Каро́ль1 укр. король, рус. король, чэш. král, в.-луж. kral, польск. król, балг. крал, серб.-харв. кра̑љ, славен. kralj, прасл. korlь. Традыцыйная этымалогія зводзіцца да запазычання у якасці тытула імені Карла Вялікага (як цэсар, якое зыходзіла да імені Цэзара). Запазычанне мела месца да метатэзы плаўных у славянскіх мовах, таму гэта фанетычная з’ява атрымала абсалютную храналогію (VIII–IX стст.) у адпаведнасці з даціроўкай праўлення Карла Вялікага. Калі ж не прымаць этымалогіі korlь < Karl, мы адразу пазбаўляемся крытэрыю для храналагізацыі. Існуе іншая магчымасць этымалагізацыі прасл. korlь, для якога словам-крыніцай аб’яўляецца прагерм. karla ’стары, старэйшына’ (ст.-ісл. karl ’муж знатнага роду’, фінскі германізм karilas ’стары’). Прыняцце гэтай гіпотэзы мяняе храналогію запазычання ў бок значна большай старажытнасці (Параўн. Мартынаў, Лекс. взаим., 68–71; Трубачоў, Эт. сл., 11, 82–89).

Каро́ль2 ’трус’ (Шатал., Сл. паўн.-зах.). У значэнні ’трус’ мы сустракаем у бел. дыялектах формы кролік і кроль. Апошняе, на нашу думку, з’яўляецца зваротнай дэрывацыяй ад кролік, якое запазычана з польск. królik. Польская форма, у сваю чаргу, з ням. Künigl < лац. cuniculus. Ням. лексема асэнсоўвалася як Nomen deminulivum ад König ’кароль’ (Бернекер, 572; Фасмер, 2, 380).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

