Малі́на, малі́ны, малы́на, малэ́нэ ’маліна звычайная, Rubus idaeus L.’, ’маліннік’ (ТСБМ, Кіс., Бес., Касп., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ; драг., КЭС, міёр., Жыв. сл.), малі́ніца, малі́нушка ’маліна’ (Нар. Гом.; Кліх). Укр. мали́на, рус. мали́на, малины, польск. malina, malinia, палаб. moleina, н.-луж., чэш., славац. malina, в.-луж. malena, славен. malína, серб.-харв. ма̀лина, макед., балг. малина. Прасл. malina, першасным значэннем якога, паводле Скока (2, 363), было ’чарніцы’, параўн. роднасныя і.-е. адпаведнікі: літ. mė́lynas ’блакітны’, mė́lyna ’пляма’, лат. mel̃ns ’чорны’, ст.-прус. mīlinan ’пляму’ (В. скл.), літ. mel̃svas ’сіняваты’, ст.-грэч. μέλας ’чорны, цёмны’, ст.-в.-ням. ana‑mâli ’пляма, шрам, рубец’, с.-в.-ням. mâl ’пляма’, брэтон. melen ’жаўтаваты’, лац. mulleus ’чырванаваты’, ст.-грэч. μολύνω ’пэцкаю’, ст.-інд. malina‑ ’запэцканы’ — усе да і.-е. *mel(ə)‑ ’цёмны, брудны, запэцканы’ (Міклашыч, 181; Бернекер, 2, 12, Брукнер, 319; Фасмер, 2, 563; Скок, 2, 363; Бязлай, 2, 164; БЕР, 3, 627). Махэк₂ (349) адносіць гэту лексему да «праеўрапейскай» асновы *mōr‑/m̄ol. Мартынаў (Тезисы: Ареальные иссл.… Л., 1975, 24) выводзіць яе з прасл. m̄alъ ’малы’ — ягада складаецца з малых частак. Сюды ж малі́ннік, ігн. маліня́к ’зараснік маліны’, ’яе галінкі’ (ТСБМ, ТС; любан., Нар. словатв.; міёр., Жыв. сл.; Сл. ПЗБ), малі́навік, малі́ннік ’пітво, настоенае на маліне’ (Нас.); малінавы(й) ’цёмна-чырвоны’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вірга́цца ’брыкацца (пра коней)’ (зэльв., Сцяц.). Укр. вергати(ся) ’кідацца, шпурляцца’ < вере́чи, вергу, рус. вергать ’тс’, польск. wierzgać ’брыкаць’, wirgać ’тс’; ’перакульвацца’, н.-луж. wjergaś ’кідаць(ца), шпурляцца’, в.-луж. wjerhać ’шпурляць, рваць’, wjerhać so ’змагацца’, чэш. vrhati (se) ’кідаць(ца)’, ст.-чэш. vrci (vrhu), славац. vrhať (sa) ’тс’, славен. vrẹ́ci, серб.-харв. вр̏ћи (вр̏гнем//вр̏жем), вp̏ћ, харв.-кайк. vreći ’тс’, макед. врска ’сцёбаць’, врсне ’сцебануць’, балг. въргам ’кінуць’, ст.-слав. врѣшти, врѣщи, врьгѫ ’тс’. Прасл. vьrgǫ, vьrgati ’штурхаць, кідаць’. Ст.-слав. изврагъ ’ізгой’ з’яўляецца другой ступенню чаргавання кораня vorg‑ < і.-е. кораня *u̯reg‑/*u̯erg‑ ’гнаць’ (параўн. літ. var̃gas ’бяда, патрэба, нястача’, гоц. wrikan ’праследаваць’, ст.-англ. wrecan ’гнаць, помсціцца’, ням. rächen ’помсціць’, лац. urgeo ’цясніць, штурхаць, гнаць’). У слав. мовах маецца і рэдукаваны корань vьrgati (Трубачоў, История терм., 176–177; Мартынаў, Лекс. взаим., 153–155). Гл. таксама Праабражэнскі, 1, 73; Фік, 1, 549; Вальдэ, 821; Траўтман, 361; Міклашыч, 383; Голуб-Копечны, 423; Брукнер, 618; Махэк₂, 700; Фасмер, 1, 294–295; Скок, 3, 621. Младэнаў (667) збліжае лексему з ням. Werk ’работа, справа’, wirken ’дзейнічаць’; ’ткаць’. Каралюнас (ZfSl, 2, 1974, 203–206) адносіць сюды літ. vérgti ’гнаць у рабства, рабіць рабом’, vérgas, ver̃gas ’раб’, лат. ver̂gs, vḕrgs ’тс’. Бел.