ма́лыйI прил. малы́; (меньшего размера, чем нужно) замалы́; (небольшой) невялі́кі; (мелкий) дро́бны;

ма́лая бу́ква мала́я лі́тара;

ма́лая ско́рость мала́я ху́ткасць (ско́расць);

са́мое ма́лое са́ма менш, са́ма ме́ней;

ма́лый ход мор. малы́ ход;

мал мала́ ме́ньше адзі́н пад адны́м;

от ма́ла до вели́ка ад мало́га да вялі́кага;

стар и мал стары́ і малы́;

с (от) ма́лых лет зма́лку, з мале́нства, з малы́х год;

без ма́лого без не́чага, (почти) ледзь не, ама́ль, траха́ не;

за ма́лым де́ло ста́ло за малы́м спра́ва ста́ла.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

уе́длівы, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны глыбока пранікаць, упівацца ў што‑н.; едкі. Уедлівы пах. □ Дробны ўедлівы пыл залазіць у горла і нос, і няма ад яго збавення. Асіпенка. Полымя пачало скакаць ад куста к кусту, хапаць .. сухія, зляжалыя галінкі, буралом, і неўзабаве ўсё навокал завалакло горкім, уедлівым дымам. Сачанка. Спазнаць мне хочацца І важкасць цэглы І як шурпаціць пальцы ўедлівы раствор. Арочка. // Пільны, напружаны, пранізлівы (пра позірк, вочы). Фактычна спрачаліся двое: Халіма і яшчэ адзін заўсёды дагэтуль ціхі, нявідны хлопец .. з поглядам глыбокім, уедлівым, якім ён нібы стараўся працяць усё, што трапляла на вочы. Зарэцкі. // Пранізлівы, рэзкі (пра гукі, голас і пад.). Хутка, імкліва расце ўедлівы свіст. Мележ. І ў духмянай начной цішыні, відаць, далёка чуліся ўсхлёсты пугі і ўедлівае хрыплівае выгукванне. Пестрак. // перан. Які запамінаецца надоўга. Вельмі ўедлівымі і даўкімі былі ўражанні апошніх дзён, каб іх можна было лёгка забыць. Мележ.

2. Які ўзнікае, умешваецца ва ўсе дробязі, прыдзірлівы. Уедлівы характар. □ З Тамарай стаў праседжваць вечары над кнігамі і бацька,.. учэпісты, уедлівы. Ермаловіч.

3. Разм. З’едлівы. Уедлівы жарт. □ Гаварыў [Мікульскі] ціха, павольна, але злосна, падбіраючы самыя пякучыя, уедлівыя словы. Марціновіч. — А што я нарабіў? — Быццам і не ведаеш? — з уедлівай іроніяй спытаў Мятлюг. Сабаленка.

