Жо́луд ’плод дуба’, жолудзі, жалу́дка ’картачная масць’ (Нас.). Рус. желудь ’плод дуба’, дыял. с.-урал. ’плод бульбы’, уст. ’картачная масць’, укр. жолудь ’плод дуба’, уст. ’картачная масць’ (Жэлях.), польск. żołądź ’плод дуба’, уст. ’картачная масць’, палаб. zelǫd, в.-луж. žoldz ’тс’, н.-луж. zołz̀, чэш. žalud, славац. žaluď, славен. želod ’тс’, серб.-харв. же̏луд ’плод дуба’, балг. желъд, ’тс’, макед. желадʼ ’плод дуба, картачная масць’. Ст.-слав. желждь. Ст.-рус. желудь ’каштаны, арэхі, жалуды’. Лац. glans, glandis, грэч. βαλανος, арм. kalin, ст.-прус. gile, літ. gile, лат. dzile ’жолуд’. І.‑е. *g​el, g​ula‑ ’тс’ (Покарны, 1, 472–473). Брукнер (665) тлумачыў слав. ‑d‑ як паказчык зборнасці. Грэч. значэнне ’жолуд’ і ’падаль’ указвае на магчымасць сувязі з βαλλω ’кідаю’ і адпаведна тлумачыць семантычны бок паходжання. Іначай Махэк₂, 722: і -е. корань суадносіцца з g​ere ’жэрці’ і трактуецца як ’ежа вяпрукоў’. Фасмер, 2, 45; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 283; БЕР, 1, 533–534; Скок, 3, 675; Фрэнкель, 151; Тапароў, E–H, 234–235. Назва картачнай масці (гл. яшчэ жлудзь) — калька ням. Eichel праз чэш. і далей рус. ці польск. (Чарнышоў, Избр. тр., 2, 448–452).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жывіца ’смала’. Рус. живи́ца, укр. живи́ця, польск. żywica, в.-луж. žiwica, чэш. živice, славац. živica ’смала’, славен. živica ’корань’, ’жываплот’, ’крынічная вада’, ’насмарк’, серб.-харв. жи́ви́ца ’жываплот’, ’кастрыца’, ’палянка’, ’рубец тканіны’. Ст.-рус. живица ’смала’ (XVI ст.). Утворана ад кораня *živ‑ суфіксам *‑ic‑a ў прасл. мове, прычым у паўн. славян замацавалася значэнне ’смала’, а паўд. славяне замацавалі і іншыя значэнні. Гэта можа сведчыць ці аб адносна познім (паўн.-слав.) утварэнні, ці аб дыфузнай першапачатковай семантыцы. Корань жыв‑ у жывіца суадносіцца са значэннем ’гаіць’, паколькі жывіца мела лячэбнае значэнне. І.‑е. корань *g​ei‑ ’жыць, гаіць’. Плевачава, SR Brno, 13, 1964, 25–33; Махэк₂, 728. Параўн. Скок, 3, 681. Сцяцко (Афікс. наз., 45) не ўказвае час утварэння і не дае семантычнага абгрунтавання. Іначай: жывіца роднаснае з арм. kiv ’смала’ (Лідэн, Зб. Мікале, 119; Турнэйзен, Зб. Педэрсену, 301) з асобным і.-е. коранем *g​i​ (Покарны, 1, 482), суадносным з жаваць (Фасмер, 2, 51); апошняе, паводле Покарнага, няпэўна. Гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 289. Гіпотэза Плевачавай–Махэка не адкідвае суадносіны з арм. kiv, аднак лічыць гэта слова паралельным утварэннем, што верагодна. Гл. жывіць, жывы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зуб1. Рус., укр. зуб, польск. ząb, луж., чэш., славац. zub, палаб. zǫb, славен. zȏb, серб.-харв. зу̑б, балг. зъб, макед. заб. Ст.-слав. зѫбъ, ст.-рус. зубъ (XI–XII стст.). Прасл. *zǫbъ ’зуб’ < і.-е. *gʼembh‑, gʼm̥bh‑, gʼombho‑s ’зуб’: ст.-інд. jámbhatē ’хапаць’, літ. žembiū ’разразаю’, ст.-інд. jámbha‑ḥ ’зуб’, грэч. γόμφος ’тс’, алб. dhëmb ’тс’, лат. zùobs ’тс’, літ. žam̃bas ’востры вугал’, ст.-в.-ням. kamb, суч. Kamm ’грэбень’, тах. A kam, B kerne ’зуб’. Роднаснае ст.-слав. зѧб‑сти ’прарастаць’, ’прадзіраць’, гл. зя́бліва. Трубачоў (ВЯ, 1957, 2, 90) узводзіць прасл. форму да і.-е. *gʼon‑bhos ’выступ, тое, што вырасла’ ад *gʼen‑ ’нарадзіцца’. Шанскі, 2, З, 111; Фасмер, 2, 106; БЕР, 1, 660–662; Скок, 3, 663; Траўтман, 369; Покарны, 369.