-польск. семантычная ізалекса.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кудзе́ля ’валакно льну, канапель, апрацаванае для прыгатавання пражы’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., ТС, Сл. паўн.-зах., Нік. Очерки, Серб., Шпіл., Бяльк., Мат., Янк. 1, Чуд.). Укр. куделя, рус. кудель ’тс’, балг. къделя, серб.-харв. ку́деља, славен. kodȇlja ’тс’, польск. kądziel, чэш. koudel, в.-луж. kudźel, н.-луж. kuzel ’тс’. Параўн. кужаль (гл.), кужэль (гл.). Частка форм, якія ўзыходзяць да kǫžel, мае значэнне ’кудзеля’ (бел. кужаль ’ачэсаны і ачышчаны лён’, укр. кужіль ’ачэсаны лён, прыгатаваны для прадзення’, параўн. рус. кудель у тых жа значэннях). Такім чынам, kǫdelь і kǫželь могуць мець тоесную семантыку. Спробы даць прасл. kǫdelь этымалагічнае тлумачэнне былі няўдалымі. Такім з’яўляецца супастаўленне kǫdelь з літ. kedénti ’скубеш воўну’, якое генетычна суадносіцца з kedė́ti ’трэскацца, лопацца’, kėdóti рваць у розныя бакі’, kẽdaras ’лахманы’, а далей са ст.-грэч. σκεαννύναι ’расшчапляю’, літ. skedervà ’асколак’ (параўн. Фрэнкель, 233). Таксама няўдалай з’яўляецца спроба звязаць kǫdelь з kǫdьrь (гл. кудзер) з выдзяленнем у іх агульнага прэфікса (kǫdelьc і.-е. *del‑/*dol‑ ’расколваць’ з рэканструкцыяй першаснага значэння плесці’, якое не збераглося ў жывых дыялектах) (параўн. Трубачоў, Ремесл. терм., 99). Зыходзячы з факта спарадычнага змяшэння і у карысць у праславянскай мове, мяркуем, што kǫdelь < *kǫgelь (якое дало таксама kǫželь) (Мартынаў, Слав. акком., 64–65).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ветхі ’стары, старажытны, старадаўні, трухлявы’ (КТС), укр. ве́тхий, рус. ве́тхий ’тс’, ленінгр. ’хваравіты’, кастр. ветха́ный ’стары, зношаны’, ст.-рус. ветъхый ’стары, паношаны, трухлявы; даўні, спрадвечны; дахрысціянскі, паганскі’ (з XI ст.), польск. уст. wietki ’гнуткі, хрупкі, слабы, тонкі, шчуплы’, wiotchy ’стары’; ’гнуты, слабы, далікатны’, н.-луж. wjatki ’пацёрты, зношаны’, wiatły ’тс’; ’стары (аб будыніне)’, в.-луж. wjetki ’стары, трухлявы, паношаны’, чэш. vetchý ’стары, старадаўні, трухлявы, слабы’; ’рэдкі (аб палатне)’, славац. vetchý ’зношаны, трухлявы; стары, слабы, хваравіты, не валодае сабою’, серб.-харв. вѐт, вѐтах ’стары’, макед. ветов ’стары, паношаны, пацёрты’, балг. вехт, ве́хът, ве́тав, ветък, вехток ’тс’, ст.-слав. ветъхъ. Прасл. vetъхъ. Мае і.