Казу́тка ’козлік, падобны да ўслончыка, на якім катаюцца зімой з горкі’ (віц., Нар. лекс.), ’дрожкі’ (Касп.). Два ўтварэнні, якія фармальна і тэрытарыяльна суадносяцца. Матывацыя першага зразумелая (параўн. каза ’тс’, відавочна і наяўнасць зааморфнай адзнакі). Словаўтварэнне — ад асновы коз‑ з непрадуктыўнай ‑ут‑суфіксацыяй, паралельнай да ‑ур‑, ‑ул‑; Сцяцко (Афікс. наз., 129) адзначае яе адпрыметнікавыя малюта, галюта і галута рэг. (віц.) утварэнні, што важна з пункту погляду геаграфіі. Не выключана, аднак, што неабходнай з’яўляецца рэканструкцыя прыметніка тыпу козі. Матывацыя другога слова — казутка ’дрожкі’, няясная. Калі гэта не самастойнае ўтварэнне, можна меркаваць аб пераносе назвы з невялікіх санак, саней наогул, для якіх матывацыя больш-менш зразумелая.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казіна́ 1 ’вельмі жорсткая, дзікая трава’ (стаўбц., Прышч. дыс.). Сувязь з назвай жывёлы відавочная: параўн. іншыя назвы для Nardus stricta: казіная, казліная барада. Структурны адпаведнік — рус. соль-ілецк., чкалаўск. козина ’волас, які выдаляецца з казінага пуху’. Словаўтваральна не вельмі ясна: па аналогіі да казінец можна было б меркаваць аб прыметнікавай утваральнай аснове і адпаведнай суфіксацыі (‑а). Што датычыць старажытнай ‑а‑суфіксацыі, то праславянскія дэрываты ад прыметнікаў з ‑а‑суфіксацыяй адзінкавыя (гл. Слаўскі, SP, 1, 60).

Казіна́ 2 ’неўрадлівая, забалочаная сенажаць, дзе расце вельмі жорсткая дзікая трава’. (Яшк., Прышч. дыс.). Да папярэдняга слова; аб такім тыпе словаўтварэння параўн. і казінец 4.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кайданы́ ’злучаныя ланцугом жалезныя кольцы, якія надзяваюцца на рукі і ногі тых, хто абвінавачваецца ў цяжкіх злачынствах’ (БРС, ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Нас., Яруш.). У гэтай жа форме слова вядома і ў іншых мовах: рус. (паўд. і зах., паводле Даля, смален., СРНГ), укр. кайдани, польск. kajdany. Па сутнасці, бел.-укр. лексема (польск. з укр., гл. Слаўскі, 2, 24, там і літ-pa). Магчыма, аб укр. крыніцы неабходна меркаваць і для бел. слова. Першапачаткова — араб. kajdani — форма парнага ліку ад kajd ’завязка, пута’ (так у Міклашыча, 110). Слова распаўсюджвалася, верагодна, праз цюрк.-тат. пасрэдніцтва. З літаратуры параўн. Бернекер, 1, 469.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́йдуб 1, кайдоб ’бочка’ (Мат. Гом.), кайдуб, кайдуп, кайдоб, кайдупчык, кайдопчык (палес., З нар. сл., Нар. сл.), кайдуб ’драўляны корпус ручнога млына’ (кобр., Выг.). Усе формы да kadьlbъ, гл. аб этымалогіі кадоўба. Што датычыцца фанетыкі, можна меркаваць, што тут ‑й‑ на месцы ‑ў‑, параўн. форму каўдуб; ў у выніку метатэзы з другой часткі слова. Менш верагодна думаць пра з’яўленне ўстаўнога ‑й‑ у кайстра 1 ’кастра’.

