Гамані́ць ’гаварыць, нагаворваць’ (БРС, Нас., Шат., Касп., Сцяшк.). Рус. гомони́ть ’крычаць, шумець’, укр. гомоні́ти. Параўн. далей польск. gomonić się ’сварыцца; быць не ў ладах’, славац. homoniť ’шумець, крычаць’. Слав. дзеясловы лічацца вытворнымі ад *gomonъ (зах.-слав. і ўсх.-слав. словы); параўн. бел. го́ман ’размова, шум, крык’, укр. го́мін, славац. дыял. homon, польск. gomon і г. д. Сама лексема *gomonъ, паводле Слаўскага (1, 315–316), знаходзіцца ў этымалагічнай сувязі з усх.-слав. *gomъ: *gamъ ’галас, шум’ (параўн. гам ’крык, шум’). Меркаванні аб далейшых сувязях гэтага этымалагічнага гнязда гл. у Слаўскага (там жа). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 436; Шанскі, 1, Г, 125–126. Да гэтага сямейства слоў адносіцца і гамана́ (Сцяшк. МГ) (адносна словаўтварэння гэтага апошняга параўн. гавара́ ’гутарка, гаварэнне, мова’), далей гамо́нка ’пагалоска’ (БРС), ’размова’ (БРС, Шат., Касп., Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Даба́д ’лебедзь’ (Касп.). Трубачоў (Слав. языкозн., V, 178) мяркуе, што, відаць, гэта старое слова з цёмнай формай і, магчыма, праславянскае (праславянскі дыялектызм бел. мовы). Форма яго не дае ўпэўненасці ў тым, што яно звязана з прасл. *elbedь, *olbǫdь ’лебедзь’ (магчыма, паводле Трубачова, там жа. тут назіраецца табуістычная змена слова). Нягледзячы на тое што слова яўна дэфармаванае, можна меркаваць, што тут, магчыма, адбыліся фанетычныя змены (асіміляцыя): даба́д < лаба́д, а гэта ўжо значна бліжэй да магчымых прасл. форм; параўн. чэш. labuť, дыял. labudek, славац. labuť, labuď, labuda, польск. łabędź, серб.-харв. лабуд, славен. labod (параўн. Махэк₂, 316). Калі бел. дыял. дабад сапраўды з ранейшага *лаба́д ’лебедзь’, то гэта можа быць каштоўным сведчаннем таго, што ўсх.-слав. гаворкі мелі змешаны характар, г. зн. што ў іх маглі сустракацца элементы зах.-слав., а нават і паўд.-слав. тыпу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лагчы́на, лахчы́на, лахчы́начка, лагчы́нка, лагчы́начка ’даліна, нізіна, яр, прадаўгаватае, нізкае месца сярод адхонных схілаў’ (ТСБМ, Нас., Шат., Яруш., Гарэц., КЭС, лаг.; міёр., Нар. словатв.; навагр., КЭС), лахчы́на ’тс’, лашчына ’тс’, ’нізкае месца на полі’ (Сл. паўн.-зах., Выг., Сцяшк., Бяльк., Касп.; паўд.-усх., КЭС), ельск. ’колішняе рэчышча ракі’ (ЛАПП), укр. лощи́на, рус. лощи́на ’нізіна, лагчына’, балг. лъхчина ’нізкае, роўнае месца, акружанае з усіх бакоў узгоркамі’, ’горная седлавіна’, ’нізкая мясціна ля дарогі’, ’нізіна’, ’паглыбленне ў зямлі’. Апошняя лексема — вынік змешвання ў слав. дыялектах з луг, балг. лъг (< lǫgъ); павінна было б быць лохчина, як і балг., макед. логор, логур. Усходнеславянска-балгарскае ўтварэнне ад памяншальнай формы (лексемы lǫgъ) logъkъ і logьkъ і пеяратыўнага суф. ‑ina > logъkъ + ina > logъčina > лагчына; logьkъ + ina > ložъčina > лашчына. Да лог (гл.). Сюды ж ложчына ’нізіна’ (ТС), лажчына ’лагчына’ (Мат. Гом.), лагчыністы, лагчынны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бары́цца ’марудзіць’ (Нас., Гарэц., Кос.), барі́цца (Бяльк.), бары́ць затрымліваць’ (Нас.). Ст.-бел. барити ’тс’ (Нас. гіст.). Укр. бари́тися, рус. дыял. (арл., кур., варонеж.) бари́ться ’тс’, бари́ть ’затрымліваць’. Цёмнае слова. Ільінскі (РФВ, 62, 251) бачыў тут аблаутную форму да і.-е. *bheu̯ā‑быць’ + суф. ‑r‑ (*bhu̯ar‑ > *bar‑) і знаходзіў сувязь з серб.-харв. бо̀равити ’знаходзіцца’ (але аб серб.-харв. слове параўн. Чоп, SR, 12, 170–176, там і літ-pa). Іншая версія: сувязь з дзеясловам *variti (з часовым значэннем). Так, ужо Насовіч (Нас. гіст., пад барити), пазней Трубачоў (ZfSl, 3, 671). Але з семантычнага погляду гэта не пераконвае. Магчыма, таго ж паходжання, што і рус. дыял. ба́риться ’важнічаць; лодарнічаць, ляпіцца’ (параўн. і ноўгарад. бари́ться ’важнічаць’; усё ад ба́р(ин)); так ужо Даль (гл. Краўчук, БЛ, 1973, 4, 68). Параўн. яшчэ Рудніцкі, 81.