Малы́, малэ́й ’невялікі’, ’нязначны па колькасці’, ’меншы, чым патрэбна’, ’кароткі’, ’слабы’, ’неістотны, нязначны’, ’малалетні’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ, ТС; драг., КЭС), Малы Воз ’Малая Мядзведзіца’ (паст., Сл. ПЗБ), малое ’дзіця’ (Нас., Шат.). Ст.-бел. малъ, малый ’невялікі, дробны, невысокі’, ’малады, малалетні’, ’кароткачасовы’, ’малапрацяглы’, ’колькасна нязначны, небагаты’, ’нікуды не варты, нязначны’, ’ледзь прыкметы, слабы’. Укр. мали́й, рус. ма́лый, мало́й, польск. mały, палаб. molĕ, н.- і в.-луж. małki, в.-луж. mały, чэш., славац. malý, славен. mȃli, mál, серб.-харв. ма̏о, макед. мал, балг. малък, ст.-слав. малъ. Прасл. malъ ’малы, невялікі’. Самымі блізкімі і.-е. паралелямі з’яўляюцца ст.-в.-ням. small, ням. schmall ’вузкі’, ’тонкі’, ’бедны’, smalaz vihu ’дробная скаціна’, гоц. smals ’малы, нязначны’, ст.-грэч. μῆλον ’дробная скаціна, авечкі’, ірл. míl ’жывёла’, лац. malus ’дурны, благі’ (з ’малы, недастатковы’), а таксама франц. māla ’карова’, гал. maal ’цялушка’, ст.-ісл. smale ’дробная скаціна’, — і.-е. *(s)mōl‑/*(s)mēl ’дробная скаціна’ (Бернекер, 2, 13; Голуб-Копечны, 215; Брукнер, 320; Махэк₂, 349; Фасмер, 2, 564; Бязлай, 2, 163–164). Скок (2, 375) дапускае гукаперайманне як крыніцу разглядаемай лексемы. Мартынаў (Балто-слав.-итал. изогл., 30) мяркуе аб пранікненні іт. malos у зах.-балт. арэал.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мата́ць, мота́ць, мыта́ць, мота́тэ ’віць, накручваць’, ’махаць’, ’плесці (аб павуку)’, ’хутка ісці, бегчы, уцякаць, неразумна траціць грошы’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., ТС, Сл. ПЗБ), матану́ць ’кінуцца, прамільгнуць’, ’махнуць’ (ТСБМ, Нас., Юрч.), мата́цца ’перашкаджаць, церціся’, ’матляцца’, ’сноўдацца’, ’калыхацца’, ’добра старацца’ (Нас., Бяльк., Растарг., ТС), мотну́цца, мотну́ць ’кінуцца’ (ТС). Укр. мота́ти, мота́тися, рус. мота́ть(ся), ст.-рус. мотатися ’бязладна рухацца’, ’жыць абы-як’, польск. motać (się), н.-луж. motas (se), в.-луж. motać (so), чэш. motati (se), славац. motať (sa), славен. motáti (se), серб.-харв. мо̀тати (ce), макед. мота (се), балг. мотая (се), ц.-слав. мотати сѧ. Прасл. motati (), аснова якога mot‑ чаргуецца з met‑, параўн. ст.-слав. мести ’кінуць’, літ. mèsti ’тс’. Прасл. motati ўтворана так, як літ. matúoti ’тс’, ’мераць’, роднасным да якога з’яўляецца matarúoti ’махаць’, ’матаць’, ст.