лес, ‑у; мн. лясы, ‑оў; м.

1. Дрэвы на корані, якія займаюць значную прастору; масіў зямлі, зарослы дрэвамі. Лісцевы лес. Хваёвы лес. Трапічны лес. □ Каля пасады лесніковай Цягнуўся гожаю падковай Стары, высокі лес цяністы. Колас. Лес быў густы, з непралазнымі хмызнякамі. Якімовіч. // перан. Вялікая колькасць, мноства якіх‑н. прадметаў, якія ўзвышаюцца над чым‑н. Лес мачтаў. □ Маша спакойна села на месца, а ў зале падняўся лес рук. Гроднеў.

2. зб. Спілаваныя дрэвы як будаўнічы, вырабны і пад. матэрыял. Праходзяць чыгуначныя саставы з лесам, цэментам, жалезам. «Маладосць». [Да вайны] па рэчцы сплаўлялася шмат драўніны, будаўнічага лесу. М. Ткачоў.

•••

Карабельны лес (бор) — лес з высокіх мачтавых дрэў, якія выкарыстоўваюцца ў суднабудаванні.

Нестраявы лес — крывы, каржакаваты лес, непрыдатны для ўзвядзення будынкаў.

Страявы лес — высокі стройны лес, прыдатны для ўзвядзення будынкаў.

Чорны лес — лісцевы лес.

Чырвоны лес — хваёвы лес.

Воўк (мядзведзь) у лесе здох гл. воўк.

Глядзець (пазіраць) у лес гл. глядзець.

За дрэвамі не бачыць лесу гл. бачыць.

Расці на лес гледзячы гл. расці.

Хто ў лес, хто па дровы гл. хто.

Цёмны лес для каго — пра што‑н. абсалютна незнаёмае, незразумелае.

Як у цёмным лесе — не разумець, не разбірацца ў чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хіб, ‑а, м.

1. Пярэдняя частка хрыбта некаторых жывёл (свінні, быка і пад.). Свіння, калышучы вялізным хібам, спакойна ўзрывала зямлю пад карэннямі сухога бука. Самуйлёнак. Люся паказала на чучала здаравеннага быка з магутным крутым хібам. Даніленка. Поўсць збоку, дзе сочыцца кроў, мокрая; зверху на хібе ўжо высахла і стаіць — што ўсё адно воўк атросся ад вады. Пташнікаў.

2. Поўсць на хрыбце. Сабака ўбачыў незнаёмага, злосна забурчаў і наставіў хіб. Якімовіч. Алесь прыйшоў у гнеў, у дзікі, І ў абурэнне, жаль вялікі, Катоў ён бедных б’е, ганяе, За хіб у сені выкідае. Колас.

3. Спінны плаўнік у рыбы. — Нідзе не дзенецца! — Андрэй паволі выбраў жылку, і вось ужо рыбіна б’ецца ў роснай траве, настаўляе калючы хіб, цяжка хаўкае жабрамі. Ваданосаў. Як падчэпіш ярша на кручок, дык ён растапырыць жабры, паставіць калючы хіб і нават хвост сагне — так не даецца. Дайліда.

4. перан. Верхні край чаго‑н. на канцы, грэбені (страхі, хвалі і пад.). [Міканор] бег па зломе страхі, па самым хібе — каб не так крута было, бег з нечакана згаданай хлапечай праворнасцю. Мележ. Язэп зняў шапку, выцер лоб і кінуў яе на пракос. Шапка лягла на хіб пракоса, фарсіста задраўшы ўгору патрэсканы казырок. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шмо́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што і без дап. Цягнуць, тузаць кароткімі, рэзкімі рухамі. Да Панаса падышлі абодва хлопцы. Адзін — бледны, спалохаўся, шморгае Панаса за рукаў кашулі. Галавач. — Зоя Кірылаўна! Ён мяне за косы шморгае... Дубоўка. // Шморгаючы, зрываць што‑н. або абрываць з паверхні. Цудоўныя каштаны! Толькі гэты аднарукі «прынцыпал» на злосць яму, Гукану, шморгае лісце. Цэлую галіну абарваў. Шамякін. Маці з цёткаю пільна завіхаюцца, шморгаюць у кошыкі буйныя спелыя ягады. Ус.