4. Які вельмі надакучыў; надаедны. На дварэ вісела кіслая пахмурнасць, дзьмуў вецер — сеяў уедлівы дождж. Кудравец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Маўчаць, мыўчаць, моўчетэ ’нічога не гаварыць, не падаваць голасу, весткі; захоўваць у таямніцы, не выказваць адкрыта сваіх думак’ (ТСБМ, Грыг., Нас., Шат., Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ, ТС; драг., КЭС), маўча́нка ’маўчанне’ (ТСБМ, Грыг., Нар. Гом.; паст., Сл. ПЗБ), ’паслухмянасць’ (Нас.); маўча́к, маўчок ’маўчанне, ні слова, ні гу-гу’, ’маўклівы чалавек’ (ТСБМ, Нас., Растарг.), маўчком, моўчкам, маўчаком, моўчыкам, маўчака́, моўчака́, моўчакі, моўная, маўком ’ціха, патаемна, моўчкі, нічога не кажучы’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.), моўчыкі маўча́ць ’быць маўклівым’ (Ян.), маўчлівы, моўчліву ’маўклівы’ (Сл. ПЗБ, Яруш., ТС). Укр. мовча́ти, рус. молча́ть, молка́ть, мо́лкнуть, ст.-рус. мълчати, польск. milczeć, н.-луж. mjelcaś, в.-луж. mjelčeć, чэш. mlčeti, славац. mlčať, славен. mółčati, серб.-харв. му́чати, макед. молчи, балг. мълча, ст.-слав. мльчати. Прасл. mъlčeti (Бязлай, 2, 192), mьlčati (Трубачоў, Проблемы и.-е. языкозн., М., 1964, 101), Скок (2, 474) адносіць да асновы mьlk‑, Махэк₂ (368) — да ml̠k‑. Дакладныя роднасныя і.-е. адпаведнікі не выяўлены. Траўтман (184), Персан (BB, 19, 262), Трубачоў (там жа) збліжаюць слав. лексемы са ст.-в.-ням. motawên ’раставаць’, ірл. malcaim ’гнію’, ст.-грэч. μαλακός ’мяккі’, літ. smulkùsдробныsmil̃kti ’адміраць’. Леві (IF, 32, 164), Гофман (189), Буазак (605) збліжаюць з літ. mùlkis ’дурны’ ст.-інд. mūrkhás ’дурнаваты’, ст.-грэч. μαλκή ’дубенне ад холаду’, лац. mulcēre ’гладзіць’, ’утаймоўваць’, ’цешыць’. Трубачоў (там жа, 100, 105), разглядаючы тэрміны ’маўчаць’ у і.-е. мовах, устанавіў семантычны пераход ’раставаць’ — ’маўчаць’ і паказаў генезіс і этымалагічную роднаснасць: ст.-в.-ням. molawên ’раставаць’ — слав. mьlčati; слав. tajati/taviti ’раставаць, плавіцца’ — лац. tacẽre ’маўчаць’, літ. tir̃pti ’раставаць’ — слав. tьrpĕti ’цярпець’, слав. tьlěti ’тлець’ — літ. tylė́ti ’маўчаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́длы ’нізкі ў маральных адносінах; несумленны’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’шкодны (пра дзіця)’ (Сл. ПЗБ). Укр. пі́длий, рус. подлый, польск. podły, чэш., славац. podlý, славен. podel, серб.-харв. по̏дао, балг. по́дъл ’тс’. Паводле Станкевіча (Зб. тв., 1, 61), у беларускай мове ’барбарызм” замест нягодны. Прасл. *podьlъ, *podьlъjь ад *podъ (гл. под) і суф. ‑ьl‑, як у *svět‑ьl‑ъ (Чарных, 2, 49); першакрыніца ў польск. podły ’нізкі, подлы, дрэнны’, ’убогі’, дыял. і арх.дробны, нязначны’, ’просты, грубы, простанародны’ (параўн. рус. подлый ’халопскага паходжання; бедны’). Версія Шанскага і інш. (КЭСРЯ, 347) пра вытворчасць podły ад podlec, podlegać ’падпарадкоўвацца’ (гл. падлеглы) неімаверная як фармальна, гэтак і семантычна. Паводле іншай распаўсюджанай версіі, польск. podły — другаснае ўтварэнне ад прыметніка podlejszy ’абы-які, збочны, нізкага гатунку’, чэш. podlejší ’тс’, вытворнага ад podle, але зразуметага як форма параўнальнай ступені (Махэк, 467; Банькоўскі, 2, 660); развіццё значэння ’які знаходзіцца побач, з краю’ > ’другасны’ > ’дрэнны’, але гэтая версія пры ўсёй яе пераканаўчасці не вычэрпвае разнастайнасці гэтай лексічнай групы (гл. таксама Брукнер, 424; Праабражэнскі, 2, 87; БЕР, 5, 473). Шэраг лексем у славянскіх мовах (рус. подлёнок ’ніжняя галінка дрэва’, по́длина ’падкладка’, чэш. podlina, серб.-харв. pódla ’падшыўка ў спадніцы’) сведчаць пра паходжанне прасл. *podьlъjь ад *podъ ’ніз, аснова’ (Варбат, Этимология–1994–1996, 283–286). Параўн., аднак, па́длы (па́длый) рус. ’падший’ і ’нізкі ў маральным плане’ (Нас.), што магло быць зыходным для подлый, дзе адбылася фанетычная і семантычная змена (пеяратывізацыя), і адкуль гэтая форма распаўсюдзілася ў іншых славянскіх мовах (Цыхун, Супр. чыт. III, 129). Вытворнае по́длость ’подласць’ (ТС), по́дласць ’тс’ (Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смалу́да ‘дзікая расліна, карэнні якой па смаку нагадваюць моркву’ (Адм.). Параўн. укр. смовдь ‘дзікая пятрушка, Peucedanum L.’, польск. smłod, smłód ‘гладыш шыракалісты, Laserpitium latifolium L.’, ‘расліна Peucedanum L.’, чэш. smldí, smldník ‘тс’, славен. smlȇd ‘расліна Peucedanum oreoselinum L.’, харв. чак. smlȇd ‘herbae genus’, smudnjak ‘расліна Peucedanum L.’. Назва няяснага паходжання. Без беларускага матэрыялу рэканструююць формы *smьldъ, *smeldъ, *smoldъ і *sml̥dъ, а таксама адносяць да асноў з чаргаваннем прасл. *smeld‑/*smьld‑/*smold‑, што працягваюць і.-е. *smel‑ ‘тлець, гарэць’ (параўн. літ. smėla ‘тлее, гарыць’) з пашырэннем ‑d‑, параўн. смала1 (гл.), смо́лда ‘смолка, Viscaria vulgaris Bernh.’ (Мат. Гом.). Куркіна (Диал. структура, 114) на падставе славен. smlẹ̑d ‘жоўты’, якое супадае з славенскай назвай расліны Peucedanum, матывуючым прызнакам лічыць жоўты колер, што падмацоўваецца народнай назвай рус. желтолен, аднак гэта няпэўна. Фурлан (Бязлай, 3, 271), улічваючы паралельную назву ўкр. мовдь ‘расліна Peucedanum oreoselinum L.’, параўноўвае з літ. meldà, méldas ‘чарот’, лат. męldi, męldri ‘тс’ і звязвае з *moldъ (гл. малады), якое значыла не толькі ‘які мае мала гадоў’, але і ‘мяккі, дробны’, а адпаведны корань і.-е. *mold‑ меў таксама значэнне ‘мачыць, памякчаць’, што магло б сведчыць пра ўжыванне расліны Peucedanum у якасці лячэбнага сродку. Менш верагодная версія Махэка₂ (561), звязаная з пераносам назвы з асновай *smld‑, параўн. ст.-чэш. smldie ‘купена, Polygonatum multiflorum All.’, чэш. smldí ‘малінія’, старое польск. smilz ‘вострыца, Deschampsia caespitosa P.B.’, на расліну Peucedanum, паколькі стабілізацыя значэння ‘Peucedanum’ адбылася яшчэ ў праславянскую эпоху, гл. Лабко, БЛ, 18, 60. Гл. таксама Брукнер, 503; Врубель, Term. bot., 31; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 324; Бязлай, Eseji, 81–82.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

