Гляк ’гаршчок з вузкім горлам’ (БРС, Шат., Касп.), глёк ’тс’ (Бяльк., Нас., Байк. і Некр.). Укр. глек, рус. гляк, глек, глёк, гилёк, ст.-рус. гълъкъ, голкъ, голькъ. Вельмі няяснае слова. Раней рэканструявалі прасл. формы тыпу *glьtъ і звязвалі гэта слова з прасл. glьjь ’глей’ (гл.). Так Бернекер, 1, 310; Трубачоў, Ремесл. терм., 217–218. Але Фасмер (1, 412) указвае на тое, што формы гэтага слова перашкаджаюць параўнанню з глей. Таму некаторыя даследчыкі мяркуюць, што гэта слова, магчыма, не спаконвечнае ў славян, і шукаюць крыніцу запазычання. Так, Гаўлава (гл. Этимология, 1966, 96 і наст.) думае, што ў даным выпадку да славян прыйшло культурнае слова з Міжземнамор’я. Параўн. грэч. лексемы, якія, як мяркуюць, маглі быць запазычаны ў слав. мовы: грэч. γαυλός ’збан’, γυλλάς ’від чашы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мосенж ’латунь’ (ТСБМ), мосенз ’бронза’ (Нас., Мядзв.), масензовік ’невялікі бронзавы грэбень’ (Мядзв.), мосанз (Кюнэ, Poln., 78), ст.-бел. мосязъ, мосендзъ, мосенц, мосиондзъ, мосяжъ ’латунь’ (XV ст.) запазычаны са ст.-польск. mosiądz ’тс’, якое з с.-в.-ням. messinc (Жураўскі, Бел. мова, 62; Булыка, Лекс. запазыч., 141) < ст.-в.-ням. massing < лац. massa (Шварц, ZfSlPh, 5, 400; там жа, 42, 304). Клюге₁₉ (388) выводзіць гэту лексему з Mοσσύνοικος χαλκός — назвы народа на паўн.-усх. Малой Азіі (Герадот, Ксенафонт), што Фасмер (ZfSlPh, 19, 450) лічыць беспадстаўным. Пра даўнюю сувязь з гэтым народам піша Махэк (LF, 72, 76), прыводзячы ў якасці доказу ст.-слав. сынъ ’башня’ = ст.-грэч. μόσσυν πύργος (Гесіхій), якое супастаўляецца з асец. mκsug, mκsyg ’вежа’ і лічыцца фракійска-фрыгійск. словам (Лідэн, Зб. П. Персану, Упсала, 1922, 393).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

До́шка ’дошка’ (БРС). Укр. до́шка, рус. доска́, польск. deska, чэш. deska, балг. дъска́, серб.-харв. да̀ска, ст.-слав. дъска. Прасл. *dъska. Славянскае запазычанне з герм. моў. Параўн. ст.-англ. disc ’стол, блюда’, ст.-в.-ням. tise (ням. Tisch ’стол’). Герм. формы запазычаны з лац. discus ’міска’ < грэч. δίσκος. Іншыя тлумачэнні вельмі няпэўныя, як і няпэўным з’яўляецца вывядзенне слав. слова непасрэдна з лац. або грэч. крыніцы. Гл. Фасмер, 1, 532; Трубачоў, Эт. сл., 5, 184–185; Мартынаў, Лекс. взаим., 61 і наст. Не вельмі зразумелыя бел. і ўкр. формы (адкуль ‑ш‑ замест ‑с‑?). Прасл. характар мае і вытворнае дашча́ны. Параўн. укр. доща́ний, рус. дощано́й, чэш. deščený (дыял.), балг. дъ́счен, серб.-харв. да̏шчан і г. д. Прасл. *dъščanъ(jь). Падрабязны агляд форм у Трубачова, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пля́ша, пля́шка, пле́шка, пля́жка, пля́ўшка, ’шкляная пасудзіна, бутэлька’, ’паходная бутэлька, фляшка’, пляшачка, пле́шэчка, ’бутэлечка для лекаў’ (ТСБМ, Нас., Дразд., Сцяшк. Сл., Мік., Мядзв., Шпіл., Гарэц., Бір., Федар. 6, Чуд., Мал., Касп., Сл. ПЗБ, Бяльк., Растарг., Ян.; мін., КЭС; драг., Сл. Брэс.; ЛА, 5; Мат. Гом.; ТС); ’шкло ад лямпы’ (Ян.), ’шкляная ці гліняная пасудзіна, у якой захоўваліся алей і інш. вадкія рэчывы’ (палес., З нар. сл.), ’паўлітровая бутэлька’ (Сцяшк. МГ). Ст.