АДА́ЖЫО (італьян. adagio літар.спакойна, павольна). У музыцы: 1) павольны тэмп; 2) назва п’есы або часткі (звычайна 2-й) цыклічнага твора ў тэмпе адажыо. У балеце: 1) павольная сольная або дуэтная кампазіцыя; 2) асн. частка складаных танц. формаў (па-дэ-дэ, гран па і інш.); 3) комплекс рухаў каля станка і на сярэдзіне залы, які выпрацоўвае ўстойлівасць, уменне спалучаць рухі ног, рук, корпуса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАРЫ́ЗМ (грэч. aphorismos),
трапнае выслоўе, якое ва ўстойлівай і лаканічнай форме перадае змястоўную і арыгінальную думку — жыццёвае назіранне, маральную сентэнцыю, разважанне і інш.: «Воля сонейку раўня» (Я.Купала), «Лес не сякуць языкамі» (К.Крапіва), «Чакаць тады спакойна можна, калі няма чаго чакаць» (А.Звонак). Афарызмы маюць канкрэтнага стваральніка (пісьменніка, вучонага і інш.), ужываюцца ў вуснай і пісьмовай мове для вобразнай характарыстыкі з’яў і падзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАСТРО́ФНЫ ВЕРШ,
верш, напісаны аднолькавымі строфамі. Да раўнастрофных адносяцца таксама вершы, у якіх у строгай паслядоўнасці чаргуюцца 2 ці 3 страфы, розныя паводле характару. Напр., у вершы Я.Коласа «Над магілаю друга» пасля кожнага катрэна ідзе 2-радковая страфа.
Падбіўся ў дарозе ты, дружа,
І вочы пагаслі твае.
У шуме жыццёвае сцюжы
Байца-песняра не стае.
Спі спакойна, спачывай —
Не забудзе цябе край.
Арыгінальнае чаргаванне 2-радкоўяў і 4-радкоўяў у вершы С.Ліхадзіеўскага «Берасцянка жывых трывог» (2—4—4—2) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯ́ВІН (Піліп Андрэевіч) (22.10.1869, с. Казанка Арэнбургскай вобл., Расія — 23.12.1940),
расійскі жывапісец. Вучыўся ў манастырскай іканапіснай майстэрні на Аян-Орасе ў Грэцыі (1885—91) і Пецярбургскай АМ у І.Рэпіна (1892—99). Чл. Саюза рус. мастакоў (з 1903). З 1922 жыў у Зах. Еўропе. У ранні перыяд пад уплывам Рэпіна ствараў стрыманыя паводле каларыту псіхал. партрэты: «Сялянская дзяўчына з панчохай», «Партрэт сястры з кнігай», «К.А.Сомаў», «І.Э.Грабар» (усе 1895) і інш. У творах канца 1890 — пач. 1900-х г. пад уплывам мадэрну праявіліся павышаны дэкаратывізм, шырокае, дынамічнае пісьмо корпуснымі мазкамі, экспрэсіўнасць. Майстар каларыту, праз які перадаваў шырокую гаму пачуццяў; інтэнсіўныя колеравыя плямы арганізаваны лінейным рытмам у дэкар.-плоскасныя завіхрэнні, якія абрамляюць скульптурна-дакладныя, спакойна мадэліраваныя творы. Сярод карцін: «Смех» (1899), «Дзяўчына» (1903), «Бабы» (1905 і 1914), «Віхор» (1906), «Дзве дзяўчыны» (1910-я г.), «Верка» (1913), «Рускія сялянкі» (1925) і інш. У Нац.маст. музеі Беларусі: «Баба» (1900 і 1916), «Сялянка ў чырвоным» (1910-я г.).
