партрэ́т, ‑а, М ‑рэце, м.

1. Малюнак, рысунак, вялікая фатаграфія чалавека або групы людзей. Скульптурны партрэт. □ На адной сцяне віселі партрэты Карла Маркса і Леніна. Колас. Змітрок і Таня разам глянулі на сцяну, дзе побач з партрэтам бацькі з нядаўняга часу вісеў і матчын партрэт. Ваданосаў. // Разм. Пра таго, хто вельмі падобны да каго‑н. — [Дачка] у яго адна была і, акрамя таго, — выліты партрэт нябожчыцы-жонкі. Мележ.

2. Апісанне знешнасці персанажа ў літаратурным творы. Вось як жывога, дзядзьку бачу. Я тут партрэт яго зазначу. Ён невысок, не надта ёмак. Колас. // Характэрныя рысы, агульная характарыстыка каго‑, чаго‑н. Часта з адзінкавых трапных дэталей або асобных персанажаў ствараецца калектыўны партрэт воінскай масы, народа. Дзюбайла.

•••

Кабінетны партрэт — фатаграфія пэўных памераў (18×24); невялікі партрэт.

[Фр. portrait.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паэ́зія, ‑і, ж.

1. Мастацкая, пераважна вершаваная, творчасць. Асветленая і сагрэтая полымем рэвалюцыі 1905–1907 гадоў, паэзія Янкі Купалы стала голасам беларускага народа. Палітыка.

2. Творы, напісаныя вершаванай мовай; проціл. проза. Прозвішча нічога не гаварыла слухачам, хіба толькі аматары паэзіі ўспомнілі невялікую кніжку ў блакітнай вокладцы — першы яго зборнік. Хадкевіч. [Сцёпка:] — І адкуль ты ўзяў, што я паэзіі не люблю? Сапраўдную паэзію ўсе любяць. Колас. // Сукупнасць вершаваных твораў якога‑н. народа, эпохі і пад. Пралетарская паэзія. Рамантычная паэзія.

3. перан. Што‑н. прыгожае, велічнае, узвышанае, што хвалюе, уздзейнічае на пачуцці. Паэзія прыроды. Паэзія працы. □ І гэты ясны дзень, і гэтыя краявіды, поўныя паэзіі, і гэтыя весткі аб новым месцы, сабраныя ў дарозе, — усё гэта памацняла той добры настрой, у якім пад’язджаў Лабановіч да Пінска. Колас.

[Грэч. póiēsis.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узлёт, ‑у, М ‑лёце, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. узлятаць — узляцець (у 1 знач.).

2. перан.; чаго. Кульмінацыя развіцця; росквіт, уздым. Як і ў гісторыі іншых старажытных гарадоў, у гісторыі Полацка мы бачым і перыяды бурнага ўзлёту, і перыяды заняпаду. Хадкевіч. Жыццё без узлётаў, пралікаў і спадаў, Вёз спрэчак калючых, нібыта асцё, Без спёкі, без хмар і густых снегападаў — Расклад ці інструкцыя, а не жыццё. Грахоўскі.

3. перан.; чаго. Уздым, натхненне. Узлёт сіл. Узлёт творчай думкі. Паэтычны ўзлёт. □ Многім паэтам вядомы ўзлёты і спады, з-пад аднаго і таго ж пяра выходзяць творы наўздзіўнай сілы і, поруч з імі, рэчы больш-менш бедныя і недасканалыя. Лужанін. Сапраўдным узлётам Купалы-лірыка былі чэрвень-ліпень 1911 года. .. У гэты час было напісана больш трыццаці вершаў. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фальш, ‑у, м.

1. Падман, ашуканства. [Гендарсан] поркаўся ва ўжо засыпаных буртах, вымяраў пласт саломы і зямлі, але не знаходзіў фальшу. Чарнышэвіч. // Падробка. На момант.. [Назарчуку] здалося, што гэтыя грошы не сапраўдныя. Паглядзеў на прасвет, але фальшу не знайшоў. Грошы былі, як грошы. Сабаленка.

2. Прытворства, няшчырасць, крывадушнасць. У ласкавасці, з якой былі вымаўлены гэтыя словы, Галіна Іванаўна адчула фальш, няшчырасць. Марціновіч. Валодзя не ўлавіў ноткі фальш[у] у.. расказе [перакладчыка]. Федасеенка. // Адсутнасць натуральнасці, адпаведнасці мастацкай праўдзе. Нішто не бывае такім прыкрым у літаратурным творы, ва ўсякім друкаваным слове, як фальш, непісьменная сухая штучнасць. Чорны.

