Буда́н ’будан’ (БРС, Янк. II), ’будынак, жыллё, хата і да т. п.’ (слаўг., Яшкін). Паколькі ўтварэнне ад бу́да́ ’жыллё, будан і да т. п.’ вельмі няпэўнае (па якой мадэлі?), то трэба буда́н лічыць ідэнтычным па паходжанню з байда́н (гл.) ’будан, выган, адкрытае месца і да т. п.’, рус. байда́н, буйда́н ’адкрытае месца, узвышша і да т. п.’ Усё з майда́н (са зменай м|б у цюрк. мовах; падрабязней гл. пад байда́н, там і некаторая літ-pa). На запазычанае слова, мабыць, аказала ўплыў слова бу́да́ ’жыллё і да т. п.’ Ад буда́н утвораны (суф. ‑аш) буда́ш, буда́ч ’будка, будан’ і будала́ш ’тс’ (Яшкін). Словаўтварэнне апошняга не вельмі яснае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ва́рыва ’варэнне (працэс)’ (Юрч., Янк. I, БРС); ’агародныя расліны, што ўжываюцца да стравы’ (КЭС); ’гародніна’ (Шат., Касп., Янк. БП, Др.-Падб., Янк. I, 47); ’сцяблы і лісце буракоў’ (ДБА, 868, Бяльк., Касп., Гарэц., Юрч.); ’буракі’ (Касп.), у дыял. ва́ріво, ва́рэво, ва́рво, ва́рыво (гл. Вештарт, Лекс. Палесся, 129). Укр. ва́рево, ва́риво ’вараная страва; квашаная гародніна’, рус. ва́рево ’вараная страва’; ’гародніна, зелень; гародніна, прыгатоўленая на зіму’, польск. warzywa ’гародніна, зелень’ і г. д. Слав. *varivo (да вары́ць); агляд слав. форм і значэнняў Вештарт (Лекс. Палесся, 130–131; там жа і меркаванні пра магчымы шлях семантычнага развіцця). Да адлюстравання *varivo ў ст.-бел. мове гл. Казачонак, Весці АН БССР, 1975, № З, 117–118.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абармо́т ’махляр, прайдзісвет, чалавек, пазбаўлены даверу’ (Шат., КЭС, КТС), ’неахайны чалавек’ (Яўс.), абермот ’нязграбны чалавек’ (Кліх), рус. обормот ’абадранец’. Магчыма, да абора‑мот ’той, хто матае аборы (вяроўкі, якімі прымацоўваюцца лапці)’, спачатку зняважлівая назва вясковых жыхароў («лапцюжнікаў»). Для падобных назваў параўн. семантыку польск. gbur ’грубіян’ < ст.-польск. gbur ’селянін’ і словаўтварэнне ўкр. ціповʼяз, грічкосій і г. д. Іншую версію гл. у Трубачова, ВЯ, 1961, 5, 134 (< барматаць). Неверагодна ў Гэлтана, ZfslPh, 23, 326–327 (< ням. Ober і рус. мот). Яшчэ больш праблематычная версія аб венгерскім паходжанні гэтага слова. Гл. Пагарэлаў, RÉS, 30, 102–103. Супраць апошняга Гэлтан, там жа, 325–326 з падрабязнай аргументацыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каве́нчыцца ’мучыцца, пакутаваць ад болю’, ’пакутаваць з кім-н.’ (лаг., КЭС; Нас.), ковэнчыцца ’мучыцца’ (Шатал.), кавенчыць ’мучыць’ (Нас.), кавенчэння, кавенчання ’агонія’ (Нас., Яруш.). Польск. kawęczeć, kawęczyć ’доўга хварэць, мучыцца і да т. п.’, ст.-польск. skawęczeć ’змарнець’, славац. дыял. (усх.) kavenčec ’тс’. Слаўскі (2, 107) лічыць славац. і бел. роднаснымі да польск. слова, аднак для гэтага няма падставы; паводле лінгвагеаграфічиага і фанетычнага крытэрыю, бел. і славац. патрэбна разглядаць як паланізмы. Паводле Слаўскага, там жа, польск. kawęczeć суадносіцца са старым дзеясловам kavъkati і першапачаткова азначала ’енчыць, падаваць жалобны голас’. Ён прыводзіць рус. дыял. кувякать ’енчыць, плакаць’ і лічыць, што тут мела месца расшырэнне кораня ‑ęcz‑, ‑ęk, падрабязней гл. Слаўскі, 2, 108.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кало́дачка ’каленца (у сцябле)’ (бяроз., Шатал.), ’сустаў’ (там жа). Адносна семантыкі параўн. ілюстрацыю да першага значэння: «На соломынэ аж тры колодычкы вырослі» (с. 70). Паводле Цыхуна (вусн. паведамл.), тут перанос ад першапачатковага калода ’трубка, сцябліна ў злакавых’. Да матывацыі параўн. калена як ’патаўшчэнне, вузел на сцябліне’ і ’частка сцябліны паміж патаўшчэннямі’. Прыклады адпаведных утварэнняў: калена ’сустаў пальца рукі’, і на той жа тэрыторыі (бяроз.) «жыта пошло ў каленцы». Зыходзячы з прыведзеных фактаў, менш верагодна думаць аб першаснасці значэння ’сучляненне як патаўшчэнне’. Паводле першага тлумачэння назва матывуецца звычайнымі пераносамі ў межах устаноўленай (і ўжо дыфузнай) семантыкі; калі ж прыняць другую версію, цяжка абгрунтаваць яе з боку семантыкі. Параўн. яшчэ інфармацыю па калода.