По́длы ’нізкі ў маральных адносінах; несумленны’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’шкодны (пра дзіця)’ (Сл. ПЗБ). Укр. пі́длий, рус. подлый, польск. podły, чэш., славац. podlý, славен. podel, серб.-харв. по̏дао, балг. по́дъл ’тс’. Паводле Станкевіча (Зб. тв., 1, 61), у беларускай мове ’барбарызм” замест нягодны. Прасл. *podьlъ, *podьlъjь ад *podъ (гл. под) і суф. ‑ьl‑, як у *svět‑ьl‑ъ (Чарных, 2, 49); першакрыніца ў польск. podły ’нізкі, подлы, дрэнны’, ’убогі’, дыял. і арх. ’дробны, нязначны’, ’просты, грубы, простанародны’ (параўн. рус. подлый ’халопскага паходжання; бедны’). Версія Шанскага і інш. (КЭСРЯ, 347) пра вытворчасць podły ад podlec, podlegać ’падпарадкоўвацца’ (гл. падлеглы) неімаверная як фармальна, гэтак і семантычна. Паводле іншай распаўсюджанай версіі, польск. podły — другаснае ўтварэнне ад прыметніка podlejszy ’абы-які, збочны, нізкага гатунку’, чэш. podlejší ’тс’, вытворнага ад podle, але зразуметага як форма параўнальнай ступені (Махэк, 467; Банькоўскі, 2, 660); развіццё значэння ’які знаходзіцца побач, з краю’ > ’другасны’ > ’дрэнны’, але гэтая версія пры ўсёй яе пераканаўчасці не вычэрпвае разнастайнасці гэтай лексічнай групы (гл. таксама Брукнер, 424; Праабражэнскі, 2, 87; БЕР, 5, 473). Шэраг лексем у славянскіх мовах (рус. подлёнок ’ніжняя галінка дрэва’, по́длина ’падкладка’, чэш. podlina, серб.-харв. pódla ’падшыўка ў спадніцы’) сведчаць пра паходжанне прасл. *podьlъjь ад *podъ ’ніз, аснова’ (Варбат, Этимология–1994–1996, 283–286). Параўн., аднак, па́длы (па́длый) рус. ’падший’ і ’нізкі ў маральным плане’ (Нас.), што магло быць зыходным для подлый, дзе адбылася фанетычная і семантычная змена (пеяратывізацыя), і адкуль гэтая форма распаўсюдзілася ў іншых славянскіх мовах (Цыхун, Супр. чыт. III, 129). Вытворнае по́длость ’подласць’ (ТС), по́дласць ’тс’ (Бяльк.).