Літ.:
Александрова Н. Ф.А.Малявин. М., 1966;
Живова О.А. Ф.А.Малявин, 1869—19.40: Жизнь и творчество. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАШЧА́ГІН (Васіль Васілевіч) (26.10.1842, г. Чарапавец, Расія — 13.4.1904),
рускі жывапісец-баталіст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1860—63), у майстэрні Ж.Л.Жэрома ў Парыжы (1864—65). Вандраваў па Расіі, Зах. Еўропе, Сірыі, Палесціне, Індыі, Японіі, ЗША і інш. Удзельнічаў у заваяванні Сярэдняй Азіі (1867—68), рус.-тур. (1877—78) і рус.-яп. (1904—05) войнах; загінуў у Порт-Артуры пры выбуху на браняносцы «Петрапаўлаўск». Быў блізкі да перасоўнікаў. У тэматычных серыях карцін «Туркестанская» (1871—74), «Балканская» (1877—78 і 1880-я г.), на тэму вайны 1812 (1887—1904) і інш. паказаў жорсткія будні вайны [«Пасля няўдачы. (Пераможаныя)», 1868], цяжар і героіку ратнай працы (трыптых «На Шыпцы ўсё спакойна!», 1878—79), мужнасць і маральную сілу народа-змагара («Не чапай, дай падысці!», 1887—95). У яго творах рамант. ўвасабленне ваен. сутыкненняў упершыню ў рус. батальным жанры саступіла месца філас. разважанням пра вайну («Апафеоз вайны», «Нападаюць знянацку», абедзве 1871), выкрыццю рэліг. фанатызму («Трыумфуюць», 1872), каланіялізму («Задушэнне індыйскага паўстання англічанамі», 1884). Па ўласных замалёўках і натурных эцюдах стварыў адметны жанр дакумент.-этнагр. жывапісу, дзе спалучыў дакумент. дакладнасць адлюстравання з дасканала распрацаванай кампазіцыяй, выразным малюнкам, каларыстычным рашэннем [«У гарах Алатау», 1869—70, «Дзверы Цімура (Тамерлана)», 1872—73, «Маўзалей Тадж-Махал у Агры», 1874—76, і інш.].
Тв.:
Избр. письма. М., 1981.
Літ.:
Верещагин В.В. Воспоминания сына художника. Л., 1982;
Лебедев А.К., Солодовников А.В. В.В.Верещагин. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ВА ПІСЬМЕ́ННІКА,
сістэма па-мастацку асэнсаваных агульнаўжывальных і індывід. моўных сродкаў, якая служыць для выражэння ідэй, думак, пачуццяў пісьменніка ў маст. і публіцыст. творах. Асн. элементамі М.п. з’яўляюцца словы, сукупнасць якіх складае слоўнік мовы пісьменніка (напр., «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа», 1993; «Слоўнік мовы Янкі Купалы», т. 1, 1997). Расшырэнне і ўдасканаленне слоўніка — адна з умоў дакладнага, індывідуальна непаўторнага адлюстравання з’яў рэчаіснасці. Багацце М.п. характарызуецца колькасцю слоў, глыбінёй і разнастайнасцю індывід. аўтарскага выкарыстання іх спалучальных магчымасцей, сэнсавых адценняў, гукапісных і выяўл. сродкаў, якія дае мова для стварэння маст. вобразаў. Індывідуальнасць М.п., яе адметнасць — спосабы эстэт. асваення мовы, выкарыстанне яе стыляў, лексікі, вобразных сродкаў. Мяжа паміж словамі як моўнымі адзінкамі ва ўласным сэнсе і словамі М.п. ў галіне маст. пісьменніцкага ўжывання вельмі рухомая. Пры вылучэнні пераносных значэнняў, адценняў слоў у творах таго ці інш. пісьменніка тлумачацца стылістычныя асаблівасці яго маст. словаўжывання, апісваюцца факты адлюстравання і выкарыстання лексікі ў маст. творах. У гэтым сэнсе можна гаварыць аб тым, што пісьменнік прадстаўляе мову свайго часу. Аднак шматлікія сэнсавыя ўскладненні, каламбурныя і знарок супярэчлівыя адценні, якія атрымлівае слова ў кампазіцыі маст. твора, пераносныя ўжыванні, выкарыстанне фразеалагічных злучэнняў і інш. індывідуалізуюць мову кожнага пісьменніка. Поўнасцю індывідуальным, непаўторным элементам М.п. выступае сістэма вобразных сродкаў. Паняцце М.п. ўключае і сінтаксічна-стылістычныя асаблівасці пабудовы сказаў, якія вызначаюць манеру пісьменніка, яго стыль. Сінтакс. і рытмічная будова маст. тэксту набывае ў М.п. функцыі маст. сродкаў: «Спакойна і павольна, як у зачараваным сне, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну...» (Я.Колас). Спалучэнне поліфункцыянальнасці і канкрэтнасці моўных сродкаў, дакладнасці і адчувальнасці вобразаў, сінтакс. і стылістычнай арганізацыі маст. тэксту дае магчымасць майстрам слова ствараць непаўторныя па сіле эстэт. ўздзеяння на чытача маст. творы.
Літ.:
Янкоўскі Ф. Слова і яго ўжыванне // Янкоўскі Ф. Роднае слова. 2 выд.Мн., 1972;
Стыль пісьменніка. Мн., 1974;
Храпченко М.Б. Творческая индивидуальность писателя и развитие литературы. 4 изд. М., 1977.