густы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які складаецца з многіх аднародных частак, прадметаў, блізка размешчаных адзін каля аднаго; проціл. рэдкі. Густы лес. Густая трава. □ Паабапал [сцежкі] густое жыта ў рост чалавека. Анісаў. Раса хаваецца толькі ў засені густога лісця. Брыль. / Пра валасы, поўсць і пад. Густыя валасы. Густыя бровы. □ Бацька здаволена ўсміхаецца, разгладжваючы густыя чорныя вусы. Якімовіч. // Спорны (пра дождж, снег). На змярканні пайшоў дождж, дробны, але густы. Шамякін. І снег мяце такі густы, што не відаць, дзе дол, дзе неба. А. Вольскі.

2. З вялікай канцэнтрацыяй чаго‑н.; не вадкі. Густое варэнне. Густая каша. Густы мёд. □ З сцяблінак мяккай расліны паказваецца густы белы, як малако, сок. Бядуля. // Насычаны чым‑н. (пра паветра, пах і пад.). Апала дзённая спякота, і паветра зрабілася густое, як туман. Нікановіч. // Яркі, не цьмяны (пра колеры, фарбы і пад.). Густой чырванню ўспыхнуў твар афіцэра. Лынькоў.

3. Шчыльны, малапранікальны для зроку, святла. І двор, і агароды, і маўклівыя цёмныя дрэвы — усё патанула ў густым вячэрнім змроку. Лынькоў. Туман быў яшчэ густы, і крокаў за дваццаць мала што відаць было. Чорны.

4. Які паўтараецца ў вялікай колькасці праз кароткія прамежкі часу; часты. Хутка страляніна зрабілася такою густою, што, здавалася, усё неба пранізана кулямі ды асколкамі. Мележ. Узнімаецца густы, шалёны кулямётны агонь. Брыль.

5. Нізкі, прыглушаны (пра гукі, голас). Густы бас. □ Голас быў роўны, ціхі і глыбокі — з нейкімі густымі, дрымотнымі ноткамі. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што спорыцца; хуткі і паспяховы (пра дзейнасць, працу). Закіпела дружная спорная праца, у якой Марына Паўлаўна не толькі не тамілася больш, а нібы адпачывала ад ранейшае зморы. Зарэцкі. // Складны, энергічны. Жвір выстукаў пальцамі па лаўцы нейкі спорны і дробны марш. Адамчык. // Які найбольш падыходзіць да выканання чаго‑н.; найбольш практычны, эканомны. Трактар — Дужы і ў працы спорны. Колас. Буланы, застаяўшыся ў гарадку, апанаваны аваднямі, імчаў лінейку спорнай рыссю. Хадкевіч.