-грэч. μόθος ’гарачы бой’, μόθουρα ’ручка вясла’ (Бернекер, 2, 40; Фасмер, 2, 665–666; Скок, 2, 413; Покарны, 732). Махэк₂, 375 разумее форму motati як інтэнсіў на ‑t‑ ад асновы mov‑ (параўн. лац. movēre ’рухацца’) і выводзіць прасл. праформу mov‑ta‑ti, у якой пасля ‑v‑ перад ‑t‑ выпала, а дзеяслоў стаў экспрэсіўным. Бязлай (2, 197) неапраўдана выводзіць і.-е. рэканструкцыю кораня ў выглядзе *menth‑ (Куркіна, Этимология–83, 191).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́ра, ме́рка ’адзінка вымярэння (мера збожжа ў 20 гарнцаў; круглая пасудзіна з клёпак для сыпкіх цел ≈ 1 пуд; краўцоўскі метр; лубянка; для ручнога абмервання палеткаў; памер за памол у млыне)’, ’велічыня, ступень’ (ТСБМ, Яруш., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Сцяц., Шат., Мат. Гом., Нас.; кір., Нар. сл.). Укр. мі́ра, рус. ме́ра, польск. miara, н.- і в.-луж. měra, чэш. míra, славац. miera, славен. mẹ́ra, серб.-харв. мје̏ра, макед. мера, балг. мяра, ст.-слав. мѣра. Прасл. měra. Утворана ад і.-е. асновы *mē‑ пры дапамозе суфікса ‑ra. І.‑е. адпаведнікі: літ. mãtas, mãstas, ст.-інд. māti ’мерае’, mátram, mátrā ’мера’, лац. mētior ’мераю’, ст.-грэч. μητίς ’рада, розум’, μητιάω ’раблю выснову’, гоц. mēla ’меха — мера збожжа’, mot ’год’, літ. mẽtai ’тс’, ст.-в.-ням. meʒʒan ’мераць’, māa ’мера’ (Бернекер, 2, 50; Траўтман, 179; Мее, 404; Фасмер, 2, 600; Скок, 2, 437; Бязлай, 2, 178; Шустар-Шэўц, 12, 899; Чайкіна, РР, 1972, 2, 112–114). Сюды ж ме́раць, ме́рыць ’вызначаць велічыню, колькасць, ацэньваць’, ’надзяваць для прымеркі’ (ТСБМ, Др.-Падб., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ме́рны ’рытмічны’, ’сярэдні паводле сілы, памераў’ (ТСБМ, Нас., ТС), ме́ршчык ’той, хто мерае’ (Нас.), ме́рыцца ’меціць, намервацца’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жасцёр ’куст або дрэва сямейства крушынавых, Rhamnus L.’ (ТСБМ), жасты́рь ’расліна, якая ’ўжываецца, калі баляць зубы або жывот’ (Нас.), жыстор, жысцёр(ына), жыстар, жысцяр(ына), засцір (Кіс.). Рус. жо́стер, же́стер, жесть, же́рест, укр. жо́стир, жестер, жосціл, ст.-польск. rzeszecina, rzeszenica, trzęsiecina, польск. szakłak, sakłak, szelestena, szestelena, н.-луж. rašeśin, raśešyna ’тс’, балг. дыял. жѐщель ’Acer tataricus’, шѐстил ’Acer platanoides’, серб.-харв. же́шља, жѐстика, же̏ст, же̑ст, жѐстила ’Acer tataricus’, славен. žestílj, žestika ’Acer monspessulanum’. Паводле Петарсана (Lunds Univ. Arsskr. NF., Bd. 19, № 6, c 41 і наст.), роднаснае англа.-сакс. gorst ’дзікі цёран’, ст.-інд. ghr̥stis̥ ’дзікі кабан’, рус. жерех, але найстаражытная форма няясная (Фасмер, 2, 49). Скок (3, 677) суадносіць з же̏сток ’жорсткі’, што патрабуе семантычнага ўдакладнення. Гл. яшчэ Махэк, Jména rostl., 145. Улічваючы, што жасцёр мае калючкі, ці не трэба параўнаць з і.