2. што і без дап. Праводзіць па чым‑н., намазваючы што‑н. Тоўстую шэрую нітку [Іван] шморгае кавалачкам воску. Лынькоў. // Церці па чым‑н. Хуценька шморгаю шчоткаю зубы, мыюся — усё раблю спехам. Савіцкі. На парозе.. спакойна сядзеў пацук і шморгаў пярэдняй лапаю сабе па носе. Чорны.

3. чым. Прыціскаючы, праводзіць чым‑н. па якой‑н. паверхні, утвараючы характэрны гук. А сам [Венька] крадком, крадком, паўз сцяну бэзу адбегся падалей і, схаваўшыся за кустамі, пазіраў, як Шурка шморгае карабком па запалцы. Шыловіч.

4. чым. З шумам часта ўцягваць носам паветра. Слаўка стаяў у кутку, шморгаў носам і злосна пазіраў на брата. От, гэты свісток! Няхай. Суседкі смяюцца, хлеба малому даюць, а той шморгае носам з марозу ды: «Не хачу хлеба, дай сала». Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпу́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

1. Звычайна драўляны, полы ўнутры стрыжань з кольцамі па абодвух канцах, на які намотваюцца ніткі, тасьма, шнур і пад. Галя нешта шыла. Калі прыйшоў Пракаповіч, яна ўторкнула іголку ў шпульку з ніткамі, усміхнулася, прайшла ўзад-уперад каля тахты. Радкевіч. Чаго тут [у шуфлядцы] толькі не было — і пустыя шпулькі ад нітак, і нейкія дроцікі, іржавыя кнопкі, якімі прышпільваюць паперу, пагнутыя шпількі ад валасоў. Арабей. // Разм. Колькасць нітак, тасьмы, шнура і пад., наматаная на такі стрыжань. Учора брат прыслаў мне з Ленінграда цэлую шпульку лескі і дваццаць кручкоў. Дайліда.

2. Спец. У радыётэхніцы, электратэхніцы — прыбор, які складаецца з полага цыліндра ці металічнага каркаса з накручаным на іх дротам. Толькі, можа, гадзіна заставалася да прыёму з Масквы апошніх паведамленняў, а Захарэвіч усё яшчэ, не заўважаючы трывожнай нецярплівасці прысутных, спакойна грэбаўся гарачым паяльнікам у павуцінні праваднічкоў, паміж разнастайных шпулек і лямп. Паслядовіч.

3. Спецыяльнае прыстасаванне ў ткацкіх, прадзільных і швейных машынах для намотвання нітак.

4. Тое, што і шпуля (у 3 знач.). Скакун узяў шпульку з кабелем. Таня — два кароценькія вясельцы. Шашкоў. Калі 30 красавіка пасля артпадрыхтоўкі пяхота накіравалася ў атаку, разам з ёю з дзвюма шпулькамі тэлефоннага кабелю рушыў і Фёдар Ёрш. «Звязда».

[Ад ням. Spule.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́ла, прысл.

1. У невялікай, недастатковай колькасці, ступені; нямнога. Калодзеж быў неглыбокі, і вады ў ім было мала. Колас. Віктар пачаў апавядаць усё зусім спакойна, разважна, нібы справа гэта зусім мала яго і абыходзіла. Зарэцкі. Сёння ў ашчаднай касе нешта было мала людзей, зусім не так, як звычайна. Васілёнак.