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арце́ль. З рус. артель, дыял. артиль < цюрк. Неверагодна думка Равінскага–Корта, а потым Фасмера, 1, 89, пра італьянскую крыніцу рускага слова. Слова артельный засведчана ў помніках сярэдзіны XVII ст. (Порахава, Лексика Сиб. летописей, 163, аднак даціроўка Порахавай з XVI ст. не падмацавана). Няяснай застаецца цюркская крыніца слова. Малаверагодна думка Міклашыча, Türk. El., 2, 137, які звязваў слова з цюрк. ортак ’агульны’, орталык ’таварыства’ і іншымі аднакаранёвымі. Дзмітрыеў, а за ім Трубачоў бачаць крыніцу ў тат.-башк. артил ’рэзерв’ (Дзмітрыеў, Строй, 563; Трубачоў, Дополн., 1, 89). Трэба ўлічыць яшчэ і магчымасць сувязі рус. артель з цюрк. дзеяслоўным коранем ерт‑, ӓрт‑ ’весці за сабой’ (Радлаў, Опыт, 1, 790), пашыраным станавым суфіксам ‑іл: артілбыць вядзеннем’, ці ’тыя, хто за кімсь ідзе, світа, суправаджаючыя’. З рускай запазычана слова артель у іншыя славянскія мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ахіне́я ’бязглуздзіца, выдумка’, укр. ахінея, рус. ахинея. Звычайна лічыцца т. зв. семінарысцкім словам, узнікшым на базе спалучэнняў тыпу «афинейские плетения», «ахинейская премудрость» сумбурная, цяжкая для зразумення прамова’ ад грэч. ἀθηνατος ’афінскі’ (з Афін), гл. Фасмер, 1, 97; Рудніцкі, 1, 43; паводле Шанскага, 1, А, 180, беларускае і ўкраінскае словы з рус. ахинея. Згодна з Вінаградавым (РР, н. с., 3 (1928), 28–46), ад хинить ’лаяць, ганьбіць’, хинь ’бязглуздзіца, глупства’ з адлюстраваннем на пісьме акання, што сведчыць пра паўднёварускае паходжанне слова (аднак пры гэтым не ўлічваецца, што зыходныя словы вядомы пераважна на паўночнай тэрыторыі). Па семантыцы бліжэй да царкоўнаславянскага (серб.) хынити ’хлусіць’, серб.-харв. хи́нити ’прытварыцца, быць няшчырым, хлусіць’, якія фанетычна адпавядаюць польск. chynąć, бел. хі́нуць ’сагнуць’, параўн. прастамоўе загнуць, загібаць, ’выдумляць, гаварыць бязглуздзіцу’, а таксама мсцісл. пускаць хі́нню ’марнатравіць’ (Юрч. Фраз. 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калёўка ’спецыяльны рубанак для выстругання дошак і планак з фігурнымі краямі (багетаў, карнізаў і інш.)’ (БРС, ТСБМ; драг., Жыв. сл.; Касп., Клім., Мат. Гом.), ’фігурны профіль дошкі або бруска, які атрымліваецца струганнем’ (ТСБМ, Мат. Гом.). У рус. мове адзначана калёвка ’жалабок, канаўка (у сталярнай справе)’, колёвки ’паглыбленні, выемкі, канаўкі ў налічніках; розныя ўпрыгожанні на іх’. На рус. слова звярнуў увагу яшчэ Матцэнаўэр (LF, 8, 41), які лічыў, што яно запазычана з франц. cale ’клін, падстаўка’, супраць Фасмер (2, 166). Ён лічыць асноўнай формай дзеяслоў калевать ’выдзёўбваць, выразаць (карніз, жалабок)’, для якога ў якасці крыніцы запазычання мяркуецца (aus) kehlen у тым жа значэнні. З пункту погляду рэаліі такая этымалогія можа быць прынята; аднак няясным застаецца шлях запазычання. Лінгвагеаграфія выразу (калі толькі бел. слова не запазычана параўнальна позна з рус. мовы) сведчыць аб магчымым польскім пасрэдніцтве.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тушава́цца1 ‘стамляцца, задыхацца’: я буду тушавацца, бо трэба спяшыць (глыб., Рэг. сл. Віц.), сюды ж, відаць, тушы́цца ‘харчавацца вельмі дрэнна’, тушы́ць ‘карміць зусім дрэнна’ (Юрч. СНЛ), тушава́ць ‘кватараваць, быць на харчаванні’ (сен., Рэг. сл. Віц.), тушыва́цца ‘хвалявацца’, тушыва́ць ‘хваляваць, непакоіць’ (Яўс.). Няясна. Зыходзячы са значэння ‘задыхацца’, можна суаднесці з тхаць ‘дыхаць’, тушы́ць ‘гасіць, заглушаць’ (гл.), параўн. рус. дыял. туши́ть ‘сціскаць, ускладняючы дыханне’ (СРНГ), што належаць да дзеясловаў, якія адрозніваюцца ў колькасных адносінах паводле каранёвага вакалізму: прасл. *tušiti, *tъxnǫti, гл. Цемчын, Baltistica, 22, 2, 34.