Зуб2 ’памылка пры тканні’ (чэрв., Нар. лекс.; Жд. 1). Рус. зуб смал. ’паласа каляровай тканіны’, краснаяр. ’прамежкі ў бёрдзе, скрозь якія працягваюць ніткі’, пск., цвяр. зубок ’тры ніткі ў ткацкай аснове’, польск. ząb ’нешта ў выглядзе кліна, зуба’. Такое ж значэнне, як у польск., вядома ў іншых слав. мовах. Бел. і рус. значэнні — фіксацыя аднаго з пераносных значэнняў зуб1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́зі́ць ’псаваць, перакрыўляць і інш.’, ’перакрыўляць, крывіць твар’, ка́зіцца ’здзекавацца і інш.’ (Нас.), казити ’псаваць, шкодзіць і інш.’ (Гарб.). Укр. казити ’перакрыўляць, псаваць’, рус. (варонеж.) казить ’псаваць’, польск. kazić псаваць і інш.’, ст.-польск. (з XVI ст.) ’разбураць, псаваць, разбіваць (напр., збанкі)’, славін. kãzec ’разбіваць, разбураць і інш. в.-луж. kazyć ’нішчыць, псаваць’, н.-луж. kazyś ’псаваць і інш.’, чэш. kaziti ’псаваць, разбураць, шкодзіць’, славац. kazit ’псаваць, разбураць’, славен. kazíti ’псаваць, перакрыўляць’, серб.-харв. ка́зити се ’псаваць свой выгляд’, ст.-слав. казити ’псаваць, шкодзіць’. Прасл. kaziti (sę) традыцыйна лічыцца каўзатывам да čeznǫti, Трубачоў (Эт. сл., 9, 171) слушна звяртае ўвагу на тое, што паміж гэтымі словамі няма непасрэднай суаднесенасці ні ў фармальным, ні ў семантычным плане. Таму ранейшыя даследчыкі шукалі іншыя сувязі; можна згадаць спробу Махэка, Recherches. 82–86, суаднесці слав. kaziti і літ. kežė́ti ’кіснуць’, аднак у слоўніку (Махэк₂, 246) ён супастаўляе з слав. літ. gōžti, góžti ’пра псаванне піва і інш.’. Паводле Мее, MSL, 9, 1896, 144, можна меркаваць, што kaziti ад іменнай асновы kaza; фармальна (праз ступень oō) гэта супадае з асновай у слав. kazati. Семантычная сувязь лексем зразумелая, калі прыняць, што kazati ’псаваць’, ’памячаць, адзначаць (у дрэнным сэнсе)’, гл. Трубачоў, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Капу́ста ’агародная расліна Brassica oleracea L.’ ’страва з капусты’ (ТСБМ, Касп., Грыг., Бес., Бяльк., Яруш., Сцяшк., Сержп. Грам.; полац. Нар. сл.), ’кіслая страва з буракоў, морквы, часам і з капусты’ (Нік. Очерки); ’гульня’ (гродз. Нар. словатв.); капу́сціцца ’раскошна садзіцца, рассядацца’ (Яўс.). Укр. капу́ста ’капуста’ і ка́пуст ’бручка’, рус. капу́ста, ст.-рус. капуста (страва) (XII ст.), польск. kapusta, чэш. kapusta, славац. kapusta, славен. прэкмур. kapȗsta і kȃpus, kapús, серб.-харв. ка̀пуста ’жаўтазель, Genista L.’ макед., балг. капу́ста, капу́ска і ка́пус ’капуста’, ст.-балг. капоуста (XI ст.). Вандруючае культурнае слова, якое ўзыходзіць да с.-лац. compos(i)ta ’(змешаная, складзеная) кансерваваная, кіслая капуста’, параўн. таксама італ. composta ’мешань’, ’кампот’, швейц. kāpu(s)ta ’кіслая капуста’, а таксама ст.-в.-ням. kumpóst, с.-в.-ням. kumpóst, kompóst ’тс’ > ст.-польск. kompost ’тс’ (XV ст.), пазней kampust, kanpust, kańpust ’кіслае малако’. Пачатковае ka‑ ўзнікла ў выніку кантамінацыі групы раманскіх слоў, якія паходзяць з с.-лац. capitium ’галоўка капусты’ (< caput ’галава’) > італ. capuccio ’качанная капуста’; зах.-ням. Kappus, с.-в.-ням. kappȗz, kabez. Літ-pa: Бернекер, 218; Брукнер, 218; Слаўскі, 2, 62–63; Фасмер, 2, 188; БЕР, 2, 225; ЕСУМ, 2, 378–379; Бязлай, 2, 18.