Бажаво́ліць ’непамерна многа хацець’ (Нас., Бяльк.), бажаво́льны ’пераборлівы, вычварны’ (Нас.), бажаволле ’непамернае жаданне’ (Нас., Бяльк., Др.-Падб., Гарэц.). Параўн. рус. божево́литься ’шалець, вар’яцець’, божево́льный ’звар’яцелы; злосны, наравісты’, укр. божеві́лля ’вар’яцтва’, божеві́льний ’звар’яцелы’, божево́літи ’вар’яцець’. У аснове гэтай табуістычнай назвы (розныя хваробы, вар’яцтва часта эўфемістычна называюцца божымі) ляжыць выраз божая воля (вар’яцтва — гэта тое, што бывае па божай волі). У бел. мове першапачатковая семантыка некалькі змянілася (’вар’яцтва’ → ’непамернае жаданне’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)