Тушава́цца2 ‘саромецца, бянтэжыцца’ (ТСБМ). Запазычана літаратурным шляхам з рус. тушева́ться ‘тс’, больш звычайнага ў форме стушева́ться ‘збянтэжыцца’. Паводле КЭСРЯ (456), утворана ад тушевать ‘накладваць цені’ ў выніку даволі складанага пераносу значэння ‘рабіць менш прыметным’ → ‘адчуваць няёмкасць’. Арол (4, 123) адсылае непасрэдна да туш гл. туш2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ап'янець, сп'янець, сп'яніцца, выпіць, падвыпіць, падпіць, напіцца, упіцца, перапіць, перапіцца, спіцца; ахмялець, захмялець, насмактацца, нажлукціцца, налізацца, налыкацца, насцябацца, насцёбацца, набрацца, перабраць, звіцца, акасець, адурэць (разм.) □ набрацца гарэлкі, узяць чарку, заліць вочы, наступіць на корак, быць на ўзводзе

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Сяло́ ’вёска, вялікая вёска’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Ласт., Некр. і Байк., Шат., Касп., Сл. ПЗБ), село́ ’тс’ (Маш., ТС), сэло́ ’тс’ (пруж., бяроз., Сл. ПЗБ), сыло́ ’тс’ (кам., Сл. ПЗБ; бяроз., Нар. ск.), перан. сяло́ (село́) ’дзеравеншчына, мужыччо’, сяло́‑брала (село́‑брело), сяла́‑брала (села́‑брела) ’цёмны, неадукаваны чалавек, дурань’ (Нас.), у выразах (быць) у (на) сялебыць у вёсцы, не знаходзіцца дома’ (валож., шчуч., смарг., паст., в.-дзв., Сл. ПЗБ), (ісці) на сяло (ісці) ’у госці’, ’сусед да суседа’, ’на вячоркі’ (Касп.); адсюль сяло́ ’вечаровыя зборкі, паседзіны’ (Барад.); ст.-бел. село ’пасяленне; вёска’ (Шадурскі, Бел. мова, 87). Укр., рус. село́, стараж.-рус. село, польск. sioło (з усходнеславянскіх — Брукнер, 491), у тапонімах: Długosiodło, Siedlce, в.-луж. sydło (рэфлекс прасл. ě ў в.-луж. і чэш. пад уплывам дзеяслова *sědětiШустар-Шэўц, 1396), н.-луж. sedlišćo ’жыллё’, чэш. sídlo ’месцазнаходжанне; рэзідэнцыя’, sedlák ’селянін’, славац. sedliak ’тс’, серб.-харв. се́ло, славен. sélo, балг. се́ло, макед. село, ст.-слав. село. Прасл. *sedlo < і.-е. *sed‑ ’сядзець’, роднаснае гоц. sitls ’сядзенне, крэсла’, лац. sella (< *sedlā) ’сядзенне’; гл. Бязлай, 3, 225–226; Махэк₂, 539; Скок, 3, 218–219. Фасмер (3, 596), Мее (419), Траўтман (248), Покарны (898) выдзяляюць яшчэ прасл. *selo ’ралля’, параўн. стараж.-рус. село ’поле, ралля; луг’: село земли, славен. sélo ’глеба’: selo kopati, якое ва ўсходнеславянскіх і паўднёваславянскіх супала з *sedlo; адрозніваюцца яны толькі ў заходнеславянскіх, параўн. чэш. selo ’сяло; ралля’, дыял. мар. selo ’сяло’ і вышэйпрыведзеныя формы з суфіксам ‑dl‑. На думку Курынай, матывацыя дзеясловам *sědeti першапачатковага *selo ’ралля, поле’ адбылася з пераходам да аседласці (Слав. языкозн., XIII, 371). Гл. ЕСУМ, 5, 209–210; Борысь, 548; ESJSt, 13, 799–800; Глухак, 544. Аб семантычным дыялектызме сяло ’наведванне; госці’, які разглядаецца як фінска-балтыйска-беларуская семантычная ізаглоса, гл. Кальбушэўскі, ABSl, 16, 159–164; Непакупны, Связи, 83–85.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)