Кіда́ць ’кідаць, пакідаць’ (Нас., Яруш., Касп., Ян., ТС), ’садзіць (бульбу)’ (Ян., Шат.), ’складаць стог’ (Выг., Маш., КЭС, лаг.), ’пакідаць на гадоўлю’ (Жд. 2). Укр. кидати, рус. кидать ’тс’, ст.-слав. искыдати ’выкідваць’, балг. кидам ’кідаць’, кина ’рваць’, серб.-харв. ки̏дати ’рваць, чысціць’, славен. kidati ’выкідваць, ачышчаць’, польск. kidać ’кідаць’ (польск. kidać мае яшчэ значэнне ’капаць, пра густую вадкасць’), чэш. kydati ’кідаць (гной)’, славац. kydať ’тс’, в.-луж. kidać ’высыпаць, выліваць, раскідаць (гной)’, н.-луж. kidaś ’тс’. Бліжэйшыя індаеўрапейскія паралелі: ст.-ісл. skióta ’кідаць, страляць’, ст.-англ. scēotan ’тс’, ст.-в.-ням. sciozan ’кідаць; страляць; хутка рухаць’. Гэта супастаўленне дазваляе аднавіць і.-е. *(s)keu̯d‑. Прасл. kydati — ітэратыў ад *kud‑. Аднак супраць гэтай рэканструкцыі іншыя паралелі: літ. šáuti ’страляць; штурхаць; хутка рухаць’, лат. saũt ’хутка рухаць у вызначаным напрамку’, saut ’страляць’, літ. šáudyti ’страляць (шматразовае дзеянне)’, šaudỹkle ’страла’. Супастаўленне дзвюх лексічных груп сведчыць аб іх роднаснасці, але тады мы павінны вызначыць два варыянты архетыпа: *(s)keu̯d‑ і *(s)k̑eu̯, якія, аднак, можна аб’яднаць у *(s)k̑eu̯(d), дзе d‑, магчыма, суфікс асновы цяперашняга часу, якая замяніла старую атэматычную аснову. У гэтым выпадку наглядаецца рэгулярная рэфлексацыя індаеўрапейскага пачатку *(s)k̑ як (s)k або (Мартынаў, Слав. акком., 156). Параўн. Покарны, 955–956; Фасмер, 2, 230; Слаўскі, 2, 137; ЕСУМ, 2, 429–430.

Кідаць ’уводзіць аснову ў бёрда’ (Нар. сл.), кідаць у бёрда ’працягваць у бёрда ніткі асновы’ (Жыв. сл.), кідаць у ніт ’працягваць праз ніт ніткі асновы’ (Жыв. сл., КЭС, лаг.). Гл. кі́даць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лапа́та, лопа́та ’драўляная ці металічная прылада з дзяржаннем і шырокім ніжнім канцом для капання зямлі, зграбання збожжа, саджэння хлеба ў печ, для расчысткі снегу’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Касп., Шат., Яруш., Бес., Бяльк., Сцяшк.), ’вертыкальная частка прасніцы, да якой прывязваецца кудзеля’ (Уладз.), ’прылада (дошчачка) для выраўноўвання саломы на страсе’ (Шушк.; паст., шальч., Сл. паўн.-зах.). Укр., рус. лопа́та, польск. łopata, палаб. lüpotǝ ’лапатка’, н.-луж. łopata, klěbowa łopata, в.-луж. łopata, hopata, opata ’хлебная лапата’, łopač ’лапата’, чэш. lopata, lopač, lopař, славац. lopata, славен. lopáta ’лапата’, ’вясло’, ’лапатка’, серб.-харв. ло̀пата, чак. lopȁta, макед. лопата, лопа́та, лупа́та, балг. лопата, ст.