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касны́ ’сараматны’, ’дрэнны’, ’худы’ (Касп.: «Твая карова дужа косная»). Слова, якое мае адпаведныя паралелі, як здаецца, толькі ў рус. мове. Параўн. рус. дыял. кастный. кастной ’паскудны, гадкі, брыдкі, нячысты’. Паводле Трубачова, Эт. сл., 9, 158, гэта лексема узыходзіць да прасл. (дыял.) *kasib. якое мае вельмі разгалінаваную семантыку. Параўн. яшчэ ў рус. гаворках касть ’патрава хлебная’, ’свавольства, паскудства’, ’кал’, ’пацук або мыш’, ’дрэнь, гадасць, брыдота’ і г. д. Паводле Трубачова, там жа, 157, магчыма, даўняе вытворнае з падаўжэннем галоснага о ö (> а) ад слова *kostь ’косць’. Як семантычную паралель Трубачоў прыводзіць іншае вытворнае ад слова *kostь*ко&сипъш семантыка якога эвалюцыяніравала ад ’касцявы’ да ’тленны, нячысты’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Като́мка ’сумка, клунак’ (Сцяшк. МГ, Сл. паўн.-зах.). Параўн. рус. котома́, кото́мка; паводле Фасмера, 2, 353, сюды адносяцца (з тым жа значэннем) рус. ко́тма, хото́мка, коту́ль, коты́ль, хоту́ля, хату́ль. Трубачоў (Эт. сл., 11, 208) прыводзіць яшчэ ўкр. ко́тма ’тс’. Слова няяснага паходжання. Прапанаваліся розныя этымалогіі, напр., утварэнне ад дзеяслова ката́ть, далей, запазычанне з фін. kontti ’карзіна з бяросты, якую носяць на спіне’, або з чагат. kat ’футляр’ (гл. Фасмер, 2, 353). У апошні час Трубачоў, там жа (праўда, без бел. матэрыялу), мяркуе, што, магчыма, было прасл. *katoma, залежны дзеепрыметнік на ‑om ад дзеяслова *kotiti ’каціць, валяць і да т. п.’ Няпэўна. Параўн. яшчэ Шанскі, 2, К, 360.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каха́ць ’мець вялікае сардэчнае пачуццё да асобы другога полу; любіць’. Ст.-бел. кохати (вядомае ў помніках ужо на пачатку XVI ст.) лічыцца запазычаннем з польск. kochać. Гл. Булыка, Запазыч., 173; Гіст. лекс., 94; Фасмер, 2, 356; Брукнер, 242; Бернекер, 1, 538; Кюнэ, Poln., 66; Слаўскі, 2, 311–313; Трубачоў, Эт. сл., 10, 110–111. Слова запазычана з польск. і ва ўкр. мове. Магчыма, прамым паланізмам трэба лічыць і каха́нне (< польск. kochanie). Здаецца, прасл. *koxati было ў прасл. часы дыялектным словам: яго не зналі бел. і ўкр. мовы. Адносна рус. коха́ть Трубачоў, там жа, мяркуе, што яно шырока прадстаўлена ў гаворках і, магчыма, з’яўляецца спаконвечнай лексемай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Качарга́ ’жалезны прут, сагнуты на канцы, для перамешвання паліва ў печы, выграбання попелу і пад.’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат., Сцяшк. МГ, у Нас. ’драўляная крывуля’). Параўн. рус. кочерга́, укр. коче́рга, кучу́рга, польск. koczarga, дыял. koczerka. Марфалагічная будова слова вельмі спрэчная. Па адной версіі, утварэнне суфіксам *‑g‑ (як у рус. четверг) на базе такіх слоў, як рус. кочера́ ’сукаваты ствол’ (параўн. Фасмер, 2, 358; Фасмер, 4, 35, дзе абараняецца існаванне суф. *‑g; Слаўскі, 2, 322, дзе таксама дапускаецца магчымасць суфікса ‑ga). Некаторыя дапускаюць у якасці крыніцы гіпатэтычнае цюрк. *köčirga (Слаўскі, 2, там жа). Гл. яшчэ агляд у Трубачова, Эт. сл., 10. 105–106 (дзе падтрымліваецца існаванне суфікса ‑g‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашта́н дрэва сямейства букавых, якое дае плады ў выглядзе буйнога арэха; плод гэтага дрэва’ (ТСБМ, БРС, Касп.). Рус. кашта́н, укр. кашта́н ’тс’. Як сведчыць форма слова, непасрэдна кашта́н запазычана з польск. kasztan ’тс’ (параўн. Фасмер, 2, 215; Слаўскі, 2, 97–98; Шанскі, 2, К, 106). Для рус. мовы, як адзначае Фасмер, там жа, пасрэднікам запазычання, акрамя польск., магла быць і чэш. крыніца. Польск. і чэш. лексемы ўзяты з ням. kastāne, castane ’каштан’ (сёння Kastanie). У сваю чаргу ням. словы запазычаны з лац. castanea, якое паходзіць з грэч. κάστανον. Лічаць, што радзімай назвы каштана з’яўляецца Малая Азія (параўн. арм. kaskeni каштанавае дрэва’. Гл. яшчэ Брукнер. 222; Бернекер, 1, 492; Махэк₂, 245.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)