а́ццаць, частка складаных лічэбнікаў: адзіна́ццаць, двана́ццаць і пад., часам выступае ў форме ‑на́нцаць: адзіна́нцаць, петна́нцаць (ДАБМ), двана́нцаць (ТС) і інш. Паводле Карскага (2–3, 95), у ст.-бел. мове ужывалася самастойна ў спалучэнні з парадкавымі лічэбнікамі, якія абазначалі адзінкі: первый надцать (Статут 1529 г.), четверътое надъцать (Статут 1588 г.) побач з дванадъцатоє, шеснадъцатоє і г. д. Сустракаюцца і больш архаічныя формы: четвер​ѕтого надесѧть (Тайна тайных XVI ст.), якія адлюстроўваюць зыходнае спалучэнне на десѧте (прасл. na desęte, параўн. dъva na desęte ’20’), гл. дзесяць. Формы з ‑нанцаць тлумачацца па-рознаму. Карскі (2–3, 93) лічыць, што н перад ц з’явілася пад уплывам «узмоцненага вымаўлення» н у ‑на‑ з ‑нна‑ ў лічэбніку адзінаццаць і па аналогіі ў іншых лічэбніках. Сабалеўскі супастаўляе беларускія формы з балгарскімі тыпу пендесет, девендесет і дапускае, што ў гэтых выпадках мела месца дысіміляцыя зубнога зычнага т (д) (ЖМНП, 314, 10, 64). Такой жа думкі прытрымліваліся Эндзелін (РФВ, 13, 113), Чарнышоў (Сб. Милетич. София, 1933, 196–198), адносна балгарскага матэрыялу Мірчаў (Неврокопският говор. София, 1936, 13–14). Іншыя версіі і меркаванні гл. Будэ, Изв. ОРЯС, 3, 3–4, 930–932; Чабярук, Лічэбнік, 37–38.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жывіца ’смала’. Рус. живи́ца, укр. живи́ця, польск. żywica, в.-луж. žiwica, чэш. živice, славац. živica ’смала’, славен. živica ’корань’, ’жываплот’, ’крынічная вада’, ’насмарк’, серб.-харв. жи́ви́ца ’жываплот’, ’кастрыца’, ’палянка’, ’рубец тканіны’. Ст.-рус. живица ’смала’ (XVI ст.). Утворана ад кораня *živ‑ суфіксам *‑ic‑a ў прасл. мове, прычым у паўн. славян замацавалася значэнне ’смала’, а паўд. славяне замацавалі і іншыя значэнні. Гэта можа сведчыць ці аб адносна познім (паўн.-слав.) утварэнні, ці аб дыфузнай першапачатковай семантыцы. Корань жыв‑ у жывіца суадносіцца са значэннем ’гаіць’, паколькі жывіца мела лячэбнае значэнне. І.‑е. корань *g​ei‑ ’жыць, гаіць’. Плевачава, SR Brno, 13, 1964, 25–33; Махэк₂, 728. Параўн. Скок, 3, 681. Сцяцко (Афікс. наз., 45) не ўказвае час утварэння і не дае семантычнага абгрунтавання. Іначай: жывіца роднаснае з арм. kiv ’смала’ (Лідэн, Зб. Мікале, 119; Турнэйзен, Зб. Педэрсену, 301) з асобным і.-е. коранем *g​i​ (Покарны, 1, 482), суадносным з жаваць (Фасмер, 2, 51); апошняе, паводле Покарнага, няпэўна. Гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 289. Гіпотэза Плевачавай–Махэка не адкідвае суадносіны з арм. kiv, аднак лічыць гэта слова паралельным утварэннем, што верагодна. Гл. жывіць, жывы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́са ’злакавая культура, Panicum miliaceum L.’ (ТСБМ, Сцяшк., Нас., Бес., Сл. ПЗБ), прасцэ́ ’тс’ (Ян.). Рус., укр. про́со, ц.-слав. просо, польск., в.-луж., чэш., славац. proso, н.-луж. pšoso, палаб. prüsü, серб.-харв. про̏со, славен. prosó, балг. npócó, макед. просо. Пэўнай этымалогіі слова няма, паколькі адсутнічаюць надзейныя роднасныя формы. Параўноўвалі перш за ўсё са ст.-прус. prassan ’проса’, але яно, магчыма, было запазычана з польскай, гл. Фасмер, 3, 378. Параўноўваюць таксама (Голуб-Копечны, 295) з лац. pressī, premō ’ціснуць’, г. зн. *proso першапачаткова ’расціснутае зерне’, але гэта паралель адхіляецца на той падставе, што лацінскае слова ніколі не мела значэння ’таўчы зерне’ (параўн. Нідэрман, Зб. Развадоўскаму, 1, 112 і наст.). Фасмер (там жа) лічыць магчымым падтрымаць параўнанне з грэч. περκνός ’стракаты’, ст.-інд. pŕ̥çnis ’тс’, ст.-в.-ням. forhana ’фарэль’; г. зн. першапачаткова ’стракатае, плямістае’. Пра магчымую сувязь з і.-е. *pro‑sə ’пасеў’ (гл. сеяць), што, відаць, адлюстравана ў сваеасаблівай figura etymologica, параўн. з народнай песні: а мы проса сеялі, сеялі; серб. Јелисје просо сије, гл. Лома, Огледна св., 65–66. Іншыя версіі гл. Фасмер, 3, 378–379; Шустар-Шэўц, 2, 1151; Скок, 3, 52; Бязлай, 3, 127; БЕР, 5, 767. Гл. яшчэ просяніца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тага́н1 ’падстаўка на ножках пад кацёл, чыгунок, вядро і пад. пры гатаванні ежы на агні’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк.), ’трыножак, на які вешаюць калыску з дзіцем у час жніва’ (леп., ЛА, 3; Ян.), таганы́ ’тс’ (ТСБМ, Касп.; докш., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.; ушац., леп., ЛА, 3), ’трыножнік для падвешвання ў полі люлькі, катла’ (ТС), тагано́к ’невялікі металічны кацялок з дзяржаннем для варкі ежы ў полі’ (Растарг.). Укр. тага́н ’трыножнік для катла’, тагани́ ’прыстасаванне для падвешвання калыскі ў час працы на полі’, рус. тага́н ’падстаўка для катла, трыножнік’, серб.-харв. тѝга̄њ ’патэльня’, балг. тига́н ’тс’, ст.-слав. таганъ, тиганъ ’тс’. З цюркскіх моў, дзе тат. qazan taɣany ’козлы для падвешвання катла’, крым.-тат. tyɣan ’жароўня’, якія далей звязваюць з грэч. τηγανον ’патэльня’, новагрэч. τηγάνι(ον) ’тс’ (Фасмер, 4, 9; ЕСУМ, 5, 502; Анікін, 521).