-слав. лопата ’лапата, шуфель’, ’вясло’. Прасл. lopata паводле марфалагічнай будовы ўяўляецца як адыменны (вельмі стары, першасны) прыметнік на ‑at‑ъ, ж. р. ‑at‑a (Мее, 291), утвораны ад лексемы lop‑ъ ’ліст’, роднаснай да літ. lãpas, лат. lapa ’ліст’ (гл. ла́па2). Семантыка лексемы lopata заключала ў сабе прыкмету з наяўнасцю знешняй рысы, а іменна формы ліста. Вельмі яскравым сведчаннем гэтага з’яўляецца дэфініцыя славен. lopáta ў SSKJ (2, 640): orodje s širokim listom in dolgim držajem… Роднаснымі для прасл. lopata з’яўляюцца літ. lópeta, lopetà ’лапата’, ’лемех’, ’лапатка’, лат. lâpsta, lāpusta ’лапата’, ’лапатка’, прус. lopto ’лапата’. Больш падрабязна гл. Бернекер, 732–733; Буга, Rinkt, 1, 312–313; Брукнер, 312; Траўтман, 149–150; Младэнаў, 279; Фрэнкель, 339–340; Мюленбах-Эндзелін, 2, 240; Фасмер, 2, 518–519; Слаўскі, 5, 193–196; Скок, 2, 318–319 і інш. Махэк₂ (339) рэканструюе прасл. форму як lapeta.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Брыж1 ’рабро дошкі’ (Інстр. II, таксама брыд), ’востры край, вугал граняў’ (Нас., Бяльк., Гарэц.). Лаўчутэ (Лекс. балтызмы, 18–19) лічыць, што гэта словы (толькі беларускае) на слав. глебе не этымалагізуецца і таму з’яўляецца запазычаннем з балт. моў (літ. brỹžis ’рыса, лінія’; да літ. слова гл. Фрэнкель, 1, 56). Этымалогія, бясспрэчна, няправільная. У гэтым жа значэнні ўжываецца і брыд. Як вядома, слав. *bridъ (утворанае суфіксам ‑d‑ ад *bri‑ti) азначала і востры’. Параўн. рус. дыял. бри́дкий, бри́ткий ’востры’ (пра інструменты), ст.-чэш. břidký ’востры’ (břidký meč), чэш. břitký ’тс’, серб.-харв. бри̏дак ’востры’ (бритка cабља) і г. д. (прыклады гл. Бернекер, 86; Гебаўэр, Sl. stč., 103; Махэк₂, 73; Слаўскі, 1, 47). Брыж з’яўляецца j‑вым варыянтам да брыд ’тс’ (адносна форм на ‑j‑ параўн. славен. brȋja (*bridja) горкасць’). Параўн. яшчэ брыды́ ’канцы клёпак’ (гл.), брэд ’вастрыё нажа’ (гл.). Сюды ж, напэўна, і брыж ’венца посуду’ (Лысенка, СПГ). Гл. Краўчук, Бел.-рус. ізал., 60.

Брыж2 (род. брыжа́) спінка ў ложку’ (КЭС). Відавочна, таго ж паходжання, што і брыж1 (гл.): ’востры край’ → ’рабро’ → ’спінка’.

Брыж3 ’выступ у коміне, на які што-небудзь кладуць’ (Інстр. I). Не вельмі лёгка рашыць, куды адносіцца гэта слова: да брыд ’востры край дошкі’ (гл. брыж1, 2) ці да брыж ’складка’ (гл. брыжы1). Хутчэй за ўсё брыж3 адносіцца да брыжы ’складкі, бардзюр’ (< польск.), таму што і ў польск. мове bryże азначаюць розныя выступаючыя прадметы (гл. Варш. сл., 1, 216).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Адлі́га (Касп., Нас., КТС, БРС, Гарэц., Мат. АС Грод.), адліг, атліг (Бяльк.), отлʼига (КСТ), адлега ’адліга, аблягчэнне’ (Гарэц., Янк. I, Бір., КТС, Бяльк., Касп., Шат., КЭС), атлега (Мядзв.), одлыга (Клім.). Укр. відліга, відлега, відліж, польск. odliga, odliż, odelga. Зыходзячы з мяркуемай генетычнай сувязі прасл. lьga, lьzě (гл. льга, лёгкі) і польск. zima lga ’лёгкая зіма’, dziś je lgo ’сёння не замерзла’ (Зубаты, Studie, 1, 1, 61), можна думаць аб адзіным паходжанні слоў адліга, адлега і лёгкі (гл. Рудніцкі, 415). Але лінгвагеаграфія сведчыць хутчэй на карысць балтыйскага паходжання ці ўплыву. Асабліва паказальная польская тэрыторыя (гл. Купішэўскі, Słown., карта 12), дзе пры дамінацыі odwilż на краях арэала сустракаюцца таксама odliga, otliga, odliż і odelga. Іншыя славянскія