Ка́йдуб 2 ’вельмі гразкае месца’ (Клім.), ’вытаптанае месца на лузе’ (Яшк.), лексема дэманструе пераход: назва посуду > назва рэаліі геаграфічнага рэльефу. Падрабязней гл. кадоўба, з літаратуры параўн. Талстой, Геогр., 219, дзе разглядаецца такі тып семантычнага пераходу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пераймо́ ’узнагарода, плата за знойдзенае (рэч), або за перанятую скаціну’ (Нас., Гарэц., Чач., Шат., Касп.; Нік. Напаў.), пірайма́ ’тс’ (Варл.), перэймо́ ’своеасаблівы выкуп на вясковым вяселлі’ (Растарг.); укр. харк. пере́йма ’узнагарода за злоўленае на рацэ’, рус. пере́йма ’плата за аддадзеную знаходку’. У гэтым значэнні — усх.-слав. лексема. Аднак, прыняўшы пад увагу іншыя значэнні ўкр., рус. пере́йма, польск. przejm, przejma ’перарванне, перагародка; папярочка паміж бэлькамі ці кроквамі’, н.-луж. pśejma ’перагародка; шчыліна; перашыек, праліў’, славен. prejèm ’прыём, атрыманне’, prejémek, prejémki ’заробак, плата’, можна меркаваць пра прасл. *per‑jьmъ/*per‑jьma/*per‑jьmo. Да перайма́ць (гл.). Сюды ж пі́рійма ’наперарэз’ (Юрч. СНЛ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Разгламаздзі́ць ’разабраць, расплесці’ (Юрч. СНЛ), разгламазда́чыць, разгламаздзя́чыць ’разгрувасціць’ (Юрч. СНЛ), разгломоздзи́ць ’раструшчыць’ (Нас.), гламза́ ’неакуратная асоба’, гламжэ́нне ’псаванне, неакуратная работа’ (Юрч. СНЛ). Здзіўляе фармальнае падабенства з гламазда́ ’расцяпа, нехлемяжы і пад.’ (гл.), але ў такім выпадку застаюцца незразумелымі семантычныя сувязі. Апошнія формы можна параўнаць з літ. glamužỹs ’кіпа’, ’стос’, glámžymas ’камячанне’, glámžyti ’камячыць’. Фармальнае падабенства прымушае меркаваць і пра сувязь з гро́мазд (гро́мызд, гро́мыст) ’вялікія непатрэбныя рэчы, хлам’ (Юрч.; мсцісл., Нар. сл.), рус. гро́мо́зд ’куча непатрэбных рэчаў, хлам’, громозди́ть ’бязладна класці’, польск. gromaździć ’нагрувашчваць’, якія звязаны з грамада́ (гл.), а ‑л‑ на месцы ‑р‑ узнікла пад уплывам слова гламазда.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Судзі́ць ’меркаваць, абмяркоўваць’, ’асуджаць, ганіць’, ’разглядаць правіннасць, злачынства ў судовым парадку’, судзі́цца ’звяртацца ў суд, мець справу з судом’, ’быць пад судом, мець судзімасць’, ’прадвызначыцца, пашанцаваць’: не судзілася мне долі (ТСБМ, Нас., Шат., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), ст.-бел. судити ў розных значэннях (XIV ст., КГС). Укр. суд́ити, рус. суди́ть, ст.-рус. судити, польск. sądić, в.-луж. sudźić, н.-луж. suźiś, чэш. souditi, славац. súdiť, серб.-харв. су́дити, славен. sọ́diti, балг. съ́дя, макед. суди, ст.-слав. сѫдити ’судзіць, асуджаць, прымаць рашэнне’. Прасл. *sǫditi дэрыват ад *sǫdъ ’суд’. Гл. Фасмер, 3, 795–796; Борысь, 539; Шустар-Шэўц, 1376.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Калохаць, калохаты ’пужаць’ (драг., З нар. сл.). Іншых фіксацый гэтай лексемы ў бел. гаворках як быццам няма. Адпаведнік да палес. слова ва ўкр. мове — колошкати ’тс’; Грынчэнка (2, 372) прыводзіць цікавы кантэкст з Паўлаградскага павета: «Я гнав овець до старости, а вони два перебігли та й давай мені колошкати овець: кшикають на вівці, одбивають од мене. Я кричу: не полохайте, а вони колошкаюць». Тут ужываюцца разам і колошкати і полохати. Выпадкаў, калі гукі ‑п‑ і ‑к‑ у пачатку суадносяцца, вельмі мала, аднак яны ёсць і выкліканы рознымі прычынамі (метатэзы складу ў слове, кантамінацыя і да т. п.), таму магчымае суаднясенне полохати і колохати ў прынцыпе цалкам натуральнае. З адпаведнікаў звяртае ўвагу рус. калін. колохнуть ’мерзнуць’, аднак прыклад вельмі двухсэнсоўны па ўтварэнню і сюды, відаць, не адносіцца (хоць можна разумець і як першапачатковае ’трэсціся і да т. п.’). Далей, магчыма, сюды адпаведнае па форме да ўкр. прыкладу колошкацца ’корпацца, марудзіць’ (дзятл., Сл. паўн.