3. Недакладнасць у выкладанні, скажэнне (пра спеў, ігру на музычным інструменце). У тых жа выпадках, калі чуецца выразны фальш або збіванне з тону, пісар трасе галавою, махае рукою, перахватваючы спевы і змушаючы хор падпарадкавацца яму. Колас.

[Ням. Falsch.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бібліятэ́ка, ‑і, ДМ ‑тэцы, ж.

1. Падабраны пэўным чынам збор кніг, які з’яўляецца прыватнай або грамадскай уласнасцю. Класная бібліятэка. □ Кніг з сабой [Валерый] захапіў мала, усе даўно перачытаў, а ў прарабавай бібліятэцы толькі тэхнічныя даведнікі і падручнікі. Б. Стральцоў. У дзедавай бібліятэцы я натрапіў на зборы легенд і казак. Бядуля. // Назва серыі кніг, блізкіх па тыпу або прызначаных для пэўнай катэгорыі чытачоў. Бібліятэка настаўніка. Бібліятэка паэта.

2. Установа, якая збірае і захоўвае кнігі і іншыя друкаваныя і рукапісныя творы, прапагандуе і выдае кнігі чытачам. Гарадская бібліятэка. Публічная бібліятэка. Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У. І. Леніна. □ І цяпер нікога з хлопцаў у пакоі не было: хто пайшоў у бібліятэку, хто ў кіно. Шахавец. // Будынак названай установы; пакой, у якім захоўваюцца кнігі.

•••

Бібліятэка-чытальня — бібліятэка з залай для чытання, якая абслугоўвае масавага чытача.

Бібліятэка-перасоўка — бібліятэка, якая перыядычна мяняе сваё месцазнаходжанне.

[Грэч. biblíon — кніга і thēkē — сховішча.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эта́пны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да этапа (у 1, 2 знач.). Доўга думаў Войцік, чаму шпікі адвезлі Максіма ў гарадскі астрог, а не ў дэфензіву ці паліцыю на папярэдняе следства і допыт? Ён ведаў, што пры гарадскім астрозе следства не вядуць, што гэта астрог этапны, перасылачны. Машара.

2. Які звязаны з перасылкай па этапу. [Дзяўчыну] не пасадзілі ў турму, а паколькі яна была яшчэ вельмі маладая, суд вырашыў выслаць яе этапным парадкам у нейкі штат. Лынькоў. // у знач. наз. эта́пны, ‑ага, м. Асоба, якая рухаецца па этапу пад канвоем. // Які суправаджае, канваіруе тых, каго перасылаюць па этапу. На нашай вуліцы стаяла этапная рота, якая канваіравала палонных аўстрыякаў. Хведаровіч.

3. Які з’яўляецца этапам (у 4 знач.). У кожнай літаратуры ёсць творы этапныя і малазначныя. Шкраба. Этапнымі тварамі Янкі Брыля, якія адпавядаюць гэтым новым ідэйным якасцям яго рэалізму, з’яўляюцца «Марыля», «Зладзеі», «У сям’і». Майхровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пада́ць, -а́м, -асі́, -а́сць; -адзі́м, -асце́, -аду́ць; пада́ў, -ала́, -ло́; пада́й; пада́дзены; зак.

1. каго-што. Даць, паднёсшы.

П. кнігу каму-н.

2. што. Паставіць на стол (ежу).

П. кашу.

3. Даставіць, прывесці да месца чыёй-н. пасадкі або пагрузкі.

П. поезд да платформы.

П. вагоны.

4. каго-што. Штурхнуць, пасунуць (разм.).

П. шафу ўлева.

5. што. Прадставіць у пісьмовай форме (скаргу, заяву).

П. заяву на чарговы адпачынак.

П. у суд на каго-н. (прад’явіць іск). П. на развод (падаць заяву на скасаванне шлюбу; разм.).

6. што і без дап. Даць як міласціну.

П. жабраку.

7. што. Зрабіць, утварыць, аказаць (тое, што выражана наступным наз.).

П. дапамогу (дапамагчы). П. рэпліку (прамовіць, сказаць што-н.). П. прыметы жыцця (выявіць прыметы жыцця). П. прыклад (паслужыць прыкладам). П. каманду (скамандаваць). П. вестку (паведаміць пра сябе).

8. што. У спартыўных гульнях з мячом, шайбай і пад.: ударам паслаць мяч партнёру.

П. мяч.

9. каго-што. Адлюстраваць, вывесці, прадставіць (кніжн.).

Рэалістычна п. жыццё ў творы.

Умець сябе п. (прадставіць у лепшым выглядзе).

Падаць руку — працягнуць руку для поціску або (перан.) для дапамогі.

|| незак. падава́ць, -даю́, -дае́ш, -дае́; -даём, -даяце́, -даю́ць; -дава́й.

|| наз. пада́ча, -ы, мн. -ы, -да́ч, ж. (да 1—5, 7—9 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

кано́н, ‑а, м.