тэрыторыі не ведаюць гэтага слова. Што датычыць балтыйскага арэала, то ў літоўскай мове маем шэраг слоў, магчыма, семантычна кантамінаваных: atlésti ’адпускаць’ — ãtlydis, àtlyda ’адліга’, atlýžti ’змякчыцца, адыйсці’ — àtlyža ’адліга’, atlė́gti ’адпусціць’ — àtlėga ’адліга’. Усе яны этымалагічна не звязаныя, але ствараюць адзінае семантычнае поле, узмоцненае марфолага-акцэнтуацыйным падабенствам. У якасці непасрэднай крыніцы запазычання можна спаслацца на літ. atlė́gti ’адпусціць (аб марозе)’ і àtlėga ’адліга’. Параўн. марос атлʼох (Бір. дыс.) і літ. šal̃tis atlė́go. Тады варыянт адлега — першасны, варыянт адліга ўзнік на яго аснове. Параўн. усх.-палес. одлʼегаць ’вымакаць’ і одліглы ’вымаклы’ (КСТ). Магчыма, варыянт адліга ўзнік пад уплывам дзеяслова ліць. Так, Свобада (Зб. Унбегаўну, 246) параўноўвае адліга з абліваха (гл.). Генетычная сувязь, аднак, тут выключана (гл. Мартынаў, SlW, 66–67).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жада́ць ’хацець нешта зрабіць, зычыць’ (ТСБМ). Рус. дыял. жада́ть ’тс’, укр. жада́ти ’жадаць, дамагацца’, польск. żądać ’тс’, в.-луж. žadać ’дамагацца, хацець’, н.-луж. žedaś ’жадаць’, чэш. žádati, славац. žiadať ’дамагацца, жадаць’, балг. жадувам ’хацець’, макед. жеднее ’тс’, серб.-харв. же́ђати, жѐднети ’моцна хацець’, славен. žéjati ’хацець’. Ст.-слав. жѧдати ’мець смагу; моцна хацець’, ст.-рус. жадати ’тс’. Гэта значэнне замацавалася ў рус. мове за другаснай формай гэтага ж дзеяслова — стараславянізмам жаждаць. У бел. і ўкр. для перадачы такога значэння замацаваўся дзеяслоў прагнуць, прагнути. Гэта адзначыў ужо Бярында (36), перакладаючы жадаю ’прагну’. За дзеясловам жада́ць, жадати асталося значэнне ’моцна хацець’, суадноснае са значэннем рус. желать, якое не мае бел. і ўкр. паралелей, што ўказвае на магчымасць пэўнай семантычнай кантамінацыі. Пры станаўленні значэнняў слова жада́ць на бел. (і ўкр.) мову мела, відаць, уздзеянне польск. żądać, што адлюстравалася ва ўкр. жадати ’моцна хацець, вымагаць’ (як і ў польск.). Апошняе адценне не замацавана ў бел., дзе развілося спецыфічнае адценне значэння ’зычыць, выказваць добрыя пажаданні’. Прасл. *žęd‑ (з насавым інфіксам цяп. ч.) параўноўваецца з літ. gedáuti ’жадаць чагосьці, імкнуцца да чагосьці’, gedė́ti ’імкнуцца, тужыць’, а таксама шэрагам форм і.-е. моў з іншымі ступенямі чаргавання галосных. І.‑е. корань, відаць, *g​hedh‑ ’прасіць, хацець’. Фасмер, 2, 33; Скок, 3, 675; Махэк₂, 721; Брукнер, 663; Покарны, 1, 448. Траўтман (82), Фрэнкель (144) суадносяць літ. словы са слав. *žьdati ’чакаць’, якое ў Покарнага (1, 426–427) трапляе ў іншы корань *gheidh‑ з тым жа значэннем ’жадаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каро́ва1, укр. карова, рус. корова, чэш. kráva, в.-луж. krowa, палаб. korvo, польск. krowa, балг. крава, макед. крава, серб.-харв. кра̏ва, славен. kráva (прасл. korva). Пошукі этымону для гэтага слова заўсёды былі цяжкімі. Што датычыць старажытнасці, то відавочным з’яўляецца яго яшчэ балта-славянскае паходжанне. Параўн. літ. kárve ’тс’, ст.