Тага́н2 ’катаванне, строгі допыт’: возьми его на таганъ, дакъ и прызнаецца (Нас.). Рус. смал. натага́н ’у розныя бакі, урасцяжку’, ’на расправу’ (Дабр.). Відаць, да папярэдняга слова (гл. таган1), якое мела і спецыфічнае значэнне ’прылада для катавання’, захавалася толькі ў спалучэннях з прыназоўнікам (прыстаўкай) на: на тага́н, натага́н ’паддаць расправе, катаванню’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́ці ’супраць’ (ТСБМ, Ян., ТС), ’насуперак’, ’насупраць’, ’у параўнанні з’ (Нас.), ’у прысутнасці’, ’насуперак’, ’напярэдадні’ (Сл. ПЗБ), ’наперад’ (Ян.), проціў ’тс’ (Нас., Шат., ТС), ’напярэдадні’ (ТС), праці́ ’супраць’ (Стан.). Рус. про́тив, дыял. про́ти, проть ’насупраць, насустрач’, укр. про́ти, про́тив ’супраць, перад; насустрач’, ст.-рус. противъ, противу, ст.-слав. противъ ’супраць’, польск. przeciw, дыял. proci, чэш. proti, protiv, славац. proti, в.-луж. přećiwo, н.-луж. pśeśiwo ’супраць’, серб.-харв. про̏тӣв ’супраць, насупраць’, славен. prọ̑ti ’насустрач’, próti ’ў напрамку да’; protivo (прысл.), балг. проти́в ’супраць, насупраць’. Прасл. *proti, таксама *protivъ, што было ўтворана як прыметнік ад *proti, *protivǫ; апошняе з’яўлялася В. скл. адз. л. назоўніка ж. р. protiva, якое захавалася толькі ў чэш. protiva ’праціўны чалавек’. Бліжэйшыя адпаведнікі прасл. *proti (*preti) у лат. pretī, pretiem ’насустрач, супраць’, pret ’проці, перад; да, у параўнанні з’, ст.-інд. práti ’супраць’, лац. pretium ’кошт, цана’, гл. Фасмер, 3, 382–383, з літ-рай. Інакш Копечны (ESSJ, 1, 226), які ўслед за Зубатым (Studie, 2, 50) зыходнай формай лічыць *protiva наз. ж. р., з якога потым развіліся прыметнікавыя формы *protivǫ, што ў выніку скарачэння далі *proti, таму што і.-е. *proti павінна было б даць у славянскіх мовах *protь. Махэк₂ (48, 3) канцавое i ў *proti тлумачыць падаўжэннем ‑ь, “каб слова мела належны аб’ём”.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

збо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца месцам збору, збірання каго‑н. Зборны пункт. □ У воласці, у зборным пакоі, калі зайшоў туды Тарэнта, каля стала цэлым натоўпам стаялі сяляне. Галавач. // у знач. наз. збо́рная, ‑ай, ж. У дарэвалюцыйнай вёсцы — памяшканне, плошча, дзе рабіліся сходы грамады. Настаўнікі пераступілі парог і апынуліся на зборнай. Зборная была прасторная, як абора. Колас.

