Казіна́ 1 ’вельмі жорсткая, дзікая трава’ (стаўбц., Прышч. дыс.). Сувязь з назвай жывёлы відавочная: параўн. іншыя назвы для Nardus stricta: казіная, казліная барада. Структурны адпаведнік — рус. соль-ілецк., чкалаўск. козина ’волас, які выдаляецца з казінага пуху’. Словаўтваральна не вельмі ясна: па аналогіі да казінец можна было б меркаваць аб прыметнікавай утваральнай аснове і адпаведнай суфіксацыі (‑а). Што датычыць старажытнай ‑а‑суфіксацыі, то праславянскія дэрываты ад прыметнікаў з ‑а‑суфіксацыяй адзінкавыя (гл. Слаўскі, SP, 1, 60).
Казіна́ 2 ’неўрадлівая, забалочаная сенажаць, дзе расце вельмі жорсткая дзікая трава’. (Яшк., Прышч. дыс.). Да папярэдняга слова; аб такім тыпе словаўтварэння параўн. і казінец 4.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)