-е. сям’ёй назваў раслін, да якой належаць ням. Gerste ’ячмень’, магчыма, грэч. ἄ‑χερδος ’дзікая груша, глог’, *g̑herzd(h) ’калючае’ (гл. Покарны, 1, 446), аб чым між іншым можа сведчыць і тое, што назва жэстэлина выкарыстоўваецца і для назвы калючай слівы ’Prunus spinosa L.’ (стол., Лексика Пол., 420) побач з назвай для жасцёра (жыстылы́на, стол., Нар. лекс., 124). Гл. жарства.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жгаць1 ’паліць’ (Нас.). Рус. дыял. арханг., алан., наўг., смал., кастр., вяцк., перм., свярдл., с.-урал., кіраўск. жгать ’тс’, чэш., арх. žhati ’тс’, серб.-харв. жга̏ти ’пячы’, славен. žgáti ’паліць’. Параўн. рус. жечь, жгу. Ст.-слав. жещи, жьгѫ. Прасл. *žьg‑ (з тэмай ‑a‑, у той час як у жещи яна адсутнічае, а на месцы ‑ь‑ выступае ‑е‑). Лічаць, што з і.-е. *dheg​h‑ ’гарэць’: літ. degù, ст.-інд. dāha‑h ’пажар, спёка’, авест. daχša ’пажар’ і інш. Покарны, 1, 240–241; Фасмер, 2, 38; Траўтман, 49; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 289; Махэк₂, 727; Брукнер, 663–664. Скок (3, 674–675) тлумачыць узнікненне слав. *geg‑ з *deg‑ асіміляцыяй. Корань *deg‑ адлюстраваны ў дзёгаць (магчыма, з балт.) гл. Фасмер (2, 38) лічыць менш верагодным зробленае Шэфтэловіцам (ZfIndIr, 2, 271) супастаўленне са ст.-інд. jañj ’асвятляць, гарэць’, ст.-ісл. kvekva ’запальваць’ і зробленае Зубатым (Studie, I, 1, 127) дапушчэнне, што *geg‑ звязана з лат. dzedzite ’поле пад папар’. Але Зубаты (Studie, 1, 2, 142) імкнуўся растлумачыць форму *žeg‑ паралеллю з *žegrati. Так ці іначай паходжанне кораня *žeg‑, *žьg‑ не можа лічыцца вырашаным канчаткова. Параўн. жага, жыгаць, жэгаць.

Жгаць2 (Нас.). Гл. джгаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жмут1 ’скрутак, камяк’, жмук ’тс’ (Янк. III), жмак ’тс’ (Янк. III, Сл. паўн.-зах.), жмах ’тс’ (Абабурка). Рус. алан. жмут ’вяроўка з лыка’, жмак ’камяк’ (Даль), укр. жмут ’скрутак’, жмак ’тс’, польск. дыял. żmut, żmot, żmyt ’тс’, в.-луж. žmoł ’камяк’, żmót ’маток’ (Пфуль), чэш. žmol/jek ’камяк’, славен. žmukelj, žmik, žmókelj, žmitek ’камяк, скрутак’, балг. жма́тина ’скрутак сена’, макед. жмучка ’груз’. Ад кораня *žьm‑ (гл. жаць2, жмаць) з рознымі суфіксамі пасля розных галосных (гл. пра суфіксы ‑к‑, ‑х‑, ‑t‑, ‑l‑ у Слаўскага, SP, 1, 89–114, 76–86; З, 38–60), што ўказвае на экспрэсіўны характар вытворных. Безлай (Linguistica, VIII/1, 71–72) сумняваецца ў сувязі з жаць і параўноўвае з літ. míegti, mýgti ’ціснуць’.