1. Якое‑н. правіла, устаноўленае і ўзаконенае вышэйшай царкоўнай іерархіяй. Беларускія кніжнікі XVI–XVII стст. перакладалі рэлігійныя творы на «простую» мову, але з аглядкай — не нарабіць бы памылак, не адысці б ад царкоўных канонаў, не ўпасці б у ерась. Шакун.

2. перан. Кніжн. Правіла або сукупнасць правіл якога‑н. напрамку ў мастацтве. Класіцысцкія каноны. □ Паэт выступаў супраць сацыяльнага і нацыянальнага ўціску і адкідваў прэч рэакцыйныя, антырэалістычныя «каноны» эстэтыкі сімвалізму. Майхровіч. // Тое, што з’яўляецца традыцыйнай, абавязковай нормай. Тэхнічныя каноны. □ [Мікалай] адкінуў бы прэч усе каноны ветлівасці, дагнаў бы Адама і з усёй сілы ўчапіўся б яму ў горла. Дамашэвіч.

3. Спіс рэлігійных кніг, прызнаных царквою ў якасці свяшчэннага пісання. Біблейскі канон.

4. Царкоўнае песнапенне ў пахвалу святога або свята і пад. Велікодны канон. Памінальны канон.

5. Паўтарэнне адной мелодыі рознымі галасамі, якія ўступаюць у спевы паслядоўна, адзін за другім, дакладна паўтараючы мелодыю першага голасу.

[Грэч. kanon.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

характары́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Апісанне, вызначэнне істотных, адметных рыс, асаблівасцей, якасцей каго‑, чаго‑н. — Ну, а скажыце, як настроена сялянства? [Настаўнік:] — Розныя ў іх [сялян] бываюць настроі. Даць такую агульную характарыстыку досыць трудна. Колас. [Гаспадыня] падрабязна расказвала аб кожнай сваёй кватарантцы, давала ім дакладныя характарыстыкі, пераводзячы крывы палец дрыготкай рукі з адной фотакарткі на другую. Ракітны. // Апісанне характару, учынкаў і пад., якое даецца дзеючай асобе ў мастацкім творы. Трапная партрэтная характарыстыка герояў, як у люстры, адбівае іх унутраны свет. Майхровіч.

2. Афіцыйны дакумент, у якім змяшчаецца водзыў, заключэнне аб чыёй‑н. працоўнай і грамадскай дзейнасці. Характарыстыка з месца работы. □ Следам за мной з панямонскага пастарунка прыйшла мая характарыстыка. Брыль. [Анатоль Пятровіч:] — Ведайце: усякае парушэнне дысцыпліны будзе запісана ў характарыстыкі, якую я завёў на кожнага з вас. Нядзведскі.

3. У матэматыцы — цэлая частка дзесятковага лагарыфма.

4. Спец. Графічны наказ уласцівасцей чаго‑н. праз крывую; асноўны графічны паказчык чаго‑н. Характарыстыка магутнасці рухавіка. Характарыстыка турбіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзе́янне, ‑я, н.

1. Дзейнасць. Марксізм не догма, а кіраўніцтва да дзеяння. □ Свідравала мозг страшная думка, і ў той жа час у галаве борзда, борзда складаўся план дзеяння. Колас. // толькі мн. (дзе́янні, ‑яў). Учынкі, паводзіны. — Ён не малы і павінен адказваць за свае дзеянні перад судом. Алешка. // толькі мн. (дзе́янні, ‑яў). Ваенныя аперацыі. Дывізія выйшла з акружэння арганізаваная, гатовая весці баявыя дзеянні. «Звязда».

2. Работа, функцыяніраванне (машыны, механізма і пад.). Прывесці механізм у дзеянне. Праверыць машыну ў дзеянні. // Прымяненне, праяўленне на практыцы (закона, правіла і пад.). Прадоўжыць дзеянне дагавору.

3. Уплыў, уздзеянне. Дзеянне клімату на арганізм. Дзеянне святла на рост расліны. Дзеянне лякарства. // Праяўленне якой‑н. энергіі, сілы. Дзеянне выбуховай хвалі. Міна запаволенага дзеяння.

4. Падзея, аб якой ідзе гутарка; дзея (у 2 знач.). Дзеянне паэмы адносіцца да мінулага стагоддзя. // Развіццё падзей у літаратурным творы. Ход дзеяння ў п’есе.

5. Асноўны від матэматычнага вылічэння. Чатыры дзеянні арыфметыкі.

•••

Каэфіцыент карыснага дзеяння гл. каэфіцыент.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)