-бел. пляша, фляша, фляжка, хвляша ’пляшка, бутэлька’ (1538 г.) запазычаны са ст.-польск. flasza ’тс’, якое з с.-в.-ням. vlasche, ст.-в.-ням. flasca, сучаснае ням. Flasche (Булыка, Лекс. запазыч., 1102; Фасмер, 4, 200), што выводзяць з ням. flechten ’плесці’, на думку Банькоўскага (1, 374), непераканаўча. Параўн. таксама пля́га6 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аспа́ласць ’санлівасць, вяласць, неахайнасць’ (Нас., Др.-Падб., Гарэц.), аспала, аспалы (Нас.). Укр. оспалий, оспалість, польск. ospały, ospałość, чэш. ospalý, ospalost, славац. ospalý, ospalosť, паморск. u̯ospałi ’санлівы, вялы’, ’санлівасць, вяласць’. Ст.-бел. оспалый ’санлівы, вялы’ (з 1593 — Булыка, Запазыч., 231, дзе таксама: оспалость, оспальство, оспальца, оспале; параўн. Гіст. лекс., 96). Унутраная форма слова ясная: аспаласць і інш. утворана ад аспалы, якое ў сваю чаргу — дзеепрыметнік ад дзеяслова *аспаць. Паколькі, аднак, такі дзеяслоў у беларускай мове не фіксуецца, не без падстаў оспалый разглядаецца як паланізм. Але і ў польскай мове не зафіксаваны такі дзеяслоў. Між тым у старачэшскай ён быў вядомы (пач. XV ст.). Таму, магчыма, што крыніцай дзеепрыметніка для польскай была чэшская мова, адкуль слова магло трапіць у беларускую непасрэдна або праз польскае ці ўкраінскае пасрэдніцтва. Назоўнік утварыўся на беларускай глебе ці быў таксама запазычаны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́жды ’паміж’ (Жд. 1, Ян.; смарг., Сл. ПЗБ), ме́жду, мі̂е́жду, мі́жду ’тс’ (Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), мі́жды (кліч., Жыв. сл.; пух., Сл. ПЗБ; ушац., Нар. лекс.), мі́жда ’тс’ (Ян., Нар. Гом., Бяльк.). Укр. міждо, міжда ’тс’ рус. между, пск. межды, смал., арл., перм. ме́жда, межда́, ст.-рус. между (междю) і междо, межды, межди. Запазычаны з ц.-слав. междоу, якое са ст.-слав. междоу ’тс’ — старая форма меснага склону парнага ліку (medju) лексемы medja > мяжа́ (гл.). Параўн. таксама меж (Карскі 2–3, 431; Бернекер, 2, 31; Фасмер, 2, 592; ESSJ SG, 1, 108–110). Мена канчаткаў абумоўлена, відаць, рознымі прычынамі: пераразлажэннем прыназоўніка на меж і да, кантамінацыяй форм міжы і между ці ўспрыманнем канчаткаў ‑да, ‑ды як даўніх часціц прыслоўяў і прыназоўнікаў прасл. da/de/du/dy. Сюды ж мікратапонімы міждарожжа, (па)міждурэчча, паміждарэчча (слаўг., Яшк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ду́ма1 ’дума, думка’, ду́маць, таксама дума́ ’думка’ (Нас., Касп., Шат.). Лексемы *duma, *dumati вядомы амаль ва ўсіх слав. мовах (акрамя чэш. і славац., дзе dumati, dumať запазычаны з польск.). Семантыка іх розная (’думаць’, ’памятаць’, ’гаварыць’, ’меркаваць’ і г. д.); падрабязны агляд форм, значэння гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 154–156. Найбольш абгрунтаванай этымалагічнай версіяй (агляд версій у Трубачова, там жа) з’яўляецца дапушчэнне сувязі *duma, *dumati з *dъmǫ, *dǫti ’дуць’ (адсюль і шматлікасць семантыкі адпаведных слоў у слав. мовах). Параўн. яшчэ Мартынаў, Лекс. взаим., 82–84. Ад *dumati ўтвораны бел. ду́мка, укр. ду́мка.