Жмут2 ’скнара’ (Бялын., Янк. Мат., 23; Яўс.; міёр., З нар. сл., 290), жмот ’тс’ (Яўс.), жмуціла (міёр., З нар. сл., 290). Рус. прастамоўн. жмот, дыял. жмут ’тс’. Паводле Шанскага (1, Д, Е, Ж, 294), суфіксальнае вытворнае ад жмать (жмаць). Гл. жаць2. Не выключана, аднак, і ўзаемадзеянне альбо нават семантычнае ўтварэнне ад жмут1 ’скрутак’ (гл.), супраць чаго адсутнасць на рус. і бел. тэрыторыях фіксацыі форм з о (жмот) у знач. ’скрутак’. Гл. Пятлёва, Этимология, 1970, 208.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жо́луд ’плод дуба’, жолудзі, жалу́дка ’картачная масць’ (Нас.). Рус. желудь ’плод дуба’, дыял. с.-урал. ’плод бульбы’, уст. ’картачная масць’, укр. жолудь ’плод дуба’, уст. ’картачная масць’ (Жэлях.), польск. żołądź ’плод дуба’, уст. ’картачная масць’, палаб. zelǫd, в.-луж. žoldz ’тс’, н.-луж. zołz̀, чэш. žalud, славац. žaluď, славен. želod ’тс’, серб.-харв. же̏луд ’плод дуба’, балг. желъд, ’тс’, макед. желадʼ ’плод дуба, картачная масць’. Ст.-слав. желждь. Ст.-рус. желудь ’каштаны, арэхі, жалуды’. Лац. glans, glandis, грэч. βαλανος, арм. kalin, ст.-прус. gile, літ. gile, лат. dzile ’жолуд’. І.‑е. *g​el, g​ula‑ ’тс’ (Покарны, 1, 472–473). Брукнер (665) тлумачыў слав. ‑d‑ як паказчык зборнасці. Грэч. значэнне ’жолуд’ і ’падаль’ указвае на магчымасць сувязі з βαλλω ’кідаю’ і адпаведна тлумачыць семантычны бок паходжання. Іначай Махэк₂, 722: і -е. корань суадносіцца з g​ere ’жэрці’ і трактуецца як ’ежа вяпрукоў’. Фасмер, 2, 45; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 283; БЕР, 1, 533–534; Скок, 3, 675; Фрэнкель, 151; Тапароў, E–H, 234–235. Назва картачнай масці (гл. яшчэ жлудзь) — калька ням. Eichel праз чэш. і далей рус. ці польск. (Чарнышоў, Избр. тр., 2, 448–452).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жо́ўты. Рус. желтый, укр. жо́втий, польск. żółty, серб.-луж. žółty, чэш. žlutý, славац. žltý, балг. жълт, макед. жолт, серб.-харв. жу̑т, славен. žôlt ’тс’. Ст.-слав. жлътѣница ’гатунак салаты’, ц.-слав. жлътъ ’жоўты’. Ст.-рус. жьлтый ’тс’. Параўн. яшчэ вытворныя жаўток, жаўцець, жаўціна прасл. характару і шэраг пазнейшых. Прасл. *žьltъ, роднаснае літ. gel̃tas ’жоўты’, лат. dzęltęns, ст.-прус. gelatynan ’тс’, узыходзіць да і.-е. кораня *gʼhel‑ або *ghel‑. Покарны (1, 429–30) лічыць зыходным першы, які мае шэраг і.-е. адпаведнікаў (у тым ліку ст.-іран. zari ’жоўты’, лац. helvus ’мёдава-жоўты’, брэтонск. gell ’светла-карычневы’, ням. gelb ’жоўты’ і інш.), але на слав. грунце дае зялёны, залаты (гл.). Тады, паводле Покарнага (услед за Персанам і Крэчмерам), балта-слав. *gel‑ тлумачыцца запазычаннем з моў kentum. Іншае тлумачэнне балта-слав. форм: праз наяўнасць і.