-е. адпаведнікі: літ. vẽtušas ’стары, састарэлы’, лат. vecs ’стары, старажытны, старадаўні’, лац. vetus, vetus‑tus ’састарэлы’, грэч. ἔτος, Ϝἔτος, алб. vjet ’год’, ст.-інд. vatsá ’тс’, vatsás ’гадавалы’, сагдз. wtšnyy ’стары’ > іран. *wat(u)šana‑ (гл. Траўтман, 356; Сэмерэні, Word, 8, 50; Мюленбах-Эндзелін, 4, 517; Вальдэ-Гофман, 2, 776; Праабражэнскі, 1, 80; Брукнер, 623; Голуб-Копечны, 414; Махэк₂, 686; Фасмер, 1, 307; КЭСРЯ, 57; Шанскі, 1. В, 80). Рэканструюецца як і.-е. *u̯etuso‑ (wetuso‑) ’стары, састарэлы’ (Персан, IF, 26, 63; БЕР, 1, 139). Буга (РФВ, 67, 246) і Эндзелін (Слав.-балт. эт., 52) выводзяць літ. vẽtušas з *u̯etukʼsos. Гл. таксама ве́тах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́н1 прысл. ’прэч’ (БРС, КТС, Касп., Бяльк., КЭС). Рус. вон, ст.-слав. вънъ, балг. вън, макед. вон ’звонку’, серб.-харв. ва̏н, слав. vèn, чэш. ven, славац. von, ст.-польск. wen, в.-луж. won, н.-луж. wen. Роднаснымі з’яўляюцца ст.-інд. vánam ’лес’, ст.-інд. месн. скл. адз. л. vánē ’ў лесе’. Параўн. аналагічныя літ. laũkan ’прэч, вон’, laukè ’звонку’, якія паходзяць з laũkas ’поле’ (Гл. Зубаты, Studie, 2, 196–198; Гуйер, Введение, 101; Фасмер, 1, 225). Прасл. vъnъ першапачаткова, напэўна, уяўляла сабой він. скл. назоўніка; яно з’явілася яшчэ ў той час, калі дом і вёску акружаў лес, і абазначала паняцце, процілеглае паняццю ’дома, у хаце’ (Шанскі, 1, В, 158; Махэк₂, 683). Іншыя гіпотэзы менш пераканаўчыя; Траўтман (360) узводзіць вънъ да ст.-прус. wins ’паветра’, winna ’вонкі’, winnen він. скл. адз. л. ’пагода’, аналагічныя лат. ârā ’вон, вонкі’, літ. óras ’паветра, пагода’. Як заўважае Фасмер (там жа), у такім выпадку было б цяжка вытлумачыць рус. дыял. сво́ну ’звонку’. Прэльвіц (40), а таксама Сразнеўскі (1, 391) параўноўваюць з грэч. ἄνευ ’без, акрамя, удалечыні’, ст.-інд. anō ’не’, гоц. inu ’без’, ст.-в.-ням. āno, н.-в.-ням. ohne ’без’.

Во́н2, вона́ (займ.) ’ён, яна’ (Нас.), вонэ́ ’яны’ (Шатал.). Ад onъ з пратэт. в. Гл. ён.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бада́ць1, бадану́ць (Нас.), бадлі́вы (Шат.), баду́н ’бадлівы’ (Нас.), бадзючы ’калючы; бадлівы’ (Нас., Касп.), басці, баду́ (Шат., БРС, КЭС, лаг.), басці́ся (Касп., Яруш.). Рус. бода́ть (ст.-рус. бости), укр. бости́, польск. bóść, bodać, чэш. bůsti, bodati, ст.-слав. бости, балг. бода́, серб.-харв. бо̀сти, ба́дати. Прасл. bosti, bodǫ і ітэратыў bodati, badati (bosti адлюстроўваецца ў бел. мове ў басці́, баду́, гл. Гарэц., Др.-Падб.). Параўноўваюць з літ. bèsti, bedù, лат. badīt, badu ’рыць, капаць’, лац. fodio ’капаю, рыю’, літ. badýti, badaũ ’калю’. І.‑е. *bhed‑: *bhod‑. Бернекер, 66; Траўтман, 29; Фасмер, 1, 183; Фрэнкель, 41.

