Трэ́пці ‘стаптаны, зношаны абутак’ (паст., Сл. ПЗБ; чэрык., ЛА, 4). Няясна; відаць, можа быць звязана з трэпаць (гл. трапаць2) ці трапятаць (гл.), параўн. польск. trzepiot, trzpiot ‘легкадумны, несур’ёзны чалавек’. Меркаванне Грынавяцкене — з літ. trèpčiai ‘тс’ (Сл. ПЗБ, 5, 142) — цяжка прыняць па фанетычных і лінгвагеаграфічных прычынах. Хутчэй кантамінацыя трэ́пы1 і тапці (гл.) або запазычанне з польск. trepcie (Вілен. сл.), мн. л. ад trepek, trepka ‘прымітыўны абутак на драўлянай падэшве, прымацоўваўся да нагі пры дапамозе раменьчыкаў’, гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэф ‘забарона ўжывання пэўнай ежы як нячыстай (паводле іўдзейскага веравызнання)’ (Нас., Байк. і Некр.). Запазычана з яўр.-ням. treife ‘тс’ < ст.-яўр. terefâ ‘нячыстая ежа’, відаць, праз польск. tref або непасрэдна з ід. treif, trejfer ‘некашэрны, нячысты’: сьвіньні для жыдоў — трэф (Астравух, Ідыш-бел. сл., 909). Сюды ж трэ́фны ‘нячысты, забаронены для ўжывання’ (Нас., Байк. і Некр.), трэфны́ ‘тс’ (Касп.), тропнэ́ ‘забароненае для яды’ (Арх. Вяр.). Праз польск. trefny ‘тс’ (SWO, 1980, 774; Фасмер, 4, 101; Карскі Беларусы, 173; Кюнэ, Poln., 110).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́лава, ту́лува, ту́лаў ‘цела чалавека або жывёліны без галавы і канечнасцей’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Гарэц., Бяльк., Шат., Касп., Сл. ПЗБ), ту́лавішча (туловище) ‘тс’ (Сержп. Грам.), туло́вішче ‘тс’ (Вруб.), памянш. ту́лаўца ‘тс’ (Нар. Гом.). Адпаведна ту́лава (стараж.-рус. тулово) і ту́лаў (якое, відаць, з польск. tułów ‘тс’) з’яўляюцца субстантывізаванымі формамі прыметніка *tulovъ м. р., *tulovo н. р. (Борысь, 654). Вытворнае ту́лавішча ‘тулава’ (Брасл. сл.; Сл. ПЗБ), хутчэй за ўсё, пад уплывам рус. ту́ловище ‘тс’; адаптаванае туло́вішче ‘тс’ (Вруб.) — праз укр. туло́віще ‘тс’?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туля́ка ‘бадзяга, валацуга’ (Нас., Некр. і Байк., Янк. 3.), ‘палахлівец’ (Ф. Янкоўскі), ст.-бел. тулакъ ‘бадзяга’ (ГСБМ). Параўн. польск. tułák ‘тс’ (з чэш., Басай-Сяткоўскі, Słownik, 401), дыял. tulak ‘балван, дурань’, в.-луж. tulak ‘праныра’, чэш. tulak ‘бадзяга, валацуга’. Відаць, незалежныя ўтварэнні ад *tulati sę, гл. туляга, туляцца, акрамя старабеларускага, якое, хутчэй за ўсё, праз польскую мову з чэшскай. Варыянтнасць канца слова адлюстроўвае сінанімію суфіксаў у беларускай мове, што датычыць назоўнікаў агульнага роду на ‑яка і ‑яга, гл. Сцяцко, Афікс, наз., 176–179.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тухля́к1 ‘нешта смярдзючае, гніючае’ (Нас.; мёрск., Нар. лекс.), сюды ж, магчыма, і ‘лямпачка без шкла, капцілка’ (Бяльк.). Да тухлы (гл.), апошняе можа быць звязана і з тухнуць1 ‘пераставаць гарэць, кепска свяціць’.

Тухля́к2 ‘кухталь, штуршок’ (мёрск., Нар. лекс., Вушац. сл.), рус. смал. тухля́к ‘удар кулаком, тумак’. Відаць, з кухталь пад уплывам ту́хаць ‘біць, стукаць’, гл. тух.