2. Пабудаваны, сабраны з гатовых асобных частак, блокаў і пад. Зборныя канструкцыі. Зборны дом. // Які служыць для зборкі такіх збудаванняў, канструкцый. Зборныя дэталі. Зборны жалезабетон. // Заснаваны на прымяненні метаду зборкі асобных гатовых частак. Зборнае будаўніцтва.

3. Састаўлены з разнародных частак, прадметаў. Зборная мэбля. □ Вялікае селішча мела падабенства .. да зборных выселак. Чорны.

4. Які складаецца з асоб, сабраных з розных месц, арганізацыя. Зборная каманда. Зборны аркестр. □ Публіка была зборная і разнастайная, мяшчанская і абывацельская. Гартны. // у знач. наз. збо́рная, ‑ай, ж. Спартыўная каманда, якая складаецца з лепшых спартсменаў розных каманд. Зборная СССР. Зборная Мінска па валейболу.

5. Які абагульняе характэрныя прыметы шэрагу аднародных прадметаў, з’яў і пад. Зборны літаратурны вобраз.

6. У граматыцы — які абазначае сукупнасць, колькасць прадметаў або асоб, што ўспрымаюцца як адзінае цэлае. Зборныя назоўнікі. Зборныя лічэбнікі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палаві́на, ‑ы, ж.

1. Адна з дзвюх роўных частак чаго‑н. Калона падзялілася на дзве палавіны і рушыла ў фальварак. Колас. Да палавіны [сасны] піла ішла лёгка, а далей стала заядаць. Якімовіч. [Маша:] — Добра табе, Вася, разважаць, калі ў цябе ўсё сена ў стагах ужо. А ў нас яшчэ палавіна — у пакосах. Шамякін. Налёт збіў немцаў з усякага панталыку, тым больш, што партызаны захапілі бадай палавіну афіцэраў штаба. Лынькоў.

2. Сярэдзіна якой‑н. адлегласці, прамежку часу і пад. Мне стала маркотна і сцішна. На палавіне мае дарогі .. стаяў цёмны лес. Колас. У другой палавіне [сакавіка] месяца дзень з ноччу мераецца даўжынёй — дзеляць суткі папалам. «Звязда». // Момант, які адпавядае сярэдзіне якой‑н. гадзіны. Палавіна восьмай вечара.

3. Рухомая прымацаваная частка якога‑н. парнага прадмета. Палавіна варот. □ Шырока раскінуты дзвюма палавінамі чамадан з жоўтай скуры стаяў на лаве. Чорны.

4. Асобная частка жылога памяшкання. Дом быў з дзвюх палавін. Двое асобных дзвярэй з ганкамі ў двор. Арабей. Хата, як большасць хат у нашых больш-менш багатых вёсках, мела дзве палавіны: «заднюю», у якой ледзь не палову займала руская печ, і «пярэднюю» — светлую. Шамякін.

5. (звычайна са словамі «мая», «твая» і г. д.). Пра жонку ці мужа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ветрыць1 ’сушыць на ветры, праветрываць’ (Нас., Касп., Бяльк.), жыт. ’дзьмуць (аб ветры)’; (перан.) ’круціцца’ (Мат. Гом.); ’выветрываць’ (Яруш.); ’веяць збожжа на ветры’ (Касп., Арх. ГУ; рагач., жыт., Мат. Гом.; докш., карэліц., Янк. Мат., Янк. I, Юрч., Яўс.), палес. ві́трыты, ві́трынне ’ачыстка збожжа на ветры пасля падсейвання яго рэшатам’ (Выг.). Укр. вітрити ’праветрываць’, рус. паўн.-сіб. ветрить ’сушыць на ветры, на марозе, праветрываць’, польск. wietrzyć ’трымаць на свежым паветры’; ’губляць пах, свежасць пад уздзеяннем паветра і цяпла’; ’распадацца, выветрывацца (аб мінералах)’, чэш. větřiti se ’віцца на ветры (аб спадніцы)’, славен. vẹ́triti ’праветрываць’, серб.-харв. ве̏трити, вје̏трити ’праветрываць, выпарвацца (аб газах)’; ’плаваць пад ветразем’; ’хутка махаць крыламі’, макед. ветрее се, ветри се ’праветрываць’; ’выжываць з розуму’, балг. ветрея ’выветрываць, праветрываць’; ’выдыхацца, выветрывацца’; ’махаць (хусткай, флагам)’, ветрея се ’калыхацца ад ветру’. Прасл. дзеяслоў větr‑it‑i, які ўтварыўся пры дапамозе суф. ‑i‑ti (< ‑ě‑ti). Да ве́цер (гл.).

