расхіну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

1. Адхінуўшы, адкінуць, развесці ў бакі краі, крыссе адзення. Расхінуў тут дзед халат Ды з кішэні-бакавушкі Выняў дудку-весялушку. Колас. Падпалкоўнік расшпіліў кіцель і расхінуў на грудзях кашулю. Асіпенка. // Адхінуць, адвесці ў бакі што‑н. прыхінутае адно да аднаго. Я падпоўз да сяла, калі гаснулі зоркі, Расхінуў асцярожна кусты і знямеў — Каміны ... каміны... Дух пажарышча горкі. Панчанка. Расхінеш траву, а там — гняздзечка з яечкамі або птушаняты рассыплюцца, як гарох, у розныя бакі. Якімовіч. // Распасцерці, развесці ў бакі. Бусел расхінуў крылы. □ — Не схіляй, — крычалі, — галавы, Расхіні свае ў палёце крылы! Бялевіч.

2. Раскрыць (дзверы, акно, заслону і пад.). Людзей поўна, яблыку недзе ўпасці, а заслону на сцэне быццам некаму расхінуць. Гроднеў.

3. Разгарнуць што‑н. (згорнутае, складзенае). Расхінуць палатку. □ Дзядзька расхінуў лісток лінаванай паперы. Баранавых. Вось скруткі белага льнянога палатна, Нібы сама заснула ў іх зіма, Здаецца, расхіні — дыхнуць буранам снежным. Танк.

4. Раскрыць, зрабіць вольным доступ куды‑н., да чаго‑н. [Віцька] тыцнуў Глечыку пару ануч і зноў расхінуў торбу. Быкаў.

5. перан. Рассунуцца, расшырыцца. — Трэба, каб з твайго нарыса было відаць, як Савецкая ўлада расхінула перад былымі цёмнымі, занядбанымі сялянамі ўсе дарогі ў жыццё. Сабаленка.

•••

Расхінуць душу — тое, што і адкрыць душу (гл. душа). Мне захацелася расхінуць сваю душу перад гэтай жанчынай, расказаць ёй усю праўду. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́дала, ‑а, н.

1. Жэрдка або некалькі жэрдак у куратніку, на якія садзяцца ноччу куры; курасадня. Пад павеццю на седале закудах[т]ала курыца. Рылько. Седалы і гнёзды для нясушак зрабіў Вацлаў Нехвядовіч, які аказаўся на дзіва кемлівым птушнікам. Б. Стральцоў. [Стэфка:] — Курачкі цяпер на седале, то ідзі злаві мне адну, Сымонка. Чарнышэвіч. // Месца, дзе гняздзяцца птушкі. Ужо каторы раз над намі моўчкі і паспешліва праляталі на свае седалы самыя познія вароны. Кулакоўскі. Сам арол вісеў галавою ўніз, безупынку лопаючы крыламі. Вось яму ўдалося зноў уладкавацца на сваім седале. Беразняк.

2. Гняздо ў куратніку, дзе нясуцца куры або выседжваюцца кураняты. Яечка — рэдкая прыемнасць у Ганьчыным жыцці. Ганька толькі збірае яйкі на седале і складае іх у стары зялёны макацёр. Васілевіч. У сярэдзіне мая маці пасадзіла на рэшата сапраўдную квактуху Чубатку. — А тваю, відаць, пара з седала выкідаць, — сказала яна да Мані. Якімовіч.

3. перан. Разм. Месца, дзе чалавек пражыў шмат год; абжыты куток. Было страшна, што адарвешся ад роднага седала ды і згубішся ў людзях. Асіпенка. Нейкі час Надзя глядзела засяроджана на сваё колішняе седала, і хоць усё для яе было тут звыклае і роднае, глядзела і не верыла сваім вачам. Гроднеў. // Наседжанае месца або прыдатнае для сядзення месца. Антон праверыў усе вуды, начапляў новых чарвякоў, пажыў рукі і, крыху адышоўшыся ад вады, пачаў рыхтаваць седала — стаяць над вудамі ён ужо стаміўся. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усталява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.