Тухля́к3 ‘соня, сонька’ (ваўк., Федар. 4). Да тухнуць2 у значэнні ‘спаць’, сюды ж тухля́ць ‘марнець, гібець, пазбягаць працы, валяцца’ (Зайка Кос.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калды́га1, колды́га ’крывы, кульгавы чалавек, які павольна ідзе’ (Нас.), колдыгаць ’кульгаць’ (Нас.). Дакладны адпаведнік у суседніх смал. гаворках: колдыга ’кульгавы чалавек’, колдыгай ’тс’ (тут дадатковая суфіксацыя, як у смал. колдыбай ’тс’), колдыгать ’кульгаць’. Утварэнне, аналагічнае калдыба1 (гл.). Рэгіянальны наватвор, інавацыя ва ўсх.-бел. гаворках. Звяртае на сябе ўвагу яшчэ і росл., смал. колдыка, смал. колдыкаць ’кульгаць’. Відаць, няма патрэбы разглядаць бел. калдыга як звонкі дублет да прыведзеных слоў. Суфіксацыя ў бел. слове з’яўляецца натуральнай, параўн. маг. утварэнні хварыга ’хворасць, прыпадак’ (Нас.). Падобную смал. суфіксацыі адзначае Сцяцко, Афікс. наз., 76, у некаторых беларускіх гаворках, параўн. полац. хадыка ’хадок, хадуля’. Што датычыць мяркуемай намі суфіксацыі ў калдыба (гэты элемент лёгка выдзяляецца, параўн. прыведзеныя словы), можна думаць, што яна нерэгулярная, магчыма, трасфармацыя ‑ыг‑а пад уплывам дзеяслова дыбаць ’кульгаць’. Падрабязней гл. кандыба, відаць, роднаснае гэтаму кругу лексікі.

Калды́га2 ’скіба дзярністай зямлі на раллі, вялікія кавалкі сухой зямлі на заскароджаным молі’ (слаўг., Яшк.). Утварэнне, аналагічнае калдыба2. Суфіксацыя (па тыпу) у даным выпадку не вельмі ясная, аднак іншы варыянт тлумачэння таксама не высвятляе гэтага пытання. Параўн. рус. дыял. колча ’кульгавы чалавек’, ’купіна’, пск., кур. колчеватый ’ухабісты, няроўны, купісты (звычайна пра дарогу)’, колчи ’ўхабіны, камкі замёрзлай гразі на дарозе, ворыве і да т. п.’. Аднак, думаецца, няма патрэбы суадносіць семемы ’кульгавы’ і ’ўхабісты’, відаць, тут незалежныя ўтварэнні ад асновы колт‑. У такім выпадку тут не толькі семантычная паралель да разглядаемага слова, але і генетычна роднасная лексіка (дэрываты ад kl̥t‑/kl̥d‑).

Калды́га3 ’парода лесуна’ (Кірк.). Дакладных адпаведнікаў да гэтага слова няма. З фармальных паралелей бел. калдыга ’кульгавы’, параўн. у Насовіча колдыга ’крывы, кульгавы, які павольна ходзіць’. Вельмі сімптаматычная інфармацыя ў Насовіча, 241: «Колдыга… хромой чортъ. Колдыга чортовъ, усе круциць да муциць», відавочна, сведчыць на карысць таго, што калдыга3 паходзіць ад калдыга ’кульгавы’. Адносна этымона гл. калдыга1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Астало́п ’дурань, тупіца, невук’ (БРС, Нас., Бяльк., Касп., Бір. дыс.). Рус. остоло́п ’тс’. Параўн. яшчэ стаяць асталопам ’стаяць аслупянеўшы’ (Нас., Бяльк.), асталопіна (Нас., Бяльк., Касп.). Ужо Даль слушна звязваў гэта слова з стоўб/стоўп ’слуп’, што прынялі Міклашыч, 321; Гараеў, 242. Пісаў пра гэта слова Сабалеўскі (РФВ, 64, 124; ЖМНП, 1897, № 7). Праабражэнскі (1, 665), Шахматаў (Очерк, 281) паяснялі другім паўнагалоссем рускую форму, а Карскі (1, 257) — беларускую, прыводзячы і бел. столап. Неадназначна рашаецца пытанне пра паходжанне a‑, а разам з тым і пра канкрэтную этымалогію слова. Праабражэнскі, Шанскі, (КЭСРЯ, 316) лічаць, што зыходнай была дзеяслоўная форма остол(о)пѣти ’аслупець’, адкуль бяссуфіксны назоўнік асталоп. Булахоўскі (Тр. ИРЯ, 1, 160) убачыў тут кантамінацыю стол(о)п і олух. Улічваючы наяўнасць у смаленскіх гаворках (Мат. Смал.) слова остолоп ’драўляны слуп у ёўні’, трэба, відаць, пагадзіцца з Фасмерам, 3, 165, які тлумачыў асталоп ’дурань’ як пераноснае ўжыванне слова, што азначала ’слуп’, і параўноўваў яго з полено, дубина, чурбан. У карысць такога тлумачэння сведчыць, відаць, і выраз асталопам, дзе творцы склон тлумачыцца як параўнальны (як асталоп). А‑ ў гэтым выпадку пратэтычнае, або прэфіксальнае (параўн. рус. остолпие ’капітэль’, ст.