-прус. curwis ’вол’ (апошняе, магчыма, каш.-слав. паходжання: каш. karw ’стары вол’). Усе іншыя паралелі не з’яўляюцца надзейнымі, бо аўтары адпаведных этымалогій прымаюць за пастулат унутраную форму ’рагатая’, што трэба абгрунтаваць. Перш за ўсё, паколькі лац. cornu ’рог’, ст.-грэч. χέρας (χέρσας) і ст.-іран. srū, srva (Бернекер, 557) узыходзяць да k̑or‑u̯/kor‑n, мы б чакалі на балта-славянскім моўным грунце s‑пачатак, але прасл. korva не мае такіх паралелей ні ў адной з індаеўрапейскіх моў (нават калі лічыць паралелямі назвы сарны і лані). Так, ст.-прус. sirwis ’лань’ хутчэй, генетычна тоесна літ. šir̃vis ’шэры конь, заяц’ (яўная назва па колеру), šir̃vas ’шэры’. Прасл. sьrna ’сарна’ можна параўнаць са ст.-слав. срѣнъ ’белы’ (іншыя славянскія паралелі абазначаюць ’іней, шэрань’). Мы падтрымліваем іншую версію з унутранай формай не ’рагатая’, а ’жвачная’. Тады прасл. korva суадносіцца са ст.-інд. cárvate ’жуе’ (Махэк, KZ, 64, 262; Мартынаў, Слав. акком., 163). Сюды ж прасл. červo ’чэрава’ (адно са значэнняў — ’страўнік’). Спроба супаставіць korva з сапсаванай глосай Гесіхія χάρτην τήν βοῡν (χάρτην замяняецца на χάρτην) не пераконвае (Параўн. Трубачоў Эт. сл. 11, 108–109).

Каро́ва2 ’назва грыба гаркуха, кароўка’ (Жыв. сл.). Гл. кароўка, кароўяха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Струна́ ‘туга нацягнуты адрэзак дроту, жылы ў музычных інструментах’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Бяльк.), ‘хорда’ (Байк. і Некр.), ‘пругкая вяроўка і пад. у розных прыстасаваннях, цеціва’ (ТСБМ, Ласт.), стру́ны ‘доўгія вяроўкі, якімі ўвязваюць калоду на санях і падсанках’ (ТС), сюды ж стру́нкі ‘стройны’, струні́ць ‘вучыць, настаўляць’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. укр., рус. струна́ стараж.-рус. струна ‘волас, струна’, польск. struna, в.-луж. truna ‘цеціва’, н.-луж. tšuna ‘жыла’, чэш., славац. struna ‘струна’, серб.-харв. стру̏на ‘конскі волас; струна’, славен. strúna ‘тс’, балг. струна́ ‘струна; доўгі волас з конскага хваста або грывы’, макед. струна ‘струна; конскі волас’, ст.-слав. строуна ‘жыла, струна’. Прасл. *struna, дэрыват ад і.-е. кораня *streu̯‑ < *ster — ‘паласа, пруг, пасма, прамень’ з суф. ‑na; гл. Слаўскі, SP, 1, 116; Борысь, 582. Роднасныя ст.-в.-ням. stroum, strōm ‘канат’, с.-в.-ням. strieme ‘паласа, рубец’, далей, лац. struō, struere ‘накладваць, будаваць’ (Младэнаў, 613; Фасмер, 3, 784 з іншай літ-рай). Борысь (тамсама) параўноўвае яшчэ з літ. struniti ‘будаваць, ставіць’ і, звяртаючы ўвагу на семантыку слова ў паўднёваславянскіх мовах, мяркуе, што значэнне ‘струна ў музычным інструменце’ другаснае, яно было перанесена з дэсігната ‘жыла, волас (жывёліны)’ і да т. п. Гл. яшчэ Махэк₂, 583 (параўноўвае з авест. snāvar ‘нерв’, ст.