1. Надзейна ўстанавіцца, умацавацца. Міналі гады... У нас усталявалася Савецкая ўлада. Астрэйка. Палкавы камітэт разагнаў эсэраў і бундаўцаў і памог бальшавіцкай меншасці ўсталявацца ў пасялковым Савеце. Чыгрынаў. // Перастаць змяняцца, зрабіцца ўстойлівым. Зіма ўсталявалася ўжо ў лістападзе. □ Пасля непагодлівых дзён з дажджамі і сцюдзёнымі вятрамі нарэшце ўсталявалася ціхае яснае надвор’е. Шчарбатаў. / у перан. ужыв. А ў нас усталяваўся цудоўны пах перасушанага сена: відаць, ад таго раскошнага сенніка, на якім спіць маці. Каршукоў. // Стаць прыгодным для карыстання (пра дарогу і пад.). Гулі машыны, мчалі з Асіпаўскага ў Грыні і назад. Для іх усталявалася дарога, як цэмент. Пташнікаў.

2. Асесці, уладкавацца дзе‑н. Усталяваўшыся на сталай базе ў лесе, Алег з групай партызан выйшаў на заданне. «Маладосць». [Маці:] — Няхай едзе, усталюецца, напіша, з’ездзіш паглядзіш, а пасля таго — забірай дзяцей і ўсе рэчы. Дубоўка. Мы дамовіліся перапісвацца, калі ўсталюемся на рабоце. Марціновіч.

3. Наладзіцца, замацавацца. Толькі пасля вайны ўзаемаадносіны ў нашай сям’і ўсталявалася, як прыязныя: мачыха, мабыць, ужо не баялася, што я буду прэтэндаваць на нейкую часціну спадчыны. Сабаленка. У літаратурным асяроддзі ўсталявалася думка, што другая кніжка часцей за ўсё бывае слабейшая за першую. Грахоўскі. // Стаць звычаем, традыцыяй. Леанід Ляонцьеў выказаў, бадай, агульную думку ўсіх удзельнікаў семінара: — Каб нам часцей так сустракацца, каб усталявалася гэтая традыцыя — традыцыя творчых сустрэч, творчага адзінства! «Маладосць». // Разм. Устанавіцца, наступіць. Нарэшце гоман сціх. Усталявалася цішыня. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сунду́к ’куфар’ (мін., Сл. ПЗБ; Бяльк., Сцяц. Сл., ТС, Мат. Гом.), ’дарожная сумка’ (Сцяшк. Сл.), ’рамачны вулей’ (Анох.); перан. сунду́к, сунды́к ’пра тупога, абмежаванага чалавека’ (Мат. Гом.), на Смаленшчыне таксама санду́к ’тс’ (Дабр.). Дапускаюцца розныя шляхі запазычання мяркуемага цюркізма, у тым ліку праз рус. сунду́к ’куфар, скрыня’, дзе, магчыма, чувашскае пасрэдніцтва (Дабрадомаў, Бел.-рус. ізал., 40), або ўкр. сунду́к ’тс’, відаць, з палавецкага сундух (Тагіеў, Цюркізмы, 151). Але параўн. ст.-бел. сундукъ ’куфар’ (1598 г.) са стараж.-рус. сундукъ ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 104). Крыніцай можа быць кыпч. sunduq, тур. sandik крым.-тат. сандык ’тс’ < араб. ṣandûḳ, ṣundûḳ якія ўзводзяцца да грэч. συνδοχετον або συνδυκετον ’тс’; гл. Фасмер, 3, 803 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 475 і наст. Малаверагодны ўплыў польск. sądek ’кадушка, кубел’, як мяркуе Цвяткоў, Запіскі, 2, 67.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́йнік ’агент тайнай паліцыі, сышчык, шпік’ (вілен., Стан.), ’шпіён’ (глыб., Жыв. НС). Семантычная кандэнсацыя словаспалучэння та́йны агент. Сюды, відаць, і та́йнік ’сябар, супольнік, памочнік’ (Ласт.), параўн. польскае wtajemniczony ’ўведзены ў курс справы’. Да тайны1 (гл.).