-рус. остълпление ’каланада’). Гл. стоўб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяхо́та: на пяхо́ту ’пехатой, пешшу’ (Цых.), ’род войска’ (ТСБМ, Ласт.), пях́отай ’пешшу’ (валож., Жыв. сл.), пяхо́там ’тс’ (Жд.), пехото́м ’тс’ (ПСл), пяхто́м ’тс’ (Сцяшк. Сл.), укр. піхо́та ’пяхота’, рус. пехо́та ’тс’, польск. piechota ’хаджэнне пешкі; пешае войска’, чэш. pěchota ’пешае войска’. Прасл. дыял. *pěxota, вытворнае ад *pěxъ ’пешы’ (Фасмер, 3, 254), гл. пехата. Відаць, не можа разглядацца асобна ад славен. pehóta ’стома’, якое Бязлай (3, 21) параўноўвае з харв. дыял. pijèhati ’дыхаць, храпці’. Тады, відаць, першапачаткова гукапераймальнае, параўн. чэш. pěch ’трамбоўка’, pěchovati ’трамбаваць, піхаць’. Банькоўскі (2, 546) прапануе выводзіць з *pěxъ ’павольнае і мернае апусканне таўкача ў ступе’, што адлюстравалася ў пех ’чалавек, якога трэба папіхаць да справы’ (Нас.), чэш. pěchem ’паволі’, балг. пех ’марудны, цяжкі’ і звязана з пхаць, піхаць (гл.). Па семантычных і фармальных прыкметах цяжка выводзіць з і.-е. *pēd‑s, параўн. і.-е. *pēd‑ ’нага, ступак’, параўн. Махэк₂, 446; Варбат, Этимология–1971, 18. Гл. таксама пешы (ш < х, параўн. пе́хам ’пешкі’, гл.). У значэнні ’род войска’ запазычана праз польскую з чэш. pěchota або непасрэдна з рус. пехо́та, што замянілі ў XVIII ст. германізм інфантэрыяісп. infantería, ад infante ’хлопец, пахолак, які пешкі суправаджаў рыцара на кані’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бры́на ’вільгаць, вада’ (У склепе адна бры́наСцяшк. МГ). Цёмнае слова. Можа, мае нейкія адносіны да рус.-ц.-слав. брение гліна, гразь’, ст.-серб.-харв. брна ’гразь’, славен. bȓn ’рачны іл’ (аб гэтых словах гл. Фасмер, 1, 212). Але хутчэй за ўсё да слав. *brьněti ’налівацца, паспяваць’ (гл. брыня́ць), асабліва параўн. яго значэнне разбухаць’. З гэтага апошняга, відаць, і трэба зыходзіць: ’разбухаць (ад вільгаці)’ → ’рабіцца вільготным’ → ’вільгаць’. Пра сувязь дзеяслова набрыня́ць ’набухнуць’ з бры́на думаюць Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1972, № 1, 80.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Важда́цца ’займацца чым-небудзь, корпацца’ (БРС, Мядзв.), важгацца ’тс’ (Шат.), важданіна ’корпанне’ (КТС). Рус. возжаться, вожжаться ’вазіцца, быць у любоўнай сувязі’, важдаться ’тс’, важдать ’вадзіць, абняслаўліваць’, важдение ’хлусня’, важда ’марока, насланнё’, вожданина ’непатрэбная затрымка ў працы’, укр. ваджува́тися ’прывязвацца, прычэплівацца да каго-небудзь’. Варыянты са ‑жд‑, ‑жж‑, ‑зж‑, ‑зг‑ з’яўляюцца, відаць, вынікам экспрэсіўнага ўжывання дзеяслова і кантамінацый з ва́дзіць, прынаджваць, вазіцца і іншымі словамі. Слова важдацца таго ж паходжання, што і бел. вожка, рус. вожжи, польск. wodze, славен. vȏjka, г. зн. да *vodi̯a (Фасмер, 1, 332).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)