Дада́так ’дадатак’. Укр. дода́ток, польск. dodatek, чэш. dodatek, балг. дода́тък і г. д. Слав. *dodatъkъ — утварэнне суфіксам ‑ъkъ ад дзеепрыметніка на ‑t‑, ад дзеяслова *dodati (*do‑dati); параўн. бел. дада́ць, укр. дода́ти, польск. dodać, чэш. dodati, балг. дода́м і г. д. Як дзеяслоў *dodati, так і вытворнае *dodatъkъ, бясспрэчна, маюць прасл. характар, прынамсі, з’яўляюцца прасл. дыялектызмамі. Дзіўна, што ў праславянскім слоўніку Трубачова (Трубачоў, Эт. сл.) няма ні *dodati, ні *dodatъkъ. Іншае пытанне, ці не запазычаны бел. дадатак, укр. додаток з польск. мовы. На гэта пытанне адказаць пакуль што вельмі цяжка, таму што няма дакладных даных аб гісторыі гэтых слоў. Калі нават гэта і запазычанне, то застаецца пытанне аб зах.-слав. дыялектызмах прасл. характару тыпу *dodati, *dodatъkъ.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пастаро́нак, пастаро́нкі, стол. посторо́нкі; па́старанкі, пастронак, шчуч. пастронка; пастронкі, пастронькі, пастромкі, пустро́нок ’пастронкі’ (ТСБМ, Нас., Шпіл., Маш., Янк. 2, Выг., Шат., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл., Сл. Брэс.). Укр. посторо́нок, рус. постро́мка, постромки́, постро́нка, посторо́нка, польск. postronek, каш. pöstrònk, н.-луж. póstronk, в.-луж. postronk, чэш. (яшчэ ст.-чэш.) postronek, народн. p(r)ostraněk, паўд.-усх. vostraňky, славац. postranok ’тс’. Паўн.-слав. postorn‑ъkъ ’вяроўка, рамень, прывязаныя да вужоў хамута, якія ідуць збоку цяглавай жывёлы’ (Брукнер, 432; Голуб-Копечны, 287; Махэк₂, 474). Наяўнасць ‑м‑ тлумачыцца па-рознаму (гл. яшчэ Фасмер, 3, 342). Да старана́ (гл.). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 121), ст.-бел. постронокъ (пастронокъ, постромокъ) (1598 г.) запазычаны са ст.-польск. postronek ’тс’. Няма падстаў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Патлу́міць 1 ’пабалакаць, пагаварыць’ (Нас.). Да тлу́міць ’празмерна дакучаць гаворкай, шумам’, ’марочыць, задурваць галаву’, тлу́мны ’шумны, гаманлівы’, тлум ’шум, гоман’ (Шамякін), якія да польск. tłumić, tłumny, tłum < прасл. tъlp‑m (Брукнер, 572), роднаснага да польск. tłopić < прасл. tъlpa/tьlpa > бел. на‑тоўп. Семантычны пераход ’натоўп’ > ’шум, гоман’, як у гоман (прасл. gomonъ < гоц. gaman ’натоўп’) (Мартынаў, вусн. паведамл.).