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Капы́л1 ’кавалак дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак’ (ТСБМ, Яруш., Касп., Бяльк., Грыг., Гарэц., Некр. і Байк.; КЭС, лаг.). «Не мерай усіх на свой капыл» (Янк. БП), ’дэталь саней’, ’дубовы брусок, што ўстаўляецца ў полаз, а за яго закручваецца вяз для злучэння палазоў’ (Сцяшк., Сержп. Грам.), укр. копил ’тс’, рус. копыл ’тс’. Адпаведна да вядомай версіі звязана генетычна з балг. копеле ’незаконнанароджаны’, серб.-харв. ко̏пил ’тс’ (Бернекер, 564; Фасмер, 2, 320; Трубачоў, Эт. сл., 11, 32–34). Семантычна гэта тлумачыцца як пераход тыпу рус. пасынок ’пасынак’ і ’падпорка, лішняя галіна, больш тонкі з двух ствалоў, якія выраслі з аднаго кораня’. Але гэта тлумачэнне не пераконвае, хаця ўкр. копил мае таксама значэнне ’незаконнанароджаны’ і можна меркаваць аб праславянскім характары лексемы, якая застаецца этымалагічна непразрыстай. Да таго ж першае значэнне застаецца за межамі семантычнага пераходу. Ці не звязана капыл ’кавалак дрэва ў форме ступні’ з прасл. kopyto (адпаведна з фармантамі: рэгулярным ‑ylъ (SP, 1, 112) і нерэгулярным ‑yto (гл. капыта).

Капы́л2 ’матыка для апрацоўкі ляда’ (Малчанава, Мат. культ.; Маш., Шатал.), ад капаць («капылом капылім бульбу»Шатал.). З фармантам ‑ylъ (SP, 1, 112).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каро́ль1 укр. король, рус. король, чэш. král, в.-луж. kral, польск. król, балг. крал, серб.-харв. кра̑љ, славен. kralj, прасл. korlь. Традыцыйная этымалогія зводзіцца да запазычання у якасці тытула імені Карла Вялікага (як цэсар, якое зыходзіла да імені Цэзара). Запазычанне мела месца да метатэзы плаўных у славянскіх мовах, таму гэта фанетычная з’ява атрымала абсалютную храналогію (VIII–IX стст.) у адпаведнасці з даціроўкай праўлення Карла Вялікага. Калі ж не прымаць этымалогіі korlь < Karl, мы адразу пазбаўляемся крытэрыю для храналагізацыі. Існуе іншая магчымасць этымалагізацыі прасл. korlь, для якога словам-крыніцай аб’яўляецца прагерм. karla ’стары, старэйшына’ (ст.-ісл. karl ’муж знатнага роду’, фінскі германізм karilas ’стары’). Прыняцце гэтай гіпотэзы мяняе храналогію запазычання ў бок значна большай старажытнасці (Параўн. Мартынаў, Лекс. взаим., 68–71; Трубачоў, Эт. сл., 11, 82–89).

Каро́ль2 ’трус’ (Шатал., Сл. паўн.-зах.). У значэнні ’трус’ мы сустракаем у бел. дыялектах формы кролік і кроль. Апошняе, на нашу думку, з’яўляецца зваротнай дэрывацыяй ад кролік, якое запазычана з польск. królik. Польская форма, у сваю чаргу, з ням. Künigl < лац. cuniculus. Ням. лексема асэнсоўвалася як Nomen deminulivum ад König ’кароль’ (Бернекер, 572; Фасмер, 2, 380).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кары́ць1 ’ачышчаць дрэва ад кары’ (Шат., Сцяшк., Сл. паўн.-зах., Янк. 3., КЭС., лаг.). Сувязь з лексемай кара (гл.) відавочная. Аднак цяжка вызначыць тып гэтай сувязі. Прасл. koriti мае другасныя значэнні і значэнне, зафіксаванае на ўсх.-слав. глебе (укр. корити, рус. корить), не мае адпаведных паралелей у іншых славянскіх мовах. Аднак калі прасл. koriti разглядаць як карэлят да čьrtǫ črěsti (?) ’рэзаць’, то значэнне ’ачышчаць дрэва ад кары’ можна разглядаць як першаснае, а kora як ’штосьці зрэзанае’.

