*Калохаць, калохаты ’пужаць’ (драг., З нар. сл.). Іншых фіксацый гэтай лексемы ў бел. гаворках як быццам няма. Адпаведнік да палес. слова ва ўкр. мове — колошкати ’тс’; Грынчэнка (2, 372) прыводзіць цікавы кантэкст з Паўлаградскага павета: «Я гнав овець до старости, а вони два перебігли та й давай мені колошкати овець: кшикають на вівці, одбивають од мене. Я кричу: не полохайте, а вони колошкаюць». Тут ужываюцца разам і колошкати і полохати. Выпадкаў, калі гукі ‑п‑ і ‑к‑ у пачатку суадносяцца, вельмі мала, аднак яны ёсць і выкліканы рознымі прычынамі (метатэзы складу ў слове, кантамінацыя і да т. п.), таму магчымае суаднясенне полохати і колохати ў прынцыпе цалкам натуральнае. З адпаведнікаў звяртае ўвагу рус. калін. колохнуть ’мерзнуць’, аднак прыклад вельмі двухсэнсоўны па ўтварэнню і сюды, відаць, не адносіцца (хоць можна разумець і як першапачатковае ’трэсціся і да т. п.’). Далей, магчыма, сюды адпаведнае па форме да ўкр. прыкладу колошкацца ’корпацца, марудзіць’ (дзятл., Сл. паўн.-зах.), паколькі такое значэнне з’яўляецца агульным для самых розных лексем. Збліжэнне тым больш магчымае, што для бел. дзеяслова можна меркаваць аб розных першапачатковых значэннях, з якіх пазней развілося ’палохаць’. Калі меркаваць па форме ўтварэння, можна бачыць тут архаічную структуру (< *kolxъ). Экспрэсіўнае ўтварэнне (гукапераймальнае) з нерэгулярнай фанетыкай. У такім выпадку звяртае на сябе ўвагу рус. тамб. талашиться ’мітусіцца, кідацца і да т. п.’. Разам з тым супастаўленне гэта не вельмі дакладвае і далейшая гісторыя слоў няясная.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)