Прыюці́ць ’даць прытулак’, прыючы́цца ’знайсці прытулак’ (лід., Сл. ПЗБ). Сюды ж аддзеяслоўны назоўнік прыю́т ’дзяржаўны дом для дзяцей-сірот і састарэлых’ (Янк. 1), ’дзіцячы дом’ (Ян.), ’у дарэвалюцыйнай Расіі дабрачынная ўстанова для выхавання беспрытульных дзяцей’ (пруж., Сл. ПЗБ), прыю́тны ’ветлівы’ (Ян.), прыю́тный, прыю́тлывый ’той, хто лёгка ўваходзіць у кантакт з людзьмі; кампанейскі’ (бяроз., ЛА, 3), прыю́тый ’мілы, прыгожы, прытульны’ (Бяльк.). Назоўнік прыют і дзеяслоў прыюціць, несумненна, запазычаны з рус. приют ’прытулак’, приюти́ть ’даць прытулак’ (параўн. ЕСУМ, 4, 586). Што да прыметнікаў, то яны могуць узыходзіць непасрэдна да *jutiti sę ’змяшчацца ў невялікай прасторы’, г. зн. ’быць блізкім адзін да аднаго’, што, паводле Трубачова, можа ўзыходзіць да і.-е. *ieu̯‑t‑, параўн. ст.-інд. yū̆tí‑ ’змяшэнне, сумесь’ (ЭССЯ, 8, 199).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)