Патлуміць 2, ‑цца ’падавіцца (у праклёнах)’ (Шат.). Укр. потлуми́ти ’заглушыць, задавіць’, ’пабіць’, ’знішчыць’. Да тлу́міць (гл.). Запазычаны з польск. tłumić (чэш. tlumiti з польск.). Польск. і славац. tlmiť з прасл. tъlmiti, роднаснага да літ. stel̃bti ’заглушаць ценем (аб раслінах)’, stil̃bti ’слабець, гінуць ад заглушэння’, якое адпавядала б літ. фактытыву *stilbinti ’рабіць, каб што-небудзь слабела’ (Махэк₂, 646).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Па́цер, па́церы, па́ціры ’малітва наогул і асабліва «Ойча наш» (Нас., ТСБМ, Яруш., Кліх, Мядзв., Др.-Падб.; мін., гродз., Шн. 2; Сл. ПЗБ), ’ружанец, пацеркі, з якімі моляцца’ (Сцяшк.), ст.-бел. пацеръ, патеръ ’тс’ (1516 г.) запазычаны са ст.-польск. pacierz, pacierze ’тс’, якое прыйшло (у X ст.) са ст.-чэш. páteř, дзе азначала лац. малітву, што пачынаецца словамі pater noster ’Ойча наш’. Пазней, калі малітваў чыталі некалькі, іх адлічвалі на ружанцы — пацерках (шарыках з ружовага дрэва, нанізаных на нітку). Таму пазней pater noster стала азначаць ’адна пацерка’, а выраз скараціўся да pater. Адсюль паходзіць і па́церка (гл.) (Насовіч, 395; Брукнер, 390; Махэк₂, 437; Шцібер, RÉS, 1961, 39, 8; Булыка, Лекс. запазыч., 180).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
По́ўраз ’самаробны паясок; кавалак вяроўкі’ (Скарбы), ’вяроўка’ (Нас.), поўразка ’завязка ў фартуху’ (смарг., Сл. ПЗБ; Мат. Гом., Ян.), ст.-бел. поврозь, паврозь ’вяроўка’ (XVI ст.), поворозь (Альтбаўэр, 147), укр. павроз, повороз. польск. powróz ’шнур, пастронак, вяроўка’, славац. povraz ’вяроўка, канат’, чэш. ρονζ ’вяровачка’ (< *povraz), славен. povraz, серб.-харв. по̏вра̄з ’дужка вядра’, ’вяроўка, пятля’. Прасл. *po‑vorzь ’вяровачка з нітак’ < *vьrzti ’вязаць’. Няпоўнагалосныя формы запазычаны з польскай мовы, гл. Карскі (I, 251): поврозы — ’несомненные полонизмы”), Цвяткоў (Запіскі, 62), Кюнэ (Poln., 88: ’wegen га und Betonungsübereinstimmung”). Гл. паўроза. Аднак нельга выключыць і рэдукцыю поўнагалосся: повараз > поўраз, што дае падставы разглядаць некаторыя ўсходнеславянскія формы як другасныя, у карысць чаго сведчыць шырокая геаграфія слова. Пра гэта гл. Векслер, Пет., 119.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прыюці́ць ’даць прытулак’, прыючы́цца ’знайсці прытулак’ (лід., Сл. ПЗБ). Сюды ж аддзеяслоўны назоўнік прыю́т ’дзяржаўны дом для дзяцей-сірот і састарэлых’ (Янк. 1), ’дзіцячы дом’ (Ян.), ’у дарэвалюцыйнай Расіі дабрачынная ўстанова для выхавання беспрытульных дзяцей’ (пруж., Сл. ПЗБ), прыю́тны ’ветлівы’ (Ян.), прыю́тный, прыю́тлывый ’той, хто лёгка ўваходзіць у кантакт з людзьмі; кампанейскі’ (бяроз., ЛА, 3), прыю́тый ’мілы, прыгожы, прытульны’ (Бяльк.). Назоўнік прыют і дзеяслоў прыюціць, несумненна, запазычаны з рус. приют ’прытулак’, приюти́ть ’даць прытулак’ (параўн. ЕСУМ, 4, 586). Што да прыметнікаў, то яны могуць узыходзіць непасрэдна да *jutiti sę ’змяшчацца ў невялікай прасторы’, г. зн. ’быць блізкім адзін да аднаго’, што, паводле Трубачова, можа ўзыходзіць да і.-е. *ieu̯‑t‑, параўн. ст.-інд. yū̆tí‑ ’змяшэнне, сумесь’ (ЭССЯ, 8, 199).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Смерд ‘у старажытнай Русі — залежны селянін-земляроб’, ‘чалавек з простанароддзя’ (ТСБМ), смердзь ‘смурод’, ‘просты селянін’ (Нас.), ст.-бел. смердъ ‘селянін’ (Ст.-бел. лексікон). Укр., рус. смерд ‘селянін’, стараж.