Ся́дравы, сядро́вы ’халодны, сцюдзёны, золкі’ (баран., лях., Сл. ПЗБ; ЛА, 2, Сцяшк.), ся́драны ’тс’ (чэрв., Сл. ПЗБ; ЛА, 2), ся́драва ’халаднавата’ (Нас., Чач.), ся́драва, ся́драво, сядро́ва ’холадна, сцюдзёна’ (лях., асіп., Сл. ПЗБ; Сцяшк.), сідра́ва ’халаднавата, з сырым ветрам’ (Бяльк.), ся́драна ’сцюдзёна, холадна’ (чэрв., ЛА, 2), сядры́цца ’лютаваць (пра мароз)’ (чач., Жыв. НС). Паводле аўтараў Сл. ПЗБ (там жа), з літ. siaudrùs ’гулкі, звонкі ад холаду’, siadìmas ’гул, гудзенне, шапаценне’, што не пераконвае. Іншы шлях этымалагізацыі адкрываюць гэтыя словы ў значэнні ’цвердаваты, хрумсткі, ядраны’ (лях., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), параўн. сядзёр (гл.), што дазваляе звязаць іх з наступнымі словамі, гл. Да семантыкі параўн. ядране́ць = рус. холодать (Некр. і Байк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)