-зах.), паколькі такое значэнне з’яўляецца агульным для самых розных лексем. Збліжэнне тым больш магчымае, што для бел. дзеяслова можна меркаваць аб розных першапачатковых значэннях, з якіх пазней развілося ’палохаць’. Калі меркаваць па форме ўтварэння, можна бачыць тут архаічную структуру (< *kolxъ). Экспрэсіўнае ўтварэнне (гукапераймальнае) з нерэгулярнай фанетыкай. У такім выпадку звяртае на сябе ўвагу рус. тамб. талашиться ’мітусіцца, кідацца і да т. п.’. Разам з тым супастаўленне гэта не вельмі дакладвае і далейшая гісторыя слоў няясная.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мяня́ць 1, меня́ць ’абменьваць’, ’рабіць іншым’, мяняла, меняйло ’той, хто займаецца абменам грошай, адных рэчаў на другія’ (ТСБМ, Яруш., Сл. ПЗБ, ТС), міня́ньне ’абмен’ (Рам. 7). Укр. міня́ти, міни́ти, рус. меня́ть, ст.-рус. мѣняти, польск. mienić, mieniać, н.-луж. měniś, в.-луж. měnjeć, чэш. měniti, славац. meniť, славен. ménjati, серб.-харв. мијѐнити; макед. мени ’змяніць’, менува ’мяняць’, балг. меня, ст.-слав. мѣнити. Прасл. měniti, роднаснае да літ. maĩnas, mainaĩ ’мена’, лат. maĩnît ’мяняцца’, гоц. gamains, лац. commūnis ’агульны’, mainikáu̯ti ’займацца перакупніцтвам’, лат. maĩnît ’мяняцца’, ст.-інд. máyatē ’мяняе, і.-е. *mei ’тс’ (Міклашыч, 195; Бернекер, 2, 48; Фасмер, 2, 600; Бязлай, 2, 177–178).

Мяня́ць 2 ’гаварыць абы-што, недарэчнае; малоць языком’ (свісл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. мѣнити ’называць, казаць, гаварыць няпраўду, узводзіць паклёп’ (Літ. статут 1529 г.). Укр. поміни́ти ’абяцаць’, польск. nad‑mienić ’згадаць’, палаб. menăm, н.-луж. měniś, в.-луж. měnić ’думаць, меркаваць’, чэш. míniti, славац. mieniť, славен. meníti/méniti ’тс’, серб.-харв. кайк. meniti se, чак. miniti, шток. намијѐнити ’паправіцца’, доме́нути се ’дамовяцца’, макед., балг. у кампозітах, ст.-слав. мѣнити. Прасл. měniti ’помніць’. Паводле вакалізму з’яўляецца роднасным да ст.-в.-ням. meina ’сэнс, думка, меркаванне’, meinem ’думаць, меркаваць’, новав.-ням. meinen, ст.-ірл. māin ’жаданне’, ірл. moin ’погляд, адносіны’, уэльск. mwyn ’густ’. Да і.-е. *men‑ (Мее, MSL, 13, 364; Фрэнкель, 455; Покарны, 726; Бязлай, 2, 177; Махэк₂, 363).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вала́нда ’маруда, левы чалавек’, вала́ндацца ’вазіцца, марудзіць’ (КЭС). Рус. валандаться ’марудзіць’, вала́нда, вала́ндала ’няўклюда, маруда’, валанде́р ’лежань’, укр. валандатися ’бадзяцца’. Карскі ўказвае, што дзеяслоў больш уласцівы вялікарускай мове. Валандацца < валанда < літ. valandá ’(кароткі) час’ (Карскі, Труды, 394; Аткупшчыкоў, Лекс. балтызмы, 33, 35; Кіпарскі, Лекс. балтызмы, 13; Непакупны, Бел.-укр. ізал., 54; Шанскі, 1, В, 9; Рудніцкі, 1, 298). Змену націску можна тлумачыць уплывам блізкіх семантычна і падобных структурна слоў (мару́да, няўклю́да, валакі́да). Форма валы́ндацца ўзнікла, магчыма, пад уплывам валынка, валыніцца. Форма валэндацца, як можна меркаваць, — вынік збліжэння з паланізмамі, што маюць суфіксы з насавымі (валацэнга, недалэнга) або з дзеясловамі wałęsać się, wałęgać się ’бадзяцца’ ва ўмовах беларуска-польскага білінгвізму.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)