Бада́ць2 ’дапытвацца, дамагацца’ (Сцяшк.), ’меркаваць, разважаць; дамагацца, дапытвацца, вывучаць, даследаваць’ (Інстр. лекс.). Ст.-бел. бадати ’вывучаць’ (Гіст. лекс., 96; Булыка, Запазыч.; параўн. Бярында, 20, 50, 51). Ст.-укр. бадатися дапытвацца, дашуквацца’. Запазычанне з польск. badać ’тс’ (гл. Цімчанка, 49; Жураўскі, Гіст. лекс., 196). Паходжанне польск. дзеяслова няяснае: 1) з *ob‑ada‑ti да і.-е. *od‑ ’нюхаць’, Бернекер, 24; Ваян, RÉS, 19, 300; Махэк₂, 41; параўн. таксама Развадоўскі, RS, 1, 254; 2) ітэратыў да прасл. *bosti ’калоць’, Брукнер, 10; Слаўскі, 1, 25; асабліва Слаўскі, RS, 23 (1), 153. Неверагодна Штрэкель, AfslPh, 12, 452: < італ. badare звяртаць увагу’. Аддзеяслоўнае бада́нне ’разважанне; угадванне’ (Нас.) таксама з польск. badanie, гл. Кюнэ, Poln., 42.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каро́ста1 ’кароста (хвароба)’ (ТСБМ, Шат., Мядзв., Гарэц., Сл. паўн.-зах., Федар. VI), укр. короста, рус. короста, ст.-слав. краста, балг. краста, макед. краста, серб.-харв. кра̏ста, славен. krásta. Агульнае значэнне ’кароста, парша, струпы’. Звяртае на сябе ўвагу ірл. carrach ’пакрыты струпамі, паршой’. У ірл. лексеме лёгка выдзяляецца суфікс ‑ach, а carr < *kars — ’скурная хвароба’, якое мае рэгулярныя славянскія адпаведнікі, яны ўзводзяцца да прасл. sъrx — (бел. шаршыць, рус. шершавый, чэш. srchý і балт.: літ. šiurkštùs ’грубы, шурпаты’, pašiùrti ’станавіцца грубым, шурпатым’). Параўнанне кельт. і слав. форм прыводзіць да неабходнасці рэканструяваць *k̑ors/*k̑ṛs. Гэта паказвае, што прасл. korsta адлюстроўвае кельцкую фанетыку і семантыку і з’яўляецца, такім чынам, лексічным пранікненнем (Мартынаў, Язык, 42).

Каро́ста2 ’кастрыца’ (Сл. паўн.-зах., Сцяшк.; Сцяц., зэльв.; Шатал., Бір. Пр.), укр. короста ’тс’, польск. krosta ’кастрыца, якая аддзяляецца пры часанні канапель’. Існуе тэндэнцыя змешваць кароста1 і кароста2 (гл. Трубачоў, Эт. сл. 2, 93–95), але кароста2 мае іншыя паралелі і перш за ўсё балтыйскія, чаго нельга сказаць пра кароста1: літ. karšti ’часаць лён, каноплі і інш.’ Відавочна, частка гэтых паралелей кантамінавалася з прасл. kostra (параўн. ст.-рус. костра ’грубая кара льну і канапель, якая застаецца пасля іх часання’, і серб.-харв. ко̏стрина ’кастрыца, адходы пры апрацоўцы льну’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ры́каць, рыка́ты ’рыкаць, раўці’ (ТСБМ; шчуч., віл., докш., лід., астрав., бяроз., навагр., беласт., ліпск., Сл. ПЗБ; Сцяшк.; жытк., ветк., ельск., петр., калінк., Інстр. 2, 30; Гарэц., БДА, 891, Інстр. 3, 61), ры́каць ’рыкаць’ (ТС, Янк. 1), рыке́ля карова (ТС), ры́кнуць ’зарыкаць, рыкнуць’, ’злосна закрычаць (пра чалавека)’ (Бяльк.), ’рыкнуць, зараўці’ (ТС), рыку́ха ’карова’ (Сцяшк. Сл.), ст.-бел. рыкати ’раўсці (пра валоў, ільвоў) (XVI ст.), ’брахаць’ (1653), ’пра мову лясных людзей’ (XVII ст.), руск. дыял. рыкать ’зваць, клікаць’, ’рыкаць’, укр. рика́ти, польск. ryczeć, славац. ryčať, чэш. ryčeti ’раўсці’, в.-луж. ryčeć, н.-луж. rycaś, славен. ríkati, серб.-харв. ри̏ка ’рык’, ’рокат’, ’шум’, ри́кати, балг. ри́кам ’рыкаю, кашляю’, ст.-слав. рыкати; са старажытным вакалізмам: славен. rȗk ’цечка ў аленяў’, rúčati ’раўсці’, в.-луж. ručeć. Прасл. *rykati: *ryčati (< *ryketi) ’раўсці’, ’рыкаць’, ’крычаць’. І.‑е. гукапераймальны корань *reu‑: *rou‑: *rŭ (бел. раўсці́) з пашыральнікам ‑k‑: *reuk: *ruk. Параўн. літ. rukti ’рычэць’, а таксама rẽkti ’крычаць’, лат. rûkt ’бурчаць’, ст.