Гавэ́нда ’размова, гутарка’ (Сцяшк., Мядзв., Бір. Дзярж.; Сцяц., зэльв., Жд. 2), ’пустая, беззмястоўная гутарка’ (Касп.), гавэ́нды ’пустыя размовы’ (Бяльк.), ’недарэчныя, безвысноўныя размовы’ (Шат.). З XVI ст. у бел. помніках зафіксавана форма гаведа ’размова, плёткі’ (Булыка). Параўн. і ст.-укр. (XVI ст.) гавенда. Запазычанне з польск. gawęda (а гэта ўтварэнне суф. ‑ęda да прасл. *gav‑, *gov‑: *govoriti і г. д.). Гл. Слаўскі, 261 (там і агляд літ-ры). Параўн. гавэ́ндзіць, гавэ́ндаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галада́ць (БРС). Дзеяслоў, які суадносіцца з прасл. назоўнікам *goldъ ’голад’ (гл. голад). Гэты марфалагічны тып (*goldati) вядомы ў частцы слав. моў. Параўн. яшчэ рус. голода́ть, укр. дыял. голода́ти. У адных і тых жа слав. мовах могуць сустракацца паралельна і іншыя марфалагічныя тыпы гэтага дзеяслова. Так, вельмі пашыраны тып *goldovati *goldujǫ. Параўн. бел. галадава́ць (Нас., Касп., Шат.), укр. голодува́ти (< голодовати), рус. дыял. голодова́ть, славац. hladovať, чэш. hladověti і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́мтаць ’камячыць’ (БРС), гамта́ць ’тс’ (Сцяшк.). Калі гэта не запазычанне з польск. gmatać ’тс’ (з метатэзай гукаў: *гма́таць > га́мтаць), то роднаснае гэтаму польск. слову і іншым слав.: польск. gmatać, gmatwać, gmatusić, чэш. hmatati, славац. hmatati, укр. гма́та́ти. Гэту групу лексем Слаўскі (1, 298–299) выводзіць з прасл. *gъm‑at‑ati (*gъm‑atvati). Гл. агляд літ-ры і версій Слаўскі, там жа. Параўн. яшчэ бел. га́матны ’тоўсты, грубы, завялікі’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́музам ’агулам’ (БРС). Рус. дыял. га́музом, укр. га́музом. Паводле Фасмера (1, 391), адносіцца да дзеяслова гомза́ть ’кішэць’ < *gъmъz‑. Трубачоў (Эт. сл., 7, 195) пад *gъmъz‑ разглядае многа славянскіх лексем, у тым ліку рус. гомоз ’мноства’, го́мозом ’усе разам’, га́маз ’маса, мноства’, га́мазам ’разам, агулам’, укр. га́муз ’мякаць; бацвінне (ад буракоў, лісты капусты)’, га́музом ’агулам’, бел. га́музам ’тс’, гаму́з ’шум’. Што гэта слова адносіцца іменна да групы *gъmъz‑, можна не сумнявацца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дапля́гі ’шмат, многа’ (Сцяшк.). Мусіць, запазычанне з польск. do plagi ’тс’ (гл. пля́ґа) або можа быць самастойным утварэннем на беларускай глебе ад запазычанага з польск. мовы слова пля́га (пля́ґа). Лексемы такога тыпу вельмі лёгка запазычаюцца з адной мовы ў другую. Словы плякга, пляга, плакга, флякга ’няшчасце’ вядомы ўжо ў ст.-бел. мове (гл. Булыка, Запазыч.). У польск. мове гэта лацінізм (лац. plaga; аб гэтым гл. Брукнер, 416–417).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

До́ктар ’доктар’ (БРС). Слова гэта было ўжо ў ст.-бел. мове: докторъ ’доктар; настаўнік багаслоўя’ (тут яно лічыцца паланізмам: польск. doktor < лац. doctor; гл. Булыка, Запазыч.). Рус. до́ктор, укр. до́ктор. Польск. або ням. пасрэдніцтва пры запазычанні прымаецца і для рус. мовы (не выключаецца таксама і непасрэдна лац. крыніца; гл. Фасмер, 1, 523, Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 157–158). У лац. мове doctor — гэта ўтварэнне на ‑tor ад дзеяслова docere ’вучыць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дрын ’кій’ (Сцяшк.), ’кіёк, дручок’ (Сцяц.), ’палка’ (Сл. паўн.-зах.). У слоўніку Трубачова (Эт. сл., 5, 145) бел. слова адсутнічае. Параўн. рус. дыял. дрын, укр. дыял. дрін ’тс’. Паводле Трубачова, там жа (у Фасмера, Бернекера гэтых слоў няма), магчыма, да і.-е. *drūno‑ (ад і.-е. *dru‑ ’дрэва’); параўн. ст.-інд. druṇa‑ ’лук (зброя)’, перс. durūna ’дуга, вясёлка; лук’; першапачатковае значэнне ’драўляны’ (гл. яшчэ Трубачоў, ВЯ, 1975, № 1, 135). Няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дэка́н ’дэкан’ (БРС). Рус. дека́н, укр. дека́н. У значэнні ’дэкан факультэта’ запазычанне з ням. Dekan < лац. decānus (Фасмер, 1, 495; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 54). Ст.-бел. деканъ, дяканъ ’старшы свяшчэннік’ < ням. Dekan < лац. decānus (Булыка, Запазыч.; у гэтым значэнні ў XVI ст. сустракаецца і ў рус. помніках, гл. Шанскі, там жа). Дэкана́т, рус. декана́т, укр. декана́т < ням. Dekanat (с.-лац. decanatus; гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 54).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́ята, ката ’раскаянне’ (Нас., Янк. БП). Магчыма, эксцэрпцыя з прыказкі, параўн. «Каита ёсць, да возвороту нема» (Нас., 227). Сустракаюцца іншыя структуры: кая «Кай много, а вороту нет» (калуж., смал.). Дакладны адпаведнік у рус. перм., салікам. каята ’споведзь, раскаянне’, каяты класть ’раскайвацца’. Статус слова няясны (незалежныя інавацыі ў бел. і рус.?, усх.-слав.?. больш старое?), словаўтваральна, як рус. мая(иʼя)та, пры маять ’марыць, мучыць і інш.’ (ёсць недакладнасці ў акцэнтуацыі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кляймо́ ’пячатка, знак, які ставіцца на вырабах’ (ТСБМ, Гарэц., Сцяшк.). Трэба пагадзіцца з ЕСУМ, 2, 457, дзе прымаецца думка аб паходжанні ўкр. клеймо, клейно, рус. клеймо, клейно ’тс’, польск. kleimo, kleino, чэш. klejmo ’знак, прыкмета’, з с.-н.-ням. kleinôt ’каштоўнасць, радавы герб’ (Торнквіст, 179; Гардзінер, ZfSlPh, 28, 150; Слаўскі, 2, 201). Апошні сцвярджае запазычанне польск. kleimo, kleino са ст.-бел. клеймо, клейно (з 1513 г.) (Гл. Булыка, Запазыч., 155).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)