Тайні́к1 ’тайнае сховішча’ (ТСБМ). Запазычанне з рус. тайни́к ’памяшканне, месца, якое служыць таемным прыбежышчам або сховішчам’; у гэтым значэнні ст.-рус. та́иникъ фіксуецца з канца XV ст. (Сразн.).

Тайні́к2 ’падучая хвароба’ (Касп.). Семантычная кандэнсацыя словаспалучэння та́йная хвароба, дзе семантыка тайны1 (гл.), хутчэй за ўсё, ’няясны па паходжанні’, г. зн. не маючы знешніх прыкмет; унутраны. Сярод апісаных найбольш прадуктыўных славянскіх семантычных мадэлей эпілепсіі (Усачова, Слав. др., 3, 611–612) матыў ’тайны’ з такім разгалінавым напаўненнем не адзначаны, таму яго трэба лічыць уласна беларускім этналінгвістычным феноменам. Часцей, у прыватнасці ў замовах (жлоб., карм., нараўл., БНТ, Зам.), патайнік, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пі́ка1 ’зброя ў выглядзе дрэўка з вострым металічным наканечнікам, дзіда’ (ТСБМ, Бес., Нас., Шат., Бяльк., віл., Сл. ПЗБ), пікаю ’стралой ляцець (падаць)’ (ТС). З польск. pika (якое з франц. pique ці з ням. Pike ’піка’) альбо з рус. (ст.-рус.) пика ’тс’, якое з ням. ці франц. моў ад швейцарцаў: менавіта яны ўвялі ў XV ст. піку як абавязковую зброю пехацінцаў; з канца XVI ст. у Маскоўскай дзяржаве пачынаюць служыць наёмныя войскі (Адзінцоў, Этимология–1975, 86–90), — абедзьве лексемы з італ. picca ’тс’ (Праабражэнскі, 2, 57; Фасмер, 3, 260). Сюды ж свісл. піка́сты ’з вострымі канцамі’ (Сцяшк. Сл.).

Пі́ка2 ’твар’ (Нас.). Гл. пы́ка ’тс’.

Пі́ка3 ’пачак, стос’ (ТС). Відаць, у выніку перастаноўкі складоў з кі́па.

Пі́ка4 ’масць у картах’, пі́чка ’карта піковай масці’ (Нас.). Гл. пі́кі1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раса́да ’маладыя расліны, што вырасцілі для перасадкі’ (ТСБМ, Касп., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), рыса́да, расса́да (Бяльк.), раса́дзіна ’каліва расады’ (Ян.). Параўн. рус. расса́да ’тс’, польск. rosada ’тс’, ст.-польск. rozsada ’тс’, славен. razsad, rošada ’тс’, літ. rasoda ’расліна’. Ад агульнаслав. ‑сад‑ у значэнні ’працэс пасадкі раслін’ > *roz‑sad(a) > *rossad(a) > rosad(а), адсюль зборнае значэнне раса́да для маладых раслін, для таго, што рассаджваюць. Для адзначэння асобнай расліны з расады назіраюцца розныя формаўтваральныя мадэлі, у тым ліку беспрыставачныя: параўн. польск. sadzonka, чэш. sadno, славен. sadíka, серб. sádno ’тс’. Сюды ж вытворныя раса́днік ’скрынка з зямлёй для вырошчвання расады’, ’гадавальнік’ (ТСБМ, Ласт., Сл. ПЗБ), ’гародчык’ (Бяльк.), расса́днік ’крыніца з’яўлення, размнажэння чаго-небудзь’ (ТСБМ). Відаць, другаснае ўтварэнне раса́днік ’зруб у 3–4 вянцы — аснова печы’ (Нік. Очерки), дзе фіксуецца і першаснае раса́днік ’парнік’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пламе́та1 ’вельмі многа’ (Жд. 2). Відаць, з планета (гл.) ’нябеснае цела’, як у польск. planeta (а ў X–VII стст. і planeta) — ’сонца і месяц’, з далейшым абагульненнем, — ’зорка, зоркі’, шматлікасць якіх на небе і вызначыла значэнне лексемы. Параўн. таксама рус. планида ’вялікая шматдзетная сям’я’.