2. Недастаткова; менш, чым патрэбна. У пакоі мала святла, толькі пад столлю — маленькая цьмяная лямпачка. Шамякін. Заняты нялёгкай вучобай, Яўген мала звяртаў увагі на сястру. Карпаў. / у знач. вык. з інф. [Даміра:] — Гад. Такіх расстрэльваць мала. Ну і тып. Асіпенка. // Разм. Рэдка, не часта. Мала Днём мы бачымся з табой. Куляшоў.

3. У спалучэнні з займеннікамі і прыслоўямі «хто», «што», «дзе», «калі» азначае: нямногія, нямногае; у нямногіх месцах, рэдка і г. д. Працуючы бондарам, .. [Раман] жыў ля самага лесу і зусім рэдка бываў на вёсцы і мала з кім удаваўся ў гаворку. Кавалёў. А вось і возера-акно, Якога мала дзе пабачыш. Колас.

•••

І гора мала каму — пра абыякавыя, няўважлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н.; пра адсутнасць хвалявання з чыйго‑н. боку.

Мала кашы еў (з’еў) гл. есці.

Мала таго (у знач. пабочн.) — акрамя таго. [Галаўня:] «Цяпер.. [Сцяпан] абняславіць мяне. Мала таго, яшчэ з работы паляціш...» Гроднеў.

Мала што — што з таго; не мае значэння.

Ні многа ні мала гл. многа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ушы́цца 1, ушыецца; зак.

1. Звузіцца, укараціцца пасля шыцця.

2. Прышыцца, прымацавацца пры дапамозе шыцця. Нязграбна ўшыўся рукаў.

ушы́цца 2, ушыюся, ушыешся, ушыецца; зак.

Разм.

1. З цяжкасцю пранікнуць, уціснуцца куды‑н. Быў на гэтай вечарынцы і я. Ушыўся ў сенцах у натоўп большых, і мяне ледзь не на спінах перанеслі цераз парог. Кулакоўскі. Мы з Санькам таксама разам з усімі за сталом. Глыжка побач з бацькам ушыўся і вельмі гэтаму рады. Сяркоў. Мікодым не на жарт спалохаўся. Хацеў як ушыцца ў грамаду, каб ніхто яго не бачыў, каб не кідацца ў вочы пану каменданту. Сабаленка. // Залезці, схавацца ў чым‑н. [Міша] заўважыў у далёкім куце стадолы салому, ушыўся ў яе так, што яго зусім не відаць стала, і адразу спакойна заснуў. Чорны. Не раздумваючы больш ні секунды, .. [Крамнёў] зноў ухапіўся за стропы, напружыў апошнія сілы і мякка, нібы ў пярыну, ушыўся ў халодны вільготны мох. Шашкоў. // перан. Маскіруючы свае погляды, намеры, пралезці ў які‑н. калектыў, асяроддзе. [Галенчык:] — І Апенька паверыў кулацкаму сынку, паверыў! І памог ушыцца ў камуну! Мележ.

2. З’асяродзіцца, сканцэнтраваць увагу на чым‑н. [Камендант] зноў ушыўся ў свае паперы, да таго нецікавым яму быў гэты хлопец, якога і выклікаў ён проста так, на ўсякі выпадак. Лынькоў.

•••

Ушыцца (убрацца, пусціцца) у сабачую скуру — страціць сумленне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачуццё, я́, н.

1. Псіхічныя працэсы перажывання чалавекам сваіх адносін да навакольнага свету. Пісьменніку [П. Пестраку] ўдалося .. намаляваць яркі вобраз маладой жанчыны Аксені, паказаць складаную гаму чалавечых пачуццяў. Гіст. бел. сав. літ. Ад думак і пачуццяў, якія авалодалі ім, Клім ужо не мог спакойна ўседзець на месцы. Шахавец. // Усведамленне, адчуванне чаго‑н. Пачуццё ўласнай годнасці. □ Толькі пачуццё абавязку стрымлівае .. ад жадання бегчы ўслед за сябрамі. Брыль. Я. Колас імкнуўся абудзіць у літаратурнай моладзі пачуццё адказнасці за сваю справу. Адамовіч.