-інд. snā‑van ‘цеціва’ і дапускае развіццё *sno‑ver > *sroven‑ > *srouna > *struna); Сной₁, 616 (параўноўвае з укр. посторо́нок, чэш. postranek ‘вяроўка для запрагання’, якія да і.-е. кораня *ster‑, *stre‑ ‘прамень’); ЕСУМ, 5, 452–453.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стэп ‘бязлесная раўніна, пусташ’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., ТС), сцеп (сьцеп, степ) ‘тс’ (ТС, Бяльк., Косіч). Параўн. укр. степ, рус. степь. Мяркуецца, што з’яўляецца метафарычным пераносам у геаграфічную тэрміналогію анатамічнага тэрміна прасл. *stьpь ‘хрыбет, спіна (у жывёл)’, параўн. рус. степь ‘хрыбет, спіна (у быка, каровы, каня, сабакі)’, гл. Мяркулава, Этимология–1968, 86–91), харв. stȃpi ‘свіныя лапаткі’, stȇpi ‘кавалак свінога мяса з лапаткамі’ (Борысь, Etymologie, 407–408), утворанага з дапамогай суф. ‑ь (< ‑ĭ‑) ад асновы, засведчанай у літ. stìpti ‘затрымлівацца, марудзіць; цапянець’, stiprùs ‘моцны, цвёрды’, лат. stipt ‘рабіцца цвёрдым’, лац. stipes ‘пень, калода’ (< і.-е. ste̯ip‑, stip‑). Іншыя версіі гл. Фасмер, 3, 755–756; ЕСУМ, 5, 409. Беларускае слова, відаць, з украінскай і/ці рускай моў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суляя́ ’бутля’ (Гарэц.), сулі́я ’вялікая бутэлька’ (Бяльк.), суле́я, суле́йка ’лейка’ (Ласт.), суле́йка ’бутэлька, паўштоф, плоская бутля’ (віц., Шн.; Нік., Оч.). Параўн. укр. сулія́, рус. сулея́ ’тс’. Этымалагізавалася на аснове прасл. *liti (гл. ліць) як *sǫlěja (Фасмер, 3, 800; Трубачоў, Ремесл. терм., 258), чым, відаць, тлумачыцца і форма суле́я (аўтарскі наватвор Ластоўскага?). Параўноўваюць таксама са ст.-польск. sulnica ’бутэлька, пляшка’, польск. дыял. sulak ’гаршчок’, sulnik ’прымітыўная пасудзіна (звычайна з дрэва)’, славен. дыял. sȗlj ’ражка’, ’драўляная пасудзіна (для салёнага мяса, тварагу)’, якія Сной (гл. Бязлай, 3, 341) разам з чэш. дыял. šulek ’скрынка, каробка’ параўноўвае з літ. šùlė ’пасудзіна’, першапачаткова, відаць, зробленая з дрэва, што дае падставы звязаць гэтыя словы з шула (гл.). Няпэўна, параўн. суляк, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Супаста́т старое ’вораг, непрыяцель’, лаянк. ’разбойны, злачынец, ліхадзей’ (ТСБМ), ’упарты чалавек’ (чэрв., Жд. 2), ’тс’, ’варожы воін’ (Бяльк.), ’супраціўнік, нягоднік’ (Рам. 1; рас., Сл. ПЗБ), супуста́тка, лаянк. Укр., рус. супоста́т, ст.-рус. супостатъ ’праціўнік; д’ябал’, ст.-слав. сѫпостатъ ’вораг, непрыяцель, праціўнік’. З *sǫ‑po‑statъ, дзе *sǫ‑ і *po‑ прыстаўкі; *‑statъ утворана з суф. *‑tъ ад *stati, *stanǫ ’стаць’, гл. Слаўскі, SP, 2, 37; ESJSt, 14. 863 (< *sъ‑po‑stati ’паставіць аднаго супраць другога’); параўноўваюць з літ. stótas ’той, які пастаўлены’, авест. stāta ’той, які стаіць’, лац. praestātus ’пастаўлены’; гл. Траўтман, 283; Мее, 302; Фасмер, 3, 805. Паводле Львова (Этимология–1972, 112–113), дакладная калька грэч. ύπ‑εν‑αντίος < ύπο‑ ’з’, έν‑ ’перад, па’, ‑άντίος ’той, які знаходзіцца насупраць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)