сма́га, ‑і, ДМ смазе, ж.

1. Моцнае жаданне піць. Як зморышся, пад сонцам косячы, хочацца тады ўпасці на густую мураву, схіліцца над самой вадой рэчкі і піць яе губамі проста з ракі, піць доўга, аж пакуль не прагоніш дакучлівай смагі. Галавач.

2. Недахоп вільгаці, суша, спёка. І папраўдзе, усё дакляравала добрую ноч: неба чыстае, звонкае, а ў вечар асядае ўжо .. гарачыня і смага. Скрыган. А што б вадзе гэтай млын круціць, на палі разліцца, калі пасевы гараць ад смагі? Лобан.

3. перан. Разм. Моцнае імкненне да чаго‑н. У тыя дні.. [Тадаровіч] выехаў сохнучы, ныючы, повен пакутнае смагі да жыцця і чуючы перад сабой адно — чорную навісь смяртэльнае навалы. Чорны.

•••

Сагнаць смагу гл. сагнаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пры́мха, часцей мн. л. пры́мхі ’забабоны, забабонныя прыкметы’ (ТСБМ, Шн. 1, Растарг.; лях., Сл. ПЗБ, ТС), пры́мухі ’прымхі; жарты’ (Ян.). Няясна. Верагодна, з’яўляецца аддзеяслоўным утварэннем ад прымсці́ць/прымсці́цца (гл.) з экспрэсіўным ‑х‑ на месцы ‑с‑ у фіналі асновы (чакалася б *пры́мс(х)а) і развіццём першаснай семантычнай базы (гл. Краўчук, Бел. лекс., 86). Іншыя версіі выказвалі Мікуцкі (сувязь з муха, параўн. польск. muchi w nosie ’пра ганарлівага, непрадказальнага’, гл. падрабязней Неўская, История слав. этим., 21; параўн. яшчэ макед. мушичка ’мошка; капрыз’), Свобада (Studies in Slavic Ling. and Poetics, N.Y. — London, 1968, 247). Ткачэнка (ЕСУМ, 4, 574) параўноўвае з рус. па́мха ’перашкода, ліха, пошасць’, помха ’неўраджай’, што да мох (гл.), *мъха ’хвароба коласа; іржа’; Трубачоў (ЭССЯ, 22, 194) адносіць да *mъxъ (гл. мох) у сувязі з павер’ямі, але не выключаецца і сувязь з *mъšъka ’мошка, мушка’. Параўн. укр. при́мхи ’тс’, при́мха ’капрыз, недарэчнае жаданне, выдумка’, при́мхати ’капрызіць’, при́мхливий, примхува́тий ’капрызны, пераборлівы’. Спецыяльна гл. Мяркулава, Этим. иссл., 6, 23.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́хамаць ’капрыз, недарэчнае, надуманае жаданне’ (ТСБМ), ’забабонны сродак; забабоны’; ’чароўныя веды’ (Нас., Гарэц.), ’забабоны, лячэнне нагаворамі’ (Бяльк.), при́хамить ’сімвалічны знак, абрад, які мае агульныя рысы з чарадзействам і незразумелы для пабочнага гледача’ (Мядзв.), прихамети ’забабоны’ (Кос.), прыхаме́ты ’тс’, прыхаме́та ’прыкмета’ (Бяльк.), прыхамати ’байкі, забабоны’ (Растарг.), пры́хаматлівы ’прымхлівы, які верыць забабонам’, пры́хаматны ’знамянальны па якіх-небудзь забабонных прыкметах’ (Нас.), прыхаме́тнік ’вядзьмак’ (Бяльк.). Рус. смал., бранск. при́хомоть ’забабонная прыкмета, забабоны, павер’е’, бранск. при́хомати, при́хомять, смал. прихоме́ты, прихомётка ’тс’, прихоме́тник ’вядзьмак’, прихоме́тница ’вядзьмарка’. Цёмнае слова. Можна выказаць толькі некалькі меркаванняў. Пры‑, відавочна, прыстаўка, параўн. яшчэ пры́шамець ’незвычайная з’ява’ (Варл.), што дазваляе выдзеліць экспрэсіўны элемент ха‑, які чаргуецца з ‑ша‑ (параўн. Махэк₂, 203: пад chomrstati). Няяснай застаецца фіналь слова (ад *męti?). Не выключае, што разглядаемае слова — гэта вытворнае ад пры́мха (гл.) з суф. ‑от і ‑ь (гл. аб суфіксацыі Карскі 2-3, 30–31): *прымх‑оть і з наступнай метатэзай і о ўстаўным — *прыхомоть > прыхамаць. Але гэта няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Такава́ць ’падклікаць спевам і рухамі самку ў перыяд спарвання (пра глушца і цецерука)’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.; віц., Яшк. Мясц.), токова́ць ’тс’ (ТС). Укр. токува́ти, рус. токова́ть, польск. tokować ’тс’ (з XVIII ст.), каш. tokowac ’праяўляць жаданне супакоіць праявы хцівасці (пра суку)’, в.-луж. tokać (з чэшскай мовы: Шустар-Шэўц, 1512), чэш. tokat ’прывабліваць самку (пра цецерукоў)’, старое tokovati, славац. tokať ’тс’. Выводзіцца паходжанне слова ад гукаў, якія самцы ўтвараюць падчас любоўнай узбуджанасці (Міклашыч, 358; гл. таксама Махэк₂, 646; Рэйзак, 665); гукі самца-глушца параўноўваюць са шчоўканнем пазногця аб няпоўны пачак запалак (Федз.–Доўб., 37–38, 44). Параўн. акрамя чэшскіх і славацкіх дзеясловаў рус. пск. то́кать ’тукаць, стукаць, пастукваць’, таксама ’(пра цецерукоў) такаваць’, укр. то́кот ’сэрцабіццё’, токота́ти, токоті́ти ’мерна і часта стукаць’ і н.-луж. пераноснае tokotaś, tokontaś ’увесь час спатыкацца, хістацца’. Словаўтварэнне, як у кукаваць (гл.); адносіны да ток5 ’такаванка, такавішча (птушак)’ (гл.), з якога выводзілі дзеяслоў Брандт (РФВ, 25, 29–30) і Брукнер (573), застаюцца нявысветленымі. Гл. таксама Борысь, 637.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Труць1, труц ‘труціць’ (воран., ашм., смарг., гродз., Сл. ПЗБ), ст.-бел. трути, струти ‘атручваць’ (Гарб.). З польск. truć ‘тс’ (Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 134). Аналагічна тру́цца ‘атручвацца’ < польск. truć się ‘тс’, ‘мучыцца, пакутаваць’. Польск. truć (się) узыходзіць да прасл. *truti, 1 ас. trovǫ ‘спажываць, вытрачаць, ператраўліваць’, звязанага чаргаваннем галосных асновы з ітэратывам *traviti і назоўнікам трава́, трова́ (гл.). Прасл. лексема *truti роднасная літ. trūnýti ‘парахнець, тлець, гнісці’, вал. toraw ‘таўчы’, ‘біць, разбіваць’, ст.-грэч. τρύω ‘быць стомленым, замучаным’, ‘прыціскаю, прыгнятаю, раню’, ст.-англ.-сакс. dˊrōwigean ‘цярпець’, ст.-нарв. þrá ‘сум’, ‘моцнае жаданне’ < і.-е. *treu̯‑ ‘церці, расціраць’ (Борысь, 644; Фасмер, 4, 92; Махэк₂, 650; Чарных, 2, 255; Скок, 3, 507–508; Брукнер, 575, 577; ЕСУМ, 5, 656; Бязлай, 4, 234–235).