2. чаго або якое. Псіхічны стан або фізічнае адчуванне чалавека. Мікола слухаў, еў грэбліва і ніяк не мог перамагчы ў сабе ўсё ўзрастаючае пачуццё агіды. Брыль. Светлае і невыказна радаснае пачуццё запоўніла душу Віктара. Шчарбатаў. Толю агарнула нейкае няяснае пачуццё смутку і радаснай надзеі. Якімовіч.

3. Знешняе праяўленне душэўнага пад’ёму, усхваляванасці. Спявала [Ядвіся] з такім праўдзівым пачуццём, што рабіла вельмі добрае і прыемнае ўражанне. Колас. Пра свае горкія перажыванні .. [Акіліна] гаворыць вельмі скупа, але ўкладвае ў свае словы вялікае пачуццё: «Не я па зямлі хадзіла, а зямля па мне». Шкраба.

4. Каханне, сімпатыя, прыхільнасць да каго‑н. [Сіўцоў:] — Кахання, Мікола, не бойся. Узвышанае гэта, прыгожае пачуццё. Краўчанка. Я не ведаў, ці мне ў нейкім забыцці, быццам мармуровую багіню, цалаваць яе, ці адвярнуцца ад яе і захаваць у сэрцы маладое, шчырае пачуццё... Бядуля.

•••

Пачуццё локця — пачуццё сяброўства і ўзаемнай падтрымкі.

Пачуццё меры — адчуванне патрэбных межаў у якіх‑н. учынках, дзеяннях.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скаці́цца, скачуся, скоцішся, скоціцца; зак.

1. Спусціцца ўніз, коцячыся па пахільнай паверхні. Бервяно скацілася з гары. □ І ў гэты момант скацілася з страхі нешта круглае. Лынькоў. Свечка скацілася на лаву і пагасла. Броўка. // З’ехаць, упасці ўніз (пра чалавека, жывёл). Удзень звычайна на станцыях такіх пасажыраў зганяла з дахаў чыгуначная міліцыя, але ўночы ехалася спакойна, адно трэба было сцерагчыся, каб не зачапіла чым ды не скаціцца з даху. Чыгрынаў. / у перан. ужыв. Смяротны цяжар раптам спаціўся з кухаравых плеч. Гарэцкі. // Спусціцца к гарызонту (пра сонца і пад.). Сонца за цёмныя сосны Скацілася недзе. Спіць. Бураўкін. / у паэт. ужыв. Дзе ты, зорка мая прамяністая? За якія ты хмары скацілася. Русак. // Сцячы ўніз, перамясціцца (пра слёзы, кроплі поту, ваду і пад.). Дзве буйныя слязіны скаціліся з .. павек [Марыны]. Кавалёў. Пройдзе дождж, скоціцца вада — І зноў дошка сухая. Ермаловіч. Раса скацілася з куста. І пугі ляск, як стрэл з пагана. І вольны конь наўскапыта Пабег ад чэпкага аркана. Сербантовіч.

2. Хутка спусціцца, збегчы ўніз. Некалькі фашыстаў скаціліся з бронетранспарцёра ў канаву і спрабавалі адстрэльвацца. Шчарбатаў. Яшка нарэшце вылузаўся з-пад свайго суседа, клубком скаціўся з нараў і кінуўся да дзвярэй. Машара. Як толькі на падворку залескаталі драбіны, хлопцы мігам скаціліся з печы і рынуліся ў дзверы. С. Александровіч.

3. перан. Адысці, адступіць (звычайна ад чаго‑н. перадавога, прагрэсіўнага). Скаціцца ў балота апартунізму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спра́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае пашкоджанняў, прыгодны для выкарыстання. [Перагуд:] Праверыць гранаты, каб былі спраўныя. Крапіва. Машын тут некалькі, усе грузавыя, з магутнымі маторамі і не зусім спраўнымі глушыцелямі. Кулакоўскі. Нэля падняла ўгору сцяжок, даючы знаць машыністу, што пуць спраўны. Васілёнак.