2. Які хутка змочвае або пакрывае зямлю (пра снег, дождж); часты. Нядаўна прайшоў спорны дождж, і ісці па слізкай абочыне было цяжка. Парахневіч. Снег валіў нядоўга з неба, але быў да таго густы і спорны, што праз якую гадзіну горад стаў белы. Васілёнак.

3. Які дае пры малых затратах найлепшы вынік; выгадны ў гаспадарчых адносінах. Спорная мука. □ Дровы, праўда, былі не самавітыя, бо не надта спорныя, у большасці галлё ды пруцце. Кулакоўскі. // З вялікай колькасцю ягад, зярнят і пад. Колькі разоў падыходзіў я да.. [каліны] і любаваўся спорнымі гронкамі ягад! Бажко. [Юстын:] — Такой пшаніцы мы і, праўда, зроду не бачылі — буйная, спорная, што золата. Краўчанка. // Буйны, вялікі. Мох на балоце густы, спорны. Галавач. Слёзы пацяклі па твары, гарачыя і спорныя. Крапіва. На .. [чамаданчыку] кроплі вады: сцякліся адна да адной, спорныя цяпер, круглыя, як гарох. Пташнікаў.

4. З вузкімі, дробнымі, блізка размешчанымі літарамі і невялікімі прамежкамі паміж словамі (пра почырк і пад.). [Рэдактар] падаў.. [Віктару] густа спісаны спорным почыркам ліст паперы. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ме́рва1 ’твань, балота’ (ТС), мерва́ ’вязкае, зыбучае балота’ (лельч., Талст.), укр. жытом. ме́рва, мʼе́рва, марва́, нерва́, нʼерва́ ’разрэджаны вадой чорны ніжні грунт’, ме̑рвʼісті ’мулкі’ (ЛАПП). Балтызм. Параўн. літ. mer̃kti, sumarkýti, лат. mḗrkt, mḗrcêt ’мачыць’, mḗrks ’невялікая сажалка на лузе’. Утворана пры дапамозе суфікса ‑ва, як дрыгва́, ад асновы merk‑. Апошні зычны ‑k‑ мог выпадаць (як у мерва) або пераходзіць у ‑х‑ (гл. ме́рхалаць ’тс’).

Ме́рва2, івац. мэ́рва ’жамерыны, адходы пры тапленні воску’ (іўеў., Сл. ПЗБ), бяроз. мэ́рва ’тс’ (Шатал., Сл. Брэс.). Укр. ме́рва, ме́рвисько ’мятая, пацёртая салома, атава’, ’дрэнь, непатрэбнае’, ровенск. ме́рва ’недаедзеныя рэшткі грубага корму’, рус. пск. мерва́ ’дробныя адыходы пры трапанні льну’, мазав. mierzwa ’тс’, польск. ’мятая салома’, ’дробны гной’, луж. mjerwa, чэш. mrva ’тс’, славац. mrva ’труха’, славен. mŕva ’сена’, ’труха’, ’кавалак’, серб.-харв. мр̏ва ’кавалак’, макед. мрва, мрвка ’тс’, ’мякіш хлеба’, балг. мърва ’кавалачак мяса’, ст.-слав. мръвица ’кавалак’. Прасл. mьrva, якое, відаць, з’яўляецца роднасным да літ. marvà, mervà ’сумесь розных рэчаў, прадметаў’ і, магчыма, літ. marvà ’гурба, турма, натоўп, чарада’, ст.-в.-ням. mara ’рыхлы, далікатны’, ст.-ісл. merja ’раздрабіць, растаўчы’, ірл. meil ’мяккі, трухлявы’, уэльск. merv ’тс’, ст.-грэч. μαραίνω ’драблю’ (Фрэнкель, 413; Бязлай, 2, 204; Мацэнаўэр, LF, 10, 344). Брукнер (334) і Скок (2, 472) узводзяць лексему да і.-е. асновы *mer‑ ’расціраць’, пашыранай фармантам ‑u̯a. Махэк₂ (381), беручы пад увагу першаснае значэнне ’мятая (салома)’, прасл. mьrva, mьrviti збліжае з с.-в.-ням. werren ’мяць, кудлаціць, замотваць’, якое кантамінавала з іншым чэш. mruiti se, в.-луж. mjerwić so ’кішэць’ (параўн. і славац. mruiť ’мяць, крышыць, перабіраць, варушыцца, шавяліцца’). Мартынаў (вусн. паведамл.) дапускае, што гэта кельтызм, параўн. кельц. merb‑ (< merv‑) у с.-ірл. ro‑merblig ’кішэць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пла́ваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Перамяшчацца ў розных напрамках па паверхні вады або ў вадзе, робячы адпаведныя рухі рукамі і нагамі (лапамі, плаўнікамі і пад.). [Кузняцоў] плаваў доўга, потым зноў адпачываў на траве і ўсё думаў, думаў... Капусцін. Гусі асцярожна спускаліся з берага і плавалі каля кустоў лазы і крушыны — паволі веславалі ружовымі лапкамі ў светлай вадзе. Даніленка. // Знаходзіцца на паверхні якой‑н. вадкасці, не апускаючыся на дно. Ля чорнай кладкі плавала Гусінае пяро. Пысін. // Мець здольнасць трымацца на паверхні вады або іншай вадкасці; не тануць. Корак плавае. Вучыцца плаваць. // Ехаць па вадзе на чым‑н. Плаваць на чоўне.