Труць2 ‘яд, атрута’ (Некр. і Байк., Ласт.). Магчыма, з польск. truć ‘расліна, сокам якой змазвалі стрэлы, палюючы на аленяў’ (Варш. сл.), параўн. trut, truta, trutka ‘атрута (як прынада)’ і папярэдняе слова (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

настро́й, ‑ю, м.

1. Унутраны, душэўны стан. На кожным твары, у кожнай хаце адчувалася: у людзей узняты перадсвяточны настрой. Васілевіч. Арына адразу заўважыла, што муж не ў гуморы, і, як звычайна ў ў апошні час, пастаралася развеяць яго кепскі настрой. Карпаў. // Разм. Добры гумор. Свайго вясёлага настрою Схаваць не можа наш рыбак. Колас. [Сухадольскі:] Ты ўжо дасягнула свайго — сапсавала мне настрой. Крапіва.

2. Накіраванасць думак, пачуццяў і пад. каго‑н.; настроенасць. Толькі пазней мы даведаліся, што Гурскі прад’явіў некаторыя з нашых работ на педсавеце, абвінавачваючы нас у крамольных настроях. Мядзёлка. Агульны напрамак творчасці маладых паэтаў — правільны. Але бываюць выпадкі, калі ў іх лірыцы пачынаюць гучаць нездаровыя настроі. «Маладосць».

3. Схільнасць, жаданне рабіць што‑н. Вечарам, пасля работы, Рыгор вярнуўся на кватэру. Быў настрой нікуды не выходзіць. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патрабава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. патрабаваць.