-е. *g​hel‑ (> *gel‑, *gil‑), якое давала слав. *žьl‑ і ўзаемадзейнічала з *gʼhel‑ (Тапароў, E–H, 199). Так ці іначай у жоўты адлюстравана балта-слав. суфіксацыя *‑t‑, прычым у слав. корані (у адрозненне ад балт.) ‑ĭ‑. Гл. Фасмер, 2, 43–44; Траўтман, 83–84; Шанскі, 1, Ж, 282; Булахаў, Прым., 3, 76; Махэк₂, 730. Гл. яшчэ жоўць1, жоўкнуць, жаўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жывіца ’смала’. Рус. живи́ца, укр. живи́ця, польск. żywica, в.-луж. žiwica, чэш. živice, славац. živica ’смала’, славен. živica ’корань’, ’жываплот’, ’крынічная вада’, ’насмарк’, серб.-харв. жи́ви́ца ’жываплот’, ’кастрыца’, ’палянка’, ’рубец тканіны’. Ст.-рус. живица ’смала’ (XVI ст.). Утворана ад кораня *živ‑ суфіксам *‑ic‑a ў прасл. мове, прычым у паўн. славян замацавалася значэнне ’смала’, а паўд. славяне замацавалі і іншыя значэнні. Гэта можа сведчыць ці аб адносна познім (паўн.-слав.) утварэнні, ці аб дыфузнай першапачатковай семантыцы. Корань жыв‑ у жывіца суадносіцца са значэннем ’гаіць’, паколькі жывіца мела лячэбнае значэнне. І.‑е. корань *g​ei‑ ’жыць, гаіць’. Плевачава, SR Brno, 13, 1964, 25–33; Махэк₂, 728. Параўн. Скок, 3, 681. Сцяцко (Афікс. наз., 45) не ўказвае час утварэння і не дае семантычнага абгрунтавання. Іначай: жывіца роднаснае з арм. kiv ’смала’ (Лідэн, Зб. Мікале, 119; Турнэйзен, Зб. Педэрсену, 301) з асобным і.-е. коранем *g​i​ (Покарны, 1, 482), суадносным з жаваць (Фасмер, 2, 51); апошняе, паводле Покарнага, няпэўна. Гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 289. Гіпотэза Плевачавай–Махэка не адкідвае суадносіны з арм. kiv, аднак лічыць гэта слова паралельным утварэннем, што верагодна. Гл. жывіць, жывы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Здаро́вы, здароўе. Рус. здоро́вый, здоро́вье, укр. здоро́вий, здоро́вʼя, польск. zdrowy, zdrowie, серб.-луж. strowy, в.-луж. strowjo, н.-луж. strowje, уст. zdrowy, чэш., славац. zdravý, чэш. zdraví, славац. zdravie, славен. zdrav̀, zdrȃvje, серб.-харв. здра̏в, здра̑вље, балг. здрав, здра̀ве, макед. здрав, здравје. Ст.-слав. съдравъ, съдравие. Ст.-рус. здоровый, съдоровие, здоровье (1151 г.). Прасл. sъ‑dorv‑ъ, sъdorv‑ьje. У формах з пачатковым z‑ асіміляцыя па звонкасці пасля страты ъ; у формах з s‑, відаць, асіміляцыя па глухасці (магчыма, аднак, што тут іншы корань; гл. Фасмер, 3, 768). Элемент меў, паводле Бадуэна дэ Куртэнэ (Зб. Брукнеру, 221), суадносіны са ст.-інд. su ’добры’. Элемент dorv‑ < і.-е. *deru‑ ’дрэва’ (гл. дрэва), ’добры, здаровы, як дрэва’. Фасмер, 2, 91; Шанскі, 2, З, 82; Мартынаў–Міхневіч, Маладосць, 1969, 12, 140; Скок, 3, 646; Покарны, 1, 216. Іншую этымалогію прапануе Ондруш, , 9 (1958), 147–148: zdorv‑ < storv‑ < sorv‑ < *sol‑v‑ (лац. salvus ’здаровы’ і інш.). Гэту этымалогію прыняў у другім выданні Махэк₂, 713. Супраць яе Ваян, RÉS, 41 (1962), 169; Трубачоў, Дополн., 2, 91. Іншыя тлумачэнні ў Фасмера. Булахаў (Прыметнік, 3, 77–80) прасочвае развіццё якасных адценняў слова здаровы ў бел. мове.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)