2. Разм. Служыць на судне. [Герасім Дзмітрыевіч] плаваў на ваенным караблі мінёрам. Б. Стральцоў.

3. перан. Плаўна перамяшчацца ў паветры (пра птушак, лятальныя апараты і пад.). Дробны каршачок плаваў над асіннікам. Чорны. // перан. Трымацца ў паветры або перамяшчацца пад уздзеяннем ветра. У блакітным небе плавалі пуховыя хмары. Гурскі. Раніцамі плавалі над свежай зямлёй туманы. Хведаровіч. // перан. Разыходзіцца, даносіцца (пра гукі, пахі). Павекі самі па сабе паволі плюшчацца, а мяккі звон-шум у паветры плавае, калыша. Мурашка.

4. перан. Разм. Выказвацца аб чым‑н. павярхоўна, блытана, не закранаючы сутнасці. Плаваць на экзамене. □ — А матэрыялісты лічылі, што матэрыя гэта... — не па сваёй саліднасці жаласлівым галаском пачаў «плаваць» Каралёў. Карпюк.

•••

Мелка плаваць — не мець дастатковых здольнасцей, сіл, ведаў у якой‑н. справе; займаць нязначнае службовае або грамадскае становішча.

Плаваць як сыр у масле — жыць у вялікім дастатку, у раскошы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́яць, сею, сееш, сее; незак., што.

1. і без дап. Раскідваць насенне па падрыхтаваную для сяўбы глебу. Сеяць жыта. Сеяць лён. □ Хлопцы сеялі, касілі, Як паспее жыта, жалі, Адным словам — не ляжалі. Крапіва. Ухадзіўся з работаю дзядзька Марцін. Яшчэ на тым тыдні скончыў сеяць грэчку. Колас. // Спец. Змяшчаць (мікраарганізмы) у пажыўнае асяроддзе для вырошчвання.

2. перан.; Распаўсюджваць сярод людзей (асвету, ідэі, чуткі і пад.). Сеяць добрае. □ К. Каліноўскі.. хадзіў ад вёскі да вёскі, сеяў у народзе веру ў лепшую будучыню. С. Александровіч.

3. перан. Раскідваць, распыляць, што‑н. Цяжкія хмары нізка валакуцца над.. [зямлёю] і прабуюць сеяць на яе цёплую імглу. Чорны. Неба сеяла цяпло, Цёплы дожджык церушыў, Ў думках радасна было, Беглі песні ад душы. Купала. Вецер, мабыць, разагнаў хмары, і пухлячок-маладзік сеяў на зямлю кволы россып сіняватага агню. Асіпенка. // без дап. Ісці, падаць (пра дождж, снег). На дварэ другі дзень сеяў дробны, але густы дождж. Шамякін.

4. Разм. Засяваць (якую‑н. плошчу зямлі). Сеяць загон.

5. Прасейваць. Сеяць муку.

•••

Сеяць смерць — несці смерць каму‑н., забіваць каго‑н. Проста з неба ляцяць на дзяцей [самалёты], Сеюць смерць кулямёты. Куляшоў.

Сеяць смуту — распаўсюджваць трывожныя чуткі, падбухторваць на бунт, выклікаць хваляванні.

Хоць мак сёй — і не зварухнецца.

Хоць рэпу сёй — а) пра што‑н. вельмі бруднае. Бацька не раз гаварыў [Міхасю]: «Ну, брат, у цябе і вушы: хоць рэпу сёй!» Колас; б) як і не было нічога. — І ўвесь двор згарэў? — Увесь, пане: чыста, гладка, хоць рэпу сёй. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)