Ду́ма2 ’ганарыстасць, пыха’ (Нас.). Запазычанне з польск. duma ’тс’, якое звычайна лічыцца герм. па паходжанню. Гл. Слаўскі, 1, 179; Брукнер, 103. Параўн. і ду́мны ’горды, ганарысты’ (гл.). Гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 5, 154–156.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раст, мн. л. расты́, ’парастак’ (астрав., Жд. 1). Нульсуфіксальнае ўтварэнне ад расты́, параўн. расток, храсток (гл.). Сюды ж (калі гэта не запазычанне з украінскай) раст — “маленькія-маленькія, з галоўку шпількі, сінія, іншым часам белыя кветкі, вылазяць амаль адразу, як сыдзе снег” (Караткевіч, Маладосць, 1987, 1, 159). Параўн. укр. раст ’ключыкі, Primula veris L.; кураслеп, Anemona nemorosa L.’, макед. рас ’куст’, балг. раст ’дубчык’, ра́сте ’галінкі для тутавага шаўкапрада’. Параўн. таксама аналагічныя, але аддзеяслоўныя рус. дыял. раст ’лепшы час для росту зеляніны і пад.; для сенакосу, збору малака (на масла) і пад.’, ’маладая трава (на пашы)’, што, паводле БЕР, 6, 186, запазычаны са стараславянскай; а таксама славен. rȃst ’рост, расліннасць’, серб.-харв. ра̑ст ’расліна’, макед. раст ’рост’, ст.-слав. растъ ’рост, вырастанне’, якія з’яўляюцца рэгулярнымі адпаведнікамі прасл. *orstъ < orsti, гл. рост, расці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мажджа́ра ’мартыра’ (бых. Рам. 8), мажджэр ’пушка’ (Дасл. (Гродна), Нас.), ’металічны таўкач’ (ТС, Нас., Інстр. I), машчы́р ’тс’ (Мат. Гом.), машчэрык ’невялікая медная ступка’ (Растарг.), мажджэра ’ступка’ (Сцяшк.), мажджэр ’ступка’ (Касп., Дасл. (Гродна)), маждзер ’тс’ (Вяр.), мажджэр ’гліняны посуд, у якім збіваюць масла, пякуць бабку’ (Касп.). Ст.-бел. можджеръ, мождчеръ, мождеръ, можчеръ, моздзерикъ ’ступа’, ’мартыра’ (1565, 1578 гг.) запазычаны з польск. moźdźerz, mozgierz, якія з чэш. moždíř < с.-в.-ням. morsaere (суч. ням. Mörser) < с.-лац. mortārius ’ступа’. Першаснае ’ступа’ паводле формы перайшло на ’мартыра’. Сучасныя, пераносныя значэнні: мажджэр ’дурны, неразумны, дурная галава’ (Жд. 1, капыл., Нар. словатв.), клец. мажджы́ра (абразл.) ’твар, аблічча, галава’ (Нар. лекс.). Сюды ж: мажджэрыць ’драбіць, таўчы, раздрабляць’ (ТС). Больш падрабязна гл. Булыка, Запазыч., 205; Чартко, Дасл. (Гродна), 1967, 53; Фасмер, 2, 637; Брукнер, 346; Махэк₂, 378; Міклашыч, 203; Патабня, РФВ, 1, 263; Васэрцыер, 155.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жалапа́ць ’піць’ (Сцяц.), жолопа́ты ’жэрці, жаваць’ (Клім.), жалуба́ць ’есці’ (чэрв., Жд. 2; жлоб., Жыв. сл., 115), ’піць’ (маладз., Янк. Мат., 98; вілейс., Нар. сл., 139). Рус. прыбалт. желуба́ть ’есці (пра жывёл)’ (< бел.?), укр. желіпа́ти ’марудна есці’, жолопа́ти ’жэрці’, польск. żłopać ’піць многа (пра жывёл, пагардліва пра людзей)’, дыял. żłepać, памор. žlepa ’тс’, славен. žlę́bati ’многа піць’; параўн. балг. жлѐвя ’жаваць’. Літ. žliaũbti ’жэрці, уплятаць’, лат. žļebinȃt ’жаваць’. Калі рэканструяваць прасл. *želp‑ або *želb‑, трэба лічыцца з тым, што літ., а магчыма, і лат. словы запазычаны са слав. (польск., памор.). І.‑е. асновай для адзначанай прасл. рэканструкцыі магло б быць *gel‑, g​el‑ ’глытаць’ (Покарны, 1, 365) з лабіяльным пашырэннем: *gelb‑. Параўн. швед. дыял. kulp ’глыток’. Гл. яшчэ глытаць, жалапацца, жлокаць. Меркаванні пра запазычанне жалубаць з літ. (Лаўчутэ, Сл. балт., 109) патрабуюць дадатковай фанетычнай і семантычнай аргументацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)