-рус. смьрдъ, польск. smard, дыял. śmierdź ‘тс’, палаб. smårdi ‘сялянства’, ст.-слав. смръдъ ‘залежны селянін-земляроб’. Прасл. дыял. *smьrdъ ад *smьrděti ‘смярдзець’ (гл. Праабражэнскі, 2, 334; Фасмер, 3, 684 з літ-рай), як пагардлівая назва земляроба з боку прадстаўніка пануючага класа. Параўноўвалі яшчэ з літ. smir̃das ‘той, хто пахне’, лат. smir̃za ‘тс’, але яны, як мяркуе, напрыклад, Скарджус (Slav., 202), хутчэй запазычаны з славянскіх моў. Гл. яшчэ Брукнер, 536; Махэк₂, 561–562; ЕСУМ, 5, 317; Шустар-Шэўц, Этимология–1984, 234–236 (набліжае да літ. mḕrdelis ‘аслабелая ад голаду істота’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тынк ‘пакрыццё паверхні будаўнічых канструкцый’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Касп., Гарэц., Ласт., ТС, Сл. ПЗБ), ‘тынкоўка, раствор для тынкоўкі’ (Сцяшк., Шат., ПСл, Шушк.), ‘матэрыял, якім забіваюць шчыліны ў сцяне’ (Бяльк.), сюды ж тынкава́ць ‘пакрываць тынкоўкай’ (Нас., Ласт., Касп.), тынкова́ць ‘тс’ (ТС): tynkovácʼ ŭ kołočki, u dranku (Арх. Вяр.), тинкова́ти ‘апрацоўваць, выпраўляць паверхню вапнай’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел. тынковати ‘тынкаваць’ (1695 г.), тынкованье (тынкоўкай) (1690 г., ГСБМ). Праз польск. tynk ‘тс’, якое з нова-в.-ням. Tünche ‘тынкаванне’, ‘тынкоўка’, а апошняе з лац. tunica ‘скура’, ‘покрыва’, ‘абалонка’. Лацінскае слова, як і ст.-грэч. χιτών ‘хітон, туніка’, былі запазычаны праз фінікійскую мову з арамейск. kittūnā́ < ст.-яўр. kuttṓneth ‘тс’ (Борысь, 659; Брукнер, 589; ЕСУМ, 5, 570).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ві́шня (БРС, Касп., Бяльк., Кіс., Бес., КТС). Рус. ви́шня, укр. ви́шня, балг. вишня, серб.-харв. ви̏шња, славен. vȋšnja, чэш. višně, славац. višňa, польск. wiśnia, в.-луж. wišeń, н.-луж. wišńa. Прасл. *višьnʼa ’вішня’. Слова няяснага паходжання. Параўноўваецца са ст.-в.-ням. wîhsila, с.-в.-ням. wîhsel ’чарэшня’ і далей з лац. viscum, грэч. ἰξός (< *uiks) ’птушыны клей’ (таму што клей з вішні ўжываўся як птушыны клей) (Літаратуру гл. Фасмер, 1, 325). Іншыя даследчыкі (Г. Майер, Alb. Wb., 473 і наст.; Фасмер, ИОРЯС, 12, 2, 225; Гр.-сл. эт., 44; Шрадер, 17, 30) лічаць гэта слова запазычаннем з грэч. βύσσινος ’пурпурова-чырвоны’. Параўн., напрыклад, назву фарбы ў ст.-рус. вишъневый, вишьнявый (вишньневъ бархатъ). Махэк₂ (692) лічыць гэта слова праеўрапейскім. Балтыйскія адпаведнікі запазычаны са славянскіх моў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Галу́шка 1 ’галушка’ (БРС, Касп., Нас., Сцяшк. МГ), таксама ’шарык, галачка’ (Касп.). Рус. галу́шка, укр. галу́шка, польск. gałuszka (hałuszka; гэты апошні варыянт запазычаны з укр.; гл. Брукнер, 133). Адносіны паміж асобнымі словамі ў слав. мовах даволі складаныя. Рус. слова лічыцца запазычаннем з укр. (гл. Шанскі, 1, Г, 20). Укр. галушка, паводле Шанскага (там жа), хутчэй за ўсё ўзята з польск. мовы (gałuszka < gała). Штосьці пэўнае адносна бел. слова сказаць цяжка, бо няма дастатковых даных адносна гісторыі гэтай лексемы. Аб слове галу́шка ў бел. дыялектах гл. падрабязна Сцяц. Нар., 36–37, які адзначае, што як назва стравы слова галушкі малаўжывальнае і часцей яно сустракаецца ў форме галушка (адз. л.) са значэннем мучнога шарыка ў зацірцы.
Галу́шка 2 ’звязка апрацаванага лёну’. Гл. галу́шка 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)