2. Які знаходзіцца ў добрым стане; добры. — І як яму ўдаецца трымаць такую спраўную гаспадарку? — не пакідала.. [Петруся] думка. Якімовіч. [Траншэя] была глыбокая, спраўная, зробленая з нямецкай акуратнасцю. Марціновіч. / Пра скаціну. Хто мае такога спраўнага каня і выязную жарабку ў дадатак, як.. [Бабейка]? Хадкевіч. // Заможны. Гаспадаром станавіўся [Васіль], не абы-якім, спраўным; зямлі пабольшала, пабольшала ў гумне і ў клеці. Мележ.

3. Старанны, добрасумленны. Спраўны вучань. □ Баранавых аказаўся вельмі рупным і спраўным работнікам. Хведаровіч.

4. Удалы, прыгожы, здаровы (пра чалавека). Нядаўна быў завітаў [Міша] ў госці, дык такі кавалер вырас, такім спраўным стаў — паглядзець ды падзівіцца толькі. Кірэйчык. [Алаіза:] — Думаю, што ў такіх спраўных дзяўчат, як вы, кавалераў хапае. Арабей. Я паварочваюся да свайго суседа, спраўнага ружовага дзядка: ён з усяе сілы ўпяўся, каб стрымаць людзей, што наваліліся яму на плечы. Палтаран. Спраўны ён, Мацей, хлопец, павінен я сказаць. Ды і не толькі ён — у Якуба ўсе дзеці галавастыя. Савіцкі. // Які характэрны для такіх людзей. [Петрык] хуценька садзіцца за тэлеграфны апарат і пачынае перабіраць у спраўных руках стужку. Шынклер. [Жанчына:] — Але такую справу адкладваць няможна! — І яна спакойна, спраўным крокам зноў пайшла да салдата. Мікуліч. // Спрытны, абаротлівы, энергічны. Дзед Банэдык аказаўся вельмі спраўным хаўруснікам. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

турну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Разм.

1. Прагнаць адкуль‑н. або куды‑н. Стары ўгледзеў, што хлопец па вушы мокры, і, не пытаючыся і не дапытваючыся, што з ім сталася, турнуў яго ў хату. Сабаленка. Калі гітлераўцаў турнулі адсюль, млынар недзе быў знік, а цяпер вось зноў выплыў. Мележ. [Крылоў:] — Прагналі цара — добра. Але гэта паўсправы. Наша рэвалюцыя яшчэ наперадзе. Ёй Касоўскі не ўзрадуецца, бо мы турнём і радзянак, і мілюковых, і паскевічаў, і ўсіх крывасмокаў, а разам з імі і халуёў іх — касоўскіх. Шамякін. // Звольніць з пасады. — Калі верыць розным чуткам, то цябе, Мікалай, даўно трэба было турнуць з твае работы і аддаць пад суд за розныя вымаганні і пагрозы, — спакойна адказаў дзед Піліп. Ваданосаў. [Ганна:] [Старшыня] спачатку разгубіўся, а пасля так турнуў мяне з брыгадзірства, што і сёння апамятацца не магу. Губарэвіч.

2. Піхнуць, штурхнуць каго‑н. Тады, нават не заўважыў я, хто, — вырвалі ў мяне туза з рук, зграблі мяне ў ахапак ды як турнулі з гарышча па драбіне далоў, ледзьве я галаву не скруціў. Дубоўка. Купрыян хацеў ушчарэпіцца бацюшку ў валасы, але быў да таго п’яны, што жонка як турнула рукою, то ён задраў ногі тройчы і перакуліўся. Чарот. / у перан. ужыв. Патрашчыць ён [агонь] там, патрашчыць, набіраючыся сілы ды ад злосці пыхкаючы дымам, а тады як турне гэты дым у неба і сам за ім. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)