Патлу́міць1 ’пабалакаць, пагаварыць’ (Нас.). Да тлу́міць ’празмерна дакучаць гаворкай, шумам’, ’марочыць, задурваць галаву’, тлу́мны ’шумны, гаманлівы’, тлум ’шум, гоман’ (Шамякін), якія да польск. tłumić, tłumny, tłum < прасл. tъlp‑m (Брукнер, 572), роднаснага да польск. tłopić < прасл. tъlpa/tьlpa > бел. на‑тоўп. Семантычны пераход ’натоўп’ > ’шум, гоман’, як у гоман (прасл. gomonъ < гоц. gaman ’натоўп’) (Мартынаў, вусн. паведамл.).

Патлуміць2, ‑цца ’падавіцца (у праклёнах)’ (Шат.). Укр. потлуми́ти ’заглушыць, задавіць’, ’пабіць’, ’знішчыць’. Да тлу́міць (гл.). Запазычаны з польск. tłumić (чэш. tlumiti з польск.). Польск. і славац. tlmiť з прасл. tъlmiti, роднаснага да літ. stel̃bti ’заглушаць ценем (аб раслінах)’, stil̃bti ’слабець, гінуць ад заглушэння’, якое адпавядала б літ. фактытыву *stilbinti ’рабіць, каб што-небудзь слабела’ (Махэк₂, 646).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)