Пламе́та2 ’лёс, прадвызначэнне’ (ТС). Да планета (гл.). Значэнне ’лёс’ развілося з меркавання, што планеты ўгшываюць на жыццё і дзеянні людзей.

Пламе́та3 ’хмара, хмарнасць’ (?): нейка така пламета набягае, што по усім дзерэўням дождж (ТС), укр. зах.-валын. планета ’вялікая навальнічная хмара’. Да планета (гл.). Параўн. польск. plametnik ’чорная хмара, якая пасоўваецца па небе’, дыял. planeta ’пералётная хмара’, planetnica ’белая хмара, якая праплывае па небе’. Паводле Гарачавай (Этимология–1994–1996, 28), не выключана развіццё значэнняў ’лёс’ — ’воблака’, паколькі ў старажытнасці маглі гадаць па форме воблакаў, прадказваць лёс.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плю́шчыць1 ’удараючы або сціскаючы, рабіць што-небудзь пляскатым, тонкім’ (ТСБМ), плю́шчыцца ’карабаціцца, гнуцца’ (Сцяшк. МГ), ’рабіцца плоскім’, плюшча́ты ’пляскаты’ (ТС), укр. плю́щити, рус. плющить, ст.-рус. плющити (плещити) ’расплюшчыць’ (XV ст.). Усходнеславянскае. Утворана ад плюск, параўн. ст.-рус. плюскъ ’шум ад удару, пляск, лопат’ (XV ст.). Гл. плю́скаць1.

Плю́шчыць2, плю́шчыты ’заплюшчваць, жмурыць вочы’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Шат., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ; Сцяшк. МГ), плюшчыцца ’жмурыцца, моргаць’ (петрык., Мат. Гом.), плюшчаком ’прыжмурыўшыся’ (ТС), плю́шчыцца ’лезці’ (карэліц., Нар. сл.), укр. плю́щити. Да плю́скаць3 (гл.). Таксама можна дапусціць семантычнае развіццё з плю́шчыць1 (гл.).

Плю́шчыць3 ’значыць свойскіх гусей’: плюшчаць ім знак (ТС). Відаць, да плю́шчыць2 ’сціскаць, сплюшчваць’. Першапачаткова пры клеймаванні жывёл і птушак прабівалі ім вуха ці перапонкі, устаўлялі туды кляймо і сплюшчвалі яго, каб не гублялася.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Праду́ха1, праду́шына продух(ы) ’адтуліна для выхаду паветра, дыму’ (ТСБМ, Нас., Шат., Сцяшк. Сл., Др.-Падб., Гарэц., Клім.), ’перавод дыхання; адпачынак’ (Нас.), ’прамежак паміж печчу і сцяной’ (чэрв., Сл. ПЗБ), ’палонка’ (Сл. ПЗБ), праду́хавіна ’адтуліна ў лёдзе, палонка’ (Нас.), праду́хліна ’адтуліна ў балоце’ (Касп.), ’багністае месца’ (Сл. ПЗБ), пра́душнік (у фундаменце) ’душнік’ (Мат. Гом.), про́дух, про́духа ’прадушына’ (Сл. ПЗБ, ТС), про́духа ’адтуліна’ (Сцяшк. Сл., Сл. Брэс.). Рус. про́дух ’адтуліна для выхаду паветра, дыму, комін’, проду́шина ’палонка; адтуліна ў лёдзе, каб рыба не задыхнулася’, укр. проду́хвина, проду́ховина ’прадуха; палонка’, чэш. průduch ’прадуха’, балг. продух ’прадзіманне’. Звязана з ду́х у значэнні ’паветра’; Махэк₂ (133) звязвае з *duchъ ’дух; душа нябожчыка’, быццам бы адтуліна ў коміне прызначалася для выхаду душ памерлых, але гэта, відаць, залішняе тлумачэнне. Гл. яшчэ здуха.

Праду́ха2, прадо́ха ’пралля’ (ТС). Да праду, прасці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)