Кары́ць2, укр. корити, рус. корить, чэш. kořiti ’пакараць’, славац. korit sa ’пакарацца’, в.-луж. korić ’пакараць’, польск. korzyć ’карыць’, балг. коря ’тс’, макед. кори ’тс’, серб.-харв. ко̀рити ’тс’, славен. koriti ’тс’: koriti sę ’спрачацца’. Найбольш верагодным з’яўляецца параўнанне з лац. carināre ’здзекавацца’, ірл. caire ’вымова, знеслаўленне’. Параўн. з апошнімі ст.-слав. корити ’знеслаўляць’, славац. koriťsa ’здзекавацца’, рус. коритись ’тс’. Семантычныя адрозненні двух радоў дзеясловаў вымушаюць нас дапусціць ідэю аб суіснаванні аманімічных дзеясловаў koriti1 і koriti2, якія, напрыклад, ва ўсходнеславянскіх мовах поўнасцю зліліся. Тады, магчыма, рэфлексацыі koriti1 са значэннем ’пакараць’ і адпаведна koriti sę1 ’спрачацца’ можна суаднесці з літ. kãras ’вайна’, гот. harjis ’войска’ (супраць Фрэнкель, 220 і Трубачоў, Эт. сл., 11, 76–77).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Руса́лка1 ’міфалагічны вобраз усходнеславянскіх народаў у выглядзе жанчыны з доўгімі распушчанымі валасамі, якая жыве ў вадзе або жыце’ (ТСБМ), ’жанчына, што ходзіць з непрыбранымі валасамі’, руса́ўка ’тс’ (ТС). Укр. руса́лкама́вка), рус. руса́лка, польск. rusałka, чэш., славац. rusalka, славен. rusalkavila), серб.-харв. ру́са̄лкавила), балг. руса́лкави́ла, самоди́ва). Этымалогія цьмяная ў сувязі з налажэннем розных паняццяў і семантычнымі зменамі. Першаснай формай трэба прызнаць руса́ўка і значэнне ’жанчына, што ходзіць з непрыбранымі валасамі’, якія суадносяцца з ру́савы дзед (гл.). Форма руса́лка другасная, узнікла пры дапамозе субстантывуючага суфікса ‑ка ад руса́льны (дзень, тыдзень), параўн.: Русалка — дэнь такый (драг., Талстая, Полес., 214), прыметніка, утворанага ад русаллі (гл.). У далейшым назва міфалагізавалася і была перанесена на паганскія персанажы, што сімвалізавалі ахоўную функцыю (Той русаўкой пужалі дзецей, шчоб не ходзілі по жыці, ТС, 4, 336). Гл. Цыхун, БЛ, 57, 120.

Руса́лка2 ’страказа’ (гом., Арх. ГУ), параўн. балг. руса́лка ’матылёк падзёнка, Ephemera vulgata’. Перанос назвы русалка1 на насякомых, звязаных з вадой, па знешняму выгляду (“бухматасць”) і перыяду з’яўлення, блізкім да свята Тройцы. Мяркуецца, што яны сімвалізавалі душы памерлых продкаў, гл. Пічхадзэ, Новое в рус. этим., 201.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Руса́ллі ’у старажытных славян — вясеннія язычніцкія святкаванні, звязаныя з культам продкаў’ (ТСБМ); руса́льны ’які мае адносіны да русалляў’, руса́льны ты́ждзень (ты́здзень) ’першы тыдзень пасля сёмухі, калі спраўлялі русальныя абрады’ (ТС), руса́льніца ’тыдзень пасля сёмухі’ (Ласт.). Стараж.-рус. по рѫсалиѧх(ъ) М. скл. мн. л. ’свята Тройцы’ (XI ст.), укр. ру́саля ’Тройца’, балг. Руса́ля, Руса́лска неделя ’нядзеля пасля Спасу’, серб.-харв. дыял. ру́са̄ље ’тройца’, славен. risȃle ’тс’, чэш. rusadla ’вясеннія язычніцкія святкаванні’, славац. rusadlá ’тс’, ст.-слав. роуслиѩ ’тс’. Слова, вядомае з XI ст. як назва паганскага свята ўваскрэслай прыроды і памінання нябожчыкаў. З лац. rosālia < rosaria (dies rosae ’дні ружы’ ад лац. rosa ’ружа’) — назвы вясновага свята ружаў, падчас якога прыносілі ружы на магілы. Параўн. іт. pasqua rosata ’пяцідзесятніца’. Кантамінацыяй з рус. русло тлумачылі о > у і змену ў семантыцы, калі русалка з лясной і палявой істоты ператварылася ў вадзяную, што няпэўна, хутчэй гэта ўплыў народных слоў, што ўзыходзяць да *rus‑, гл. русавы дзед. Гл. таксама Фасмер, 3, 520; Махэк₂, 525; БЕР, 6, 349–351; Чарных, 2, 128; Пічхадзэ, Новое в рус. этим., 200–201; ESJSt, 13, 783–784; Жураўлёў, Язык и миф, 499.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)