-в.-ням. ruhen (*ruhjan), с.-в.-ням. rohen ’раўсці, рохкаць’, англасакс. rýn ’раўсці’, с.-ірл. rucht ’рык’, лац. rumor, ravus, raucus (Фасмер, 5, 527–528; Скок, 3, 142; БЕР, 6, 256; Чарных, 2, 132; Брукнер, 472). Ст.-бел. рыкунья, рыкуня, рикунья ’даглядчыца жывёлы’ (1539) лічыцца запазычаннем з літоўcкай мовы, параўн. літ. rykune (Булыка, Запаз., 290).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́вер ‘поўнач’ (брасл., Сл. ПЗБ), ‘паўночны вецер, холад’ (Касп., Варл., Сцяшк.; паст., лаг., Сл. ПЗБ; Хрэст. дыял.; бых., Мат. Гродз.), северы́к ‘тс’ (Анім. дад.), се́верыць ‘трэскацца ад холаду’ (мядз., Сл. ПЗБ), ‘трэскацца ад сонца і ветру (пра вусны і скуру на руках і нагах)’ (Варл.). Параўн. укр. сі́вер ‘халодны, пранізлівы вецер, холад’, ‘поўнач’, рус. се́вер ‘поўнач’, ст.-рус. сѣверъ ‘поўнач; паўночны вецер’, польск. дыял. śevorecka ‘імжа’, чэш. sever, славац. sever ‘тс’, в.-луж. sowjer ‘марыва, туман’, славен. séver ‘паўночны бок неба, вецер з таго боку’, серб.-харв. се̏вер ‘поўнач’, балг. се́вер, макед. север ‘тс’, ст.-слав. сѣверъ ‘поўнач, паўночны вецер’. Прасл. *severъ, якое мае адпаведнікі ў літ. šiarỹs ‘паўночны вецер’, šiarús ‘злосны, пранізлівы да касцей (вецер)’, лат. caurus ‘паўночна-ўсходні вецер’ і г. д., якія, як мяркуюць, роднасныя і.-е. *seu̯‑ ‘левы’. Гл. Фасмер, 3, 588 з літ-рай і наст.; ESJSt, 13, 812; Глухак, 552; Бязлай, 3, 231. Махэк₂ (542), які, следам за Эрхардам (SbP (Brno), 6, 5–7), прытрымліваецца гэтай версіі, тлумачыць гэта тым, што старажытныя людзі пры прынясенні ахвяр стаялі тварам да ўсходу, так што поўнач была ў іх з левака боку. Трубачоў (Этногенез₂, 386) звязвае племянную назву *sěver(ʼ)ane з яе лакалізацыяй на паўночным (левым) беразе Дуная. Гл. таксама сівер.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́паць ‘тузаць, пацягваць за што-небудзь’ (браг., З нар. сл., Пятк. 2), ‘тузаць, намагацца’, ‘хутка нешта рабіць ці падымаць не пад сілу (Нар. Гом.; браг., Нар. словатв.), ‘торгаць’, ‘цяжка дыхаць’, ‘зло, з крыкам размаўляць’ (Ян.), се́пацца ‘злавацца’, укр. сі́пати ‘тузаць’, рус. дан. си́пать ‘цягнуць рыўкамі’, польск. siepać ‘торгаць, рваць’, н.-луж. sepaś ‘біцца (пра пульс, сэрца)’, серб.-харв. сепати се, себати се ‘тузацца’, балг. се́пвам ‘палохаць, прымушаць здрыгануцца’, дыял. се́пам съ ‘уздрыгваць’, макед. сепнува се ‘асякацца, раптоўна замаўкаць; слупянець’. Прасл. *sěpati ‘тузаць, торгаць’, параўноўваюць з літ. šaipýtis ‘насміхацца, здзеквацца; крывіць вусны’, што дае падставы разглядаць праславянскі дзеяслоў як ітэратыў з першаснай матывацыяй, захаванай у літ. šiẽpti ‘рабіць грымасы, рухі тварам’, што да і.-е. ḱei̯p‑ ‘рабіць рухі, моршчыць твар’, з тым жа коранем авест. saef‑ ‘махаць’, ст.-інд. śipra‑ ‘вусы’ (Борысь, Etymologie, 378). Паводле чаргавання вакалізму кораня сюды адносяць польск. siąpić ‘імжэць’ (Брукнер, 489), чэш. sapat se ‘гвалтоўна нападаць’, славац. sápať ‘торгаць’, славен. sópsti ‘пыхцець, цяжка дыхаць’, на аснове якіх выводзіцца прасл. *sap(a)ti, суадноснае з *sěpati (Сной у Бязлай, 3, 218), гл. сапці. Магчыма, звязана з сіпець, гл. (так Якабсон, IJSLP, 1959, 1–2, 270), параўн. (змяя) mòcna sièpnuŭszy ŭskoczyła (Пятк. 2, 50) і сіпе́ць (сипѣць) ‘шыпець (пра змяю); злавацца’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)