2. Просьба, жаданне, выказаныя ў катэгарычнай форме. — Адчыніце! — патрабаванне паўтарылася ўжо голасам больш настойлівым. Галавач. // Загад зрабіць што‑н. — Добры дзень, — сказаў .. [Карніцкі] пасля пэўнай паўзы Шынкевічу такім тонам, у якім выразна чулася патрабаванне назваць сябе. Паслядовіч.

3. Афіцыйны дакумент з просьбай выдаць што‑н. або накіраваць каго‑н. у чыё‑н. распараджэнне. Неўзабаве.. ў кантору да нас зайшоў чалавек у паношанай брызентавай спяцоўцы і падаў Собічу патрабаванне на кісларод. Скрыган.

4. звычайна мн. (патрабава́нні, ‑яў). Норма, умовы, якім хто або што‑н. павінны адпавядаць. [Вагуцкі:] — Вы ведаеце мае патрабаванні да кожнага рабочага і яго работы. Яны застаюцца нязменнымі: працаваць на выдатна. Лынькоў. // Правілы, нормы паводзін, абумоўленыя чым‑н. Патрабаванні моды. Патрабаванні ветлівасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ачу́цца, ачуюся, ачуешся, ачуецца; зак.

1. Прыйсці да памяці, ачнуцца; акрыяць. Колькі ехала і як ехала, [Зося] не ведала. Ачулася толькі, калі конь сам на двор узышоў. Крапіва. Праз хвіліну яна ачулася, акрыяла, разгарнула крылцы і фуркнула з рукі настаўніка ў свежае веснавое паветра. Колас.

2. Падаць голас, стаць чутным; пачуцца. Першай ачулася Рагіна і выбегла з-за перагародкі. Адамчык. Рыгор пачуў стук крокаў, якія раптам ачуліся ззаду і хутка набліжаліся да іх. Гартны. Каб у нас мядзведзі вяліся. Не-е... А вось ачуліся. Пташнікаў.

3. Прачнуцца, праявіцца. [Вера:] — Шанавала я свае пачуцці да вас, таму маўчала, чакала, можа, бацькоўскае сэрца ачуецца. Дуброўскі.

4. Апынуцца. Карцела жаданне як найхутчэй кончыць дарогу, выйсці з цеснага душнага вагона і ачуцца на вуліцы Рыгі. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дабі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’ёмся, ‑б’яцеся; зак., чаго, з дадан. сказам і без дап.

Настойлівымі намаганнямі дамагчыся чаго‑н. Дабіцца выдатных поспехаў. □ Загад адзін, адно заданне — Дабіцца працай перамог. Чарот. Чым больш уставала .. перашкод, тым больш, расло ў Сценкі ўпартае жаданне дабіцца свайго. Колас. // Распытваючы, даведацца, дапытацца аб чым‑н. ад каго‑н. Мужчыны ніяк не маглі дабіцца ад.. [жанчыны], што ж там такое магло стаць: пажар, смерць ці яшчэ якое няшчасце? Дамашэвіч. Настаўнік болей нічога не дабіўся ад Ліды. Яна ўстала з-за стала і выбегла з хаты. Колас. // Дабрацца, з цяжкасцю дайсці куды‑н., да каго‑н. — Я парадкі ведаю, я дабіўся ў адрасны стол. Чорны. У пакой канцылярыі дабіцца было цяжка. Нікановіч.

•••

Дабіцца да ручкі — тое, што і дайсці да ручкі (гл. дайсці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ціка́васць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць цікавага.

2. Павышаная пільная ўвага да каго‑, чаго‑н. Жывейшая цікавасць да фальклору ў Купалы падтрымлівалася на працягу ўсяго жыцця. Шкраба. Сцёпка гаварыў так проста і разумна, што яго слухалі з вялікай цікавасцю. Колас. З цікавасцю разглядаем мы вялізную магутную птушку. В. Вольскі. // Важнасць, значэнне чаго‑н. [Багуцкі:] — Для камандавання Чырвонай Арміі такія дакументы маюць не малую цікавасць. Па іх адразу відаць, дзе, на якіх участках у немцаў слаба. Лынькоў. [Хлопцы] заспяшалі як мага хутчэй ад чыгункі, якая ў гэту ноч ужо не ўяўляла для іх ніякай цікавасці. Шахавец.

3. Жаданне даведацца пра каго‑, што‑н.; цікаўнасць. Цікавасць гаспадыні была здаволена. Гартны. Праціснулася Ганна бліжэй к хаце, цікавасць брала, — што скажа яна [незнаёмая жанчына], калі гаворыць, што не так жыць трэба. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)