Казадо́й ’птушка Caprimulgus’ (БРС, ТСБМ). Нягледзячы на пашырэнне ў слав. мовах: укр. козодій, рус. козодой, польск. kozodój, чэш. kozodoj, славен. kozodòj, серб.-харв. ко̏зодој, балг. уст. козодой (лічыцца запазычаннем з рус. мовы), не з’яўляецца старажытным. Паходзіць з лац. caprimulgus ’птушка казадой’ і ’пастух, чалавек, які доіць коз’, capra ’каза’ і mulgere ’даіць’. Лац. слова адлюстроўвае старажытнае павер’е, што гэта птушка ўначы высмоктвае малако ў коз. Аб шляхах запазычання меркаваць цяжка; рус. козодой Фасмер (2, 279) лічыў або кніжнай калькай праз ням. Ziegenmelker з лац., або непасрэдна з лац. caprimulgus. Бел. слова — з рус. або польск. мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)