расхінуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.
1. Адхінуўшы, адкінуць, развесці ў бакі краі, крыссе адзення. Расхінуў тут дзед халат Ды з кішэні-бакавушкі Выняў дудку-весялушку. Колас. Падпалкоўнік расшпіліў кіцель і расхінуў на грудзях кашулю. Асіпенка. // Адхінуць, адвесці ў бакі што‑н. прыхінутае адно да аднаго. Я падпоўз да сяла, калі гаснулі зоркі, Расхінуў асцярожна кусты і знямеў — Каміны ... каміны... Дух пажарышча горкі. Панчанка. Расхінеш траву, а там — гняздзечка з яечкамі або птушаняты рассыплюцца, як гарох, у розныя бакі. Якімовіч. // Распасцерці, развесці ў бакі. Бусел расхінуў крылы. ▪ — Не схіляй, — крычалі, — галавы, Расхіні свае ў палёце крылы! Бялевіч.
2. Раскрыць (дзверы, акно, заслону і пад.). Людзей поўна, яблыку недзе ўпасці, а заслону на сцэне быццам некаму расхінуць. Гроднеў.
3. Разгарнуць што‑н. (згорнутае, складзенае). Расхінуць палатку. ▪ Дзядзька расхінуў лісток лінаванай паперы. Баранавых. Вось скруткі белага льнянога палатна, Нібы сама заснула ў іх зіма, Здаецца, расхіні — дыхнуць буранам снежным. Танк.
4. Раскрыць, зрабіць вольным доступ куды‑н., да чаго‑н. [Віцька] тыцнуў Глечыку пару ануч і зноў расхінуў торбу. Быкаў.
5. перан. Рассунуцца, расшырыцца. — Трэба, каб з твайго нарыса было відаць, як Савецкая ўлада расхінула перад былымі цёмнымі, занядбанымі сялянамі ўсе дарогі ў жыццё. Сабаленка.
•••
Расхінуць душу — тое, што і адкрыць душу (гл. душа). Мне захацелася расхінуць сваю душу перад гэтай жанчынай, расказаць ёй усю праўду. Дуброўскі.