Ветрыць2 ’пазнаваць, вызначаць што-небудзь, прынюхвацца да ветру, чуць нюхам’ (КТС). Укр. ві́трити ’нюхаць паветра (аб сабаку)’, рус. ветрить ’валодаць здольнасцю адшукваць дзічыну нюхам «па ветры»’, польск. wietrzyć ’шукаць, сачыць, чуць нюхам’, чэш. větřiti ’чуць нюхам (аб сабаку, каню)’, славац. vetriť ’тс’, серб.-харв. ве̏трити, вје̏трити ’чуць нюхам пах, які прыносіцца ветрам’. Прасл. větriti (суф. ‑i‑ti < ‑ě‑ti). Да вецер (гл.). Лексема větrъ, ад якой утварыўся дзеяслоў, мела пераноснае значэнне ’пах’, якое сёння мы маем, напр., у чэш. народн. větry ’страўнікавыя газы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маку́ха1 ’рэшткі семя (ільнянога, сланечнікавага і пад.) пасля выціскання з яго алею’ (ТСБМ, Інстр. I, III, Гарэц., Мат.; гродз., Мат. АС; усх.-гом., КЭС, Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ). Укр. маку́ха, польск. makuch, makuchy, рус. маку́ха ’макуха макавага, гарчычнага, канаплянага і інш. насення’. Паводле формы магло б быць нават прасл. утварэннем ад мак і суф. ‑уха (< ‑uxa), які, аднак, надаваў экспрэсіўнае адценне. Калі ўлічыць польск. kuch, kuchy olejne, якія з ням. Kuchen (Брукнер, 279), а гэта даволі старажытнае слова, роднаснае з англ. cake, швед. kaka ’пячэнне, торт’, ст.-в.-ням. kuocho, тады можна гаварыць аб славянскім запазычанні з ням. Mohnkuchen, параўн. таксама швейц. Mägikuchen ’макавая макуха’ (Трубачоў, Дополн.; Фасмер, 2, 562).

Маку́ха2, маку́шка ’вяршыня, верхавіна дрэва, гары’, ’верхняя частка галавы, макаўка’, ’галоўка маку’, ’бязрогая карова’ (Нас., Др.-Падб., ТСБМ, Гарэц., Шат., Бяльк., ТС, Растарг., Сл. ПЗБ; дзв., Нар. сл.), маку́шка ’вяршыня’, моку́шка ’ніжняя частка цыбулі’ (ельск., Мат. Гом.), ’кончык пальца на руцэ’ (расон., Шатал.), маку́шка ’верхавіна дрэва’ (ТСБМ, ТС). Рус. маку́шка, маку́ха ’тс’, укр. маківка ’галоўка маку’. Усх.-слав. утварэнне ад мак (гл.) з суфіксам ‑uxa, якое мела пеяратыўнае значэнне. Першапачаткова макуха абазначала ’галоўка маку’ (параўн. рус. алтайск. маку́шка ’тс’, валаг. ма́кушка ’мак’. Бел. макуша магло ўтварыцца самастойна (а не як кантамінацыя макуха і макушка) і, магчыма, вельмі даўно (адыменныя ўтварэнні гл. Слаўскі, SP, 1, 75).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)