Нас.), пашаляхцець ’патрэсці’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Да шалахцець ’мітусіцца, сноўдаць’ (паст., там жа), шалясцець ’шастаць, шамацець, шапацець’, шаластуны, шалястунэ, шэлестуны ’шамкі’ (Сл. ПЗБ) — (гл.). Усе — гукапераймальныя ўтварэнні, як укр. шелестіти, рус. шелестеть, шелестить, польск. szelest, szeleścić, чэш. šelestiti, славац. šelestiť і да т. п., а таксама ўкр. шерестіти, рус. шорох. Гэта інтэнсівы з суфіксам ‑st‑ ад гукапераймання, якое перадае ’шамаценне, шастанне’ (Міклашыч, 337; Махэк₂, 604; Фасмер, 4, 423).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вэ́нгра ’венгерац’ (Шат.). Кантэкст: «Па сяле ходзіць вэнгра з лякарствамі». Таму можна меркаваць, што гэта слова мела таксама значэнне ’вандроўны гандляр’. Параўн. рус. венге́рец, венгр ’венгерац’, а таксама ’бродячий торговец, продававший по городам и поместьям товары и лекарства, по происхождению главным образом словак из Венгрии’ (Фасмер, 1, 290, са спасылкай на Мельнікава–Пячэрскага). З польск. węgier ’венгерац’ (гл. Фасмер, там жа). Гл. таксама дадаткі Трубачова (там літ-ра адносна венгерец ’гандляр’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярня́каць ’гаварыць абы-што, неўпапад’ (браг., З нар. сл.); ’дакучаць’ (мазыр., Мат. Гом.). Запазычана з рус. мовы; параўн. варнакать: разан., кур. ’хлусіць, балбатаць’; ’вярзці’, цвяр. ’паўдн. ’рабіць што-небудзь, абы-як, неахайна’; ’гаварыць глупства, балбатаць, малоць языком абы-што’, варон. ’гаварыць няясна, незразумела’, дан. варнякаць ’тс’, а гэта да рус. варнак ’катаржнік, злачынец, зладзюга, бадзяга, хуліган, жулік’, ад якога і ўкр. варна́к ’тс’. Гл. яшчэ Рудніцкі, 1, 317.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гавэ́нда ’размова, гутарка’ (Сцяшк., Мядзв., Бір. Дзярж.; Сцяц., зэльв., Жд. 2), ’пустая, беззмястоўная гутарка’ (Касп.), гавэ́нды ’пустыя размовы’ (Бяльк.), ’недарэчныя, безвысноўныя размовы’ (Шат.). З XVI ст. у бел. помніках зафіксавана форма гаведа ’размова, плёткі’ (Булыка). Параўн. і ст.-укр. (XVI ст.) гавенда. Запазычанне з польск. gawędaгэта ўтварэнне суф. ‑ęda да прасл. *gav‑, *gov‑: *govoriti і г. д.). Гл. Слаўскі, 261 (там і агляд літ-ры). Параўн. гавэ́ндзіць, гавэ́ндаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́мзаль ’смуглы’ (Жд. 2). Дакладвае значэнне слова невядома (параўн. прыклад, які прыводзіцца ў слоўніку Жыдовіч: «Вой я ш як гамзаль чорная, мне і загараць ня трэба»). Лексема гамза́ль ’быстры, тупы штуршок’, якая прыводзіцца ў Насовіча, не падыходзіць па семантыцы. Калі няма сувязі з адным са значэнняў дзеясловаў га́мзаць, гамза́ць, то, магчыма, запазычанне. Параўн. (але гэта вельмі няпэўная дагадка) укр. гамсе́л ’іранічная назва, якую даюць жыхарам Таўрычаскай губерні’ (Грынч.)

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)